№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 24 снежня

  • 1798

    Нарадзіўся Адам Міцкевіч (польск. Adam Mickiewicz, памёр 26 лістапада 1855), польска-беларускі пісьменнік-рамантык. Ужо ў ранняй “філамацкай” творчасці Міцкевіча знайшлі адлюстраванне яго грамадска-палітычныя погляды на гісторыю. Вершы ковенскага перыяду (1819—1823) “Песня Адама”, “Песня філарэтаў”, “Ода да маладосці” сталі агульнапрызнанымі сімваламі філамацкага руху. Віленска-ковенскі перыяд адметны выхадам дзвюх кніг Міцкевіча, у якіх змешчаныя “Балады і рамансы” (1822), паэмы “Гражына” і “Дзяды” (ч. 2 і 4, 1823). Са з'яўленнем гэтых твораў постаць Міцкевіча ў польскай літаратуры выйшла на першы план, а Вільня стала новым цэнтрам літаратурнага жыцця. “Балады і рамансы” сведчылі пра пачатак новага мастацкага кірунку — рамантызму. У перыяд расійскай высылкі напісаў “Санэты” (1826) і паэму “Конрад Валенрод” (1828). У Парыжы завершаны і надрукаваны самы значны мастацкі твор А. Міцкевіча, вялікая нацыянальная эпапея — паэма “Пан Тадэвуш” (1834).

  • 1863

    Памёр Ўільям Тэкерэй (анг. William Makepeace Thackeray, нар. 18 ліпеня 1811), ангельскі пісьменнік, мастак-ілюстратар і карыкатурыст. У сатырычных раманах апісваў побыт і норавы кіроўных класаў Англіі. Акрамя раманаў Тэкерэй пісаў аповесці, нарысы, фельетоны, эсэ, пародыі, балады і вершы, чытаў лекцыі. У 1860—1862 гг. быў рэдактарам часопіса “Корнхіл” (Cornhill). Сярод самых знакамітых яго твораў — “Кніга снобаў”, раман “Кірмаш пыхлівасці”, назва якога ўзятая з рамана Беньяна “Дарога пілігрыма”, раман “Пендэніс”, а таксама няскончаны і выдадзены пасмяротна раман “Дэні Дзюваль”.

  • 1881

    Нарадзіўся Хуан Рамон Хімэнэс (гішп. Juan Ramón Jiménez, памёр 29 траўня 1958), гішпанскі паэт, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры 1956 году “за лірычную паэзію, узор высокага духу і мастацкай чысціні ў гішпанскай паэзіі”. Вучыўся на юрыдычным факультэце Севільскага ўніверсітэта, аднак навучанне не скончыў. Пад уплывам творчасці Рубэна Дарыё звярнуўся да паэзіі. З пачаткам грамадзянскай вайны разам з жонкай (перакладчыцай Рабіндраната Тагора Зенобіяй Кампрубі) эміграваў на Кубу, потым жыў у ЗША і Пуэрта-Рыка. Хімэнэс часта пакутаваў на дэпрэсію; так, ён цяжка перажыў смерць бацькі, лячыўся ў французскай клініцы і ў Мадрыдзе, па прыездзе ў Пуэрта-Рыка быў шпіталізаваны з тым самым дыягназам, а пасля смерці жонкі ў 1956 годзе так і не акрыяў і праз два гады памёр у той самай клініцы, што і яна. На беларускую мову вершы Хімэнэса перакладалі Рыгор Барадулін і Марына Казлоўская.

