Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейНарадзіўся Персі Біш Шэлі (анг. Percy Bysshe Shelley, памёр 8 ліпеня 1822), ангельскі паэт, празаік, драматург і эсэіст. Лічыцца адным з найвялікшых ангельскіх паэтаў-рамантыкаў ХІХ ст. Муж Мэры Шэлі. На беларускую мову вершы Шэлі перакладалі Р. Барадулін, Ю. Гаўрук, Г. Янкута і інш.
Нарадзіўся Кнут Гамсун (нарв. Knut Hamsun, сапр. Кнуд Педэрсэн; памёр 19 лютага 1952), нарвежскі пісьменнік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (1920). Славу яму прынёс наватарскі псіхалагічны раман “Голад” (Sult), выдадзены ў 1890. У 1890-я і 1900-я Гамсун быў адным з самых папулярных у свеце пісьменнікаў. Нобелеўская прэмія была прысуджаная яму за раман “Плады зямлі” (Markens Grøde, 1917), у якім апісваецца будзённае сялянскае жыццё, яго непарыўная сувязь з зямлёй і прыродай. Гамсун — прызнаны аўтар не толькі раманаў, але і эсэ, а таксама вершаваных і драматычных твораў. Падчас Другой сусветнай вайны падтрымаў калабарацыйны ўрад Квіслінга ў надзеі на адраджэнне былой велічы скандынаваў, за што пазней быў асуджаны грамадскасцю і судом. З усёй краіны яму пачалі вяртаць ягоныя кнігі. Калі іх назбіралася шмат, 90-гадовы пісьменнік вынес іх на двор і падпаліў. У Нарвегіі творы Гамсуна пачалі друкаваць толькі пачынаючы з 1962 году.
Памёр Ганс Хрысціян Андэрсэн (дацк. Hans Christian Andersen, нар. 2 красавіка 1805), дацкі празаік і паэт, аўтар знакамітых казак для дзяцей. Усё жыццё Андэрсэн хацеў стаць добрым акторам, затым драматургам і раманістам, але сусветная слава прыйшла да яго менавіта дзякуючы дзіцячым казкам, якія яшчэ пры жыцці пісьменніка вытрымалі шмат перавыданняў. Аднак Андэрсэн, не кідаючы іх пісаць, пагарджаў казкамі, якія так моцна яго праславілі. Ён злаваўся, калі яго называлі дзіцячым казачнікам, і казаў, што піша не толькі для дзяцей, але і для дарослых. З гэтай жа прычыны ён загадаў, каб на яго помніку, дзе першапачаткова казачніка мусілі атачаць дзеці, не было ніводнага дзіцяці. Апошнюю сваю казку ён напісаў на Каляды 1872 году. У тым жа годзе ён упаў з ложка і моцна разбіўся. Не ачуняўшы ад траўмаў, Андэрсэн пражыў яшчэ тры гады.
Нарадзіўся Вітальд Гамбровіч (польск. Witold Gombrowicz, памёр 24 ліпеня 1969), польскі пісьменнік. Большасць яго твораў гратэскныя і высмейваюць стэрэатыпы польскай традыцыйнай гістарычна-нацыянальнай свядомасці. У пачатку Другой сусветнай вайны эміграваў у Аргентыну. Пасля вайны ў Польшчу, дзе яго творы да сярэдзіны 1950-х былі пад забаронай, не вярнуўся. Па-польску друкаваўся ў парыжскім выдавецтве “Kultura”, створаным Ежы Гедройцам. Сусветная вядомасць прыйшла да пісьменніка ў 1960-я, дзякуючы шматлікімі перакладам яго твораў і пастаноўкам п’есаў. Памёр ад астмы непадалёк ад Ніцы.
Нарадзіўся Вірхільё Піньера (гішп. Virgilio Piñera Llera, памёр 18 кастрычніка 1979), кубінскі паэт, драматург, празаік і перакладчык. У 1946—1958 гг. жыў у Аргентыне, дзе сябраваў і супрацоўнічаў з Х. Борхесам і В. Гамбровічам. Пераклаў на гішпанскую раман “Фердыдурке”, таксама перакладаў творы М. Пруста, А. Жыда, Ж. Жыяно і інш. У 1970-я — 1980-я гг. пераследаваўся ўладамі за незалежныя погляды і гомасэксуалізм, яго творы нідзе не друкавалі, а самога пісьменніка не выпускалі за мяжу. Тым не менш, у Францыі былі апублікаваныя “Абыякавыя апавяданні” (Cuentos fríos, 1970), яго проза і п'есы друкаваліся і ставіліся ў Гішпаніі, Аргентыне, ЗША. Творчасць Піньеры значна паўплывала на маладое пакаленне аўтараў Лацінскай Амерыкі.
