№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 9 траўня

  • 1805

    Памёр Фрыдрых Шылер (ням. Johann Christoph Friedrich von Schiller, нар. 10 лістапада 1759), нямецкі паэт, філосаф, гісторык і драматург, прадстаўнік рамантычнага кірунку ў літаратуры. Аўтар “Оды да радасці” (An die Freude, 1785), якая ў відазмененай версіі стала гімнам Еўрапейскага саюза. Увайшоў у гісторыю сусветнай літаратуры як палымяны абаронца чалавечай асобы. Цягам апошніх сямнаццаці гадоў свайго жыцця (1788—1805) Шылер сябраваў з ужо вядомым і ўплывовым Ёганам Вольфгангам Гётэ, з якім абмяркоўваў пытанні па эстэтыцы і натхняў Гётэ на заканчэнне твораў, пакінутых у чарнавых варыянтах. Гэты перыяд сяброўства двух паэтаў і іх літаратуразнаўчай палемікі ўвайшоў у нямецкую літаратуру пад назвай ваймарскага класіцызму.

  • 1826

    Нарадзіўся Грэгорыё Гуцьерэс Гансалес (Gregorio Gutiérrez González, памёр 1872), калумбійскі паэт, творчасцю якога заканчваецца рамантычны перыяд у нацыянальнай паэзіі.

  • 1860

    Нарадзіўся Джэймс Мэцью Бары (анг. James Matthew Barrie, памёр 19 чэрвеня 1937), шатландскі драматург і раманіст, аўтар вядомай дзіцячай казкі “Пітэр Пэн” (Peter Pan, п’еса пастаўленая ў 1904). У 1911 Бары перапрацаваў п’есу ў аповесць “Пітэр і Вэндзі” (Peter and Wendy).

  • 1883

    Нарадзіўся Хасэ Артэга-і-Гасэт (гішп. José Ortega y Gasset, памёр 18 кастрычніка 1955), гішпанскі філосаф-экзістэнцыяліст і пісьменнік, найбольш вядомы творамі “Паўстанне масаў” (Rebelión de las Masas, 1929), “Дэгуманізацыя мастацтва” (La deshumanizacion del arte, 1925).

  • 1895

    Нарадзіўся Лучыян Блага (рум. Lucian Blaga, памёр 6 траўня 1961), румынскі паэт, перакладчык, драматург, журналіст, прафесар універсітэта, дыпламат, філосаф, адна з найбуйнейшых фігураў румынскай культуры XX стагоддзя. Дэбютаваў як паэт у 1919, у 1920 абараніў дысертацыю па філасофіі. У пасляваеннай Румыніі быў у сацыяльнай і культурнай ізаляцыі. У 1956 быў прапанаваны кандыдатам на Нобелеўскую прэмію ад Францыі і Італіі, але камуністычны ўрад Румыніі, лічачы Благу “буржуазным ідэалістам”, аказала ціск на Нобелеўскі камітэт і перашкодзіла разгляду яго кандыдатуры. Да 1962 літаратурныя творы Благі, апрача перакладаў Лесінга і інш., у сацыялістычнай Румыніі не публікаваліся.

  • 1917

    Нарадзіўся Альгірдас Жульен Грэймас (фр. Algirdas Julius Greimas, памёр 27 лютага 1992), французскі лінгвіст, фалькларыст і літаратуразнаўца літоўскага паходжання. Нарадзіўся Грэймас у Туле, скончыў універсітэт спачатку ў Літве, потым у Францыі, вывучаў стараправансальскія дыялекты. Адзін з заснавальнікаў Парыжскай семіятычнай школы. Склаў слоўнік старафранцузскай мовы.

  • 1924

    Нарадзіўся Булат Акуджава (руск. Булат Окуджава, груз. ბულატ ოკუჯავა; памёр 12 чэрвеня 1997), рускі бард, паэт, празаік, кампазітар, драматург. Аўтар каля 200 песняў, напісаных на ўласныя вершы, адзін з найярчэйшых прадстаўнікоў жанру аўтарскай песні ў 1950—1980-я гг. З 1989 г. — чалец-заснавальнік расійскага ПЭН-цэнтра. Лаўрэат прэміі “Рускі Букер” (1994) за аўтабіяграфічны раман “Скасаваны тэатр” (“Упразднённый театр”).

  • 1935

    Нарадзілася Галіна Пасвятоўска (польск. Halina Poświatowska, памерла 11 кастрычніка 1967), польская паэтка. Усё жыццё пакутавала ад хваробы сэрца, у бальніцы пазнаёмілася з будучым мужам, Адольфам Рыхардам Пасвятоўскім, таксама хворым, які памёр праз два гады пасля іх вяселля. Першы зборнік вершаў паэткі “Гімн ідалапаклонніка” (Hymn bałwochwalczy, 1957) выклікаў добрыя водгукі паэтаў і крытыкаў, пасля з’явіліся яшчэ тры зборнікі: “Сённяшні дзень” (Dzień dzisiejszy, 1963), “Ода рукам” (Oda do rąk, 1966) і “Яшчэ адзін успамін” (Jeszcze jedno wspomnienie, 1968, пасмяротна). Пасля смерці паэткі было знойдзена шмат нявыдадзеных вершаў. Пасмяротна была надрукаваная таксама аўтабіяграфічная аповесць “Аповед для сябра” (Opowieść dla przyjaciela). На беларускую мову вершы Галіны Пасвятоўскай перакладалі Хрысціна Граматовіч і Наталля Русецкая.

  • 1953

    Выйшаў першы нумар часопіса “Маладосць”.