  • 1904

    Нарадзіўся Алесь Дудар (сапр. Аляксандр Дайлідовіч, псеўд. і крыпт. Т. Глыбоцкі; Тодар Глыбоцкі; Ал.Д.; Т.Г.; Т.Г-кі; Арцём Яроцкі; расстраляны 29 кастрычніка 1937), беларускі паэт, крытык, перакладчык. У 1923 — адзін з заснавальнікаў мінскай, віцебскай і полацкай філіяў “Маладняка”. У снежні 1927 выйшаў з “Маладняка” і далучыўся да новага аб'яднання “Полымя”. Аўтар некалькіх зборнікаў паэзіі і кніг перакладаў з рускай, нямецкай, французскай моваў. Пераклаў некаторыя творы А. Пушкіна, “Дванаццаць” А. Блока, урыўкі з “Фаўста” Гётэ, творы С. Ясеніна, Б. Пастарнака, Г. Гайнэ і інш. Асобнымі выданнямі выйшлі “Выбраныя вершы” С. Стандэ (1932), “Вільгельм Тэль” Ф. Шылера (1934), “Жаніцьба Фігаро” П. Бамаршэ (1936) і інш. За верш “Пасеклі наш край папалам…” арыштаваны ДПУ 20 сакавіка 1929; высланы на тры гады ў Смаленск. Зноў арыштаваны ў Смаленску 22 ліпеня 1930 і прывезены ў Мінск на допыты па справе “Саюза вызвалення Беларусі”. У 1931 зноў у Смаленску. Пасля сканчэння тэрміну высылкі вярнуўся ў Мінск. Трэці раз арыштаваны 31 кастрычніка 1936 у Мінску. Асуджаны пазасудовым органам НКУС як “сябра антысавецкай аб’яднанай шпіёнска-тэрарыстычнай нацыянал-фашысцкай арганізацыі”. Рэабілітаваны 21 верасня 1957.

  • 1906

    Нарадзіўся Джэймс Хэдлі Чэйз (анг. James Hadley Chase, сапр. Рэнэ Брабазон Рэйманд; памёр 6 лютага 1985), ангельскі пісьменнік, аўтар больш як 90 дэтэктыўных раманаў. Раманы Чэйза папулярныя ў Азіі і Афрыцы, многія спачатку выходзілі ў Францыі, а потым у астатніх краінах. Шэраг твораў быў экранізаваны. Пісьменнік быў вельмі папулярны ў СССР падчас перабудовы. Чэйза неаднаразова абвінавачвалі ў плагіяце.

  • 1961

    Нарадзіўся Марцін Святліцкі (польск. Marcin Świetlicki), польскі паэт, празаік, журналіст, вакаліст гурта Świetliki. Нарадзіўся 24 снежня 1961 у Любліне. Вывучаў паланістыку ў Ягелонскім універсітэце. Лаўрэат шматлікіх літаратурных узнагародаў. Аўтар шаснаццаці паэтычных зборнікаў, сярод якіх “Схізма” (Schizma, 1994), “37 вершаў пра гарэлку і цыгарэты” (37 wierszy o wódce i papierosach, 1996), “Трэцяя палова” (Trzecia połowa, 1996), “49 вершаў пра гарэлку і цыгарэты” (49 wierszy o wódce i papierosach, 2004), “Невідавочна” (Nieoczywiste, 2007) і інш. Жыве ў Кракаве. На беларускую мову вершы Святліцкага перакладала Віялета Пачкоўская.

  • 1982

    Памёр Луі Арагон (фр. Louis Aragon, нар. 3 кастрычніка 1897), французскі паэт і празаік, сябра Ганкураўскай акадэміі, дзеяч Французскай камуністычнай партыі, лаўрэат Міжнароднай Ленінскай прэміі “За ўмацаванне міру паміж народамі” (1957). У маладосці быў блізкі да кола дадаістаў і сюррэалістаў.

  • 2008

    Памёр Гаральд Пінтэр (анг. Harold Pinter, нар. 10 кастрычніка 1930), брытанскі драматург, паэт, рэжысёр, актор, палітычны актывіст. Адзін з самых уплывовых брытанскіх драматургаў свайго часу. Лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры 2005 году — за п'есы, у якіх ён “прачыняе бездань, якая ляжыць пад мітуснёй штодзённасці, і ўрываецца ў засценкі прыгнёту”. Пінтэр шырока вядомы не толькі як аўтар п'ес “Пакой” (The Room, 1957), “Дзень народзінаў” (The Birthday Party, 1957), “Вартаўнік” (The Caretaker, 1959), але і як праваабаронца і публічны праціўнік амерыканскіх ваенных кампаній у Афганістане і Іраку, дзеянняў НАТО ў Югаславіі. Аўтар кінасцэнару “Жанчына французскага лейтэнанта” і шэрагу іншых фільмаў.