№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 5 красавіка

  • 1837

    Нарадзіўся Алжэрнан Чарлз Суінберн (анг. Algernon Charles Swinburne), ангельскі паэт. Пісаць вершы пачаў у падлеткавым веку. Суінберн прыдумаў вершаваную форму рандэль (анг. roundel), якая ўяўляе сабой варыяцыю французскага рандо. Паэт хварэў на алкагалізм і алгалагнію, меў гарачы характар. У выніку ў 1879 годзе ва ўзросце 42 гадоў здароўе паэта рэзка пагоршылася. Але дзякуючы апецы сяброў ён дажыў да 72 гадоў, хаця і страціў юнацкі бунтарскі дух і ператварыўся ў рэспектабельную асобу.

  • 1888

    Памёр Усевалад Гаршын (руск. Всеволод Гаршин, нар. 14 лютага 1855), рускі празаік, паэт, мастацкі крытык. Служыў добраахвотнікам у дзейным войску падчас вайны з туркамі. У 1880 годзе, узрушаны смяротным пакараннем маладога рэвалюцыянера, Гаршын захварэў і быў змешчаны ў лякарню для псіхічнахворых. У пачатку красавіка 1888 Гаршын, выйшаўшы з кватэры, кінуўся ў лесвічны пралёт. Праз 5 дзён ён памёр у бальніцы Чырвонага Крыжа. Гаршын найбольш вядомы як празаік, які ўзаконіў у рускай літаратуры жанр навелы, што атрымаў поўнае развіццё у Чэхава. Гаршын быў адной з мадэляў для вобраза царэвіча на карціне Іллі Рэпіна “Іван Грозны і яго сын Іван 16 лістапада 1581 году”. На беларускую мову Гаршына ўпершыню пераклаў Ядвігін Ш. (апавяданне “Сігнал”).

  • 1895

    Оскар Ўайлд прайграе ў судзе справу па абвінавачанні ў паклёпе маркіза Куінсберы, які абвінаваціў пісьменніка ў гомасэксуалізме, напісаўшы на візітоўцы “For Oscar Wilde, posing as a somdomite” (менавіта так, з дзвюма m).

  • 1943

    У ЗША па-ангельску выходзіць “Маленькі прынц” А. дэ Сэнт-Экзюперы, напісаны ў 1942 годзе.

  • 1997

    Памёр Ірвін Ален Гінзберг (анг. Irwin Allen Ginsberg, нар. 3 чэрвеня 1926), амерыканскі паэт, адзін з заснавальнікаў бітніцтва. Бацька літаратара Луіс Гінзберг паходзіў з Львова, быў настаўнікам і паэтам. Ці не самы знакаміты твор Гінзберга — паэма “Лямант” (Howl, 1956), якая сталася своеасаблівым маніфестам маладога пакалення, была перакладзеная на 28 моваў свету. Гінзберг таксама вёў актыўную грамадскую дзейнасць: пратэставаў супраць выпрабавання ядзернай зброі, супраць забруджвання наваколля, супраць мілітарызму і г.д. Быў выбраны ў Амерыканскую акадэмію мастацтваў і літаратуры, а таксама ўзнагароджаны французскім ордэнам Ганаровага легіёну.

  • 2005

    Памёр Сол Бэлаў (анг. Saul Bellow, нар. 10 чэрвеня 1915), амерыканскі празаік і эсэіст. Паходзіў з габрэйскай сям’і, якая эмігравала ў Канаду з Расійскай Імперыі за некалькі гадоў да нараджэння пісьменніка. Першапачаткова прозвішча ягоных бацькоў гучала як “Бэлоўс”, але пасля пераезду было амерыканізаванае. Калі Сол Бэлаў быў яшчэ малым, сям’я пераехала з Квебеку ў Чыкага (ЗША). Пісьменніцкую кар’еру Бэлаў пачаў з публікацыі літаратурных аглядаў і мастацкіх перакладаў з ідыш. У 1976 годзе Сол Бэлаў атрымаў Нобелеўскую прэмію па літаратуры “за гуманістычную пранікнёнасць і тонкі аналіз сучаснай культуры, што арганічна спалучаюцца ў ягонай творчасці”.

  • 2007

    Памерла Марыя Грыпэ (шведск. Maria Gripe, імя пры нараджэнні — Мая Сціна Вальтэр; нар. 25 ліпеня 1923), шведская пісьменніца, аўтар кніг для дзяцей і падлеткаў. Большасць вокладак да кніг Марыі Грыпэ намаляваў яе муж Гаральд Грыпэ, прычым яго кар’ера як ілюстратара пачалася ў сувязі з пісьменніцкім дэбютам Марыі (кніга “У нашым гарадку” (I vår lilla stad), напісаная для дачкі Камілы). Многія кнігі Марыі Грыпэ крыху містычныя, асабліва пазнейшыя, у іх адчуваецца ўплыў творчасці Эдгара Алана По, сёстраў Бронтэ, Карла Юнаса Лувэ Алмквіста. Аўтар 38 кніг, яна лічыцца ў Швецыі адной з найбольш прадуктыўных пісьменнікаў. Лаўрэат мноства літаратурных прэмій, шматлікія яе кнігі былі экранізаваныя, напрыклад, “Дзеці шкляра” (Glasblåsarns barn). Апошняя кніга Марыі Грыпэ “Кветка Анны” (Annas blomma) выйшла ў 1987 годзе.