№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Сяргей Шупа,
Ян Максімюк

Мы кіруемся асабістымі сімпатыямі

28 снежня 2009

Мы кіруемся асабістымі сімпатыямі


Сяргей Шупа і Ян Максімюк: Мы кіруемся асабістымі сімпатыямі.

Каля двух з паловай месяцаў таму на прасторах беларускага інтэрнэту адкрыўся новы сайт, прысвечаны як беларускай літаратуры, так і замежнай літаратуры па-беларуску: “Літаратура.org”. Яго заснавальнікамі выступілі Сяргей Шупа, Ян і Аляксандр Максімюкі. Мы папрасілі вядомых перакладчыкаў Сяргея Шупу і Яна Максімюка расказаць чытачам “ПрайдзіСвета” і, натуральна, патэнцыйным наведнікам сайта litaratura.org пра свой праект.
 

Калі ласка, раскажыце крыху пра геаграфію Вашага сайта, пра асноўныя рубрыкі, іх назвы і змест.

 

Ян Максімюк: Нашыя рубрыкі не нясуць нейкай асаблівай канцэптуальнай нагрузкі. Задума была ў тым, каб зрабіць сайт зручным як для абслугі, то бок для выстаўлення тэкстаў мною і Сяргеем, ды мадэрнізавання мэханізму і дызайну сайта нашым інжынерам і тэхнічным мозгам Алікам, так і для арыентацыі карыстальнікаў, якія захочуць нешта прачытаць на сайце, друкануць з яго або згрузіць на свой кампутар. А таму першая рубрыка – Чытальня – гэта месца, куды ў першую чаргу мы ставім тэксты, якія прызначаюцца, так сказаць, для чэрпання эстэтычнай асалоды з літаратуры. У гэтай рубрыцы можа будзе знайсці не толькі паэзію і мастацкую прозу, але і ўсялякага роду літаратурныя ці калялітаратурныя эсэ. У Вітальню мы наогул ставім тэксты інфармацыйна-біяграфічнага характару пра творы і пісьменнікаў. І будзем тут змяшчаць інтэрв’ю з пісьменнікамі і перакладчыкамі. Старажытню мы прыдумалі для рэчаў з ХІХ стагоддзя і старэйшых – чыста тэхнічны ход, каб кожны ведаў, дзе ў першую чаргу шукаць перакладаў Ўільяма Блэйка або Эдгара Алана По. У Дзівотні мы змяшчаем рэчы, якія можна было б змясціць і ў Чытальні, калі б густы беларускага чытача не былі такія цнатлівыя і калі б розныя лексікальна-стылістычныя і фабулярныя выкрунтасы (скажам, “Дзявочы дзённік” Эгана Бонды або “Лучок над іпсілонам” Эдварда Стахуры) успрымаліся з такой самай ступенню даверу (або недаверу), як дабротныя рэчы літаратурнага мэйнстрыму (прыкладам, Патрык Мадыяно ці Генрык Нордбрант). Дарэчы, шмат якія тэксты закласіфікаваныя якраз да гэтых абедзвюх рубрык – Чытальні і Дзівотні. Прыпісанне да Дзівотні павіннае быць сігналам для наведнікаў сайта, што тэкст нейкімі сваімі параметрамі выліваецца з дзежкі мэйнстрыму. Рубрыка Александрыя прызначаная адмыслова для Сяргея. Агульна кажучы, рубрыкі для нас – справа другой або і трэцяй важнасці. Справай першай важнасці з’яўляецца тэкст, які альбо хочацца чытаць, альбо не. Калі не, дык ніякая рубрыка не дапаможа.

 

Сяргей Шупа: Пра Александрыю. Александрыя – гэта горад. Але не толькі й не проста горад у Егіпце. Гэта адна з найвялікшых гістарычных і літаратурных містыфікацыяў. Горад Аляксандра Македонскага, які ніколі яго не пабачыў. Культурная сталіца антычнага свету з неабсяжнай Бібліятэкай, знікненне якой захінута ад нас гістарычнай імглою. Горад аднаго з сямі старажытных цудаў свету – Маяка, які вабіў сваім прывідным святлом падарожнікаў з Еўропы. Горад, вакол якога ў ХХ стагоддзі была створаная неверагодная культурная міфалогія, пра якую ў нас да нядаўніх часоў мала што было вядома. Пра ўсё гэта будзе ў нашай “Александрыі”.

