№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 26 красавіка

  • 1787

    Нарадзіўся Людвіг Уланд (ням. Ludwig Uhland, памёр 13 лістапада 1862), нямецкі паэт-лірык, заснавальнік германістыкі, самы значны прадстаўнік так званай “швабскай школы” — групы позніх нямецкіх рамантыкаў. Уланд шмат займаўся вывучэннем старафранцузскай і старанямецкай паэзіі і спрабаваў перанесці яе ў сваю творчасць, выкарыстоўваў формы балады і старадаўняй народнай песні, аднак за яго цікавасцю да старых сюжэтаў часта ляжала жаданне проста пераказаць іх; першаснае значэнне ў яго творчасці мае рамантычная экзотыка, а не філасофскія канцэпцыі больш ранніх рамантыкаў.

  • 1792

    Ружэ дэ Ліль напісаў баявую песню для Рэйнскага войска, вядомую цяпер як “Марсельеза”.

  • 1841

    Нарадзіўся Юліюс Зэер (чэшск. Julius Zeyer, памёр 29 студзеня 1901), чэшскі паэт і празаік. Натхненне Зэер чэрпаў з чэшскай, рускай, ірландскай і французскай гісторыі — так, сюжэты яго эпічных паэмаў “Вышаград” (Vyšehrad, 1880) і “Каралінгская эпапея” (Karolinská epopeja, 1896) узятыя з чэшскіх і французскіх легендаў; самі творы апавядаюць пра гераічныя мінулыя часы, перад якімі блякне шэрая сучаснасць. У раманах пісьменніка расказваецца пра людзей, якія спрабуюць жыць у адпаведнасці з рамантычнымі ідэаламі, пра тых, хто дасягае спакою толькі ў момант смерці. Адзін з вядомых твораў Зэера, “Ян Марыя Плойгар” (Jan Maria Plojhar, 1891), расказвае пра трагічны лёс мастака

  • 1886

    Нарадзіўся Габдула Тукай (тат. Ğabdulla Tuqay, عبدالله توقاي, памёр 1913), татарскі народны паэт, літаратурны крытык, публіцыст і перакладчык. Тукай лічыцца адным з першых, хто ствараў літаратуру на татарскай мове. За савецкім часам многія творы Тукая перакладаліся на рускую мову больш чым недакладна, асабліва творы, напісаныя ў адказ на прапанову савецкіх уладаў усе мусульманскія народы СССР перасяліць у Турцыю.

  • 1890

    Нарадзіўся Мікола Зэраў (укр. Микола Зеров, памёр 3 лістапада 1941), украінскі паэт, літаратуразнаўца, крытык, прафесар Кіеўскага ўніверсітэта, майстра санетаў, лідар групы “неакласікаў”, перакладчык антычнай паэзіі.

  • 1898

    Нарадзіўся Вісэнтэ Александрэ-і-Мэрла (гішп. Vicente Aleixandre y Merlo, памёр 14 снежня 1984), гішпанскі паэт, лаўрэат Нобелеўскай прэміі 1977 году “за выбітную паэтычную творчасць, якая выяўляе стан чалавека ў космасе і сучасным грамадстве і ў той жа час ёсць велічным сведчаннем адраджэння традыцыяў гішпанскай паэзіі ў перыяд паміж сусветнымі войнамі”.

  • 1907

    Нарадзіўся Тэйн дэ Фрыс (нід. Theun de Vries, памёр 21 студзеня 2005), нідэрландскі пісьменнік. Пісаў як па-нідэрландску, так і па-фрызску. У 1936 годзе ўступіў у камуністычную партыю, рэдагаваў камуністычныя выданні. Самыя вядомыя творы Тэйна дэ Фрыса — “Дзяўчына з рудымі валасамі” (Het meisje met het rode haar) і трылогія “Люты” (Februari). Абодва творы прысвечаныя Другой сусветнай вайне і нідэрландскаму Супраціву (сам пісьменнік пасля акупацыі Нідэрландаў быў арыштаваны і сядзеў у канцлагеры Амерсфорт).

  • 1910

    Нарадзіўся Мэша Сэлімавіч (сербск. Меша Селимовић альбо Meša Selimović, памёр 11 ліпеня 1982) баснійскі, сербскі і югаслаўскі пісьменнік, адзін з самых значных пісьменнікаў ХХ ст. гэтага рэгіёну. Самыя важныя творы Сэлімавіча — гістарычна-філасофскія раманы “Дэрвіш і смерць” (Derviš i smrt, 1966) і “Крэпасць” (Tvrđava, 1970) — цесна звязаныя з Босніяй і Герцагавінай і культурай баснійскай часткі насельніцтва Атаманскай правінцыі Босніі. Адна з крыніц рамана “Дэрвіш і яго смерць” — перажыванні аўтара з нагоды смерці брата, які быў расстраляны ў Другую сусветную вайну без суду і якога Сэлімавіч не змог уратаваць.

