№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 27 чэрвеня

  • 1543

    Памёр Аньёла Фірэнцуола (іт. Agnolo Firenzuola, нар. 28 верасня 1493), італьянскі пісьменнік. Адзіны яго твор, надрукаваны пры жыцці аўтара, — трактат “Выгнанне літараў, без карысці дададзеных у мову тасканскую” (1524), дзе Фірэнцуола палемізуе з канцэпцыяй Джанджорджа Трысіна, які рэкамендаваў палепшыць вальгарэ (народную лаціну) за кошт узбагачэння алфавіта шэрагам грэцкіх літараў. Каля 1520 году Фірэнцуола пачаў перакладаць на італьянскую мову раман Апулея “Залаты асёл”, наблізіўшы твор да сучасных рэаліяў: увёў у аповед італьянскія гарады Балонью, Венецыю і Анкону, часткова прыбраўшы антычны каларыт і наблізіўшы раман да навелістычнай кнігі рэнесанснага тыпу. Напісаў таксама трактат з двух дыялогаў “Чэльса, альбо Пра жаночыя вабноты”, герой якога, згодна на жаданне чатырох дамаў выкладае сваё разуменне жаночай прыгажосці. У трактаце складзены партрэт ідэальнай красуні, на які моцна паўплывала эстэтыка маньерызму.

  • 1572

    Памёр Джорджа Вазары, празваны Арэтына (іт. Giorgio Vasari, нар. 30 ліпеня 1511), італьянскі мастак, архітэктар і пісьменнік, аўтар знакамітых “Жыццяпісаў найвыдатнейшых мастакоў, скульптараў і архітэктараў” (Le Vite de’piu eccelenti Pittori, Scultori e Architetti, сконч. 1550), заснавальнік сучаснага мастацтвазнаўства. Без многіх звестак, якія падаюцца ў гэтай працы, у сучасным мастацтвазнаўстве было б нашмат больш белых плямаў.

  • 1878

    Памерла Сара Ўітман (анг. Sarah Helen Power Whitman, нар. 19 студзеня 1803), амерыканская паэтка, эсэістка, прадстаўніца трансцэндэнталізму. Паэтка праводзіла ў сваім доме спірытычныя сеансы. Вядомая рамантычнымі стасункамі з Эдгарам По, творчасцю якога Ўітман захаплялася. Калі сяброўка Сары Эн Лінч Бота папрасіла яе напісаць верш для вечарыны з нагоды дня Св. Валянціна ў 1848 годзе, Сара Ўітман напісала яго, адрасаваўшы Эдгару По (хаця на вечары яго не было). Дазнаўшыся пра верш, По вярнуў прысвячэнне, даслаўшы паэтцы свой надрукаваны раней верш “Да Хелен”, а пазней напісаўшы яшчэ адзін верш з такой жа назвай, які апісваў першы момант іх сустрэчы. Пісьменнікі заручыліся, але вяселля так і не адбылося, наконт чаго існуе шмат здагадак. У 1853 годзе выйшаў зборнік вершаў Сары “Гадзіны жыцця і іншыя вершы” (Hours of Life, and Other Poems). У 1860 годзе яна выдала працу ў абарону Эдгара По ад нападак яго крытыкаў, у прыватнасці Грызвалда, пад назвай “Эдгар Алан По і яго крытыкі” (Edgar Allan Poe and His Critics).

  • 1880

    Нарадзілася Хелен Адамс Келер (анг. Helen Adams Keller, памерла 1 чэрвеня 1968), амерыканская пісьменніца, грамадскі дзеяч і выкладчык. Ва ўзросце 19 месяцаў Келер захварэла і ў выніку хваробы страціла зрок і слых. Натхнёная метадам навучання слепаглухой Лоры Брыджман, апісаным у “Амерыканскіх нататках” Чарлза Дыкенса, Келер захацела вучыцца. Яе настаўніцай зрабілася Эн Саліван, з якой будучая пісьменніца стасавалася наступныя 49 гадоў. Келер навучылася чытаць па-ангельску, па-французску, па-нямецку, па-грэцку і на лаціне метадам Брайля. Нягледзячы на тое, што Келер не магла пісаць самастойна, яна з’яўляецца аўтарам сямі кніг, самая вядомая сярод якіх — аўтабіяграфічная аповесць “Гісторыя майго жыцця” (Story of my life, 1903).

