№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 26 траўня

  • 735

    Памёр Беда Вялебны (стараанг. Bǣda альбо Bēda; нар. 672/673), манах Ордэна бенедыктынцаў з Нартумбрыі, багаслоў, гісторык і паэт, хрысціянскі святы. Вядомы сваёй працай “Царкоўная гісторыя народа англаў” (лац. Historia ecclesiastica gentis Anglorum), за якую яго завуць бацькам ангельскай гісторыі. У 1899 годзе Беда абвешчаны настаўнікам царквы. Дантэ ў “Боскай камедыі” выявіў Беду сярод іншых багасловаў у Раі на чацвертым небе (Сонцы).

  • 1535

    Памёр Франчэска Бэрні (іт. Francesco Berni, нар. 1497/1498), італьянскі паэт. У 1517 годзе пераехаў з Фларэнцыі ў Рым і пачаў кар’еру ў Ватыкане. Пасля таго як у некалькіх сваіх творах Бэрні высмеяў новаабранага папу Адрыяна VI (1522) яму давялося пакінуць Рым, куды ён вярнуўся за Кліментам VII (1523). З 1532 году знаходзіўся на службе ў Іпаліта Медычы. Атручаны за адмову ўдзельнічаць у змове супраць свайго патрона, арганізаванай яго кузэнам Алесандра. Бэрні вядомы перш за ўсё як аўтар бурлескавых твораў. З 1537 году друкаваліся напісаныя ім у тэрцынах розныя паводле аб'ёму вершы сатырычнага і часам непрыстойнага зместу — капіталі (capitoli); усяго іх вядома 32. Творчасць Бэрні зрабіла значнае ўздзеянне на паэзію XVI—XVIII стагоддзяў. Яго пераймалі Антон Франчэска Грацыні, Джавані дэла Каза, Чэзарэ Капаралі, Джамбатыста Марына, Дж. Барэці, Джузэпэ Парыні. Паэтычны стыль, звязаны з напышлівым аповедам пра нізкі прадмет, атрымаў назву бернэска.

  • 1822

    Нарадзіўся Эдмон дэ Ганкур (фр. Edmond Huot de Goncourt, памёр 16 ліпеня 1896), французскі пісьменнік, гісторык, мастацкі крытык. Пісаў у суаўтарстве з братам Жулем, апроч іншага, пачынаючы з 1851 году браты вялі сумесны “Дзённік”. Ім належаць раманы “Сястра Філамэна” (Sœur Philomène, 1861), “Рэнэ Мапрэн” (Renée Mauperin, 1864), “Жэрміні Ласэрто” (Germinie Lacerteux, 1865) і інш. Пасля смерці Жуля (1870) Эдмон пісаў адзін і працягнуў “Дзённік”; выйшлі ягоныя раманы “Дзеўка Эліза” (La fille Élisa, 1875), “Браты Земгана” (Les frères Zemganno, 1879), “Акторка Фастэн” (La Faustin, 1882) — раман, заснаваны на абставінах жыцця знакамітай французскай акторкі Рашэль. Паводле тэстаменту Эдмона дэ Ганкура, складзенага ў 1896 годзе, у 1900-м было заснаванае Таварыства братоў Ганкураў і 21 снежня 1903 году ўручаная першая Ганкураўская прэмія.

  • 1900

    Нарадзіўся Віцезслаў Нэзвал (чэшск. Vítězslav Nezval, памёр 6 красавіка 1958), чэшскі пісьменнік і перакладчык, адзін з заснавальнікаў чэшскага паэтызму, лідар чэшскіх сюррэалістаў, Народны пісьменнік (1953). Падчас вандровак па свеце знаёміўся з вядомымі сюррэалістамі (у т.л. з Андрэ Брэтонам і Полем Элюарам), пад уплывам якіх заснаваў Суполку сюррэалістаў Чэхаславацкай рэспублікі (1934), якую сам у 1938 годзе распусціў. Адначасова з сюррэалістычнымі творамі Нэзвал пісаў і несюррэалістычную паэзію і выдаваў пад псеўданімамі.

  • 1926

    Пачало дзейнасць літаратурнае аб’яднанне “Узвышша”.