№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 24 лістапада

  • 1394

    Нарадзіўся Карл І, герцаг Арлеанскі (фр. Charles d'Orléans, памёр 5 студзеня 1465), французскі феадал і ваеначальнік, адзін з самых выбітных паэтаў Францыі. Майстар балады (напісаў 131 баладу), рандо (звыш 400), песні. Да яго звернутыя некаторыя балады яго сучасніка Франсуа Віёна. Праводзіў паэтычныя спаборніцтвы ў Блуа. Пісаў як па-французску, так і па-ангельску.

  • 1713

    Нарадзіўся Лорэнс Стэрн (анг. Laurence Sterne, памёр 18 сакавіка 1768), ангельскі пісьменнік. Шырока вядомыя яго раманы “Жыццё і меркаванні Трыстрама Шэндзі, джэнтльмена” (Life and Opinions of Tristram Shandy, Gentleman; 1759—1767) і “Сентыментальнае падарожжа па Францыі і Італіі, апісанае містэрам Ёрыкам” (Sentimental journey through France and Italy by Mr. Yorick, 1768). Раман пра Трыстрама Шэндзі вылучаецца непаслядоўнасцю сюжэту: аўтар увесь час збіраецца расказаць пра ўсё жыццё героя, але ў дзявятым томе Трыстрам дасягае толькі 5-гадовага ўзросту, бо аўтар пастаянна адыходзіць ад тэмы, робіць лірычныя адступленні, дасціпныя заўвагі, збіваецца на размовы з чытачом ці расказвае пабочныя гісторыі. “Сентыментальнае падарожжа” ўвогуле абрываецца на сярэдзіне сказа: “Так што, калі я працягнуў руку, я схапіў fille de chambre за...” Некаторыя лічаць, што такі спосаб аповеду папярэднічае “плыні свядомасці”, якую пачалі выкарыстоўваць у далейшым Дж. Джойс, В. Вулф, Ў. Фолкнэр.

  • 1826

    Нарадзіўся Карла Калодзі (іт. Carlo Collodi, сапр. Карла Ларэнцыні; памёр 26 кастрычніка 1890), італьянскі пісьменнік і журналіст, вядомы перш за ўсё сваёй дзіцячай казкай “Прыгоды Пінокіё. Гісторыя драўлянай лялькі” (Le avventure di Pinocchio: storia di un burattino). Пісьменнік узяў сабе псеўданім Калодзі ў 1856 па назве вёсачкі Калодзі ў Таскане, дзе нарадзілася яго маці Анджэла Ардзалі.

  • 1870

    Памёр граф дэ Латрэамон (фр. comte de Lautréamont, сапр. Ізідор Дзюкас; нар. 4 красавіка 1846), французскі паэт і празаік. Памёр у 24 гады, пакінуўшы 2 творы — паэму прозаю “Песні Мальдарора” (Les Chants de Maldoror, 1869) і зборнік “Вершы І і ІІ”. Баючыся пераследу за блюзнерства і непрыстойнасць, “Песні Мальдарора” Дзюкас выдаў пад псеўданімам. Адметнасць кнігі палягае ў тым, што, як зазначае рускі літаратуразнаўца Г. Косікаў у артыкуле “Пякельная машына Латрэамона”, “Песні Мальдарора” выраслі зусім не з “жыццёвага досведу” аўтара, якога ў яго папросту не было, а з незлічонага мноства прачытаных у школьныя гады кніг. <...> “Песні Мальдарора” — гэта кніга, напісаная “па матэрыялах” іншых, раней прачытаных кніг, якія служаць прадметам пераймання, і калі паспрабаваць даць ім самае папярэдняе літаратурнае азначэнне, то варта прызнаць, што гэта не толькі адкрыта, але і прынцыпова другасны твор — самазабыўная імітацыя разнастайных белетрыстычных узораў”. “Адкрылі” Латрэамона толькі ў 1920-я гады, і прадстаўнікі авангардных рухаў залічылі яго да сваіх папярэднікаў.

  • 1920

    Памёр Александру Мачэдонскі (рум. Alexandru Macedonski, нар. 14 сакавіка 1854), румынскі паэт. Фармальныя пошукі ў яго творчасці і наследаванне французскім сімвалістам паклалі пачатак сімвалізму румынскаму. Першы сярод румынскіх паэтаў пачаў пісаць свабодным вершам. Крытыкай разглядаецца як другі пасля Міхая Эмінэску нацыянальны паэт. Асноўныя зборнікі — “Prima verba” (лац. “Першыя словы”, 1872), “Вершы” (Poesii, 1882), “Святарныя кветкі” (Flori sacre, 1912).

  • 1961

    Нарадзілася Арундаці Рой (анг. ArundhatiRoy, бенг. অরুন্ধতিরায়), індыйская пісьменніца, лаўрэатка Букераўскай прэміі 1997 г. за раман “Бог драбніцаў” (анг. The God of Small Things). У 2006 адмовілася ад найвышэйшай літаратурнай узнагароды Індыі, пратэстуючы супраць палітыкі індыйскага ўраду.

  • 2004

    Памёр Артур Хейлі (анг. Arthur Hailey, нар. 5 красавіка 1920), канадскі празаік брытанскага паходжання. Многія з кнігаў Хейлі рабіліся бэстсэлерамі ў спісе Нью-Ёрк Таймс. У свеце было прададзена больш за 170 мільёнаў асобнікаў на 40 мовах. Шматлікія творы былі экранізаваныя, а па рамане “Гатэль” быў зняты тэлесерыял.