№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 29 траўня

  • 1787

    Нарадзіўся Канстанцін Бацюшкаў (руск. Константин Батюшков, памёр 19 чэрвеня 1855), рускі паэт. У сем гадоў страціў маці, што пакутавала на душэўную хваробу, якая таксама была ў Бацюшкава і яго сястры Аляксандры. Вывучаў рускую і французскую літаратуру, пазней, пад уплывам свайго дзядзькі, пісьменніка Міхаіла Мураўёва, заняўся класікамі, стаў прыхільнікам Тыбула і Гарацыя. Абвастрэнне душэўнай хваробы, што пачалося ў 1822 годзе, прывяло да таго, што ў апошнія 34 гады яго жыцця да Бацюшкава амаль ніколі не вярталася яснасць розуму. Памёр ад тыфу ў Волагдзе. Бацюшкаў лічыцца непасрэдным папярэднікам Пушкіна і адным з пачынальнікаў новай рускай паэзіі.

  • 1866

    Нарадзіўся Акоп Акапян (арм. Հակոբ Հակոբյան Մնացականի, памёр 13 лістапада 1937), армянскі паэт, пачынальнік армянскай пралетарскай літаратуры (самыя вядомыя вершы — “Новы ранак”, “Багі загаварылі”). Перакладаў на армянскую мову творы Пушкіна, Горкага і г.д.

  • 1874

    Нарадзіўся Гілберт Кіт Чэстэртан (анг. Gilbert Keith Chesterton, памёр 14 чэрвеня 1936), ангельскі пісьменнік і журналіст. У юнацтве цікавіўся акультызмам, потым стаў каталіком. Маючы рост 193 см і вагу 130 кг, часта жартаваў пра гэта. Падчас Першай сусветнай вайны на пытанне “Чаму Вы не на фронце?” адказаў: “Калі вы абыдзеце вакол мяне, то ўбачыце, што я там”. На заўвагу, зробленую Чэстэртанам у размове з Бернардам Шоў: “Калі хто-небудзь паглядзіць на цябе, то падумае, што ў Англіі быў голад”, — Шоў адказаў: “А калі паглядзяць на цябе, то падумаюць, што гэта праз цябе”. П. Г. Вудхаўз у “Свеце містэра Мулінэра” пра вялікі шум напісаў: “Нібыта Чэстэртан упаў на ліст бляхі”. Чэстэртан часта забываў, куды ён мусіў ісці, здаралася, прапускаў цягнікі. Некалькі разоў ён дасылаў тэлеграмы сваёй жонцы Фрэнсіс Блог не з таго месца, дзе ён мусіў быць, прыкладна такога зместу: “Я на Маркет Харбар. Дзе я павінен быць?” На што яна яму адказвала “Дома”. Усяго Чэстэртан напісаў каля 80 кніг. Яго пяру належаць некалькі сотняў вершаў, 200 апавяданняў, 4000 эсэ, шэраг п'есаў, раманы “Чалавек, які быў чацвяргом”, “Шар і Крыж”, “Пералётныя карчма” і іншыя. Шырока вядомы дзякуючы цыклам дэтэктыўных навелаў з галоўнымі персанажамі патэрам Браўнам і Хорнам Фішэрам, а таксама рэлігійна-філасофскім трактатам, прысвечаным апалогіі хрысціянства.

  • 1892

    Нарадзілася Альфансіна Сторні (гішп. Alfonsina Storni, памерла 25 кастрычніка 1938), аргентынская паэтка, адна з найбольш значных постацяў лацінаамерыканскага мадэрнізму і фемінізму. Нарадзілася ў Швейцарыі, там вывучыла італьянскую мову, але сям’я хутка перабралася на радзіму, у Аргентыну. У 1911 годзе паэтка пераехала ў Буэнас-Айрэс. Сторні выкладала літаратуру, пісала вершы, якія набывалі ўсё большую фемінісцкую скіраванасць. Скончыла жыццё самагубствам, утапіўшыся ў моры. На беларускую мову вершы Сторні перакладаў Макс Шчур.

  • 1906

    Нарадзіўся Тэрэнс Хэнберы Ўайт (анг. Terence Hanbury White, памёр 17 студзеня 1964), ангельскі пісьменнік. Сусветную вядомасць яму прынеслі творы, напісаныя па матывах легендаў пра караля Артура. Самы знакаміты сярод іх — “Кароль мінулы і будучы” (The Once and Future King, 1958).

