№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 11 кастрычніка

  • 1585

    Нарадзіўся Ёганэс Херман (ням. Johannes Heermann, памёр 17 лютага 1647), нямецкі паэт і багаслоў, найбуйнейшы аўтар пратэстанцкіх гімнаў пасля Лютэра. Гімны Хермана былі надзвычай папулярныя ў Германіі, яго зборнік Exercitium pietatis вытрымаў 24 выданні. Напісаў больш за 400 спеваў. Аўтар песні Herzliebster Jesu, выкарыстанай Бахам у “Пакутах паводле Мацвея”.

  • 1658

    Нарадзіўся Крысціян Генрых Постэль (ням. Christian Heinrich Postel, памёр 22 сакавіка 1705), нямецкі паэт і драматург. Супрацоўнічаў з кампазітарамі Гамбургскай оперы, пісаў для іх лібрэта. Да канца жыцця працаваў над гіганцкай эпічнай паэмай “Вялікі Вітэкінд” (Der große Wittekind), выдадзенай у 1724 годзе пасмяротна.

  • 1825

    Нарадзіўся Конрад Фердынанд Маер (ням. Conrad Ferdinand Meyer, памёр 28 лістапада 1898), швейцарскі празаік і паэт. Адзін з самых выбітных швейцарскіх майстроў гістарычнай навелы. Прафесійна займацца пісьменніцтвам пачаў у сорак пяць гадоў. На яго творчасць паўплывалі замкнёны лад жыцця, кепская спадчыннасць (маці пісьменніка скончыла жыццё самагубствам у выніку псіхічнай хваробы) і страх перад жыццём, а таму асаблівае месца ў творах Маера займае цікавасць да “начных бакоў” чалавечае душы, трагічныя вобразы і сітуацыі.

  • 1885

    Нарадзіўся Франсуа Марыяк (фр. François Mauriac, памёр 1 верасня 1970), французскі пісьменнік, сябра Французскай акадэміі (1933), лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (1958) за “глыбокае духоўнае прасвятленне і мастацкую сілу, з якой ён у сваіх раманах выявіў драму чалавечага жыцця”. Адзін з найбуйнейшых каталіцкіх пісьменнікаў XX стагоддзя. На прапанову Марыяка Нобелеўская прэмія па літаратуры была прысуджаная А. Салжаніцыну.

  • 1887

    Нарадзіўся П’ер Жан Жуў (фр. Pierre Jean Jouve, памёр 8 студзеня 1976), французскі паэт, празаік, эсэіст, перакладчык. Адзін з першых пісьменнікаў, што ўспрынялі адкрыцці псіхааналізу, злучыўшы іх з філасофіяй еўрапейскіх містыкаў, пошукамі Гёльдэрліна, К’еркегора, Нэрваля, Бадлера, Рэмбо, Малармэ. Важны матыў творчасці Жува — міфалогія жаночага, пошукі якой адлюстраваліся ў раманах “Паліна 1880” (Paulina 1880, 1925), “Вагадзю” (Vagadu, 1931), “Крывавыя гісторыі” (1932) і зборніках вершаў “Шлюб” (Noces, 1928), “Крывавы пот” (1934), “Нябесная матэрыя” (Matière céleste, 1937), “Злітуйся, Божа” (1938).

  • 1911

    Нарадзіўся Гертрудэс Ёханэс Рэсінк (нід. Gertrudes Johannes Resink, памёр 4 верасня 1997), нідэрландска-інданэзійскі паэт, эсэіст і навуковец. Рэсінк — адзіны еўрапейскі літаратар, які мог у сваёй творчасці абаперціся таксама на досвед жыцця ў Інданэзіі. У 1963 годзе выдаў зборнік вершаў “Рак і Казярог”. Вершы Рэсінка напісаныя ў традыцыйных еўрапейскіх формах (напрыклад, санэт); паэт часта выкарыстоўвае каламбуры і слоўныя гульні. Многія вершы Рэсінка перакладзеныя на французскую і інданэзійскую мовы. Напісаў шэраг эсэ пра Джозэфа Конрада і працу пра агульнае ў творчасці Рэмбо, Дэбюсі і Мультатулі.