Нарадзіўся Янка Брыль (памёр 25 ліпеня 2006), беларускі пісьменнік. Народны пісьменнік БССР (1981), лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1952) за аповесць “У Забалоцці днее”, Літаратурнай прэміі імя Якуба Коласа (1963) за кнігу “Працяг размовы”, Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1982) за аповесць “Золак, убачаны здалёк”. У суаўтарстве з А. Адамовічам і У. Калеснікам напісаў дакументальную кнігу “Я з вогненнай вёскі...” (1975, па матывах кнігі пастаўлены “Хатынскі цыкл” дакументальных фільмаў). Выдаў кніжкі прозы для дзяцей. Перакладчык з рускай, украінскай і польскай моваў. У яго перакладзе на беларускую мову выйшлі паасобныя творы Л. Талстога, А. Чэхава, М. Горкага, П. Бажова, Г. Траяпольскага, А. Вішні, Л. Смілянскага, А. Даўжэнкі, В. Казачэнкі, М. Канапніцкай, Э. Ажэшкі, Л. Кручкоўскага, Я. Івашкевіча, В. Жукроўскага, Т. Ружэвіча, М. Канановіча, Я. Гушчы і інш.
Памёр Міхай Бабіч (венг. Babits Mihály, нар. 26 лістапада 1883), венгерскі паэт і перакладчык. Яго першы зборнік “Лісце з вянку Ірысіна” выйшаў у 1908. Наступныя зборнікі — “рэчытатыў” (1916), “Востраў і мора” (1925), “У гонцы з гадáмі” (1928). Пераклаў на венгерскую мову “Боскую камедыю” Дантэ, “Буру” Шэкспіра, лацінамоўныя творы.
Загінуў Кшыштаф Каміль Бачыньскі (польск. Krzysztof Kamil Baczyński, нар. 22 студзеня 1921), самы значны польскі паэт з “пакалення калумбаў”. Яго бацька, Станіслаў Бачыньскі, быў польскім пісьменнікам і літаратурным крытыкам, маці, Стэфанія Зяленьчык (паходзіла з акаталічаных габрэяў), — педагогам, аўтарам некалькіх школьных падручнікаў. У дзяцінстве хлопчык пакутаваў на астму, меў слабое сэрца і ўсё жыццё знаходзіўся пад пагрозай захварэць на туберкулёз. Пасля заканчэння школы Бачыньскі марыў вучыцца ў Акадэміі прыгожых мастацтваў і зрабіцца графікам ці ілюстратарам, але пачатак вайны перашкодзіў яму рэалізаваць гэтую мару. У 1940 годзе было створанае габрэйскае гета, але Кшыштаф разам з маці застаецца жыць па-за ім, рызыкуючы ў выпадку выкрыцця іх паходжання быць расстралянымі на месцы. З восені 1942 году паэт паступіў у падпольны Варшаўскі ўніверсітэт, дзе вывучаў паланістыку. 6 ліпеня 1942 году Бачыньскі ажаніўся з Барбарай Драпчыньскай, таксама студэнткай аддзялення паланістыкі Варшаўскага ўніверсітэта. У ліпені 1943 Бачыньскі трапіў у батальён “Зоська” Арміі Краёвай у чыне яфрэйтара пад імем Кшыштаф Зяліньскі. Тады ж ён кінуў навучанне ва ўніверсітэце і заняўся выключна падпольнай дзейнасцю і паэзіяй, кажучы, што калі яму будзе лёсіць, то ён вернецца і да навучання. Падчас нямецкай акупацыі Бачыньскі выдаў 4 томікі вершаў: “Замкнёны рэхам” (Zamknięty echem, лета 1940), “Дзве любові” (Dwie miłości, восень 1940), “Выбраныя вершы” (Wiersze wybrane, май 1942), “Паэтычны аркуш №1” (Arkusz poetycki Nr 1, 1944) і зборнік “Спеў з пажарышча” (Śpiew z pożogi, 1944). Аднак большая частка яго твораў, якая ўлучае каля 500 вершаў, некалькі паэмаў і два дзясяткі апавяданняў, была надрукаваная пасля вайны. Кшыштаф Бачыньскі загінуў на чацверты дзень Варшаўскага паўстання, смяротна паранены нямецкім стралком. 1 верасня таго ж году загінула і жонка Бачыньскага. На беларускую мову творы Бачыньскага перакладалі Наста Гвоздзева, Кацярына Маціеўская, Ганна Янкута.
Нарадзіўся Яхім Топал (чэшск. Jáchym Topol), чэшскі паэт, празаік, журналіст і музыка. Да 1988 году друкаваўся толькі ў самвыдаце. Пісаў пераважна паэзію і тэксты песняў, якія пасля 1989 году выдаў у двух зборніках — “Miluju tě k zbláznění” і “V úterý bude válka”. Супрацоўнік часопісаў Revolver Revue i Respekt. За апазіцыйную дзейнасць за часамі сацыялізму быў арыштаваны і змешчаны ў вар'ятню. У 1994 годзе надрукаваў першы раман — “Сястра”, постмадэрнісцкае апісанне зменаў у Чэхаславакіі на пераломе 80-х і 90-х. На беларускую мову Яхіма Топала перакладалі Сяргей Сматрычэнка і Марыя Мартысевіч.