Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейПамёр Мішэль дэ Мантэнь (фр. Michel de Montaigne, нар. 28 лютага 1533), французскі пісьменнік і філосаф эпохі Адраджэння, аўтар “Доследаў” (Essais). Настаўнік Мантэня, немец, абсалютна не валодаў французскай мовай і размаўляў з будучым пісьменнікам на лаціне: бацька Мантэня хацеў, каб сын атрымаў ліберальна-гуманістычную адукацыю. Мантэнь лічыцца заснавальнікам жанру эсэ.
Памёр Фадзей Булгарын (пры нараджэнні Ян Тадэвуш Булгарын, польск. Jan Tadeusz Bułharyn, нар. 5 ліпеня 1789), рускі пісьменнік, журналіст, крытык, “герой” эпіграмаў Пушкіна, Вяземскага, Баратыскага, Лермантава, Някрасава і іншых. Лічыцца пачынальнікам авантурнага раману, фантастычнага раману, фельетону, выдавец першага ў Расіі тэатральнага альманаха. Польскі літаратар Осіп Пшэцлаўскі, які добра ведаў Булгарына, лічыў яго беларусам. Імя Тадэвуш Булгарын атрымаў у гонар Тадэвуша Касцюшкі.
Нарадзіўся Шэрвуд Андэрсан (анг. Sherwood Anderson, памёр 8 сакавіка 1941), амерыканскі пісьменнік. Творчасць Андэрсана стала ўзорам для Фолкнэра, Томаса Вулфа, Хэмінгуэя, Стэйнбека, Рэя Брэдберы. Пры гэтым Хэмінгуэю належыць пародыя на Андэрсэна — аповесць “Вясеннія воды” (1926), якая абазначыла творчы разрыў паміж пісьменнікамі.
Нарадзіўся Андрэй Мрый (сапр. Шашалевіч; памёр 8 кастрычніка 1943), беларускі пісьменнік і журналіст. У 1929 г. напісаў сатырычны раман “Запіскі Самсона Самасуя”, які быў абвешчаны “злосным пасквілем на савецкую рэчаіснасць” (цалкам апублікаваны ў 1988: Полымя, №1; экранізаваны ў 1990: “Пратарчака жыцця, або Запіскі Самсона Самасуя”). 21 лютага 1934 быў арыштаваны ў Мінску. Асуджаны “тройкай” НКУС 26 сакавіка 1934 як “член антысавецкай контррэвалюцыйнай арганізацыі і падазраваны ў шпіянажы” на 5 гадоў ППК і этапаваны ў Карагандзінскі ППЛ. У пачатку 1938 прыехаў у Мурманск, настаўнічаў у адной з сярэдніх школ. Зноў арыштаваны 2 чэрвеня 1940. Падчас арышту ўсё створанае ў высылцы (раман “Жывы дом”, аповесці, апавяданні) было канфіскаванае. 13 жніўня 1940 асуджаны асаблівай нарадай НКУС СССР на 5 гадоў пазбаўлення волі. Этапаваны ў Усць-Вымскі канцлагер НКУС Комі АССР. 1 сакавіка 1943 медыцынскай камісіяй прызнаны інвалідам, 23 верасня 1943 вызвалены і адпраўлены паміраць дамоў. Паводле некаторых звестак, забіты рэцыдывістамі ў цягніку. Рэабілітаваны 15 студзеня 1957.
Нарадзіўся Юльян Тувім (польск. Julian Tuwim, памёр 27 снежня 1953), польскі паэт і перакладчык. Вялікі ўплыў на аўтара зрабілі такія паэты, як Л. Стаф, Ў. Ўітмэн і А. Рэмбо. У яго паэзіі часта выкарыстоўвалася гутарковая мова. Паэма “Bal w Operze” (пераклаў на беларускую В. Сёмуха), што сатырычна выяўляла польскі ўрад, была ў свой час забароненая цэнзурай. Юльян Тувім — адзін з заснавальнікаў эксперыментальнай літаратурнай групы “Скамандр” (1919). Таксама вядомы сваімі дзіцячымі вершамі.
Нарадзіўся Джон Бойнтан Прыстлі (анг. John Boynton Priestley, памёр 14 жніўня 1984), ангельскі раманіст, драматург, эсэіст і тэатральны рэжысёр. Вывучаў ангельскую літаратуру ў Кембрыджы. Вядомасць Прыстлі прынёс раман “Добрыя сябры” (The good companions, 1929) пра прыгоды трупы вандроўных артыстаў. Прыстлі — адзін з самых папулярных драматургаў Вялікабрытаніі.
Нарадзіўся Руал Дал (анг. Roald Dahl, памёр 23 лістапада 1990), валійскі англамоўны пісьменнік, аўтар раманаў, казак, навелаў. Майстар парадаксальнага апавядання. Адна з яго вядомых кніг “Чарлі і шакаладная фабрыка” паслужыла сцэнарам для фільма “Вілі Вонка і шакаладная фабрыка” 1971 году і аднайменнага фільма 2005 году. На беларускую мову апавяданні пісьменніка перакладала Анка Упала.
Памёр Улаў Дуун (нарв. Olav Duun, нар. 21 лістапада 1876), адзін з найбуйнейшых нарвежскіх пісьменнікаў ХХ стагоддзя. Пісаў на нюнорску. Аўтар псіхалагічных раманаў “Мар’яна” (1908), “Трое сяброў” (1914), “Харальд” (1915), “Чыстае сумленне” (1916), шасцітомнага цыклу “Жыхары Ювіка” (1918—1923).