  • 1913

    Нарадзілася Эдзі Агняцвет (сапр. Эдзі Каган, памерла 17 ліпеня 2000), беларуская паэтка, перакладчыца. Пісала пераважна для дзяцей. Аўтар лібрэта операў для дзяцей “Джанат” (1962), “Марынка” (1956). Пераклала на беларускую творы А. Пушкіна, М. Някрасава, У. Маякоўскага, М. Ушакова, Г. Ахматавай, В. Шэфнера, А. Барто, Л. Украінкі, М. Бажана, Я. Судрабкална, С. Карыма і інш., кнігу Зульфіі “Такое сэрца ў мяне” (з А. Грачанікавым, 1985), зборнікі паэзіі для дзяцей Я. Османіса “Сабака з рагаткай” (1976), Г. Сулейманавай “Сорак косак” (1982), М. Джаліля “Я гляджу на зоры” (1985). У яе перакладзе з французскай выйшлі кнігі П.-Ж. Беранжэ “Выбраныя песні” (1960), “Краіна Паэмія” (анталогія французскай паэзіі для дзяцей, 1962), А. Экзюперы “Маленькі прынц” (1969), Г. Апалінэра “Зямны акіян” (1973), П. Элюара “З табою” (1980).

  • 1958

    Памёр Ёганэс Роберт Бэхер (ням. Johannes Robert Becher, нар. 22 траўня 1891), нямецкі паэт, міністр культуры ГДР. Аўтар антываеннага рамана “Люізіт, альбо Адзіная справядлівая вайна” (1926). Амаль дзесяць гадоў пражыў у СССР, дзе напісаў раман “Развітанне” (1940), п’есы “Зімовая бітва” і “Дарога ў Фюсэн”. Зборнік вершаў Бэхера “Вяртанне да сябе” ў перакладзе У. Папковіча выйшаў у 1985 годзе.

  • 1963

    Памёр Жан Както (фр. Jean Cocteau, нар. 5 ліпеня 1889), французскі паэт, празаік, драматург, мастак, рэжысёр, актор, “чалавек-аркестр” французскай культуры. Дэбютаваўшы вельмі рана паэтычным зборнікам “Лямпа Аладзіна”, у якім выявіўся прыхільнікам і паслядоўнікам сімвалізму і імпрэсіянізму, а таксама так званай салоннай паэзіі (Анна дэ Наай, Габрыэле Д'Анунцыё), неўзабаве рэзка мяняе погляды і паэтычныя арыентыры. Стратэгіі стварэння моды і кідання яе ў пошуках новага яшчэ да таго, як моду падхапілі іншыя, Както прытрымліваўся ўсё жыццё (“Както — змяя ад літаратуры, у яго суцэльныя выгіны”, — такога няўхвальнага меркавання прытрымліваліся многія крытыкі). Ад эксперыментальных і наватарскіх працаў у галіне тэатру і літаратуры ў 10-я гады ХХ ст. (такіх як балет “Парад”, опера-буф “Маладыя на Эйфелевай вежы”, раман “Патамак”) у 1920-я, у час, калі еўрапейскае мастацтва яшчэ не нагулялася авангардам, Както звяртаецца да строга класічнай паэтыкі. Адзін з пачынальнікаў французскага і еўрапейскага міфалагічнага тэатру (п'есы “Арфей”, “Пякельная машына”) і рэфарматар тэатру 1930-х — 1940-х (“Цяжкія бацькі”, “Святарныя монстры”), адзін з заснавальнікаў паэтычнага кінематографу (“Кроў паэта”, “Двухгаловы арол”, “Вечнае вяртанне”, “Арфей”, “Тэстамент Арфея” і інш.), ва ўсіх відах мастацтва Жан Както выявіўся, паводле азначэння Ігара Стравінскага, “наватарам высокага рангу”.

  • 1967

    Памерла Галіна Пасвятоўска (польск. Halina Poświatowska, нар. 9 траўня 1935), польская паэтка. Усё жыццё пакутавала ад хваробы сэрца, у бальніцы пазнаёмілася з будучым мужам, Адольфам Рыхардам Пасвятоўскім, таксама хворым, які памёр праз два гады пасля іх вяселля. Першы зборнік вершаў паэткі “Гімн ідалапаклонніка” (Hymn bałwochwalczy, 1957) выклікаў добрыя водгукі паэтаў і крытыкаў, пасля з’явіліся яшчэ тры зборнікі: “Сённяшні дзень” (Dzień dzisiejszy, 1963), “Ода рукам” (Oda do rąk, 1966) і “Яшчэ адзін успамін” (Jeszcze jedno wspomnienie, 1968, пасмяротна). Пасля смерці паэткі было знойдзена шмат нявыдадзеных вершаў. Пасмяротна была надрукаваная таксама аўтабіяграфічная аповесць “Аповед для сябра” (Opowieść dla przyjaciela). На беларускую мову вершы Галіны Пасвятоўскай перакладалі Хрысціна Граматовіч і Наталля Русецкая.