Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейПамёр Францішак Карпіньскі (польск. Franciszek Karpiński нар. 4 кастрычніка 1741), польскі паэт, адзін з пачынальнікаў польскага сентыменталізму. Аўтар ідылій, лірычных вершаў, абразкоў і перакладаў, сабраных у зборніку “Забаўкі ў вершах і прозе” (Zabawki wierszem i prozą, тт. 1—7, Варшава, 1782—1787). Шырокую папулярнасць набылі песні і балады Карпіньскага. Яго паэзія вылучалася прастатой мастацкіх формаў, была прасякнутая матывамі народнай творчасці, у т.л. беларускага фальклору. Апроч літаратурнай спадчыны пакінуў успаміны, якія ўпершыню былі надрукаваныя ў 1822 і вытрымалі 5 перавыданняў.
Нарадзіўся Браніслаў Эпімах-Шыпіла (крыпт. Б.Э.-Ш.; памёр 6 чэрвеня 1934), дзеяч беларускай культуры, выдавец, фалькларыст, мовазнавец, літаратуразнавец, прафесар Пецярбургскага ўніверсітэта. Быў памочнікам бібліятэкара (паводле сучаснага азначэння — намеснікам дырэктара) у бібліятэцы Пецярбургскага ўніверсітэта, у гэты час грунтоўна працаваў у галіне бібліяграфіі. У 1889 Б. Эпімах-Шыпіла пачаў запісваць творы беларускіх аўтараў, у т.л. і невядомых. Гэты збор ён назваў “Biеłаrusskaja Chrestomatija”. Эпімах-Шыпіла быў адным з ініцыятараў стварэння першай і найбуйнейшай за апошнія некалькі стагоддзяў выдавецкай суполкі “Загляне сонцэ і ў нашэ ваконцэ” (1906—1914). Ён выдаткоўваў уласныя сродкі на забяспечанне функцыянавання выдавецтва, якое змяшчалася на яго кватэры ў Пецярбургу (Васільеўскі востраў, 4-я лінія, 45, кв. 16). У 1929 годзе перадаў у дар Беларускай акадэміі навук сваю асабістую бібліятэку, якую збіраў усё жыццё, — 5 тысяч тамоў, пераважна па беларусазнаўстве. Па сфабрыкаванай справе “Саюза вызвалення Беларусі”, 18 ліпеня 1930 году, пасля ператрусу, Б. Эпімах-Шыпіла быў арыштаваны і зняволены ў турме, дзе знаходзіўся два месяцы. Яму было загадана пакінуць Мінск. Па вяртанні ў Пецярбург ён апынуўся ў надзвычай цяжкім становішчы. Чатыры гады кватараваў у даўніх знаёмых, жыў у галечы. У гэты ж час (1931) з'яўляюцца апошнія запісы ў яго “Хрэстаматыю” — пераклады на польскую і нямецкую мовы верша Альберта Паўловіча “Сумная восень”.
Нарадзіўся Франс Эміль Сіланпяя (фінск. Frans Eemil Sillanpää, памёр 3 чэрвеня 1964), фінскі пісьменнік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (1939) “за глыбокае пранікненне ў жыццё фінскіх сялян і выдатнае апісанне іх звычаяў і сувязі з прыродай”.
Нарадзіўся Уладзімір Голан (чэшск. Vladimír Holan, памёр 31 сакавіка 1980), чэшскі паэт і перакладчык. Славу яму прынесла кніга сюррэалістычных вершаў “Трыюмф смерці” (Triumf smrti, 1930). У 1969 намінаваўся на Нобелеўскую прэмію. Перастаў пісаць у 1977, калі памерла яго дачка, якая хварэла на хваробу Даўна. Апошнія гады пражыў у галечы і самоце.
Загінуў Дан Андэрсан (шведск. Daniel “Dan” Andersson, нар. 6 красавіка 1888), шведскі паэт і празаік. Некаторыя свае вершы сам паклаў на музыку. Карыстаўся псеўданімам Чорны Джым (Black Jim). Уважаўся за пралетарскага паэта, хоць гэтай тэматыкай ягоныя творы не абмяжоўваліся. Загінуў у пакоі стакгольмскага гатэля Хэльман — персанал гатэля труціў вошаў і не праветрыў памяшканне. На беларускую мову вершы Андэрсана перакладала і працягвае перакладаць Алеся Башарымава.
Нарадзіўся Сяргей Законнікаў, беларускі паэт, журналіст, публіцыст. Аўтар зборнікаў паэзіі “Бяседа” (1973), “Устань да сонца” (1976), “Пакуль жыве мая бяроза” (1981), “Вера, Надзея, Любоў” (1983), “Прысак часу” (1986), “Сутнасць” (1987), “Вечная далеч” (1987). Лаўрэат літаратурнай прэміі СП Беларусі імя А. Куляшова (1982) за кнігу вершаў “Пакуль жыве мая бяроза”.