№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 1 траўня

  • 1672

    Нарадзіўся Джозэф Адысан (анг. Joseph Addison, памёр 17 чэрвеня 1719), публіцыст, драматург, палітык і паэт, які стаяў ля вытокаў ангельскага Асветніцтва. Разам з Рычардам Стылам і Даніэлем Дэфо лічыцца адным з заснавальнікаў журналістыкі. Таксама вядомы як аўтар папулярнай у XVIII ст. трагедыі “Катон” (Cato, a Tragedy, 1713), заснаванай на апошніх днях старажытнарымскага палітычнага дзеяча Марка Порцыя Катона.

  • 1830

    Нарадзіўся Гвіда Гезэле (нід. Guido Gezelle, памёр 27 лістапада 1899), фламандскі паэт, філолаг, фалькларыст, каталіцкі святар. Пісаў па-нідэрландску. Ведаў 15 моваў і лічыўся адным з найлепшых знаўцаў старажытнагерманскіх тэкстаў. Паэзія Гезэле зрабіла рэвалюцыю ў фламандскай літаратуры: у перыяд панавання рамантызму ён пісаў свабодным вершам. Гезэле быў папярэднікам натуралізму, які стаў папулярным толькі праз 30 гадоў. Гезэле стварыў школу фламандскіх паэтаў, сярод якіх найбольш заўважным быў Хуга Вэрыст.

  • 1900

    Нарадзіўся Іньяцыё Сілонэ (італ. Ignazio Silone, памёр 22 жніўня 1978), італьянскі пісьменнік, публіцыст, палітычны дзеяч сацыялістычнай арыентацыі. Выступаў з публіцыстыкай, накіраванай супраць таталітарызму (Школа дыктатараў, La scuola dei dittatori, 1938), актыўна выступаў супраць сталінізму. Разам з Андрэ Жыдам, Артурам Кестлерам і інш. удзельнічаў у знакамітай антытаталітарнай анталогіі “Бог, які пацярпеў крах” (The God That Failed, 1949).

  • 1900

    Нарадзіўся Аляксандр Ват (польск. Aleksander Wat, сапр. Хват; памёр 27 ліпеня 1967), польскі пісьменнік, перакладчык, адзін з пачынальнікаў польскага футурызму. Рэдактар авангардысцкіх часопісаў “Новае мастацтва” і “Альманах новага мастацтва”. Вядомы як аўтар адной з найлепшых аўтабіяграфічных кніг “Маё стагоддзе”, запісанай у якасці дыялогу з ініцыятывы і з дапамогай Ч. Мілаша.

  • 1909

    Нарадзіўся Яніс Рыцас (грэч. Γιάννης Ρίτσος, памёр 11 лістапада 1990), грэцкі паэт, празаік, перакладчык, левы палітычны дзеяч, удзельнік грэцкага Супраціву падчас Другой сусветнай вайны. Лічыцца адным з чатырох вялікіх нацыянальных паэтаў ХХ стагоддзя. Ранняя паэзія друкавалася ў камуністычнай прэсе, прысвечаная ідэалам камунізму, СССР, барацьбе пралетарыяту ў розных краінах, познія творы адзначаюцца рысамі сюррэалізму. Дзевяць разоў намінаваўся на Нобелеўскую прэмію па літаратуры, лаўрэат Ленінскай прэміі міру (1977). Пераклаў верш Я. Купалы “А хто там ідзе?” на грэцкую (1983). На беларускую мову вершы Рыцаса перакладала А. Кобец-Філімонава.

  • 1922

    Нарадзіўся Алесь Салавей (сапр. Альфрэд Радзюк, памёр 21 студзеня 1978), беларускі паэт. У 1945 — 1949 гг. жыў у Зальцбургу (Аўстрыя), дзе выйшаў з друку зборнік яго вершаў “Сіла гневу” (1948), паэмы “Домік у Менску”, “Звіняць званы Святой Сафіі”, прысвечаная Юрку Віцьбічу, а таксама паэма “Сын” (надрукаваныя ў 1949) У 1949 разам з сям'ёй выехаў у Аўстралію. Жыў у Адэлаідзе (Заходняя Аўстралія), Мельбурне (Вікторыя). Пахаваны на беларускай частцы могілак Фолкнер у Мельбурне. Пасмяротны збор вершаў “Нятускная краса” (1982) выйшаў у Аўстраліі, том выбранага — у 2010 годзе ў Мінску (выдавецтва “Лімарыус” серыя “Галасы Айчыны”).

  • 1923

    Нарадзіўся Джозэф Хелер (анг. Joseph Heller, памёр 12 снежня 1999), амерыканскі пісьменнік-сатырык, драматург. Знакаміты сатырычным антываенным раманам “Выкрут 22” (Catch 22, 1961). Аўтар вядомых раманаў “Нешта здарылася” (Something Happened, 1974), “Бог ведае” (God Knows, 1984), “Гэта не жарт” (No Laughing Matter, 1986), “Партрэт мастака ў старасці” (Portrait of an Artist as an Old Man, 2000).

  • 1924

    Нарадзіўся Віктар Астаф’еў (руск. Виктор Астафьев, памёр 29 лістапада 2001), рускі пісьменнік, аўтар шматлікіх аповесцяў пра вайну і сібірскую вёску (“Крадзеж”, 1966, “Пастух і пастушка”, 1971), цыклу аўтабіяграфічных апавяданняў “Недзе грыміць вайна” (1967), “Апошні паклон” (1968 — 1978). Узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй СССР за раман “Цар-рыба” (1976).

  • 1931

    Нарадзіўся Алег Лойка (памёр 19 лістапада 2008), беларускі паэт, празаік і літаратуразнавец. Доктар філалагічных навук, прафесар. Аўтар зборнікаў паэзіі “На юначым шляху” (1959), “Задуменныя пералескі” (1961), “Блакітнае азерца” (вершы і паэмы, 1965), “Калі ў дарозе ты...” (выбранае, 1971), “Шчырасць” (1973), “Пачуцці” (вершы і паэма, 1976), “Скрыжалі” (выбранае, 1981), “Няроўныя даты” (1983), “Грайна” (1986), “Балады вайны і міру” (1989), “Талая вясна” (вершы і паэмы, 1990), у т.л. для дзяцей: “Як Тоня рэха шукала” (1962), “Карагод дзівосных прыгод” (1966), “Дзе хто начуе?” (1977), “Пра дзеда Аяяй і бабку Оёёй” (1984) ды інш. Напісаў раманы-эсэ “Як агонь, як вада” (1984) і “Францыск Скарына, або Сонца маладзіковае” (1990), аповесць “Скарына на Градчанах” (1990), сцэнар дакументальнага фільма “Максім Багдановіч” (зняты ў 1990). Аўтар 100 кніг, апошняя прыжыццёвая выйшла ў 2003. Перакладаў на беларускую мову П. Вэрлена, Ё. В. Гётэ, асобныя творы рускіх, украінскіх, літоўскіх, латышскіх, польскіх і іншых паэтаў. Перакладчык і ўкладальнік 2-томнай анталогіі польскай паэзіі “Ад Буга да Віслы”.