№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 31 траўня

  • 1773

    Нарадзіўся Людвік Ёган Цік (ням. Ludwig Johann Tieck, памёр 28 красавіка 1853), нямецкі паэт, празаік, драматург, перакладчык. Перакладамі драмаў Шэкспіра Цік займаўся сумесна з Аўгустам Шлегелем і лічыў, што пераклады неабходныя для стварэння новага мастацтва. Апроч гэтага, перакладаў “Дон Кіхота” Сервантэса. Напісаў шэраг працаў пра тэатр і драматургію.

  • 1819

    Нарадзіўся Ўолт Ўітмэн (анг. Walt Whitman, памёр 26 сакавіка 1892), амерыканскі паэт і публіцыст, які лічыцца рэфарматарам ангельскамоўнай паэзіі. Галоўны твор Ўітмэна — зборнік вершаў “Лісце травы” (Leaves of Grass) — пераробліваўся і дапаўняўся да апошніх гадоў жыцця паэта. Адзін з апошніх вершаў, у якім паэт нібы развітваецца са светам, называецца “Бывай, маё натхненне!”. Вершы Ўітмэна выходзілі па-беларуску двойчы: “Лісце травы: Вершы” (пер. Я. Сіпакоў, 1978) і “Спеў аб Гаяваце: Паэма / Г. Лангфэла. Лісце травы: Вершы / Ў. Ўітмэн” (пер. А. Куляшоў, Я. Сіпакоў, серыя “Скарбы сусветнай літаратуры”, 1994), таксама друкаваліся паасобныя пераклады А. Мардвілкі, А. Мусорына.

  • 1887

    Нарадзіўся Сэн-Жон Перс (фр. Saint-John Perse, сапр. Алексіс Лежэ; памёр 20 верасня 1975), французскі паэт, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры 1960 году. У 1924-м Лежэ ўпершыню выкарыстаў літаратурны псеўданім Сэн-Жон Перс, складзены з імёнаў апостала Яна і рымскага паэта I стагоддзя Персія. У 1933—1940 займаў пост генеральнага сакратара французскага МЗС. Удзельнічаў у Мюнхенскай канферэнцыі, дзе выказваўся супраць саступак Германіі. У 1940 быў звольнены са сваёй пасады і эміграваў у ЗША. Урад Вішы пазбавіў паэта французскага грамадзянства. У Злучаных штатах Лежэ працаваў у бібліятэцы Кангрэсу і застаўся ў Амерыцы нават пасля завяршэння Другой сусветнай вайны, перыядычна вяртаючыся на кароткі час на радзіму. Адзін з самых вядомых твораў Перса — паэму “Анабасіс” — на ангельскую пераклаў Т. С. Эліят. На беларускую С.-Ж. Перса перакладаў Андрэй Хадановіч.

  • 1892

    Нарадзіўся Канстанцін Паўстоўскі (руск. Константин Паустовский, памёр 14 ліпеня 1968), рускі пісьменнік. Аўтар кніг “Сустрэчныя караблі”, “Зіхоткія аблокі”, “Кара-Бугаз”, “Калхіда”, “Залатая ружа” і інш.

  • 1899

    Нарадзіўся Леанід Леонаў (руск. Леонид Леонов, памёр 8 жніўня 1994), рускі празаік, драматург, мемуарыст і грамадскі дзеяч. Аўтар раманаў “Барсукі” (“Барсуки”, 1924), “Злодзей” (“Вор”, 1927, новая рэдакцыя 1959, перапрацоўваў да 1990), “Рускі лес” (“Русский лес”, 1953, адным з першых у рускай літаратуры закрануў экалагічную праблематыку), аповесці “Evgenia Ivanovna” аб рускай эміграцыі (1938, не дапушчаная да друку; канчатковая рэдакцыя і публікацыя — 1963).

  • 1957

    Памёр Леапольд Стаф (польск. Leopold Staff, нар. 14 лістапада 1878), польскі паэт, драматург, перакладчык. Ужо пры жыцці — адзін з самых уганараваных і прызнаных польскіх творцаў. Аўтар зборнікаў “Сны аб моцы” (Sny o potędze, 1901), “Дзень душы” (Dzień duszy, 1903), “Птушкам нябесным” (Ptakom niebieskim, 1905), “Усмешкі гадзін” (Uśmiechy godzin”, 1910), грамадзянскай лірыкі “Вясёлка слёз і крыві” (Tęcza łez i krwi, 1918), рэлігійнай лірыкі “Вушка іголкі” (Ucho igielne, 1927), зборнікаў “Высокія дрэвы” (Wysokie drzewa, 1932), “Колер мёду” (Barwa miodu, 1936), “Мёртвае надвор’е” (Martwa pogoda, 1946), “Вербалоз” (Wiklina, 1954), “Дзевяць музаў” (Dziewięć muz, выд. пасмяротна ў 1958). Перакладчык з антычных, а таксама з французскай, італьянскай, нямецкай і ангельскай моваў. Перакладчыцкую спадчыну Стафа складаюць лацінамоўныя фрашкі Яна Каханоўскага “Кніга псалмоў” (Księga psalmów), французскія творы Зыгмунта Красіньскага, творы антычных аўтараў (Эпікура, Дэмакрыта, Геракліта), пісьменнікаў эпох Сярэднявечча і Рэнесансу (Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла), а таксама творы Дэні Дзідро, Ёгана Вольфганга Гётэ, Фрыдрыха Ніцшэ, Томаса Мана, Габрыэле Д’Анунцыё, Рамэна Ралана, Кнута Гамсуна, Сельмы Лагерлёф і іншых. На беларускую мову Стафа перакладалі Ян Чыквін, Алег Мінкін, Ганна Міхальчук і інш.

  • 2009

    Памерла Камала Дас Сурая (малаялам കമലാ സുരയ്യ, нар. 31 сакавіка 1934), індыйская пісьменніца, якая пісала на дзвюх мовах ангельскай і малаялам — і была вядомая перадусім дзякуючы сваім апавяданням і аўтабіяграфіі. Шэраг твораў пісьменніцы прысвечаны тэме жаночай сэксуальнасці і таемных жаданняў. Імя Камала Дас пісьменніца змяніла на Камала Сурая пасля таго, як ва ўзросце 65 гадоў перайшла ў іслам, што было досыць нечакана для жанчыны яе поглядаў. Потым пісьменніца прызнавалася, што мяняць рэлігію не мае ніякага сэнсу.