№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 22 сакавіка

  • 1705

    Памёр Крысціян Генрых Постэль (ням. Christian Heinrich Postel, нар. 11 кастрычніка 1658), нямецкі паэт і драматург. Супрацоўнічаў з кампазітарамі Гамбургскай оперы, пісаў для іх лібрэта. Да канца жыцця працаваў над гіганцкай эпічнай паэмай “Вялікі Вітэкінд” (Der große Wittekind), выдадзенай у 1724 годзе пасмяротна.

  • 1832

    Памёр Ёган Вольфганг Гётэ (ням. Johann Wolfgang von Goethe, нар. 28 жніўня 1749), вялікі нямецкі пісьменнік і навуковец. Першапачатковую адукацыю атрымаў дома, пасля вывучаў юрыспрудэнцыю, медыцыну і літаратуру ва ўніверсітэтах Ляйпцыга і Страсбурга. Першыя значныя творы — драмы “Гётц фон Берліхінген з жалезнай рукой” (Götz von Berlichingen mit der eisernen Hand, 1771), “Клавіга” (Clavigo, 1774), раман “Пакуты маладога Вэртэра” (Die Leiden des jungen Werthers, 1774). Вядомасць Гётэ прынеслі славутыя балады “Альховы цар” (Erlkönig, 1782), “Пясняр” (1783), драмы “Іфігенія ў Таўрыдзе” (Iphigenie auf Tauris, 1779), “Тарквата Таса” (Torquato Tasso, 1780), “Эгмант” (Egmont, 1788), сатырычная паэма “Райнэке Ліс” (Reineke Fuchs, 1793), эпічная паэма “Герман і Даратэя” (Hermann und Dorothea, 1798). Галоўны твор — трагедыя ў вершах “Фаўст”, другую частку якой Гётэ скончыў менш як за год да сваёй смерці — у 1831 (першая частка выйшла ў 1808). Аўтар двухтомнай аўтабіяграфічнай эпапеі “Паэзія і праўда” (Dichtung und Wahrheit, 1811 — 1812), цыклу вершаў на тэмы ўсходніх класікаў “Заходне-ўсходні дыван” (West-östlicher Divan, 1819), дылогіі “Гады навучання Вільгельма Майстэра” (Wilhelm Meisters Lehrjahre, 1796) і “Гады вандраванняў Вільгельма Майстэра” (Wilhelm Meisters Wanderjahre, 1821). Таксама апублікаваў шэраг значных для свайго часу прац па геалогіі, мінералогіі, анатоміі і іншых навуках. Некаторыя творы Гётэ перакладзеныя на беларускую мову — “Фаўст” (Васіль Сёмуха), “Райнэке Ліс” (Віталь Вольскі), вершы (Алег Лойка, Юрка Гаўрук, Аляксей Зарыцкі, Васіль Сёмуха, Наталля Арсеннева, Фелікс Баторын, Лявон Баршчэўскі і інш.).

  • 1845

    Нарадзіўся Гільермэ Брага (парт. Guilherme da Silva Braga, памёр 26 ліпеня 1874), партугальскі паэт, журналіст. Аўтар змрочных вершаў, асноўная тэма якіх — смерць, яе прысутнасць у штодзённым жыцці. Памёр у раннім узросце (29 гадоў) ад сухотаў, перажыўшы сваіх чатырох дзяцей. Асноўныя зборнікі: “Эха Алжубароты” (Ecos de Aljubarrota, 1868), “Плюшчы і браткі” (Heras e Violetas, 1869), “Аблудныя апосталы” (Os Falsos Apóstolos, 1871), “Біскуп” (O Bispo, 1874) і інш.

  • 1908

    Нарадзіўся Луі Ламур (анг. Louis L’Amour, памёр 10 чэрвеня 1988), амерыканскі пісьменнік, адзін з найбольш знакамітых і пладавітых аўтараў вестэрнаў. Да пачатку Другой сусветнай вайны паспрабаваў цэлы шэраг прафесій — быў пагоншчыкам ската ў Тэхасе, мараком гандлёвага флоту, прафесійным баксёрам, лесарубам, дрэсіроўшчыкам сланоў, золаташукальнікам. Першыя апавяданні былі апублікаваныя ў канцы 1940-х гадоў, у 1951 г. быў выдадзены першы раман пісьменніка “Цячэнне на Захад” (Westward the Tide). Вядомасць аўтару прынёс раман “Хонда” (Hondo, 1953) і яго знакамітая аднайменная экранізацыя, а таксама цыклы твораў пра Хапалонга Кэсідзі і Сакетаў.

  • 1927

    Нарадзіўся Абдумалік Бахоры (тадж. Баҳорӣ Абдумалик, памёр 3 снежня 2010), таджыкскі паэт, празаік і драматург. Лічыўся адным з найлепшых таджыкскіх паэтаў. Яго зборнікі навукова-фантастычных апавяданняў мелі поспех і перакладаліся на шматлікія мовы. За ўнёсак у развіццё таджыкскай літаратуры яму быў было прысвоенае званне “Народны пісьменнік Таджыкістана”.

  • 1941

    Нарадзіўся Білі Колінз (анг. Billy Collins), адзін з самых папулярных амерыканскіх паэтаў. Паэт-лаўрэат ЗША, паэт-лаўрэат штата Нью-Ёрк і ўладальнік прэстыжнага тытулу “Літаратурны Леў Нью-ёркскай публічнай бібліятэкі”. Сярод самых самых вядомых зборнікаў паэзіі — “Яблык, які здзівіў Парыж” (The Apple That Astonished Paris, 1988), “Мастацтва таплення” (The Art of Drowning, 1995), “Дзевяць коней” (Nine Horses, 2002).

  • 2006

    Памёр Курт фон Траян (анг. Kurt von Trojan, нар. 1937 г.), аўстралійскі пісьменнік-фантаст, доўгі час працаваў асістэнтам у псіхіятрычнай клініцы. Напісаў некалькі навукова-фантастычных раманаў, найбольш вядомыя з якіх — “Пераходны сіндром” (Transing Syndrome, 1985, намінант аўстралійскай навукова-фантастычнай прэміі Дзітмар) і “Майстэрня жорсткасці” (The Atrocity Shop), напісаны ў канцы 1970-х і забаронены да 1998.

  • 2010

    Памёр Кастусь Тарасаў (нар. 10 кастрычніка 1940), беларускі пісьменнік. Па сканчэнні сярэдняй школы працаваў слесарам-зборшчыкам на Мінскім механічным заводзе. Друкаваўся ад 1966 году. Скончыў Беларускі політэхнічны інстытут (1965), працаваў у Паўночна-заходняй геалагічнай экспедыцыі, потым у выдавецтве “Вышэйшая школа”, на кінастудыі “Беларусьфільм”, у часопісе “Нёман” (1977 — 1983), газеце “Літаратура і мастацтва”, часопісе “Спадчына”, газеце “Свабода”. У апошнія месяцы друкаваў гістарычныя нарысы ў “Новым часе”. Аўтар гістарычных аповесцяў пра мінулае Беларусі: “Дзень рассеяння” (пра Грунвальдскую бітву, 1980), “Пагоня на Грунвальд”, рамана “Тры жыцці княгіні Рагнеды”. Аўтар культавага ў 1980-я — першай палове 1990-х зборніка “Памяць пра легенды” (першае выданне — 1984, другое, пашыранае — 1990).