  • 1908

    Нарадзіўся Жуан Гімараінш Роза (парт. João Guimarães Rosa, памёр 19 лістапада 1967), бразільскі пісьменнік, доктар, дыпламат. Адзін з самых значных бразільскіх пісьменнікаў, чый галоўны твор “Сцежкі вялікага сертана” (Grande Sertão: Veredas, 1956) параўноўваюць з “Улісам” Дж. Джойса. Бразільскі стэп (сертан) — адна з галоўных крыніцаў яго натхнення і месца падзей многіх твораў.

  • 1933

    Памёр Міхась Явар (нар. 27 лютага 1903), беларускі паэт, удзельнік нацыянальнага руху ў Заходняй Беларусі. Друкаваўся ў часопісе “Шлях моладзі”, заходнебеларускіх газетах. Паэтычная спадчына Міхася Явара амаль не захавалася, перад смерцю куфэрак з вершамі, паэмамі і лістамі паэт занёс свайму сябру Вінцуку Мікулу. У час Вялікай Айчыннай вайны, Вінцука шукалі немцы, і яго жонка, баючыся, знішчыла гэты архіў — засталося толькі тое, што было апублікавана ў заходнебеларускім друку (напрыклад, паэмы “Шляхам цярністым”, “Думы ў адзіноце”, “За сэрцам”).

  • 1944

    Нарадзіўся Кейс Оўэнс (нід. Cornelis Johannes "Kees" Ouwens, памёр 24 жніўня 2004), нідэрландскі паэт і раманіст. Пісьменнік дэбютаваў у 1968 годзе з раманам “Аркадыя” (Arcadia), аднак славу яму прынеслі яго паэтычныя творы. Вядомы сваімі моўнымі гульнямі і лічыцца адным з паэтаў, якія найбольш узбагацілі нідэрландскую мову новымі ідыёмамі.

  • 1961

    Памёр Мухтар Аўэзаў (каз. Мұхтар Омарханұлы Әуезов, нар. 28 верасня 1897), казахскі савецкі пісьменнік, драматург і навуковец, даследчык кіргізскага эпасу “Манас”. Самы вядомы твор Аўэзава — раман-эпапея “Шлях Абая” (“Абай жолы”) пра жыццё паэта-асветніка Абая Кунабаева. У рамане выяўленая карціна існавання казахскага грамадства другой паловы ХІХ стагоддзя, калі разбураўся традыцыйны качавы лад жыцця казахаў.

  • 1962

    Памёр Паўль Війдынг (эст. Paul Viiding, нар. 22 траўня 1904), эстонскі паэт, празаік і літаратурны крытык. Быў адным з шасці паэтаў, што склалі літаратурную суполку “Прадказальнікі” (Arbujad), якая дзейнічала перад пачаткам Другой сусветнай вайны. Паэты суполкі змагаліся супраць таталітарнай ідэалогіі; творчасць іх збольшага мела эклектычны характар. Сын Паўля Юхан Війдынг таксама зрабіўся знакамітым паэтам (яго творы на беларускую мову перакладалі Алесь Разанаў, Сяргей Шупа, Вячаслаў Дашкевіч).

  • 2001

    Памерла Тувэ Янсан (шведск. Tove Jansson, нар. 9 жніўня 1914), фінская шведскамоўная пісьменніца і мастачка, сусветна вядомая дзякуючы серыі дзіцячых аповесцяў пра мумітроляў. Напісала таксама шэраг твораў для дарослых: зборнікі апавяданняў “Дачка скульптара” (Bildhuggarens dotter, 1968), “Лялечны домі іншыя гісторыі” (Dockskåpet och andra berättelser, 1978), біяграфічную аповесць “Летняя кніга” (Sommarboken, 1972), раман “Горад сонца” (Solstaden, 1974). Па-беларуску выйшлі дзве аповесці Тувэ Янсан: “Маленькія тролі і вялікая паводка” (Småtrollen och den stora översvämningen, пераклад Насты Лабады) і “Камета над далінай мумітроляў” (Kometjakten, пераклад Алесі Башарымавай і Насты Лабады). Рыхтуецца да выхаду наступная аповесць “Чарадзееў капялюш” (Trollkarlens hatt, пераклад Алесі Башарымавай).