Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейПамёр Готфрыд Аўгуст Бюргер (ням. Gottfried August Bürger, нар. 31 снежня 1747), нямецкі паэт. Адзін з выразнікаў ідэй “Буры і націску” (Sturm und Drang). У літаратурнай дзейнасці спачатку наследаваў паэтам ракако. Абапіраючыся на фальклорныя традыцыі, стварыў новы для нямецкай літаратуры жанр сур'ёзнай балады, увёўшы элементы чарадзейнага, таямнічага, ірацыянальнага. У яго баладах дзейнічаюць мерцвякі, прывіды, пярэваратні. Узорам балады новага тыпу сталася “Ленора” (Lenore, 1773), вядомая ў шматлікіх перакладах і наследаваннях (аднайменны пераклад і два вольныя наследаванні Жукоўскага і інш.), і блізкая да яе балада “Дзікі паляўнічы” (Der wilde Jäger, 1786) і інш. Бюргеру таксама належыць перапрацоўка вядомай “Гісторыі барона Мюнхгаўзэна” Э. Р. Распэ.
Памерла Жорж Санд (фр. George Sand, сапр. Амандына Аўрора Люсіль Дзюпэн; нар. 1 ліпеня 1804), французская пісьменніца, аўтар шматлікіх раманаў, апавяданняў, раманаў, п'есаў і публіцыстычных тэкстаў. Яна не толькі прымае мужчынскі псеўданім, але пачынае з'яўляцца на публіцы ў мужчынскім адзенні, які стаў ёй пропускам у тэатр, бо ў партэр — адзінае месца, на якое ёй хапала грошай, — жанчын не пускалі. Каб зарабіць на жыццё, Аўрора вырашыла пісаць. У Парыж яны прывезла раман “Эме”, які збіралася паказаць дэ Кератры — чальцу палаты дэпутатаў і пісьменніку, які параіў ёй больш не займацца літаратурай. Аднак пасля гэтага Жорж Санд апублікавала больш за трыццаць раманаў і некалькі дзясяткаў іншых празаічных твораў.
Памёр Джэрард Мэнлі Хопкінс (анг. Gerard Manley Hopkins, нар. 28 ліпеня 1844), ангельскі паэт і каталіцкі святар. Пры жыцці Хопкінса, які не дбаў пра выданне сваіх тэкстаў, было апублікавана толькі некалькі ягоных вершаў. У 1918 яго спадчыну апублікаваў ягоны сябар Р. Брыджэс, на той час — вядомы паэт-лаўрэат. Пасля гэтага Хопкінс быў прызнаны адным з найвялікшых англамоўных паэтаў. Наватарскі па рытміцы верш, якім напісаная большасць яго духоўных санетаў, склаўся пад уплывам старажытнай саксонскай паэзіі, валійскага верша, дзіцячых песняў і лічылак. На вершы Хопкінса пісалі музыку Э. Кшэнэк, С. Барбэр, М. Бэбіт, Ш. О’Ліры і інш.
Нарадзіўся Ігнат Дварчанін (псеўд. І. Гудок, І. Ладанчук, І. Д-н, І. Д.; памёр 8 снежня 1937), беларускі грамадскі дзеяч, навуковец, паэт, празаік, літаратуразнавец. Доктар філасофіі (1925). Пераклаў на беларускую мову паэму А. Блока “Дванаццаць” (Вільня, 1926). Склаў і выдаў у 1927 годзе “Хрэстаматыю новай беларускай літаратуры”. З 1927 супрацоўнічаў з часопісамі “Родныя гоні”, “Маланка”. Быў рэдактарам газеты “Narodny zwon”. Аўтар вершаў, якія публікаваліся ў розных выданнях пры яго жыцці. У наш час перавыдаваліся толькі 8 вершаў у зборніку “Ростані волі” (1990, пад рэдакцыяй Уладзіміра Калесніка).
Нарадзіўся Джон Вуд Кэмпбел-малодшы (анг. John Wood Campbell, Jr., памёр 11 ліпеня 1971), уплывовы амерыканскі пісьменнік і рэдактар, які істотна паўплываў на станаўленне “Залатога веку” амерыканскай фантастыкі. Перастаў пісаць у 1938 г., тады ж заняў пасаду рэдактара Astounding, дзе праводзіць у жыццё даўно задуманую ім рэформу фантастыкі, знаходзіць такіх аўтараў, як Айзэк Азімаў, Роберт Э. Хайнлайн, Тэадор Старджан, Альфрэд ван Вогт і інш. У гонар Джона Кэмпбела названыя дзве прэміі — Мемарыяльная прэмія Джона В. Кэмпбела за найлепшы навукова-фантастычны раман і Прэмія Джона В. Кэмпбела найлепшаму новаму пісьменніку-фантасту.
