№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 16 красавіка

  • 1844

    Нарадзіўся Анатоль Франс (фр. Anatole France, сапр. Жак Анатоль Франсуа Тыбо; памёр 12 кастрычніка 1924), французскі пісьменнік, літаратурны крытык, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (1921). Друкавацца пачаў даволі позна — першы зборнік навелаў быў выдадзены, калі яму было 35 гадоў. Першы шырокавядомы раман Франса — сатыра “Злачынства Сільвестра Банара” (Le Crime de Sylvestre Bonnard, 1881). Сярод іншых вядомых твораў — аповесць “Таіс” (Thaïs, 1890), раманы “Чырвоная лілея” (Lys Rouge, 1894), “Сад Эпікура” (Le Jardin d’Épicure, 1895), гістарычная дылогія “Жыццё Жанны Д’арк” (Vie de Jeanne d’Arc, 1908), пародыя на французскую гісторыю “Востраў пінгвінаў” (L’Île des Pingouins, 1908) і інш. На беларускую мову апавяданне Франса “Дачка Ліліт” пераклала Вераніка Мазуркевіч.

  • 1859

    Памёр Алексіс дэ Таквіль (фр. Alexis-Charles-Henri Clérel de Tocqueville, нар. 29 ліпеня 1805), французскі пісьменнік, гісторык і міністр замежных справаў (1849). Адна з галоўных працаў Таквіля — “Дэмакратыя ў Амерыцы”: падарожнічаючы па гэтай краіне, пісьменнік распытваў людзей і такім чынам сабраў матэрыял для свае працы.

  • 1896

    Нарадзіўся Трыстан Тцара (фр. Tristan Tzara; сапр. Самуэль Разэншток; памёр 25 снежня 1963), французскі паэт румынскага паходжання, эсэіст, адзін з заснавальнікаў дадаізму. Аўтар сямі маніфестаў дада (1916 — 1924). У 1919 г. пераехаў у Парыж, дзе стаў адным з лідараў радыкальных дадаістаў і на некаторы час зблізіўся з сюррэалістамі. У 1931 годзе напісаны адзін з яго найбольш значных твораў — паэма “Прыблізны чалавек” (L'Homme approximatif). У канцы жыцця займаўся літаратуразнаўствам, даследаваў творчасць Ф. Віёна і Ф. Рабле. У 1970 г. Парыжскі манетны двор выпусціў медаль з яго выявай і надпісам: “Тцара — бацька дадаізму”.

  • 1921

    Нарадзіўся сэр Пітэр Усцінаў (анг. Peter Alexander Ustinov, памёр 28 сакавіка 2004), ангельскі пісьменнік, драматург, актор, рэжысёр, сцэнарыст, тэле- і радыёвядоўца. Чатыры разы атрымліваў прэмію “Эмі”, двойчы — “Оскар”, таксама лаўрэат прэмій “Грэмі” і Брытанскай акадэміі кіно і тэлемастацтваў (BAFTA). Агата Крысці называла яго найлепшым выканаўцам ролі Эркюля Пуаро. У 1950-я гады Усцінаў пачаў пісаць п’есы, якія сам ставіў і граў у іх. Вольна размаўляў па-ангельску, па-французску, па-нямецку, па-гішпанску, па-італьянску, па-руску, і даволі добра ведаў турэцкую і навагрэцкую. Стварыў таксама серыю інтэрв’ю з памерлымі пісьменнікамі-класікамі, у якіх выказваўся за сябе і суразмоўцу.

  • 1922

    Нарадзіўся сэр Кінгслі Эміс (анг. Kingsley William Amis, памёр 22 кастрычніка 1995), ангельскі пісьменнік, крытык. Быў адным з лідараў літаратурнай плыні 1950-х гадоў “раззлаваных маладых людзей”. Лаўрэат прэміі С. Моэма за раман “Шчасліўчык Джым” (Lucky Jim, 1954) і Букераўскай прэміі за раман “Старыя чэрці” (The Old Devils, 1986). Акрамя раманаў выдаў 6 зборнікаў паэзіі, пісаў мемуары, апавяданні, сцэнары для радыё і тэлебачання, крытычныя працы. У 2008 The Times паставіў Эміса на дзявятае месца сярод 50 найбольш значных брытанскіх пісьменнікаў пачынаючы з 1945 году.

  • 1972

    Памёр Ясунары Кавабата (яп. 川端 康成, нар. 11 чэрвеня 1899), японскі пісьменнік, кавалер Французскага ордэна літаратуры і мастацтва (1960), лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (1968) за “пісьменніцкае майстэрства, якое перадае сутнасць японскай свядомасці”. Да найбольш значных яго твораў адносяць раманы “Тысячакрылы журавель”, “Стогн гары”, “Старая сталіца”, “Снежная краіна”. Сам Кавабата лічыў галоўным раман “Мэйдзін”. Творы Кавабаты былі перакладзеныя на многія мовы свету. З 1959 году пісьменнік быў віцэ-прэзідэнтам міжнароднага ПЭН-клуба. Памёр ад атручання ўгарным газам, паводле асноўнай версіі, гэта было самагубства.