Дарэчы, да гэтай тэмы мае даўняе і непасрэднае дачыненне Алік – у далёкім 1990(?) годзе, калі ён працаваў на Ватыканскім радыё (!), Ян папрасіў яго неяк здабыць “Александрыйскі квартэт” Лорэнса Дарэла, той пераадрасаваў просьбу падрэ Роберту Тамушанскаму, які якраз выбіраўся ў Амерыку. Падрэ прывёз блок з чатырох кніжак Аліку ў Ватыкан, Алік – Яну ў Беласток, а я ў Беластоку, раз узяўшы тыя кнігі ў рукі, забраў іх сабе, адбіўшыся абяцаннем іх перакласці. Ад таго часу мяне зачаравала магія Александрыі, і, хоць кнігі ў мяне даўно забрала дачка, не расстаюся з марай перакласці гэты твор. (Пра кожнае слова з гэтага абзацу можна было б напісаць ладны раздзел авантурнага раману...)

 

Ва ўступным слове пра праект Вы напісалі, што Вам “захацелася зрабіць сайт, прысвечаны стварэнню мастацкіх тэкстаў/перакладаў на беларускай мове і ўсяму іншаму, што гэткаму занятку можа спадарожнічаць, – абмеркаванню пісьменніцкіх/перакладчыцкіх поспехаў і паразаў, як сваіх, так і чужых; тэарэтычным пытанням літаратуры (прыкладам, ці варта звяртаць увагу на графаманаў); практычным пытанням перакладу (прыкладам, як адэкватна перакласці das schwerste Gewicht або ці трэба стылізаваць мову ў перакладах тэкстаў сівой мінуўшчыны); высвятленню, якія бардэлі наведваў Лорэнс Дарэл у Александрыі; абмену інфармацыяй, што вартага ўвагі мы прачыталі апошнім часам; пошуку аорысту ў палескай і харвацкай мовах; прэзентацыі няведамых шырэйшай публіцы літаратураў (прыкладам, угандыйскай на нідэрландскай мове); і кучы іншых, дагэтуль не закранутых у беларускім літаратурным дыскурсе пытанняў”. Скажыце, калі ласка, якім чынам гэты даволі размаіты матэрыял Вы плануеце размяшчаць на сайце? Ці будзе на сайце створаная асобная пляцоўка альбо рубрыка для вольнай камунікацыі перакладчыкаў?

 

Ян Максімюк: Усё гэта можна было б паразмяркоўваць і па рубрыках, якія ўжо ёсць на сайце. Але вы, безумоўна, маеце рацыю ў тым, што сайту бракуе яшчэ адной рубрыкі – дыскусійнага форуму, дзе кожны, каму рупіць нешта сказаць пра літаратуру, як беларускую, так і сусветную, мог бы гэта беспраблемна і лёгка зрабіць ды паслухаць меркаванні іншых. Алік працуе над вырашэннем гэтага пытання, паколькі такі форум планаваўся намі з самага пачатку. Назва гэтага форуму будзе сугучная з назвамі ўжо запушчаных рубрык – Гаварыльня. Найважнейшая рэч, аднак, у тым, каб максімальна спрасціць фармалізацыю ўдзелу ў нашай Гаварыльні і адначасна не ўляпацца ў сітуацыю, у якую канчаткова ўляпаўся сайт Litara.net, які стартаваў як шматабяцальная пляцоўка знаёмства з сучаснымі тэндэнцыямі ў беларускай літаратуры, а скончыў як жахлівая “брахалаўка”, дзе кожны, хто толькі пажадаў, мог ліць сваю жоўць і вытрасаць запасы душэўнай пацярухі. Пацярпела на гэтым якраз літаратура, якая дала адтуль драпака першая і ніколі потым не вярнулася.

 

Сяргей Шупа: Дарэчы, наш праграміст-алхімік Алік рыхтуе на сайце адзін тэхналагічны сюрпрыз – нешта заалагічнае, таямнічае і трошкі страшнаватае. Мы з Янам яшчэ й самі яго не бачылі і маем толькі цьмянае і трывожнае ўяўленне аб ім – чакаем з нецярпеннем...

 

Адкрыйце таямніцу: што сапраўды адбываецца ў пятніцу? На што Вы абапіраецеся падчас адбору твораў для публікацыі на сайце? Ці існуюць нейкія пэўныя чыннікі? Або пры адборы Вы кіруецеся адно асабістымі сімпатыямі?

