№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 26 верасня

  • 1501

    Памёр Джорэ Држыч (харв. Džore Držić, іт. Giorgio Darsa, нар. 6 лютага 1461), харвацкі паэт і драматург, адзін з “бацькаў” харвацкай літаратуры, прадстаўнік Далмацінскага Рэнесансу. У 1487 годзе зрабіўся святаром. Лічыўся адным з найлепшых прамоўцаў свайго часу. Эклога Држыча Radmio і Ljubmir зрабілася першай харвацкай п’есай на свецкую тэму і пачала новы этап развіцця харвацкага тэатра. Петраркісцкая паэзія Држыча, асабліва зборнік “Любоўныя вершы” (Pjesni ljuvene) была вельмі папулярная сярод яго суайчыннікаў.

  • 1805

    Нарадзіўся Дзмітрый Веневіцінаў (руск. Дмитрий Веневитинов, памёр 27 сакавіка 1827), рускі паэт рамантычнага кірунку, перакладчык і філосаф. Будучы паэт атрымаў класічную адукацыю, вывучыў французскую, нямецкую, лаціну і грэцкую мовы. Разам з князем Ул. Адоеўскім заставаў таемную філасофскую “Суполку любамудрыя”, напісаў каля 50 вершаў. Памёр, не дажыўшы да 22 гадоў. На пахаванні паэта прысутнічалі А. Пушкін і А. Міцкевіч.

  • 1888

    Нарадзіўся Томас Стэрнз Эліят (анг. Thomas Stearns Eliot, памёр 4 студзеня 1965), англа-амерыканскі паэт, драматург, літаратурны крытык. Самы знакаміты яго твор — паэма “Бясплодная зямля” (1922), цэнтральная тэма творчасці паэта — крызіс духу. У 1948 годзе Т. С. Эліят атрымаў Нобелеўскую прэмію па літаратуры. В. Валынскі пераклаў на беларускую мову паэму Эліята “Пустыя людзі”, А. Разанаў — паэму “Попельная серада”.

  • 1978

    Памёр Ян Парандоўскі (польск. Jan Parandowski, нар. 11 траўня 1895), польскі пісьменнік і гісторык культуры, прафесар Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта. Парандоўскі напісаў шэраг працаў па літаратуры: “Алхімія слова” (Alchemia słowa, 1951), “Петрарка” (Petrarka, 1956), некалькі кніг пра антычнасць. Пераклаў на польскую мову кнігі Юлія Цэзара “Пра грамадзянскую вайну”, “Дафніса і Хлою” Лонга, “Адысею” Гамэра.

  • 1990

    Памёр Альберта Маравія (іт. Alberto Moravia, нар. 28 лістапада 1907), італьянскі пісьменнік і журналіст. Сапраўднае прозвішча пісьменніка было Пінкерле, а ўзяты пазней псеўданім Маравія — гэта прозвішча яго бабулі-габрэйкі па бацькавай лініі. Першы раман пісьменніка “Раўнадушныя” (Gli indifferenti, 1929) лічыцца адным з самых яркіх твораў сусветнай літаратуры ХХ ст. “Рымскія апавяданні” на беларускую мову пераклаў Валеры Буйвал, раман “Пагарда” — І. Пташнікаў.

  • 1993

    Памерла Ніна Берберава (руск. Нина Берберова, нар. 8 жніўня 1901), руская паэтка, аўтарка ўспамінаў, жонка Уладзіслава Хадасевіча. Аўтарка кніг “Жалезная жанчына” (“Железная женщина”, 1981), “Курсіў мой” (“Курсив мой”, 1969 — па-ангельску, 1972 — па-руску). Імем Берберавай названая плошча (фр. place Nina Berberova) у французскім горадзе Арль, на якой знаходзіцца выдавецтва Actes Sud, пастаянным аўтарам якога яна была.