№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 20 траўня

  • 1799

    Нарадзіўся Анарэ дэ Бальзак (фр. Honoré de Balzac, памёр 18 жніўня 1850), французскі пісьменнік, пачынальнік рэалізму. Дасягнуўшы літаратурнай сталасці, Бальзак паставіў сабе мэту стварыць цыкл твораў, які б даў поўнае адлюстраванне эпохі, у якой ён жыў. Стварэннем гэтага цыклу ён быў заняты амаль дваццаць гадоў і назваў яго “Чалавечай камедыяй” (La comedie humaine). Усяго ў цыкл увайшло блізу дзевяноста твораў. Адкрываецца ён філасофскім раманам “Шчыгрынавая скура” (La Peau de chagrin, 1930), а завяршаецца “Адваротным бокам сучаснай гісторыі” (L’envers de l’histoire contemporaine, 1848). На беларускую мову раманы “Габсэк” і “Бацька Гар’ё”, якія таксама з’яўляюцца часткай “Камедыі”, пераклалі, адпаведна, Уладзімір Палупанаў і Андрэй Дынько.

  • 1830

    Нарадзіўся Эктор Мало (фр. Hector Henri Malot, памёр 17 ліпеня 1907), французскі пісьменнік. Напісаў каля шасцідзесяці раманаў. Найбольш папулярныя сёння ягоныя творы для дзяцей: “Рамэн Кальбры” (Romain Kalbris, 1867), “Без сям’і” (Sans famille, 1878; экранізаваны некалькі разоў), “У сям’і” (En famille, 1893). Аповесць “Без сям’і” ў Францыі з’яўляецца дзіцячай класікай, па якой вывучаюць родную мову.

  • 1851

    Нарадзіўся Петрас Дуран (арм. Պետրոս Դուրյան, памёр 21 студзеня 1872), армянскі паэт, драматург, актывіст нацыянальнага руху, актор. Аўтар гістарычных п’есаў і лірычных вершаў, напоўненых бліскучымі вобразамі і метафарамі. Некаторыя крытыкі лічаць яго пачынальнікам сучаснай паэтычнай традыцыі ў армянскай мове.

  • 1864

    Памёр Джон Клэр (анг. John Claire, нар. 13 ліпеня 1793), ангельскі паэт. Вершы пачаў пісаць пад уражаннем ад паэзіі Джэймса Томсана. Адзін верш выпадкова трапіўся на вочы мясцоваму кнігагандляру, які адшукаў аўтара і звёў яго з выдаўцамі. Першы зборнік Клэра “Вершы, што апісваюць сельскае жыццё і краявіды” (Poems Descriptive of Rural Life and Scenery, 1820) меў вялікі поспех. Клэр прыехаў у Лондан, пазнаёміўся з літаратурнымі знакамітасцямі. Некалькі ангельскіх лордаў набылі для яго дом і забяспечылі яму пажыццёвую пенсію, аднак з новым ладам жыцця Клэр не звыкся. У далейшым былі выдадзеныя яшчэ тры кнігі Клэра, з якіх найлепшай лічыцца апошняя, “Сельская Муза” (The Rural Muse, 1835). Тым не менш сям'я Клэра жыла ў галечы. Ён прыахвоціўся да выпіўкі, яго здароўе моцна пахіснулася, яму сталі невыносныя гукі. З 1837 ён, за выключэннем кароткага прамежку ў 1841 годзе, ужо не пакідаў вар'ятні, дзе працягваў пісаць вершы. Забытыя больш чым на паўстагоддзя, вершы Клэра зазналі адраджэнне цікавасці да іх у пачатку XX стагоддзя.

  • 1882

    Нарадзілася Сігрыд Унсэт (нарв. Sigrid Undset, памерла 10 чэрвеня 1949), нарвежская пісьменніца, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры за 1928 год. Значны ўплыў на яе творчасць зрабілі нарвежскія сагі. Яе гістарычная трылогія “Крысцін, дачка Лаўранса” (Кristin Lavransdatter, т. 1—3, 1920—1922) прызнаная шэдэўрам нарвежскай і сусветнай літаратуры. Шырока вядомы таксама яе раман “Улаў, сын Аўдуна” (Olav Audunssøn, т. 1—4, 1925—1927). Гістарычныя творы Унсэт вылучаюцца надзвычай дакладным апісаннем жыцця і атмасферы скандынаўскага Сярэднявечча, за што ёй, фактычна, і была прысуджана Нобелеўская прэмія.

