№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 24 траўня

  • 1898

    Нарадзіўся Жузэ Марыя Фэрэйра ды Каштру (парт. José Maria Ferreira de Castro, памёр 29 чэрвеня 1974), партугальскі пісьменнік, журналіст. Ва ўзросце 12 гадоў іміграваў у Бразілію, дзе працаваў на плантацыях па здабычы гумы. Падзеі таго часу натхнілі яго на стварэнне самага яго знакамітага рамана “Сельва” (A Selva, 1930), па матывах якога ў 2002 быў зняты аднайменны партугальскі фільм. Па вяртанні ў Партугалію працаваў журналістам, супрацьстаяў дыктатарскаму рэжыму Салазара. Таксама вядомы за падарожныя нататкі “Вакол свету” (A Volta ao Mundo, 1940), двухтомны манументальны твор “Мастацкія цуды свету” (As Maravilhas Artísticas do Mundo, 1959, 1963). Фэрэйра ды Каштру — адзін з самых перакладаных у свеце партугальскамоўных аўтараў.

  • 1899

    Нарадзіўся Анры Мішо (фр. Henri Michaux, памёр 19 кастрычніка 1984), французскі паэт і мастак, аўтар кнігі запісак пра Усход “Варвар у Азіі” (Un barbare en Asie, 1933), якая была перакладзена на гішпанскую Х. Л. Борхесам, зборнікаў галюцынаторнай лірыкі і гратэскава-фантастычных вершаў у прозе “Унутраная прастора” (L’Espace du dedans, 1944), “Жыццё ў шчылінах” (La Vie dans les plis, 1949), “Тварам да засаўкі” (Face aux verrous, 1954), зборніка афарызмаў “Кутнія апоры” (Poteaux d’angle, 1971), шмат з якіх друкаваліся з аўтарскімі ілюстрацыямі. У 1964 г. адмовіўся ад Нацыянальнай літаратурнай прэміі Францыі.

  • 1904

    Нарадзіўся Адам Русак (памёр 21 сакавіка 1987), беларускі паэт-песеннік. Друкаваўся з 1927 году. Першы паэтычны зборнік “На родных палетках” выйшаў у 1946 годзе. Аўтар зборнікаў “Песні і вершы” (1951), “Песни” (1954, па-руску), “Пад голас баяна” (1957), “Толькі з табою” (1960), “Звонкія крыніцы” (1965), “Выбранае” (1972), “Закрасуйся, Нёман” (1978), “Песні на словы А. Русака” (1980), “Засцілайце сталы” (1984), “Дружбакі” (1987), “Песні радасці”. Многія ягоныя вершы зрабіліся вядомымі песнямі: “Бывайце здаровы”, “Толькі з табою”, “Не шукай” (усе — музыка І. Любана); “Дняпро” і “Не за вочы чорныя” (муз. Ю. Семянякі); “Лясная песня” (або “Ой, бярозы ды сосны, партызанскія сёстры”) і “Па-над лесам, па-над борам” (муз. У. Алоўнікава); “Узнялося сонца яснае” (муз. Дз. Лукаса); “Дзе ты, зорка мая” (муз. I. Лучанка) і інш.

  • 1905

    Нарадзіўся Міхаіл Шолахаў (руск. Михаил Шолохов, памёр 21 лютага 1984), рускі савецкі пісьменнік, акадэмік Акадэміі навук СССР (1939), лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры 1965 году “за мастацкую моц і цэльнасць эпасу пра данское казацтва ў пераломны для Расіі час”, якую ён перадаў на будаўніцтва школы ў роднай станіцы Вёшанскай. Сусветную вядомасць пісьменніку прынёс раман “Тихий Дон” (1928, 1932, 1940), перакладзены на шматлікія мовы свету, у тым ліку беларускую (“Ціхі Дон”, кн. 1—3, 1936, пер. У. Хадыка). Зрэшты, аўтарства Шолахава многімі ставіцца пад сумнеў. На беларускай мове таксама выдадзеныя раман “Узнятая цаліна” (1934), раздзелы з рамана “Яны змагаліся за Радзіму” (1975, пер. М. Лужанін), апавяданне “Лёс чалавека” (1959, пер. Я. Шарахоўскі).

  • 1919

    Памёр Амада Нэрва (гішп. Amado Nervo, нар. 27 жніўня 1870), адзін з найбуйнейшых мексіканскіх паэтаў ХІХ ст., дыпламат. Найбольш вядомыя яго зборнікі паэзіі “Чорныя жамчужыны (Perlas Negras, 1898), “Містэрыі” (Místicas, 1898), “Унутраныя сады” (Los jardines interiores, 1905), “Нерухомая каханая” ("La amada inmóvil, 1922).

  • 1928

    Нарадзіўся Ўільям Трэвар (анг. William Trevor), ірландскі пісьменнік і драматург. “Старэйшына” ірландскага літаратурнага свету, лічыцца найбуйнейшым сучасным аўтарам кароткіх апавяданняў ангельскамоўнай літаратуры, за якія ён атрымаў сусветную славу. Тройчы лаўрэат Ўітбрэдаўскай прэміі, 5 разоў намінаваўся на Букераўскую прэмію (апошні раз — у 2009 г. за раман “Каханне і лета” (Love and Summer), які ў 2011 г. таксама ўвайшоў у кароткі спіс Міжнароднай літаратурнай прэміі Дубліна ІМПАК). Пераклад на беларускую апавядання Трэвара “Пакойчык” надрукаваны ў № 26 часопіса “Дзеяслоў”.

  • 1940

    Нарадзіўся Іосіф Бродскі (руск. Иосиф Бродский, памёр 28 студзеня 1996), рускі і амерыканскі паэт, эсэіст, драматург. Лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (1987). У 1963—1964 гадах у газетах друкуецца спачатку паклёпніцкі артыкул пра Бродскага, а потым — падборка чытацкіх лістоў, якія патрабавалі пакараць “дармаеда”. 13 лютага 1964 Бродскага арыштавалі па абвінавачанні ў дармаедстве і на пяць гадоў адправілі на прымусовае пасяленне ў Каношскі раён Архангельскай вобласці. Але гэты выпадак суда над паэтам не застаўся без увагі, і праз паўтара году пад ціскам сусветнай грамадскасці (у прыватнасці пасля звароту да савецкага ўраду Ж.-П. Сартра і іншых замежных пісьменнікаў) пакаранне было скасаванае. У 1972 эмігруе спачатку ў Вену, потым у Лондан, працуе прафесарам на кафедры славістыкі Мічыганскага ўніверсітэта ў г. Эн-Арбар. У 1981 пераязджае ў Нью-Ёрк. На эміграцыі працягвае пісаць, у тым ліку і на ангельскай мове, займаецца літаратурнымі перакладамі. У Расію Бродскі так і не вярнуўся, нягледзячы на шматлікія запрашэнні ў пачатку 1990-х. На беларускую вершы Бродскага перакладалі Андрэй Хадановіч, Марыя Мартысевіч, Вера Бурлак.

  • 1969

    Нарадзіўся Эрленд Лу (нарв. Erlend Loe), нарвежскі пісьменнік, перакладчык, сцэнарыст. Дэбютным раманам Лу, які прынёс яму вядомасць, быў “Ва ўладзе жанчыны” (Tatt av Kvinnen, 1993). Годам пазней была апублікаваная кніга для дзяцей “Рыба” (Fisken, 1994). Аўтарскі стыль Лу пазнавальны і часта характарызуецца як знарок наіўны. Знакамітая кніга Эрленда Лу “Наіўна. Супер” (Naiv. Super, 1996) перакладзеная больш чым на 20 моваў.