№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 25 кастрычніка

  • 1400

    Памёр Джэфры Чосэр (анг. Geoffrey Chaucer, нар. каля 1340), самы вядомы паэт ангельскага сярэднявечча, “бацька ангельскай паэзіі”. Быў прыдворным, чальцом парламента, займаў шэраг дзяржаўных пасад. З дыпламатычнай місіяй наведаў Францыю, Італію, дзе пазнаёміўся з мастацтвам і літаратурай Адраджэння. Пад іх уплывам пераклаў помнік сярэднявечнай французскай літаратуры “Раман пра Ружу” (каля 1370. Аўтар паэмаў “Дом славы”, “Птушыны парламент”, “Траіл і Хрызеіда”, “Легенда пра добрых жанчын” (усе напісаныя паміж 1380 і 1386). Вяршыня яго творчасці — зборнік “Кентэрберыйскія апавяданні” (1387—1400, выд. 1478).

  • 1934

    Нарадзіўся Карлас Шэрман (памёр 4 сакавіка 2005), беларуска-гішпанскі перакладчык, літаратар і праваабаронца, ганаровы віцэ-прэзідэнт Беларускага ПЭН-цэнтра. Нарадзіўся ва Уругваі. Перакладаў і пісаў на гішпанскай (роднай), беларускай і рускай мовах. Быў сябрам Навукова-экспертнай рады Беларускага Калегіюма. Аўтар паэмы “Дождж у Каралішчавічах” (пераклад з гішпанскай Р. Барадуліна, 1984), зборніка вершаў “Сны” (пераклад з гішпанскай Р. Барадуліна і В. Сёмухі, 1989), кнігі крытыкі і эсэ “Таямніцы почырку” (1995), паэмы “Кірункі свету” (на гішпанскай мове і ў перакладах В. Рыч на ангельскую, Р. Барадуліна на беларускую і І. Бурсава на рускую, 2000). Уклаў шэраг выдадзеных на беларускай мове зборнікаў гішпанамоўных паэтаў (Ф. Г. Лоркі, П. Нэруды, Н. Гільена, Г. Містраль), анталогію сучаснай кубінскай паэзіі. У яго перакладзе на гішпанскую выйшлі выбраныя творы Я. Купалы і Я. Коласа “Папараць-кветка” (1982), кнігі А. Куляшова “Мая Бесядзь” (1976), Р. Барадуліна “Чорны вол маёй трывогі” (1985), раман І. Чыгрынава “Плач перапёлкі” (1988), аповесці В. Быкава “Дажыць да світання” (1980), “Абеліск” (1984), “У тумане” (1989) і інш.

  • 1938

    Памерла Альфансіна Сторні (гішп. Alfonsina Storni, нар. 29 траўня 1892), аргентынская паэтка, адна з найбольш значных постацяў лацінаамерыканскага мадэрнізму і фемінізму. Нарадзілася ў Швейцарыі, там вывучыла італьянскую мову, але сям’я хутка перабралася на радзіму, у Аргентыну. У 1911 годзе паэтка пераехала ў Буэнас-Айрэс. Сторні выкладала літаратуру, пісала вершы, якія набывалі ўсё большую фемінісцкую скіраванасць. Скончыла жыццё самагубствам, утапіўшыся ў моры. На беларускую мову вершы Сторні перакладаў Макс Шчур.

  • 1957

    Памёр Эдвард Джон Мортан Дракс Планкет (анг. Edward John Moreton Drax Plunkett, нар. 24 ліпеня 1878), васямнаццаты барон Дансэні (англ. Dunsany), ірландскі англамоўны празаік і паэт, які, паводле словаў Говарда Лаўкрафта і Роберта Говарда, зрабіў значны ўплыў на іх творчасць. Лічыцца адным з піянераў жанру фэнтэзі. Натхнёны ірландскім фальклорам і рамантычнай літаратурай ХІХ стагоддзя, стварыў цыкл твораў пра краіну Пегана (“Багі Пеганы”, “Час і багі” і інш.) Найбольш вядомы як аўтар рамана “Дачка караля эльфаў” і гумарыстычнай казкі “Скарб гібелінаў”.

  • 1976

    Памёр Рэймон Кено (фр. Raymond Queneau, нар. 21 лютага 1903), французскі пісьменнік, эсэіст, перакладчык, удзельнік сюррэалістычнага руху, адзін з заснавальнікаў “УЛІПО — Майстэрні патэнцыйнай літаратуры” (фр. Oulipo — Ouvroir de littérature potentielle), Трансцэндэнтальны Сатрап Каледжа Патафізікі, створанага як пародыя на навуковыя супольнасці са сваімі секцыямі, падсекцыямі, пасадамі і г.д. Амаль усё жыццё працаваў у выдавецкім доме “Галімар”, быў дырэктарам “Энцыклапедыі Плеяды”. Вядомасць атрымаў дзякуючы раману “Зазі ў метро” (Zazie dans le métro, 1959), дзе даследуецца паўсядзённае маўленне ў супрацьстаўленні літаратурнай норме французскай мовы. У разнастайных па жанрах творах — ад матэматычных шарадаў да філасофскіх эсэ — часта эксперыментаваў, выкарыстоўваў фанетычную, т.зв. “новафранцузскую” мову, размоўную і жаргонную лексіку, распрацаваў цэлую сістэму “літаратурных пратэзаў” — фармальных абмежаванняў (паліндромы, ліпаграмы, анаграмы, г.д.), якія стымулююць уяўленне аўтара і дазваляюць пазбягаць штампаў і стэрэатыпаў. На беларускую мову вершы Кено перакладаў Зміцер Колас.