№19: Нарвежскі вецер

№19: Нарвежскі вецер [18+]

Нумар, які мы прадстаўляем, досыць незвычайны. Па-першае, большасць перакладных тэкстаў у ім — празаічныя творы (ці хутчэй урыўкі з твораў) сучасных аўтараў, па-другое, яны былі спецыяльна абраныя для гэтага нумару нарвежскім выдаўцом і рэдактарам Крысціянам К’ельструпам і перакладзеныя Лідыяй Ёхансэн.

Чытаць далей

У гэты дзень, 19 траўня

  • 1864

    Памёр Натаніэл Готарн (анг. Nathaniel Hawthorne, нар. 4 ліпеня 1804), амерыканскі пісьменнік-рамантык, адзін з заснавальнікаў амерыканскай навелы (разам з Э. По і В. Ірвінгам). Нашчадак старога пурытанскага роду, што наклала адбітак на яго творчасць. Першы зборнік апавяданняў “Двойчы расказаныя гісторыі” (Twice-Told Tales, 1837) быў высока ацэнены Г. Лангфэла і Э. По. Акрамя навелаў спадчына Готарна ўключае раманы “Пунсовая літара” (The Scarlet Letter, 1850), “Дом з сямю франтонамі” (The House of the Seven Gables, 1851) , “Мармуровы фаўн” (The Marble Fawn, 1860). Да ўсяго, выдаў два дзіцячых зборнікі, якія сталі класікай, — “Кніга цудаў” (A Wonder Book, 1852) і “Гісторыі Тэнглвуда”(Tanglewood Tales, 1853).

  • 1890

    Нарадзіўся Марыю ды Са-Карнэйру (парт. Mário de Sá-Carneiro, памёр 26 красавіка 1916), партугальскі паэт і празаік, адзін з заснавальнікаў мадэрнісцкай літаратуры ў Партугаліі. Вершы пачаў пісаць у 12 гадоў, у 15 ужо перакладаў В. Гюго, у 16 — Гётэ і Шылера. Падчас навучання ва ўніверсітэце пазнаёміўся з будучым сябрам і паплечнікам Фэрнанду Пэсоа. Разам з Пэсоа і іншымі аднадумцамі Са-Карнэйру выдаў у 1915 годзе два нумары авангарднага часопіса “Арфей”, які выклікаў скандал у кансерватыўных інтэлектуальных колах і стаўся рэвалюцыяй у партугальскай паэзіі. Асобнымі кнігамі выйшлі зборнікі кароткіх апавяданняў пісьменніка — “Пачатак” (Príncipio, 1912), “Неба ў агні” (Céu em Fogo, 1915), зборнік вершаў “Рассейванне” (Dispersão, 1913) і кароткі раман “Прызнанне Лусіа” (A Confissão de Lúcio, 1913). Скончыў жыццё самагубствам. На беларускую мову апавяданне Са-Карнэйру “Уладар сноў” пераклала Наталля Козінцава.

  • 1895

    Памёр Хасэ Марці-і-Пэрэс (гішп. José Julián Martí y Pérez, нар. 28 студзеня 1853), кубінскі паэт, празаік, публіцыст, лідар вызваленчага руху Кубы ад Гішпаніі. На радзіме ён лічыцца нацыянальным героем, у літаратурных колах — бацькам мадэрнізму. У Сант’яга-дэ-Куба ў 1951 годзе быў адкрыты маўзалей пісьменніка. Цяпер гэта адно з самых наведвальных месцаў Кубы. Выява Хасэ Марці-і-Пэрэса змешчаная на купюры ў 1 песа.

  • 1912

    Памёр Баляслаў Прус (польск. Bolesław Prus, сапр. Аляксандр Главацкі; нар. 20 жніўня 1847), польскі пісьменнік эпохі пазітывізму, мысляр, асветнік і грамадскі дзеяч. Псеўданім — ад назвы родавага герба Прус І. Браў удзел у паўстанні 1863 г., за што быў пазбаўлены шляхецкага звання. Пісьменнік пакутаваў на агарафобію. Шырокую вядомасць набылі яго апавяданні “Антэк” (Antek, 1880), “Шарманка” (Katarynka, 1880), “Грахі маленства” (Grzechy dzieciństwa, 1883), “Камізэлька” (Kamizelka, 1882), а таксама аповесць “Зваротная хваля” (Powracająca fala, 1880). Яму таксама належыць раман “Лялька” (Lalka, 1889), новы тып сацыяльна-псіхалагічнага рамана, дзе ўзнаўляецца панарама жыцця Варшавы ў 1878—1879 гадах. Сусветную славу прынёс яму гістарычны раман “Фараон” (Faraon, 1896). На беларускую мову апавяданні Пруса перакладалі М. Чарнецкі і Я. Брыль. Урывак з рамана “Лялька” ў перакладзе Міколы Хаўстовіча змешчаны ў часопісе “Arche” (2010, №4).

  • 1941

    Нарадзілася Нора Эфрон (анг. Nora Ephron), амерыканская пісьменніца, журналістка, сцэнарыстка, прадусар і рэжысёр. Найбольш знакамітая сваімі рамантычнымі камедыямі. Тройчы намінавалася на “Оскар” за сцэнары да фільмаў “Сілквуд” (Silkwood, 1983), “Калі Гары сустрэў Салі” (When Harry Met Sally, 1989) і “Каму не спіцца ў Сіэтле” (Sleepless in Seattle, 1993). З пачатку 1990-х сама пачала здымаць фільмы паводле сваіх сцэнароў. Добра вядомыя яе стужкі “Вам ліст” (You've Got Mail, 1998), “Шчаслівыя лічбы” (Lucky Numbers, 2000), і “Джулі і Джулія” (Julie & Julia, 2009).