Памёр Рабэр Дэснос (фр. Robert Desnos, нар. 4 ліпеня 1900), французскі паэт, празаік і журналіст. Зблізіўшыся з сюррэалістамі, працаваў у часопісе “Сюррэалістычная рэвалюцыя”, дэманструючы надзвычайныя здольнасці да “аўтаматычнага пісьма”. Пасля ўступлення П. Элюара і А. Брэтона ў камуністычную партыю адыходзіць ад сюррэалістаў, мяркуючы, што сюррэалізм не сумяшчаецца з палітыкай. Памёр у канцлагеры ў Тэрэзіне (Чэхія). У сваім “Каталонскім маніфесце супраць мастацтва” (1928) Федэрыка Гарсія Лорка і Сальвадор Далі называюць імя Дэсноса сярод “самых слаўных імёнаў новага мастацтва”.
У Лондане (а праз 5 дзён і ў Нью-Ёрку) накладам 25 500 асобнікаў выйшаў у свет раман Джорджа Оруэла “1984”.
Загінуў Ян Лехань (польск. Jan Lechoń, сапр. Лешак Сэрафіновіч, нар. 13 сакавіка 1899), польскі паэт і дыпламат. Продкі Леханя былі туркамі, што хрысціліся і з часам апалячыліся. Лехань быў адным з заснавальнікаў літаратурнай групы “Скамандр” (і прыдумаў ёй назву — у гонар ракі Скамандр, што цякла каля Троі), куды ўваходзілі таксама Юльян Тувім, Антоній Сланімскі, Яраслаў Івашкевіч; менавіта Лехань казаў уступнае слова на першым публічным выступе групы 6 снежня 1919 году. Вядомасць паэту прынёс зборнік вершаў “Пурпуровая паэма” (Karmazynowy poemat, 1920). Аднак хутка пасля гэтага праз рознага кшталту праблемы, у тым ліку праблемы ў прыватным жыцці, паэт робіць у 1921 годзе спробу самагубства, пасля чаго пэўны час лечыцца ў псіхіятрычным шпіталі. З 1930 па 1939 гады працуе культурным аташэ ў польскай амбасадзе ў Парыжы. Пасля капітуляцыі Францыі пераязджае ў Бразілію, пазней — у Нью-Ёрк, дзе робіцца сувыдаўцом многіх польскіх газетаў і часопісаў, а ў 1942 годзе — адным з заснавальнікаў Польскага інстытута навукі і мастацтва ў Амерыцы. 8 чэрвеня 1956 Лехань учыняе самагубства, скочыўшы з 12-га паверха гатэля “Гудзон”. Сярод прычынаў гэтага самазабойства адны называюць узмацненне камуністычнага рэжыму ў Польшчы, іншыя — дэпрэсію з прычыны нападкаў палякаў на паэта праз яго сэксуальную арыентацыю. Прах паэта ў 1991 годзе быў перавезены з Нью-Ёрка ў Варшаву і пахаваны на Лясных могілках у Лясках, у сямейным склепе побач з бацькамі.
Памёр Язэп Фарботка (нар. 5 верасня 1893), беларускі нацыянальны дзеяч, паэт, фатограф, навуковец, перакладчык. Першыя вершы надрукаваў у “Нашай ніве” ў 1912 годзе — “Зацьменне” і “Зруйнаваў”. Пераклаў урывак з “Пана Тадэвуша” на беларускую мову.
У Беластоку заснаванае беларускае літаратурнае аб’яднанне “Белавежа”, якое выдае штогадовы часопіс “Тэрмапілы”. У аб'яднанне ўваходзяць: Георгій Валкавыцкі, Міхась Андрасюк, Галена Анішэўская, Надзея Артымовіч, Юрый Баена, Алесь Барскі, Юрка Буйнюк, Яша Бурш, Мікола і Уладзімір Гайдукі, Юрка Геніюш, Янка Жамойцін, Міра Лукша, Жэня Мартынюк, Васіль Петручук, Зося Сачко, Дзмітры Шатыловіч, Міхась Шаховіч, Віктар Швед, Ян Чыквін, Сакрат Яновіч, дзясятак маладзейшых аўтараў.
Памёр Уладзімір Шахавец (нар. 26 лістапада 1918), беларускі перакладчык і пісьменнік. Дэбютаваў вершамі ў 1937. Аўтар зборнікаў аповесцяў і апавяданняў “Землякі” (1949), “Насустрач” (1951), “Будзьце здаровы” (1955) і інш., а таксама кніг для дзяцей “Крылаты дзень” (1961), “Чорны снег” (1962), “Пісьмо да сябра” (1966) і інш. На беларускую мову пераклаў паэмы “Мцыры” і “Ізмаіл-бей” М. Лермантава, шэраг вершаў А. Пушкіна, М. Някрасава, У. Маякоўскага, рускіх, украінскіх і іншых паэтаў народаў СССР, кнігі прозы “Звычайная гісторыя” І. Ганчарова (1955), “З берагоў Мядзведзіцы” М. Прыляжаевай (1958), і інш., а таксама трагедыю Ў. Шэкспіра “Макбэт”, асобныя творы ангельскіх, французскіх, венгерскіх, сербскіх, славацкіх паэтаў. У 1983 выйшла кніга перакладаў “Пераклічка”.