№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 19 снежня

  • 1848

    Памерла Эмілі Бронтэ (анг. Emily Brontë, нар. 30 ліпеня 1818), ангельская пісьменніца, аўтарка рамана “Навальнічныя пагоркі” (Wuthering Heights, 1847). Другая па ўзросце сярод сёстраў Бронтэ. У адрозненне ад сястры Шарлоты, у Эмілі Бронтэ не было блізкіх сяброў, яна рэдка пісала лісты, мала каго, за выключэннем родных, любіла. Яе характару былі ўласцівыя стаічная цвёрдасць і містыцызм. Эмілі памерла ад хуткацечнага туберкулёзу, прастудзіўшыся на пахаванні брата. Сёння асабліва высока ацэньваецца яе паэзія. Вершы “Успаміны” (Remembrance), “Палоннік” (The Prisoner) і іншыя прынеслі ёй славу таленавітай паэткі. У гонар Эмілі Бронтэ названы кратар на Меркурыі.

  • 1860

    Памёр Канстанцін Аксакаў (руск. Константин Аксаков, нар. 10 красавіка 1817), рускі публіцыст, паэт, літаратурны крытык, гісторык і лінгвіст, лідар рускіх славянафілаў і ідэолаг славянафільства. У жыцці быў несамастойным і, пражыўшы 5 месяцаў за мяжой, вярнуўся ў бацькоўскі дом, дзе ўсё празаічна-жыццёвае яго не датычыла. Падчас вандроўкі, у Берліне, першы і апошні раз паспрабаваў зблізіцца з жанчынай, аднак практычныя патрабаванні прадавачкі кветак расчаравалі ідэаліста, і ён збег.

  • 1910

    Нарадзіўся Жан Жэнэ (фр. Jean Genet, памёр 15 красавіка 1986), французскі паэт, празаік, драматург, рэжысёр. Літаратурную творчасць распачаў у 1940-х гадах. Паказ гомасэксуальных стасункаў і апісанне жыцця злачынцаў прывялі да таго, што ў 1950-х гг. некаторыя кнігі Жэнэ былі забароненыя ў ЗША. Сядзеў Жэнэ, дарэчы, часцей за ўсё за выкраданне з крамаў кніг (Пруста, напрыклад). Аўтар раманаў “Божая Маці кветак” (Notre-Dame-des-Fleurs), “Цуд пра ружу” (Miracle de la rose), “Керэль з Брэста” (Querelle de Brest), “Пахавальныя ўрачыстасці” (Pompes funèbres), “Дзённік злодзея” (Journal du voleur), паэмы “Смяротнік” (Le Condamné à mort), п’есаў “Служанкі” (Les Bonnes), “Яна” (Elle), “Балкон” (Le Balcon) і інш. У 1950 годзе зняў кароткаметражны фільм “Песня кахання” (Un Chant d’Amour).

  • 1924

    Нарадзіўся Алешандры О’Ніл (парт. Alexandre O'Neill, памёр 21 жніўня 1986), партугальскі паэт-сюррэаліст ірландскага паходжання, што ў 1948 стаў адным з заснавальнікаў Лісабонскага сюррэалістычнага руху, які, аднак, хутка распаўся. Вядомы сваім іранічным стаўленнем да Партугаліі і партугальцаў, аўтар зборнікаў паэзіі “У Дацкім каралеўстве” (No Reino da Dinamarca, 1958), “Вершы з адрасам” (Poemas com Endereço, 1962), “Невясёлы кірмаш” (Feira Cabisbaixa, 1965) і інш. Некалькі разоў быў арыштаваны палітычнай паліцыяй (PIDE), якая дзейнічала за дыктатарскім рэжымам Салазара.

  • 1940

    Памёр Тамас Караскілья (гішп. Tomás Carrasquilla Naranjo, нар. 17 студзеня 1858), калумбійскі пісьменнік. У раманах “Плады маёй зямлі” (Frutos de Mi Tierra, 1896), “Веліч” (Grandeza, 1910), “Маркіза Яламбо” (La Marqueza de Yolombó, 1926), апавяданнях, напісаных у традыцыях кастубрызму, апісваў народнае жыццё і звычаі Калумбіі, шырока выкарыстоўваў народную мову. За аўтабіяграфічную трылогію “Шмат гадоў таму” (Hace tiempos, 1935—1936) быў уганараваны Нацыянальнай прэміяй па літаратуры.

  • 1941

    Памёр Аляксандр Увядзенскі (руск. Александр Введенский, нар. 6 снежня 1904), рускі паэт, драматург. Быў актыўным удзельнікам аб’яднання “ОБЭРИУ” (Аб’яднанне рэальнага мастацтва), блізкім сябрам Данііла Хармса. Як і Хармс, Увядзенскі за савецкім часам быў вядомы сваімі дзіцячымі кнігамі, і толькі ў 1993 годзе быў выдадзены двухтомны збор іншых яго твораў. Па-сапраўднаму яго цікавілі тры тэмы: час, смерць і Бог. Гэтыя тэмы закранаюцца ў філасофскай паэме “Вакол магчыма бог” (Кругом возможно бог, 1931) і нататкавых запісах “Шэрага сшытка” (“Серая тетрадь”). Найбольш вядомая п’еса Увядзенскага — “Ёлка ў Івановых” (“Ёлка у Ивановых”, 1938). Паводле твора “Пацец” (Потец, 1936—1937) у 1991 годзе зняты мультфільм.

  • 2003

    Памёр Дзмітрый Аваліяні (руск. Дмитрий Авалиани, нар. 6 жніўня 1938), рускі паэт, заснавальнік сучаснага рускага паліндрому, майстар візуальнай паэзіі (асабліва амбіграмаў). Аваліяні першым у рускай паэзіі пачаў выкарыстоўваць паэтычную форму, якую назваў “листовертень” (Юрась Барысевіч прапанаваў беларускі адпаведнік “аркушакрут”) — калі для прачытання надпісу аркуш трэба перавярнуць на 180°.