 

Сяргей Шупа: Мы з Янам працуем кожны дзень побач – за якіх сем метраў адзін ад аднаго. Але працы на працы так шмат, што ў нас, бывае, нават няма часу на тое, каб сесці і прагледзець разам на YouTube відэакліп якога-небудзь “Fokus'a”, “Camel'a”, “Gentle Giant'a” або якога іншага даўно забытага рок-дыназаўра з нашай невізуальнай маладосці. Пра тое, каб пагаварыць пра літаратуру, пераклады, мовы ды іншыя Тлёны і Укбары, нават і думаць няма чаго.

А ў пятніцу а шостай мы на нейкі час – свабодныя людзі, і перад намі адкрываецца ўвесь сусвет. За больш чым дзесяць гадоў, што мы разам жывем у Празе, мы зведалі алкагольную тапаграфію Вінаградаў і Жыжкава, Градчанаў і Нусляў, можам адрозніць паводле ліпкасці плямы на стале “Лобкавіц” ад “Гамбрынуса”, ведаем у якой паслядоўнасьці трэба піць “Келт”і “Вэлвэт”, колькі дэцыбелаў за хвіліну можна вытрываць у Грабалавай гасподзе “У залатога тыгра” ды шмат іншых карысных дробнасцяў.

Але галоўнае, што адбываецца падчас такіх экспедыцыяў, – гэта падарожжы ў прасторы й часе па літаратурным свеце. Цэлы тыдзень мы чытаем нейкія кнігі, перыёдыкі, інтэрнэт-матэрыялы, купляем кнігі, слоўнікі, дыскі – у кожнага з нас набіраецца досыць рэчаў, пра якія свярбіць язык пагаварыць у буднія дні, але дзеля занятасці трэба чакаць да пятніцы.

Пятніцамі мы некалі рэдагавалі кароткатрывалы часапіс “Правінцыя” – звычайна гэта адбывалася ў іншай Грабалавай мясціне – рэстаране “Тлумная адзінота”. Але ад нядаўняга часу мы пачалі засвойваць прынцыпова іншыя метафізічныя абсягі – пражскія чаёўні. Там можна сесці, або й легчы, калі ёсць месца на адмысловых дыванах, замовіць эстэцкую японскую судзіну з нейкім дзівотным напоем і працягваць размовы, пачатыя яшчэ гадоў дваццаць таму. Менавіта ў “Добрай чаёўні” – фантасмагарычным аазісе пасярод абрыдла-турыстычнай Вацлаўскай плошчы – мы рыхтуем гэтыя нататкі.

Што да выбару твораў на сайце – Вы ўгадалі. Мы кіруемся асабістымі сімпатыямі. Сімпатыі гэтыя часам бываюць дзіўныя і нестандартныя, але мы спадзяемся на тое, што знойдзецца нямала людзей, наладжаных на тую самую хвалю, і што ім гэткая суб'ектыўнасць выбару падасца якраз плюсам.

 

З развіццём інтэрнэту на Захадзе востра падымаецца пытанне аўтарскіх правоў. Не сакрэт, што з творамі ў электронным выглядзе іх захоўваць нашмат цяжэй. Скажыце, калі ласка, ці збіраецеся Вы нейкім чынам захоўваць правы аўтараў і перакладчыкаў на Вашым сайце?

 

Ян Максімюк: Мы не збіраемся ніякім чынам выкарыстоўваць чужую інтэлектуальную ўласнасць дзеля асабістага ўзбагачэння. Мы не прадаем ні перакладаў, ні доступу на наш сайт, ні чаго іншага. Гэта, зразумела, не апраўданне таго, што мы не надта рупімся пра здабыванне дазволаў на публікацыю таго або іншага перакладу ад уласнікаў аўтарскіх правоў на арыгінал, але гэта – абсалютна чыстая сітуацыя ў асабістым плане, якая запэўнівае нам з Сяргеем маральны камфорт і спакойны сон. А што тычыцца патэнцыйных канфліктаў з нейкімі уласьнікамі аўтарскіх правоў, дык мы ў адну пятніцу прыйшлі да высновы, што для ўсяго таго, у што мы верым і дзеля чаго працуем у літаратуры, было б каласальна карысна, каб на нас як на свайго роду выдавецкіх піратаў падалі ў суд недзе ў Цюрыху, або ў Дубліне, або хоць бы ў Варшаве. Як думаю, свет пры гэтай нагодзе дазнаўся б шмат цікавага як пра практычныя, так і пра тэарэтычныя пытанні беларускай літаратуры і, шырэй, беларускай культуры. Надзея, што нехта да гэтага калісьці дадумаецца, не дазваляе нам апусціцца ў адчай і распластацца пад канстатацыяй, што ўсім у замежжы, акрамя мяне і Сяргея ў Празе ды Аліка ў Беластоку, насамрэч ужо напляваць на беларускую літаратуру. Што тычыцца беларускіх аўтараў і перакладчыкаў, якім захочацца пачапіць нешта сваё на нашым сайце, дык зразумела, што гэта будзе адбывацца толькі з іх ведама і згоды. Ды, зразумела ж, з іхнай творчай сатысфакцыяй.

