№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 8 траўня

  • 1880

    Памёр Гюстаў Флабэр (фр. Gustave Flaubert, нар. 12 снежня 1821), французскі раманіст. Аўтар раманаў “Мадам Бавары” (Madame Bovary, 1857), “Саламбо” (Salammbô, 1862), “Выхаванне пачуццяў” (L'Éducation sentimentale, 1869). Вядомасць Флабэру прынесла публікацыя ў часопісе рамана “Мадам Бавары” (Madame Bovary, 1856), праца над якім пачалася ўвосень 1851 году. У хуткім часе пасля выхаду рамана Флабэр і рэдактар часопіса Revue de Paris былі прыцягнутыя да судовай адказнасці за знявагу маралі. Раман быў маніфестам літаратурнага натуралізму, але апрача гэтага ў ім быў выразна заўважны скепсіс аўтара ў дачыненні не толькі да сучаснага грамадства, але і да чалавека ўвогуле. Апраўдальны вердыкт дазволіў выпусціць раман асобным выданнем у 1857 годзе.

  • 1914

    Нарадзіўся Рамэн Гары (фр. Romain Gary, сапр. Раман Кацаў; застрэліўся 2 снежня 1980), французскі пісьменнік, сцэнарыст, рэжысёр і дыпламат габрэйскага паходжання. Нарадзіўся ў Вільні ў доме №6 па вуліцы Сіроцкай. Аўтар шматлікіх раманаў, сярод якіх “Абяцанне на світанку” (La promesse de l’aube, 1960), “Пляска Чынгіз-Хаіма” (La danse de Gengis Cohn, 1967), “Белы сабака” (Chien blanc, 1970) і іншых. Гары — адзіны пісьменнік у гісторыі Ганкураўскай прэміі, які атрымаў яе двойчы, першы раз — як Рамэн Гары за раман “Карані неба” (Les racines du ciel, 1956), а другі — як Эміль Ажар за раман “Усё жыццё наперадзе” (La vie devant soi, 1975). У сваёй перадсмяротнай запісцы ён напісаў: “Усё можна патлумачыць нервовай дэпрэсіяй. Але ў такім выпадку варта мець на ўвазе, што яна цягнецца з таго часу, як я зрабіўся дарослым чалавекам і што менавіта яна дапамагла мне годна займацца літаратурнай працай”.

  • 1937

    Нарадзіўся Томас Раглз Пінчан-малодшы (анг. Thomas Ruggles Pynchon, Jr.), амерыканскі пісьменнік, адзін з заснавальнікаў “школы чорнага гумару”, прадстаўнік літаратуры постмадэрнізму. Лаўрэат Фолкнэраўскай прэміі за найлепшы дэбют (1963), лаўрэат Нацыянальнай кніжнай прэміі (1973).

  • 1940

    Нарадзіўся Пітэр Бэнчлі (анг. Peter Bradford Benchley, памёр 11 лютага 2006), амерыканскі пісьменнік i сцэнарыст. Найбольш вядомы аповесцю-бэстсэлерам “Сківіцы” (Jaws, 1974), на аснове якой быў зняты аднайменны фільм Стывена Спілберга.

  • 1988

    Памёр Роберт Энсан Хайнлайн (анг. Robert Anson Heinlein, нар. 7 ліпеня 1907), адзін з найбуйнейшых пісьменнікаў-фантастаў XX стагоддзя, які ў многім вызначыў аблічча сучаснай навуковай фантастыкі. Побач з Айзэкам Азімавым і Артурам Кларкам, Хайнлайн ацэньваецца к адзін з трох Вялікіх Майстроў фантастыкі. Лаўрэат прэстыжных прэміяў “Х'юга” (Hugo Award, 1951, 1956, 1960, 1962, 1967) і “Нэб'юла” (Nebula Award, 1974) і інш. У сваёй творчасці ўздымаў праблемы расізму, індывідуалізму, сэксуальнай эмансіпацыі і інш.