  • 1933

    Нарадзіўся Мікола Гайдук (памёр 2 верасня 1998), беларускі пісьменнік, журналіст, краязнавец, педагог. Дэбютаваў у друку вершам на беларускай мове ў 1957 (газета “Ніва”). Аўтар зборніка вершаў на беларускай мове “Ціш” (Беласток, 1988), апавяданняў, аповесцяў і гістарычных эсэ “Трызна”, “Паратунак”, “Брэсцкая унія”, казак. На польскай мове выдаў “Белавежскія паданні” (Беласток, 1990). Выступаў як публіцыст, літаратуразнавец і перакладчык паэзіі з польскай на беларускую мову. Узнагароджаны Кавалерскім крыжам Ордэна адраджэння Польшчы, Залатым крыжам і Срэбным крыжам заслугі і медалямі. Заслужаны дзеяч культуры Польшчы (1986).

  • 1958

    Памёр Хуан Рамон Хімэнэс (гішп. Juan Ramón Jiménez, нар. 24 снежня 1881), гішпанскі паэт, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры 1956 году “за лірычную паэзію, узор высокага духу і мастацкай чысціні ў гішпанскай паэзіі”. Вучыўся на юрыдычным факультэце Севільскага ўніверсітэта, аднак навучанне не скончыў. Пад уплывам творчасці Рубэна Дарыё звярнуўся да паэзіі. З пачаткам грамадзянскай вайны разам з жонкай (перакладчыцай Рабіндраната Тагора Зенобіяй Кампрубі) эміграваў на Кубу, потым жыў у ЗША і Пуэрта-Рыка. Хімэнэс часта пакутаваў на дэпрэсію; так, ён цяжка перажыў смерць бацькі, лячыўся ў французскай клініцы і ў Мадрыдзе, па прыездзе ў Пуэрта-Рыка быў шпіталізаваны з тым самым дыягназам, а пасля смерці жонкі ў 1956 годзе так і не акрыяў і праз два гады памёр у той самай клініцы, што і яна. На беларускую мову вершы Хімэнэса перакладалі Рыгор Барадулін і Марына Казлоўская.

  • 1973

    Нарадзіўся Юрась Бушлякоў (памёр 4 чэрвеня 2013), мовазнаўца, журналіст, перакладчык. Скончыў філалагічны факультэт БДУ, аспірантуру пры ім. Абараніў кандыдацкую дысертацыю (2003) “Моватворчая практыка Янкі Станкевіча (з гісторыі нармалізацыі беларускай мовы)”. Працаваў выкладчыкам на кафедры сучаснай беларускай мовы БДУ (1999—2003), таксама выкладаў у Беларускім гуманітарным ліцэі, Карлавым універсітэце ў Празе. Адначасова займаўся журналістыкай, працаваў у тэлекампаніі “ФІТ” (1994—1995), на мінскім радыё “101,2” (1995—1996), у штотыднёвіку “Наша Ніва” (1997), карэспандэнтам беларускай і ўкраінскай рэдакцый Польскага радыё (1997—1999), журналістам Радыё Рацыя (1999—2002), з 1996 году (праграма “Новае пакаленне выбірае”) з перапынкамі супрацоўнічаў з Радыё Свабода, у 2003—2004 гадах вёў там аўтарскую перадачу “Жывая мова” — нататкі з культуры беларускага маўлення. Кола навуковых інтарэсаў — феномен моўнага пурызму, пытанні нармалізацыі беларускай літаратурнай мовы, яе стылістыкі і культуры. Адзін з суаўтараў кнігі “Беларускі клясычны правапіс” (разам з В. Вячоркам, З. Санько, З. Саўкам; Вільня—Мінск, 2005). Перакладаў на беларускую мову творы Чэслава Мілаша, Эдгара Алана По, Вітальда Гамбровіча, Збігнева Герберта, Яраслава Сейферта.

  • 1986

    Памёр Хэльмэр Грундстрэм (шведск. Helmer Grundström, нар. 29 лютага 1904), шведскі пралетарскі празаік і паэт, аўтар раманаў і зборнікаў вершаў і навелаў, у тым ліку празаічнага зборніка “Драўлянае сэрца” (Trähjärtat, 1952). Першай сярод яго найбольш значных кніг лічыцца паэтычны зборнік “Гэта мой край” (Detta är mitt land), выдадзены ў 1939 годзе. Паэзія Грундстрэма балансуе на мяжы традыцыяналізму і мадэрнізму. Рытмічнасць яго вершаў паспрыяла таму, што многія з іх пакладзеныя на музыку.