№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 21 сакавіка

  • 1763

    Нарадзіўся Жан Поль (фр. Jean Paul, сапр. Ёган Паўль Фрыдрых Рыхтэр; памёр 14 лістапада 1825), нямецкі пісьменнік, сентыменталіст і перадрамантык, аўтар сатырычных твораў эстэтык і публіцыст. Захапляючыся Ж.-Ж. Русо, за псеўданім сабе ўзяў афранцужаную версію сваіх імёнаў. Галоўны твор — раман “Тытан” (Titan, 1800 — 1803). Жан Полю належыць знакаміты выраз “сусветны смутак” (ням. Weltschmerz).

  • 1840

    Нарадзіўся Францішак Багушэвіч (памёр 27 красавіка 1900), беларускі паэт, грамадскі дзеяч, адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры. Актыўны ўдзельнік паўстання 1863 — 1864 гадоў. Пад псеўданімамі Мацей Бурачок і Сымон Рэўка з-пад Барысава выдаў свае вершаваныя зборнікі “Дудка беларуская” (1891) і “Смык беларускі” (1894), апавяданне “Тралялёначка” (1892). Лёс іншых твораў Багушэвіча — зборнікаў “Скрыпачка беларуская” і “Беларускія апавяданні Бурачка” дагэтуль нявысветлены. У публіцыстычных прадмовах і праграмных вершах Ф. Багушэвіч выказаў асноватворныя прынцыпы ідэалогіі нацыянальнага вызвалення. Праблему мовы ён вылучаў як асноўную праблему нацыянальнага жыцця, лічыў нацыянальную мову найважнейшай формай выяўлення духоўнасці народа, найбольш устойлівай, асноўнай прыкметай нацыі.

  • 1843

    Памёр Роберт Саўці (анг. Robert Southey, нар. 12 жніўня 1774), ангельскі паэт-рамантык, перакладчык, гісторык, прадстаўнік “азёрнай школы”. Адзін з найбольш знакамітых аўтараў гатычных баладаў, а таксама баладаў-пародыяў на гэты жанр. Шмат падарожнічаў, жыў у Гішпаніі і Партугаліі; яму належаць пераклады рыцарскіх раманаў (у прыватнасці, знакамітага “Амадыса Гальскага”). Пісаў таксама вершы на гішпанскія і партугальскія сюжэты: балады “Гішпанская армада” (The Spanish Armada), “Каралева Урака і пяць мараканскіх пакутнікаў” (Queen Orraca and the Five Martyrs of Morocco), “Гансала Эрмігес” (Gonzalo Hermiguez) і інш. Сярод самых значных твораў Роберта Саўці, апроч гатычных баладаў, можна назваць пяць вялікіх паэмаў: “Талаба-разбуральнік” (Thalaba the Destroyer, 1801), “Мэдак” (Madoc, 1805), “Пракляцце Кехамы” (Curse of Kehama, 1810), “Родэрык, апошні з готаў” (Roderick the Last of the Goths, 1814), “Бачанне суду” (A Vision of Judgment, 1821). З 1813 г. і да смерці Саўці быў паэтам- лаўрэатам (званне прыдворнага паэта давалася да канца жыцця; паэт-лаўрэат мусіў пісаць вершы з нагоды розных падзей у жыцці манарха і дзяржавы і атрымліваў пенсію). На беларускую балады Саўці перакладала Ганна Янкута.

  • 1987

    Памёр Адам Русак (нар. 24 траўня 1904), беларускі паэт-песеннік. Друкаваўся з 1927 году. Першы паэтычны зборнік “На родных палетках” выйшаў у 1946 годзе. Аўтар зборнікаў “Песні і вершы” (1951), “Песни” (1954, па-руску), “Пад голас баяна” (1957), “Толькі з табою” (1960), “Звонкія крыніцы” (1965), “Выбранае” (1972), “Закрасуйся, Нёман” (1978), “Песні на словы А. Русака” (1980), “Засцілайце сталы” (1984), “Дружбакі” (1987), “Песні радасці”. Многія ягоныя вершы зрабіліся вядомымі песнямі: “Бывайце здаровы”, “Толькі з табою”, “Не шукай” (усе — музыка I. Любана); “Дняпро” і “Не за вочы чорныя” (муз. Ю. Семянякі); “Лясная песня” (або “Ой, бярозы ды сосны, партызанскія сёстры”) і “Па-над лесам, па-над борам” (муз. У. Алоўнікава); “Узнялося сонца яснае” (муз. Дз. Лукаса); “Дзе ты, зорка мая” (муз. I. Лучанка) і інш.

  • Сусветны дзень паэзіі