 

На дадзены момант на сайце дамінуюць перакладныя творы. А што з арыгінальнай літаратуры знойдзе там месца?

 

Ян Максімюк: Я думаю, што Сяргееў цыкл “Александрыя” мае шанец скласці адзін з самых арыгінальных твораў беларускай літаратуры. А калі гаварыць пра іншых, дык, шчыра кажучы, я пра гэта яшчэ ўсур’ёз не думаў. Мы цяпер толькі на тым этапе, калі сцвярджаем саміх сябе і свой сайт у беларускай кіберпрасторы, стараемся паказаць, у чым яго адрознасць ад усяго іншага, прызвычайваем прыхільнікаў літаратуры да таго, на што яны могуць спадзявацца ад нас. Я маю надзею, што як перакладчыкі, так і гэтак званыя арыгінальныя аўтары час ад часу заглядаюць на наш сайт і прыкідваюць, варта з намі неяк звязацца (то бок павесіць нейкі свой тэкст у нас) або не. Каб запэўніць сабе файных супрацоўнікаў ці проста верных чытачоў, трэба спачатку самому нешта сапраўды вартае ўвагі прапанаваць. Пакуль што пытанне таго, штó я магу прапанаваць іншым, для мяне значна важнейшае, чым пошук таго, штó могуць прапанаваць іншыя мне.

 

Сяргей Шупа: Тут галоўную ролю адыграе той самы адвольна-суб'ектыўны чыннік. Нашыя пераклады ў суме ўтвараюць даволі гарманічны сусвет, абрысы, гукі й колеры якога можна без цяжкасці намацаць, пачуць і адчуць. І нам, урэшце, няма розніцы, на якой мове створаны твор, які ў той наш сусвет упішацца, – калі нешта такое нехта напіша па-беларуску, дык яшчэ й лягчэй – не трэба мучыцца перакладаць. Я ўжо нават ведаю як найменей аднаго, а то й двух такіх беларускіх аўтараў.

 

Як Вы самі сказалі, гэта праект “не камерцыйны, а амбіцыйны”, і прызначаны ён для публікацыі твораў і перакладаў, што раней пісаліся і перакладаліся ў стол. Але ці маеце Вы планы перакладаць нешта адмыслова для сайта або нават замаўляць перакладчыкам канкрэтныя творы?

 

Ян Максімюк: Я асабіста маю такі намер. Я зразумеў, што ніякае беларускае выдавецтва ні цяпер, ні праз 10 гадоў не ў змозе гарантаваць мне лепшай камунікацыі са спажыўцамі літаратуры, чым інтэрнэтны сайт, а таму ўсё тое, што я рабіў дагэтуль для розных папяровых выданняў, я цяпер перакіроўваю ў электроннае рэчышча. Зразумела, я буду рабіць новыя пераклады адмыслова для сайта. Фактычна, я іх ужо раблю. Адно што пакуль не хочацца гаварыць пра канкрэтных аўтараў і канкрэтныя загалоўкі – няхай у публікацыях на нашым сайце прысутнічае элемент пэўнай нечаканасці і неспадзяванкі.

 

Дарэчы, каго з іншых перакладчыкаў Вы б хацелі бачыць на Вашым сайце?

 

Ян Максімюк: Ведаеце, я хацеў бы бачыць такога перакладчыка, які прапанаваў бы нам харошы пераклад “Падарожжа на ўскрай ночы” Селіна або, напрыклад, пераклад нейкага апавядання Генры Джэймса. То бок мяне асабіста не так вабіць нейкае прозвішча перакладчыка, які ўжо зрабіў сабе імя, добра пераклаўшы нешта вартае ўвагі, як пэўныя аўтары і творы ў сусветнай літаратуры, якіх і якія мне хацелася б убачыць у беларускім люстры.

