№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 22 красавіка

  • 1707

    Нарадзіўся Генры Філдынг (анг. Henry Fielding, памёр 8 кастрычніка 1754), ангельскі пісьменнік, аўтар шэрагу навелаў і драмаў, вядомы сваім жыццёвым гумарам і сатырычнай увішнасцю. Самы знакаміты яго раман — “Гісторыя Тома Джонса, знайды (The History of Tom Jones, a Foundling, 1749).

  • 1899

    Нарадзіўся Уладзімір Набокаў (руск. Владимир Набоков, псеўд. Сірын, памёр 2 ліпеня 1977), рускі і амерыканскі пісьменнік. Першыя творы Набокава былі напісаныя на рускай мове, аднак сусветную вядомасць яму прынеслі пераважна ангельскамоўныя раманы. Вядомы таксама значным унёскам у лепідатэралогію (раздзел энтамалогіі, прысвечаны лускакрылым). Раман “Лаліта” (Lolita, 1955), напісаны па-ангельску, часцяком згадваецца як адзін з самых значных і ўплывовых узораў прозы ХХ стагоддзя.

  • 1914

    Нарадзіўся Ян дэ Хартаг (нід. Jan de Hartog, памёр 22 верасня 2002), нідэрландскі празаік і драматург. Вядомасць атрымаў дзякуючы раману “Слава Галандыі” (Hollands glorie, 1940). Аўтар п’есаў “Шкіпер каля Бога” (Schipper naast God, 1942), “Смерць аднаго пацука” (De dood van een rat, 1956), “Ложак з полагам” (The Fourposter, 1950), “Маленькі каўчэг” (De kleine ark, 1951), “Пагібель “Волі” (De ondergang van de “Vrijheid”, 1956), прыгодніцкіх раманаў “Інспектар” (De inspecteur, 1961) і “Капітан” (De kaptein, 1967). Некаторыя творы былі экранізаваныя і сталі кінакласікай. Пісаў на нідэрландскай і ангельскай мовах.

  • 1918

    Нарадзіўся Ўільям Джэй Сміт (анг. William Jay Smith), амерыканскі паэт-лаўрэат у 1968 — 1970 гг., папулярны ў Савецкім Саюзе ў 1970-я, перакладчык заходнееўрапейскай, шведскай, рускай паэзіі, складальнік паэтычных анталогій, аўтар дзіцячых вершаў, якія сталі класікай жанру. Аўтар 10 паэтычных зборнікаў — “Вершы” (Poems, 1947), “Святкаванне ў цемры” (Celebration at Dark, 1950), “Бляшанка і іншыя вершы” (The Tin Can and Other Poems, 1966), “Свет пад вокнамі: Вершы, 1937 — 1997” (The World Below the Window: Poems 1937 — 1997, 1998) і інш.

  • 1943

    Нарадзілася Луіз Глюк (анг. Louise Glück), амерыканская паэтка венгерскага паходжання, аўтарка 11 вершаваных зборнікаў. Уладальніца Пулітцэраўскай прэміі 1993 г. за зборнік “Дзікі ірыс” (The Wild Iris, 1992). Паэт-лаўрэат 2002 — 2004 гг.

  • 1986

    Памёр Мірча Эліядэ (рум. Mircea Eliade, нар. 13 сакавіка 1907), румынскі пісьменнік, рэлігіязнаўца, даследчык міфалогіі. Аўтар больш чым 30 навуковых працаў, перакладзеных на 18 моваў свету. Свабодна валодаў дзесяццю мовамі — румынскай, французскай, нямецкай, італьянскай, ангельскай, іўрытам, фарсі, санскрытам, палі, бенгалі. Акрамя навуковых працаў Эліядэ напісаў шмат фантастычных твораў з такімі характэрнымі элементамі, як вампіры, злыя духі, прывіды, скрыўленне часу, пошукі бессмяротнасці. За раман “Дзяўчына Крысціна” (Domnişoara Christina, 1936), прысвечаны эротыцы і смерці ў чалавечым жыцці, галоўным героем якога з’яўляецца вурдалак (рум. strigoi) Эліядэ быў абвінавачаны ў распаўсюдзе парнаграфіі і адхілены ад выкладчыцкай дзейнасці. Большасць літаратурных твораў Эліядэ так ці іначай звязаныя з ідэяй “іншага свету”, схаванага за паўсядзённай рэчаіснасцю. Грамадзянін ЗША з 1966, памёр у Чыкага.