№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 21 лістапада

  • 1694

    Нарадзіўся Вальтэр (фр. Voltaire, сапр. Франсуа-Мары Аруэ, памёр 30 траўня 1778), французскі пісьменнік і філосаф, адзін з найбуйнейшых асветнікаў ХVІІІ ст., паэт, празаік, сатырык, гісторык, публіцыст, заснавальнік вальтэр’янства. Перад смерцю Вальтэра яго пляменнік абат Міньё паклікаў да дзядзькі абата Гацье, спадзеючыся прымірыць Вальтэра з царквой. Калі святар прапанаваў вальнадумцу “адрачыся ад Сатаны і прыйсці да Госпада” Вальтэр адказаў: “Навошта перад смерцю здабываць новых ворагаў?”

  • 1790

    Памёр Караль Станіслаў Радзівіл, “Пане Каханку” (нар. 27 лютага 1734), сын пісьменніцы Францішкі Уршулі Радзівіл. Пра князя хадзіла нямала показак — так, паводле адной з іх, ён, захацеўшы летам пакатацца на санях, засыпаў нясвіжскі дзядзінец соллю. Князь зрабіўся правобразам стольніка Гарэшкі ў “Пане Тадэвушу” Міцкевіча, а таксама з’явіўся на старонках шэрагу твораў рамантычнае літаратуры (Г. Равускі, Ю. Крашэўскі, І. Ходзька).

  • 1811

    Памёр Генрых фон Кляйст (ням. Bernd Heinrich Wilhelm von Kleist, нар. 18 кастрычніка 1777), нямецкі пісьменнік-рамантык. Яго драматычны талент найбольш яскрава выявіўся ў камедыі “Разбіты збан”( Der zerbrochne Krug, 1808). Значнай часткай творчай спадчыны Кляйста з’яўляюцца навелы, з якіх асабліва выдзяляюцца “Міхаэль Кальхаас” (Michael Kohlhaas), “Маркіза д’О.” (Die Marquise von O.), “Землятрус у Чылі” (Das Erdbeben in Chili), “Святая Сесілія, альбо Магутнасць музыкі” (Die heilige Cäcilie oder die Gewalt der Musik). На творы Кляйста многія кампазітары пісалі музыку, яго драмы і навелы шматразова экранізаваліся. Кафка ў значнай ступені зазнаў уплыў яго твораў. Пісьменнік пакутаваў на меланхолію, меў навязлівую ідэю скончыць жыццё самагубствам, што не раз прапаноўваў сваёй жонцы. Урэшце ён пасябраваў з хворай на рак Генрыетай Фогель, з якой яны разам сышлі з жыцця, застрэліўшыся.

  • 1844

    Памёр Іван Крылоў (руск. Иван Крылов, нар. 13 лютага 1769), рускі паэт, байкапісец, перакладчык. Найбольшую славу яму прынеслі менавіта байкі, якіх Крылоў напісаў больш за 200 і якія выходзілі і перавыдаваліся вельмі вялікімі на той час накладамі. Калі Крылоў гуляў па Летнім садзе, моладзь жартавала: “Мабыць, дождж хутка — хмара ідзе”, — на што пісьменнік звычайна адказваў: “Я і чую, што жабы расквакаліся”.

  • 1866

    Нарадзіўся Сігб'ёрн Абстфелер (нарв. Sigbjørn Obstfelder, памёр 29 ліпеня 1900), нарвежскі празаік, драматург, паэт-мадэрніст. Яго першы зборнік “Вершы” (Digte, 1893) з'яўляецца адным з ранніх прыкладаў нарвежскай мадэрністычнай літаратуры. Творы Абстфелера часта называюць літаратурным аналагам карцін Эдварда Мунка.

  • 1876

    Нарадзіўся Улаў Дун (нарв. Olav Duun, памёр 13 верасня 1939), адзін з найбуйнейшых нарвежскіх пісьменнікаў ХХ стагоддзя. Пісаў на нюнорску. Аўтар псіхалагічных раманаў “Мар’яна” (1908), “Трое сяброў” (1914), “Харальд” (1915), “Чыстае сумленне” (1916), шасцітомнага цыклу “Жыхары Ювіка” (1918—1923).

  • 1963

    Нарадзіўся Нік Перумаў (рус. Ник Перумов), рускі пісьменнік-фантаст, адзін з пачынальнікаў рускага фэнтэзі. Шырокую вядомасць атрымаў пасля выдання эпапеі “Кола Цемры” (“Кольцо Тьмы”, 1993).