№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 4 ліпеня

  • 1761

    Памёр Сэмюэл Рычардсан (анг. Samuel Richardson, нар. 19 жніўня 1689), ангельскі пісьменнік, пачынальнік літаратуры сентыменталізму. Вядомасць яму прынеслі тры эпісталярныя раманы: “Памэла, альбо Узнагароджаная цнота” (1740), “Кларыса, альбо Гісторыя маладой паненкі” (1748) і “Гісторыя сэра Чарлза Грандысана” (1753).

  • 1804

    Нарадзіўся Натаніэл Готарн (анг. Nathaniel Hawthorne, памёр 19 траўня 1864), амерыканскі пісьменнік-рамантык, адзін з заснавальнікаў амерыканскай навэлы (разам з Э. По і В. Ірвінгам). Нашчадак старога пурытанскага роду, што наклала адбітак на яго творчасць. Першы зборнік апавяданняў “Двойчы расказаныя гісторыі” (Twice-Told Tales, 1837) быў высока ацэнены Г. Лангфэла і Э. По. Акрамя навэлаў спадчына Готарна ўключае раманы “Пунсовая літара” (The Scarlet Letter, 1850), “Дом з сямю франтонамі” (The House of the Seven Gables, 1851) , “Мармуровы фаўн” (The Marble Fawn, 1860). Да ўсяго, выдаў два дзіцячых зборнікі, якія сталі класікай, — “Кніга цудаў” (A Wonder Book, 1852) і “Гісторыі Тэнглвуда” (Tanglewood Tales, 1853).

  • 1848

    Памёр Франсуа Рэнэ дэ Шатабрыян (фр. François-René, vicomte de Chateaubriand, нар. 4 верасня 1768), французскі пісьменнік і дыпламат, адзін з пачынальнікаў рамантызму ў французскай літаратуры. Аўтар рамана “Атала, або Любоў двух дзікуноў ў пустыні” (1801), аповесці “Рэнэ, або Вынік запалу” (1802) і трактата “Геній хрысціянства” (1802). У 1809 надрукаваны яго раман “Пакутнікі”, які працягвае развіваць ідэі “Генія хрысціянства” і расказвае пра першых хрысціянаў. Для напісання рамана Шатабрыян падарожнічаў па Грэцыі і Блізкім Усходзе.

  • 1896

    Нарадзіўся Мао Дунь (кіт. 茅盾, сапр. Шэнь Ян-бін; памёр 27 сакавіка 1981), кітайскі пісьменнік і журналіст, які з 1949 па 1965 быў кітайскім міністрам культуры. Самыя вядомыя раманы гэтага пісьменніка, што на сённяшні дзень лічыцца найбуйнейшым раманістам сучаснага Кітая, — “Апоўначы” і “Вясновыя шаўкапрады”. У гонар пісьменніка названая адна з самых прэстыжных літаратурных прэміяў Кітая.

  • 1900

    Нарадзіўся Рабэр Дэснос (фр. Robert Desnos, памёр 8 чэрвеня 1945), французскі паэт, празаік і журналіст. Зблізіўшыся з сюррэалістамі, працаваў у часопісе “Сюррэалістычная рэвалюцыя”, дэманструючы надзвычайныя здольнасці да “аўтаматычнага пісьма”. Пасля ўступлення П. Элюара і А. Брэтона ў камуністычную партыю адыходзіць ад сюррэалістаў, мяркуючы, што сюррэалізм не сумяшчаецца з палітыкай. Памёр у канцлагеры ў Тэрэзіне (Чэхія). У сваім “Каталонскім маніфесце супраць мастацтва” (1928) Федэрыка Гарсія Лорка і Сальвадор Далі называюць імя Дэсноса сярод “самых слаўных імёнаў новага мастацтва”.

  • 1931

    Нарадзіўся Себасцьян Жапрызо (фр. Sébastien Japrisot, памёр 4 сакавіка 2003), папулярны французскі пісьменнік і кінасцэнарыст. Першы яго раман “Купэ смяротнікаў” (Compartiment tueurs, 1962) лёг у аснову французскага фільма “Забойца ў спальным вагоне” (у галоўных ролях Сімона Сіньёрэ і Іў Мантан). Практычна ўсе яго раманы былі экранізаваныя. Сярод іх — “Пастка для Папялушкі” (Piège pour Cendrillon, 1963), “Бывай, сябра!” (Adieu l’ami, 1968), “Доўгія заручыны” (Un long dimanche de fiançailles, 1991) і іншыя.

  • 1934

    Памёр Хаім Бялік (іўр. חיים נחמן ביאליק; нар. 9 студзеня 1873), габрэйскі паэт, празаік, перакладчык, пісаў на іўрыце і на ідыш; адзін са стваральнікаў сучаснага літаратурнага іўрыту. Адзін з першых аўтараў дзіцячай літаратуры на іўрыце. Перакладаў на іўрыт Шэкспіра, Сервантэса, Шылера. Творы Хаіма Бяліка перакладзеныя больш чым на 30 моваў свету; на беларускую мову ягоныя вершы перакладаў Рыгор Барадулін.

  • 1948

    Памёр Мантэйру Лабату (парт. José Bento Renato Monteiro Lobato, нар. 18 красавіка 1882), бразільскі пісьменнік, перакладчык, крытык, журналіст, выдавец. Нягледзячы на сваю шматгранную дзейнасць, найбольш вядомы серыяй дзіцячых твораў, якія ў рускім перакладзе выйшлі адзінай кнігай пад назвай “Ордэн Жоўтага Дзятла”. Таксама перакладаў і адаптаваў казкі братоў Грым, Андэрсэна, “Алісу ў краіне цудаў”, “Алісу ў Залюстроўі”, “Рабінзона Круза”, “Робін Гуда” і шмат твораў для дарослых. Лабату напісаў адзіны раман — “Чорны прэзідэнт” (O Presidente Negro, 1926), у якім расказваецца пра абранне чарнаскурага прэзідэнта ў Амерыцы. Гэты раман зноў набыў актуальнасць і выклікаў новую хвалю цікавасці падчас амерыканскіх выбараў 2008-га, хаця ў рамане быў указаны 2228 год.

  • 1964

    Памёр Самуіл Маршак (руск. Самуил Маршак, нар. 3 лістапада 1887), рускі савецкі паэт, драматург, перакладчык, літаратурны крытык. Маршак — аўтар перакладаў на рускую мову санэтаў Ў. Шэкспіра, вешаў Р. Бэрнса, Ў. Блэйка, Ў. Ўордсварта, Дж. Кітса, Р. Кіплінга, Э. Ліра, а таксама твораў украінскіх, беларускіх, літоўскіх, армянскіх і іншых паэтаў. За пераклады Р. Бэрнса Маршак атрымаў званне ганаровага грамадзяніна Шатландыі.