  • 1910

    Памёр Б’ёрнстэрнэ Б’ёрнсан (нарв. Bjørnstjerne Bjørnson, нар. 8 снежня 1832), нарвежскі пісьменнік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі 1903 году, аўтар тэксту гімна Нарвегіі “Так, мы любім гэты край” (Ja, vi elsker dette landet). Б’ёрнсан лічыцца адным з Вялікай Чацверкі (De Fire Store) нарвежскіх пісьменнікаў разам з Генрыкам Ібсэнам, Аляксандрам Х’еланам і Ёнасам Лі.

  • 1916

    Нарадзіўся Морыс Вэст (Morris West, памёр 9 кастрычніка 1999), аўстралійскі пісьменнік, аўтар раманаў “Адвакат д’ябла” (The Devil's Advocate, 1959), “Чаравікі рыбака” (The Shoes of the Fisherman, 1963), “Богавы блазны” (The Clowns of God, 1981). Нягледзячы на шырокую вядомасць Вэста ў свеце, аўстралійскія крытыкі не надавалі яму шмат увагі ў сваіх працах. Памёр Вэст, дапісваючы свой раман “Апошняя споведзь” (The Last Confession), дзе расказваецца пра суд над Джардана Бруна. У 2000 годзе сям’я Вэста вырашыла выдаць гэты незавершаны раман без адзінай праўкі, пакінуўшы чытачу дадумваць заканчэнне твора самому.

  • 1916

    Памёр Марыю ды Са-Карнэйру (парт. Mário de Sá-Carneiro, нар. 19 траўня 1890), партугальскі паэт і празаік, адзін з заснавальнікаў мадэрнісцкай літаратуры ў Партугаліі. Вершы пачаў пісаць у 12 гадоў, у 15 ужо перакладаў В. Гюго, у 16 — Гётэ і Шылера. Падчас навучання ва ўніверсітэце пазнаёміўся з будучым сябрам і паплечнікам Фэрнанду Пэсоа. Разам з Пэсоа і іншымі аднадумцамі Са-Карнэйру выдаў у 1915 годзе два нумары авангарднага часопіса “Арфей”, які выклікаў скандал у кансерватыўных інтэлектуальных колах і стаўся рэвалюцыяй у партугальскай паэзіі. Асобнымі кнігамі выйшлі зборнікі кароткіх апавяданняў пісьменніка — “Пачатак” (Príncipio, 1912), “Неба ў агні” (Céu em Fogo, 1915), зборнік вершаў “Рассейванне” (Dispersão, 1913) і кароткі раман “Прызнанне Лусіа” (A Confissão de Lúcio, 1913). Скончыў жыццё самагубствам. На беларускую мову апавяданне Са-Карнэйру “Уладар сноў” пераклала Наталля Козінцава.

  • 1989

    Памёр Олаф дэ Ландэл (нід. Olaf J. de Landell, сапр. Ян Бернард Вемерслагер ван Спарваўдэ, нар. 16 траўня 1911), нідэрландскі пісьменнік. Ландэл займаўся не толькі літаратурай, але і пантамімай, балетам і іншымі танцамі, радыёжурналістыкай і шмат чым іншым. Першы раман пісьменніка “Мы — сучасныя людзі” (Wij moderne menschen, 1935) прайшоў амаль незаўважаным, аднак з кожным яго наступным раманам слава Ландэла расла і дасягнула свайго піку пасля выдання трылогіі пра парцалянавую фабрыку Ярсмаў (1974—1976).

  • 2005

    Памёр Аўгуста Роа Бастас (гішп. Augusto Roa Bastos, нар. 13 чэрвеня 1917), парагвайскі пісьменнік. Бацька яго быў індзейцам гуарані, маці паходзіла з Партугаліі. На Чакскай вайне пісьменнік служыў санітарам на фронце, і досвед гэтай службы лёг пасля ў аснову рамана “Сын чалавечы” (Hijo de hombre, 1960), рамана, які разам з іншымі запачаткаваў сусветны бум лацінаамерыканскай раманістыкі. Найбольш вядомы твор Роа Бастаса — антыдыктатарскі раман “Я, Вярхоўны” (Yo, el Supremo, 1974). Доўгі час жыў за межамі свае краіны, аднак пасля падзення дыктатуры Стрэснера змог туды вярнуцца.