 

Сяргей Шупа: Тых, хто перакладзе творы, якія нам хацелася б пабачыць на сайце, але перакласці якія мы самі не можам – не ведаем мовы і/або не маем часу на тое, каб іх вывучыць. Так, хацелася б, каб нехта (і гэтага некага мы нават ведаем) пераклаў пару кніг Архана Памука (найперш “Стамбул”, “Чорную кнігу” і “Я завуся Чырвоная”).

 

Ваш праект па амбітных планах і даволі шырокім ахопе літаратурнага матэрыялу мог бы ператварыцца ў літаратурны партал. Як Вы ставіцеся да гэтай ідэі?

 

Ян Максімюк: Я – даволі скептычна, хоць прызнаюся, што і не ў змозе ўявіць сябе дастаткова ўцямна, што такое літаратурны партал. Рэч у тым, што Літаратура.org робіцца без адной капейчыны дафінансавання, а таму ўсе фінансавыя наклады ды ўвесь матэрыяльны і інтэлектуальны цяжар утрымання сайту кладзецца на плечы і мазгі трох чалавек, якія штодзень цяжка працуюць у іншых сферах, каб запэўніць утрыманне сабе і сваім сем’ям. На пераклады мне і Сяргею застаецца фактычна толькі час у выходныя ці падчас адпачынку. У такой сітуацыі, зразумела, забава з літаратурным парталам абсалютна немагчымая. Даглядаць такі партал мог бы, кажучы тэарэтычна, мой брат Аляксандр, калі б яму не трэба было працаваць на хлеб так, як ён працуе цяпер, ствараючы інтэрнэтныя сайты для розных людзей у Заходняй Еўропе. Ён зрабіў нам з Сяргеем файны сайт і цацку на наступныя 10 гадоў задарма і з ахвотай, бо, як сам кажа, па-першае, любіць літаратуру, па-другое, я – ягоны брат, і па-трэцяе, яму, як і мне, робіцца моташна ад тых незлічоных грантавых праектаў у беларускай кіберпрасторы, якія нікому, акрамя саміх грантаатрымальнікаў, нецікавыя і непатрэбныя. Але рабіць нам нейкі партал мой брат не стане, дый нам не трэба. Мы ўсе трое дакладна ўсведамляем, што беларускі літаратурны патэнцыял (уключаючы ўсіх перакладчыкаў) не настолькі моцны, каб запэўніць напаўненне такога парталу на прыстойным узроўні. Дый наш нацыянальны “хутаранскі менталітэт” – раскіданасць розных інтэлектуальных ініцыятываў па розных хутарах-сайтах і неахвота аб’ядноўвацца вакол чагось, што патрабуе перш за ўсё звілістых мазгоў, а не абаротлівых языкоў, – не спрыяе такім пачынам.

 

Сяргей Шупа: Не. Ніякай гігантаманіі. Аліса Бізяева ўжо некалі паказала, што гэта шлях у нікуды. Мы нават і назву сайта не лічым залішне амбітнай – ну літаратура й літаратура. Нам гэтае слова проста падабаецца.

Чытайце таксама

Адчуць сябе паэтам 16 стагоддзя

Жанна Некрашэвіч-Кароткая

Адчуць сябе паэтам 16 стагоддзя

Паколькі я ў асноўным перакладаю творы эпох Рэнесансу і Барока, то ў сваёй перакладчыцкай методыцы я арыентуюся на захаванне максімальнай блізкасці да тэксту арыгінала...

Ален Гінзберг у Празе

Вацлаў Граб’е

Ален Гінзберг у Празе

Паводле ўсяго, кароткая гутарка з Аленам Гінзбергам – гэта апошні тэкст, напісаны, прынамсі часткова, Вацлавам Граб’е. Паэт памёр ад атручання чадным газам 5 сакавіка 1965 году, праз 13 дзён пасля прылёту…

Пераклад — гэта спосаб чытання твора

Лешак Энгелькінг

Пераклад — гэта спосаб чытання твора

Вясной у кнігарні “логвінаЎ” у межах Месяца польскай літаратуры прайшла сустрэча з польскім паэтам, перакладчыкам, літаратуразнаўцам і перакладазнаўцам Лешкам Энгелькінгам...

«Мова — гоман векавога бору...»

Максім Лужанін

«Мова — гоман векавога бору...»

У маі 1979 года на старонках «Звязды» быў надрукаваны артыкул Кандрата Крапівы «Ці будзем мы ездзіць па левым баку?» Народны пісьменнік і акадэмік даволі сурова крытыкаваў тых аўтараў і рэдактараў, якія,…

868