  • 1902

    Нарадзіўся Язэп Пушча (сапр. Іосіф Плашчынскі, памёр 14 верасня 1964), беларускі паэт, крытык, перакладчык. Адзін з заснавальнікаў літаратурных аб'яднанняў “Маладняк” і “Узвышша”.

  • 1918

    Памёр Карусь Каганец (сапр. Казімір-Рафаіл Кастравіцкі, псеўд. і крыпт.: K. Kahaniec, Будзімір, К. Шашаль, К. Качанец, К.К.; нар. 10 лютага 1868), беларускі паэт, драматург, мовазнавец, мастак, скульптар, грамадскі дзеяч. Сваяк Гіёма Апалінэра.

  • 1921

    Нарадзіўся Вольфганг Борхерт (ням. Wolfgang Borchert, памёр 20 лістапада 1947), нямецкі паэт і празаік, адзін з пачынальнікаў антыфашысцкай літаратуры ў Заходняй Германіі. Паспеў напісаць няшмат, бо яго пераследавалі за погляды і не раз саджалі ў турму нямецкія ўлады. Яго п’еса “За дзвярыма” (Draußen vor der Tür, 1946) лічыцца адным з найважнейшых літаратурных дакументаў Германіі XX стагоддзя.

  • 1940

    Памёр Вернэр фон Хейдэнстам (шведск. Carl Gustaf Verner von Heidenstam, нар. 6 ліпеня 1859), шведскі пісьменнік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры за 1916 год. Спачатку займаўся жывапісам, але знаёмства з Аўгустам Стрынбергам падштурхнула яго да вершаскладання і літаратурнай творчасці. Акрамя вершаў ім напісаныя літаратурны маніфест “Рэнесанс” (Renassans, 1890), раман у прозе і вершах “Ганс Альенус”(Hans Alienus, 1892) і шмат гістарычных кніг, якія апісваюць гераічнае мінулае Швецыі і прасякнутыя патрыятычным духам.

  • 1956

    Нарадзіўся Грыгорый Чхарцішвілі (руск. Григорий Чхартишвили), рускі пісьменнік, літаратуразнаўца, перакладчык, японазнаўца. Займаўся перакладамі з японскай і ангельскай моваў, перакладаў творы Ю. Місімы, К. Маруямы, К. Абэ, С. Хосі, М. Брэдберы, П. Усцінава), быў галоўным рэдактарам 20-томавай “Анталогіі японскай літаратуры”. Мастацкія творы пачаў пісаць і выдаваць у сорак гадоў, падпісваючы псеўданімам Барыс Акунін. Славу яму прынесла першая серыя кніг пра прыгоды Эраста Фандорына, пасля якой выходзілі таксама “Прыгоды сястры Пелагіі”, “Прыгоды магістра”, “Жанры” і іншыя творы. Пад уласным імем выдаў таксама працу “Пісьменнік і самагубства” (1999).

  • 1956

    Памёр Макс Бірбам (анг. Max Beerbohm, нар. 24 жніўня 1872), ангельскі празаік, эсэіст, парадыст і карыкатурыст. Атрымаў элітную адукацыю, паступіў у Оксфард. М. Бірбам у асноўным вядомы дзякуючы такім сваім творам, як “Калядная гірлянда” (A Christmas Garland, 1912, цыкл пародыяў на літаратурныя стылі сучаснікаў), сатырычны раман пра жыццё Оксфарда “Зулейка Добсан” (Zuleika Dobson, 1911), зборнік навэлаў “Сямёра мужчын” (Seven Men, 1919), куды ўваходзіць “Энох Сомс” (пераклад на беларускую тут), а таксама шматлікімі карыкатурамі на сучаснікаў і мастацкімі ілюстрацыямі.