Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейНарадзіўся Ігнат Легатовіч (памёр 10 кастрычніка 1867), беларускі і польскі паэт, педагог. Працаваў выкладчыкам лацінскай мовы ў Мінскай гімназіі. Пасля 1846 займаўся рэпетытарствам і літаратурнай творчасцю. Часта наведваў дом Марцінкевічаў. Вершы і эпіграмы Легатовіча карысталіся вялікай папулярнасцю ў тагачасным грамадстве. Паэт высмейваў і агульначалавечыя заганы, і непрыстойныя паводзіны ды ўчынкі канкрэтных асобаў. Эпіграмы Легатовіча скіраваны супраць зладзеяў, п'яніцаў, злосных жонак і графаманаў.
Нарадзіўся Абай Кунанбаеў (каз. Абай Құнанбайұлы, памёр 6 ліпеня 1904), казахскі паэт, перакладчык, філосаф, кампазітар, асветнік, мысляр, грамадскі дзеяч, заснавальнік казахскай пісьмовай літаратуры і яе першы класік, рэфарматар казахскай культуры ў духу збліжэння з еўрапейскай культурай на аснове асветніцкага ліберальнага ісламу. Выступаў супраць рабскага становішча жанчын на ўсходзе, супраць сацыяльнага зла і невуцтва. Перакладаў творы М. Лермантава, А. Пушкіна, Ё. Гётэ, Дж. Байрана і інш. на казахскую мову.
Нарадзіўся Альфрэд Дзёблін (ням. Alfred Döblin, памёр 26 чэрвеня 1957), нямецкі пісьменнік. Найбольш вядомы яго раман “Берлін, Аляксандэрпляц” (Berlin Alexanderplatz, 1929), напісаны ў форме калажу, блізкага да тэхнікі экспрэсіянізму і італьянскага футурызму, пошукаў Джойса і Дос Пасаса. У рамане адлюстраванае жыццё Берліна 1920-х гг. Некалькі разоў ён быў экранізаваны (упершыню ў 1931) і дагэтуль уключаецца экспертамі ў першую пяцёрку нямецкамоўных кніг.
Нарадзіўся Еўсцігней Міровіч (сапр. Дунаеў, памёр 16 лютага 1952), беларускі драматург і тэатральны рэжысёр. Нарадзіўся ў Санкт-Пецярбургу, працаваў у пецярбургскіх тэатрах спачатку акторам, потым рэжысёрам. У 1919 пераехаў і працягнуў працу ў Беларусі. У 1921—1931 — мастацкі кіраўнік, у 1941—1945 — рэжысёр Беларускага тэатра імя Янкі Купалы (БДТ-1). Напісаў на беларускай мове і паставіў п'есы “Машэка” (“У часы даўнейшыя”), “Кастусь Каліноўскі”, “Каваль-ваявода”, “Кар'ера таварыша Брызгаліна”, “Перамога” (“Хроніка нашых дзён”), “Запяюць верацёны”, “Лён” (п’есы пастаўленыя ў 1920-я — 1930-я гг.). Цяпер пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў працуе Тэатр-студыя імя Е. Міровіча.
Нарадзіўся Міхаіл Зошчанка (руск. Михаил Зощенко, памёр 22 ліпеня 1958), рускі пісьменнік, вядомы сваімі сатырычнымі апавяданнямі і фельетонамі, які, аднак, галоўнымі сваімі творамі лічыў аповесці “Перад узыходам сонца” (“Перед восходом солнца”, 1943, 1972), пасля якой Зошчанка быў выключаны з Саюза пісьменнікаў і пачалося яго цкаванне, і “Вернутая маладосць” (“Возвращенная молодость”, 1933).
Нарадзілася Іма фон Бадмерсхоф (ням. Imma von Bodmershof, памерла 31 жніўня 1982), аўстрыйская пісьменніца. Была знаёмая з Рыльке і гуртком Стэфана Георге. З 1937 друкавала раманы і апавяданні. У 1962 выйшаў яе першы зборнік хайку. Лаўрэатка аўстрыйскай дзяржаўнай літаратурнай прэміі Großer Österreichischer Staatspreis.
