№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 30 кастрычніка

  • 1513

    Нарадзіўся Жак Аміё (фр. Jacques Amyot, памёр 6 лютага 1593), французскі пісьменнік, перакладчык і педагог. Аміё зрабіў пераклады шэрагу грэцкіх класікаў на французскую мову: амаль усе творы Плутарха, у тым ліку ”Паралельныя жыццяпісы”, сем кніг з “Гістарычнай бібліятэкі” Дыядора Сіцылійскага, “Эфіопіка” Геліядора і “Дафніс і Хлоя” Лонга.

  • 1751

    Нарадзіўся Рычард Брынслі Шэрыдан (анг. Richard Brinsley Sheridan, памёр 7 ліпеня 1816), англа-ірландскі драматург і палітык-ліберал. Аўтар адной з найлепшых ангельскіх камедый нораваў “Школа зласлоўя” (The School for Scandal, 1777).

  • 1824

    Памёр Чарлз Роберт Мэцьюрын (анг. Charles Robert Maturin, нар. 25 верасня 1782), ірландскі пісьменнік, аўтар аднаго з найлепшых гатычных раманаў у сусветнай літаратуры “Мельмот-вандроўнік” (Melmoth the Wanderer). Стрыечны дзед Оскара Ўайлда, які пасля вызвалення з турмы жыў у Францыі пад імем Себасцьян Мельмот. Раман “Мельмот-вандроўнік” стаў папулярны далёка за межамі Англіі і паўплываў на літаратуру многіх краін Еўропы, уключаючы Расію і Францыю. Кампазіцыйна раман уяўляе сабой рамкавую канструкцыю, дзе па меры чытання разгортваюцца ўсё новыя і новыя гісторыі са зменай апавядальніка, а потым гэтак жа паслядоўна аўтар гэтую канструкцыю замыкае ў адваротным парадку, заканчваючы гісторыяй таго персанажа, з якой пачаўся раман.

  • 1871

    Нарадзіўся Поль Валеры (фр. Paul Valéry, памёр 20 ліпеня 1945), адзін з найлепшых французскіх паэтаў ХХ ст., эсэіст, філосаф. З 1925 быў сябрам Французскай акадэміі. Акрамя вершаў і прозы, знакаміты сваімі эсэ і афарызмамі, прысвечанымі мастацтву, гісторыі, літаратуры і музыцы.

  • 1885

    Нарадзіўся Эзра Паўнд (анг. Ezra Weston Loomis Pound, памёр 1 лістапада 1972), амерыканскі паэт, адзін з пачынальнікаў англамоўнай мадэрнісцкай літаратуры, выдавец і рэдактар. Нарадзіўся ў штаце Айдаха. У 1908 годзе пераехаў у Лондан, дзе пазнаёміўся з Ўільямам Батлерам Ейтсам і нейкі час быў яго сакратаром. Неўзабаве пачаў публікаваць свае першыя кнігі вершаў і перакладаў з італьянскіх (Гвіда Кавальканці), кітайскіх і японскіх паэтаў. Паўнд — адзін з галоўных прадстаўнікоў паэтычнага напрамку, называнага імажызмам. Пачынаючы з 1920-х гадоў Паўнд шмат перакладаў паэзію з розных моваў, адначасова насычаючы ўласныя вершы (аб’яднаныя ў грандыёзны мадэрнісцкі эпас “Кантас”) цытатамі, алюзіямі да розных пластоў сусветнай культуры.

  • 1887

    Нарадзіўся Георг Гайм (ням. Georg Heym, памёр 16 студзеня 1912), нямецкі паэт. Вывучаў права ў Вюрцбургу і Берлінскім універсітэце імя Гумбальта, але прафесію бацькі ненавідзеў, пра што сведчаць запісы ў ягоных дзённіках. Разам з Эрнстам Штадлерам і Георгам Траклем з’яўляецца ключавой постаццю ранняга экспрэсіянізму, які ў Германіі і Аўстрыі ўвогуле трываў нядоўга. Пісаць пачаў у 12 гадоў (навелы, драмы). Пры жыцці паэта быў выдадзены толькі адзін яго паэтычны зборнік пад назваю “Вечны дзень” (Der ewige Tag, 1911), у які ўвайшлі вершы, створаныя пачынаючы з 1910 году. Падчас катання на каньках на рацэ Хафэль з сябрам, паэтам Эрнстам Бальке, справабаў выратаваць таго з палонкі, але абодва патанулі. На беларускую мову творы Гайма перакладаў Васіль Сёмуха.

  • 1935

    Нарадзілася Агота Крыштоф (венг. Agota Kristof, памерла 27 ліпеня 2011), швейцарская пісьменніца венгерскага паходжання. Пасля здушэння антыкамуністычнага паўстання ў Венгрыі (1956) пераехала ў Швейцарыю, дасканала вывучыла французскую мову, на якой напісала ўсе свае творы. У 1986 годзе Крыштоф выдала свой першы і самы вядомы раман — стылізаваны пад дзённік постніцшэанскі кашмар “Тоўсты сшытак” (Le grand cahier), які апісвае жыццё двух братоў, што вырашылі стаць звышлюдзьмі падчас Другой сусветнай вайны. У 1987 і 1991 Крыштоф апублікавала раманы “Доказ” і “Трэцяя хлусня”, пашырыўшы такім чынам “Тоўсты сшытак” да своеасаблівай трылогіі. Апошні з раманаў быў экранізаваны ў 2000 годзе дацкім рэжысёрам Томасам Вінтэрбергам.

  • 1956

    Памёр Піё Бароха-і-Нэсі (гішп. Pío Baroja y Nessi, нар. 28 снежня 1872), гішпанскі пісьменнік, баск паводле паходжання, адна з ключавых фігураў “пакалення 1898 году”, якое востра перажывала ў сваёй творчасці распад гішпанскай імперыі і сацыяльны, палітычны і маральны крызіс у краіне. Пасля Першай сусветнай вайны Бароха пасябраваў з Артэга-і-Гасэтам, і з іх спрэчак нарадзілася знакамітая кніга апошняга “Дэгуманізацыя мастацтва”. Перэс дэ Аяла так ахарактарызаваў творчасць Барохі: “Раман Барохі падобны да трамвая з пасажырамі, якія ўваходзяць і выходзяць, але не ведаюць, куды яны едуць”.

  • 2010

    Памёр Хары Мюліш (нід. Harry Mulisch, нар. 29 ліпеня 1927), нідэрландскі пісьменнік, які разам з В. Ф. Хермансам і Герардам Рэве лічыцца адным з “вялікай тройкі” (De Grote Drie) паваеннай нідэрландскай літаратуры. Пасля таго, як Херманс памёр, а Рэве звар’яцеў, Мюліш пачаў жартам называць сябе “вялікай адзінкай”. Асноўная тэма твораў Мюліша — Другая сусветная вайна.