№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 15 снежня

  • 1798

    Нарадзіўся Антоніё Гваданьёлі (іт. Antonio Guadagnoli, памёр 14 лютага 1858), італьянскі паэт, удзельнік вызваленчага руху 1830-х і 1840-х гадоў, аўтар гумарыстычных вершаў на палітычныя тэмы. Вершы паэта, лёгкія і даступныя для любых колаў чытачоў, папулярныя ў Італіі да сённяшняга дня.

  • 1859

    Нарадзіўся Людвік Заменгоф (ідыш לײזער זאַמענהאָף, польск. Ludwik Zamenhof, эсперанта Ludoviko Zamenhof; памёр 14 красавіка 1917), доктар і лінгвіст габрэйскага паходжання, стваральнік мовы эсперанта. Перакладаў на створаную ім мову паэзію і прозу з розных моваў. Памёр у акупаванай Варшаве.

  • 1878

    Нарадзіўся Ханс Кароса (ням. Hans Carossa, памёр 12 верасня 1956), нямецкі паэт і празаік. Яго прыжыццёвую славу склала перш за ўсё аўтабіяграфічная або часткова аўтабіяграфічная проза: цыкл раманаў “Дзяцінства” (Eine Kindheit), “Метамарфозы юнацтва” (Verwandlungen einer Jugend), “Год цудоўных памылак” (Das Jahr der schönen Täuschungen), “Дзень маладога лекара” (Der Tag des jungen Arztes), кнігі дзённікаў і нататак. Перадапошнюю празаічную кнігу Каросы “Няроўныя сусветы” (Ungleiche Welten, 1951) — успаміны відавочцы пра 1930-я — 1940-я гады ў Германіі — Томас Ман назваў адным з самых глыбокіх аналізаў фашызму. Кароса не з'ехаў з Германіі ні ў трыццатыя гады, ні пазней, нягледзячы на тое, што не падтрымліваў фашызм і паслядоўна адмаўляўся ад супрацоўніцтва з яго ідэолагамі. На саступкі ішоў толькі тады, калі ведаў, што за іх выкупіць чыёсьці жыццё. Сярод тых, за каго ён хадайнічаў, — паэт Альфрэд Момберт; менавіта падчас гэтага хадайніцтва Каросу вымусілі прыняць фармальную пасаду старшыні прафашысцкага “Еўрапейскага саюза пісьменнікаў”, ні на адзін сход якога ён, тым не менш, не з'явіўся. Дзякуючы Каросу змог зноў друкавацца Ханс Фалада. Хадайніцтва пра вызваленне Петэра Зуркампа ў 1944 г. было беспаспяховым, але многім — і вядомым і знаёмым Каросу, і невядомым і незнаёмым, якія папрасілі яго заступніцтва, — яму ўсё ж удалося дапамагчы (с).

  • 1947

    Памёр Артур Мэкен (анг. Arthur Machen, нар. 3 сакавіка 1863), ангельскамоўны пісьменнік валійскага паходжання. Пачынаў літаратурную дзейнасць як перакладчык. Першы друкаваны твор — пераклад мемуараў Маргарыты Наварскай “Гептамерон”. Першым арыгінальным яго творам была аповесць “Вялікі бог Пан” (Great God Pan, 1894). Гэты твор выклікаў моцнае абурэнне кансерватыўнай грамадскасці, але быў імгненна распрададзены, як і другое выданне аповесці. Дарэчы, вокладка кнігі была намаляваная Обры Бёрдслі. У 1895 годзе выйшаў яго раман “Тры самазванцы” (The Three Impostors), які лічыцца найлепшым творам пісьменніка. Творчасць Артура Мэкена моцна паўплывала на Г. Ф. Лаўкрафта, П. Страўба. Кінарэжысёр Гільерма дэль Тора зняў па матывах твораў Макена фільм “Лабірынт фаўна”.

  • 2008

    Памерла Аннэ-Катарына Вэстлі (нарв. Anne-Catharina Vestly, нар. 15 лютага 1920), нарвежская пісьменніца, найбольш вядомая творамі для дзяцей. Яе кнігі перакладзеныя на 16 моваў. На радзіме яе называлі “бабуляй усёй Нарвегіі”, параўноўваючы з Астрыд Ліндгрэн у значэнні ўнёску ў дзіцячую літаратуру краіны. Самая вядомая кніга Вэстлі — “Мама, тата, восем дзяцей і грузавік” (Åtte små, to store og en lastebil, 1957), якая стала першай у серыі з дзевяці кніг. Аннэ-Катарына Вэстлі таксама вядомая як акторка; апроч іншага, яна сыграла ролю бабулі ў адной з экранізацыяў сваіх кніг — “Бабуля і восем дзяцей” (Mormor og de åtte ungene). Ілюстратарам кніг Аннэ-Катарыны да сваёй смерці ў 1993 годзе быў яе муж Юхан Вэстлі.