№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 18 красавіка

  • 1556

    Памёр Луіджы Аламані (іт. Luigi Alamanni, нар. 6 сакавіка 1495), італьянскі паэт. Яму прыпісваюць увядзенне эпіграмы ў італьянскую паэзію. Адным з першых у італьянскай літаратуры пачаў выкарыстоўваць белы верш. Аўтар шматлікіх паэмаў, найбольш значнымі з якіх лічацца дыдактычная паэма “Земляробства” (La Coltivazione, адно з найлепшых наследаванняў “Георгікаў” Вергілія на італьянскай) і эпічная паэма “Гірон Шаноўны” (Girone il Cortese, 1548). Яму таксама належаць камедыя “Флора”, трагедыя “Антыгона” (паводле Сафокла) і навелы пад умоўнай назвай “Б’янка, дачка Тулузскага графа”.

  • 1802

    Памёр Эразм Дарвін (анг. Erasmus Darwin, нар. 12 снежня 1731), ангельскі натураліст, доктар і паэт, які вынікі сваіх навуковых штудыяў выкладаў у вершаванай форме, што было дзіўным нават для яго сучаснікаў. Верыў у сэксуальнае жыццё раслінаў, пра якое расказаў у другой частцы аб’ёмнай паэмы “Батанічны сад” (The Botanic Garden) пад назвай “Каханне раслінаў” (The Loves of the Plants). Адзін з перакладчыкаў на ангельскую мову працаў Карла Лінэя. Дзед Чарлза Дарвіна.

  • 1874

    Нарадзілася Івана Брліч-Мажураніч (харв. Ivana Brlić-Mažuranić, памерла 21 верасня 1938), харвацкая дзіцячая пісьменніца. Два разы намінавалася на Нобелеўскую прэмію (у 1931 і 1938), а ў 1937 годзе стала першай жанчынай — сябрам Югаслаўскай (цяпер Харвацкай) акадэміі навук і мастацтваў. Часта яе называюць харвацкім Андэрсэнам ці харвацкім Толкінам. Вяршыняй яе творчасці лічыцца зборнік “Апавяданні з даўніны” (Prіče іz davnіne, 1916), які напісаны на аснове старажытных славянскіх міфаў і праз казку вяртае ў жыццё страчаны свет паганскіх вераванняў харватаў. Творы пісьменніцы былі перакладзеныя амаль на ўсе еўрапейскія мовы.

  • 1875

    Нарадзіўся Оскар Эрнст Бернхарт (ням. Oskar Ernst Bernhardt, памёр 6 снежня 1941), нямецкі пісьменнік і філосаф. Пачынаў як аўтар падарожных эсэ, апавяданняў, таксама быў вядомым драматургам. Першая сусветная вайна заспела яго ў Лондане, адкуль яго як нямецкага падданага інтэрнавалі на востраў Мэн. Перыяд ізаляцыі, трагічныя лёсы людзей і асабістыя перажыванні падштурхнулі да разважанняў пра сэнс жыцця, мэты чалавека, стаўленне да Бога і пошукаў выйсця з усеагульнага хаосу і духоўнага крызісу. З 1923 г. пад псеўданімам Абд-ру-шын (Сын Святла) пісьменнік пачаў запісваць і выдаваць “Лісткі Грааля” (Gralsblätter), якія пазней былі дапоўненыя і аб’яднаныя ў кнігу “У святле Ісціны. Пасланне Грааля” (Im Lichte der Wahrheit. Gralsbotschaft, 1931). Яго сістэма светаўспрымання знайшла шмат прыхільнікаў, хоць Бернхарт не ставіў сабе за мэту заснаваць новую царкву, секту або рэлігію. Нацысцкія ўлады забаранілі яму ўсялякую дзейнасць, а жорсткае абыходжанне гестапа прывяло да смерці. Аднак пасля Другой сусветнай вайны яго ўдава заснавала “Міжнародны рух Грааля”, які існуе да гэтага часу.

  • 1882

    Нарадзіўся Мантэйру Лабату (парт. José Bento Renato Monteiro Lobato, памёр 4 ліпеня 1948), бразільскі пісьменнік, перакладчык, крытык, журналіст, выдавец. Нягледзячы на сваю шматгранную дзейнасць, найбольш вядомы серыяй дзіцячых твораў, якія ў рускім перакладзе выйшлі адзінай кнігай пад назвай “Ордэн Жоўтага Дзятла”. Таксама перакладаў і адаптаваў казкі братоў Грым, Андэрсэна, “Алісу ў краіне цудаў”, “Алісу ў Залюстроўі”, “Рабінзона Круза”, “Робін Гуда” і шмат твораў для дарослых. Лабату напісаў адзіны раман — “Чорны прэзідэнт” (O Presidente Negro, 1926), у якім расказваецца пра абранне чарнаскурага прэзідэнта ў Амерыцы. Гэты раман зноў набыў актуальнасць і выклікаў новую хвалю цікавасці падчас амерыканскіх выбараў 2008-га, хаця ў рамане быў указаны 2228 год.

  • 1903

    Нарадзіўся Платон Галавач, беларускі пісьменнік (расстраляны 29 кастрычніка 1937). Аўтар зборнікаў апавяданняў “Дробязі жыцця” (1927), “Хочацца жыць” (1930), “Апавяданні” (1934), рамана “Праз гады” (1935, перавыдадзены ў 1936, 1984), нарысу пра будаўніцтва Беламорска-Балтыйскага канала “Ад Мядзведжай гары да Белага мора” (1934). У розны час рэдагаваў часопісы “Маладняк”, “Полымя”. Арыштаваны і асуджаны на расстрэл пазасудовым органам НКВД 28 кастрычніка 1937 як “арганізатар тэрарыстычнай групоўкі” і за “правядзенне нямецка-фашысцкай дзейнасці”. Рэабілітаваны ў 1956 годзе.