Нарадзіўся Тадэвуш Даленга-Мастовіч (польск. Tadeusz Dołęga-Mostowicz, псеўд. Т.М.; загінуў 20 верасня 1939), польскі пісьменнік і журналіст беларускага паходжання. Успаміны пра дзяцінства, якое прайшло на Глыбоччыне, ляжаць у аснове многіх твораў пісьменніка. Дзеянне першага яго рамана “Кар'ера Нікадзіма Дызмы” (Kariera Nikodema Dyzmy, 1932), вострай сатыры на грамадска-палітычнае жыццё Польшчы часоў рэжыму Ю. Пілсудскага, таксама адбываецца ў Заходняй Беларусі. Многія творы Даленгі-Мастовіча былі экранізаваныя яшчэ пры яго жыцці: “Пракурор Аліцыя Горн” (Prokurator Alicja Horn, 1933), “Знахар” (Znachor, 1937), “Прафесар Вільчур” (Profesor Wilczur, 1938), “Апошняя брыгада” (Ostatnia brygada, 1938), “Тры сэрцы” (Trzy serca, 1939), “Залатая маска” (Złota maska, 1939).
Нарадзіўся Жоржы Амаду (парт. Jorge Leal Amado de Fariа, памёр 6 жніўня 2001), бразільскі пісьменнік і грамадска-палітычны дзеяч. Аўтар раманаў “Бяскрайнія землі” (Terras do sem fim, 1943), “Габрыела, гваздзіка і карыца” (Gabriela, cravo e canela, 1958), “Пастухі начы” (Os pastores da noite, 1964), “Дона Флор і два ейныя мужы” (Dona Flor e seus dois maridos, 1966), “Крамка цудаў” (Tenda dos milagres, 1969), “Тэрэза Батыста, якая стамілася ваяваць” (Teresa Batista, cansada de guerra, 1972), “Засада” (Tocaia grande, 1984) і інш. У СССР найбольш быў вядомы раманам “Капітаны пяску” (Capitães da Areia, 1937), экранізаваным пад назвай “Генералы песчаных карьеров” (1971).
Памёр Ёханэс Лінанкоскі (фінск. Johannes Linnankoski, сапр. Віхтары Ёхан Пелтанен; нар. 18 кастрычніка 1869), фінскі пісьменнік, перакладчык і журналіст. Галоўныя тэмы ягоных твораў — віна, пакаранне і барацьба паміж старым і новым. У 1906 заснаваў Саюз фінскай самасвядомасці (фінск. Suomalaisuuden liitto). Заснавальнік газеты Uusimaa — першай газеты на фінскай мове, якая выдавалася за межамі вялікіх гарадоў. За п'есу “Адвечная барацьба” (Ikuinen taistelu, 1903) атрымаў прэмію Фінскага літаратурнага таварыства.
Памёр Мікалай Эрдман (руск. Николай Эрдман, нар. 16 лістапада 1900), рускі драматург, сцэнарыст. Найбольш вядомыя яго п’есы — “Мандат” (1925) і “Самагубца” (1928). Апошняя паказвала абсурд савецкай рэчаіснасці, аднаму з персанажаў належыць такая фраза: “Цяпер, грамадзянін Падсякальнікаў, тое, што можа падумаць жывы, можа выказаць толькі мёртвы”. П’еса была забароненая да 1982 г. З 1927 пісаў пераважна сцэнары для кіно і мульфільмаў. Найбольш вядомыя фільмы яго аўтарства — “Вясёлыя рабяты”, “Волга-Волга”, “Марозка”, “Горад майстроў”.
Памёр Тадэвуш Новак (польск. Tadeusz Nowak, нар. 11 лістапада 1930), польскі паэт і празаік. Для вершаў і прозы Новака характэрны баладны лад, гратэскавая фантастыка, блізкасць да народных вераванняў і легендаў. Выдаў з каментарамі і уступным артыкулам том паэзіі Яна Каханоўскага. Перакладаў вершы Ясеніна, Вёрашмарці, Пецёфі, Раднаці, Чаоры.