№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Юрый Вінічук

Трэба не быць сквапным, каб падараваць твор іншаму

29 снежня 2009

Трэба не быць сквапным, каб падараваць твор іншаму
 Імя львоўскага пісьменніка Юрыя Вінічука добра вядомае на радзіме і за мяжой. Але ведаюць яго не толькі пад сваім іменем. Валійскі манах Рыянгабар, сведка нападу Батыя на Кіеў, паэтка XVII стагоддзя Ганна Любавічыўна, Раксалана, жонка султана Сулеймана, – гэта таксама Юрый Вінічук. На яго творы абураюцца, яго містыфікацыі выкрываюць (часцей ён выкрывае іх сам), але самае галоўнае – яго чытаюць.

Толькі пры падрыхтоўцы гатычна-каляднага нумару мы звярнуліся да Юрыя з пытаннямі не толькі таму, што ён піша хораша і цікава сам, але яшчэ і таму, што ён уклаў і выдаў некалькі анталогій украінскай містычнай і гатычнай літаратуры, блакітную мару беларускіх чытачоў і літаратараў. Пра гэтае, а таксама пра многае іншае мы і вырашылі запытацца ў Юрыя Вінічука.

 

Раскажце, калі ласка, як пачалася гісторыя Вашага зацікаўлення гатычнай літаратурай?

 

Я ўжо ў дзяцінстве захапляўся страшылкамі, любіў казкі пра ведзьмаў, прывідаў, вупыроў, але ў тыя часы было выдадзена вельмі мала гатычных твораў ці твораў жахаў. Гэты прагал запаўнялі хіба Эдгар По, Амбраз Бірс, Дыкенс, Колінз, Гофман, Гаўф... Але я з дзяцінства ведаў польскую і чэшскую мовы, а там выдавалі цэлыя серыі гатычнай прозы. Найбольшае ўражанне на мяне зрабіў польска-ўкраінскі пісьменнік Стэфан Грабінскі, які пісаў у 1910 – 1930-х гадах. Я пераклаў багата яго твораў. Яшчэ адзін аўтар, якім я захапіўся, – ірландзец Джозэф Шэрыдан Ле Фаню (1814–1873). Вось так я пачаў пісаць нешта і для сябе, але публікаваць гэтыя творы было немагчыма. І адначасна я ўкладаў віртуальныя анталогіі, верачы, што некалі гэта ўдасца выдаць.

 

А якія, на Вашую думку, вытокі ўкраінскай гатычнай літаратуры? Што паўплывала на яе фармаванне?

 

У ХІХ стагоддзі наймацнейшы ўплыў меў фальклор. Гогаль і ягоныя сучаснікі Бялевіч, Данілеўскі, Купрыенка, Баразна, Сомаў, Старажэнка і іншыя пісалі апавяданні, блізкія да народных пераказаў. Але заходнеўкраінскія, акрамя народнага ўплыву, адчувалі яшчэ ўплыў польскай і нямецкай прозы. Гэта можна заўважыць у творах Навумовіча, Згарскага, Гаўрышкевіча, Зарэвіча, Лазінскага. У ХХ стагоддзі з’явілася цэлая плеяда аўтараў, якія ў той ці іншай меры скарыстоўвалі метад, які цяпер называюць магічным рэалізмам.

Але вытокі ўкраінскай гатычнай прозы сягаюць яшчэ глыбей – у жыцці святых і апісанні розных цудаў, якія выдаваліся ў Сярэднявеччы, у эпоху барока і ў ХVІІІ ст. Тады ж былі выдадзеныя зборнікі фацэцый, дзе трапляліся і жахлівыя гісторыі. Як вы здагадваецеся, я цяпер укладаю анталогію даўняй украінскай фантастыкі, бо назваць гэта готыкай яшчэ не выпадае. Але калі я выдаў анталогію пра чарцей “Чорт ведае што”, то выявілася, што ўкраінскі чорт пераважна пацешны, наіўны і нават добры. А найстрашнейшыя гісторыі пра чарцей трапляліся толькі ў творах айцоў царквы.

 

Апавядзіце пра першых аўтараў гатычнай прозы ва Украіне.

 

Сітуацыя ва Украіне была такая ж, як у Беларусі. Нашыя пісьменнікі пісалі не толькі па-ўкраінску, але і па-руску, па-польску і па-нямецку. За ўсё ХІХ ст. ва Украіне выдаваўся толькі адзін украінскамоўны часопіс “Аснова”, які праіснаваў два гады. Кнігі выдаваліся дужа рэдка, а ўкраінская мова забаранялася. Нашыя пісьменнікі мусілі звяртацца да рускай мовы. Таму мне давялося перакласці Арэста Сомава (1793–1833), Івана Баразну (1804–1858), Міколу Кастамарава (1817–1885), Грыгорыя Данілеўскага (1829–1890). У Заходняй Украіне ў гэты час выдаваліся сотні газет і часопісаў, і літаратура стваралася на роднай мове, за выняткам невялікай групы масквафілаў, якія атрымлівалі грошы з Расіі і культывавалі нейкую дзіўную макабрычную мову. Вось жа, іх таксама давялося перакласці. З польскамоўных аўтараў назаву Міхайлу Чайкоўскага (1804–1886), які сабраў у Турэччыне цэлы полк казакоў і ваяваў супраць Расіі, і Уладзіслава Лазінскага з Львова (1843–1913). У ХХ ст. сітуацыя змянілася, цэнзура адступіла, і ўжо не было патрэбы звяртацца да іншай мовы. Ёсць толькі адзін такі выпадак. Маю на ўвазе яшчэ аднаго пісьменніка з Львова – Стэфана Грабінскага (1887–1936), які пачынаў пісаць па-ўкраінску, але атрымаў адмову ў публікацыях. Тады ён пераклаў свае апавяданні на польскую мову і стаў папулярным.

 

Ці была распаўсюджаная ўкраінская гатычная паэзія?

 

У эпоху рамантызму, як і паўсюль у Еўропе, такая паэзія была распаўсюджаная досыць шырока. Руіны замкаў, могілкі, прывіды, ведзьмы і русалкі – гэта найпапулярнейшыя вобразы ў творах Шаўчэнкі, Баравікоўскага, Куліша, Кастамарава, Мятлінскага, Шчогалева, Руданскага і іншых.

 

Раскажыце пра тое, з чаго пачыналася выданне анаталогіяў украінскай готыкі. Калі, чаму, пры якіх умовах? Для Беларусі гэта дагэтуль блакітная мара...

 

Я выдаю ўсе свае кнігі ў выдавецтве “Піраміда”, дырэктарам якой з’яўляецца мой сябар Васіль Гуткоўскі. Таму ніякіх праблемаў для ажыццяўлення якога-небудзь майго праекту няма. Паколькі ўва мне заўжды змагаюцца чытач і пісьменнік, то калі перамагае чытач, я ўкладаю анталогіі. І гэта мой улюбёны занятак. Яшчэ я люблю корпацца ў старых часопісах, вышукваючы цікавыя тэксты. Калі ў мяне не было мажлівасці выдаць гэтыя кнігі, я проста занатоўваў сабе, дзе і што знаходзіцца. А цяпер застаецца прыйсці з фотаапаратам, перазняць і загнаць у кампутар. Праўда, не ўсе тэксты можна знайсці ў Львове, таму даводзіцца ехаць у Кіеў, яшчэ планую ўвесну паехаць у Маскву перазняць тэксты Міколы Бялевіча 1839 году і Уладзіміра Раскаўшэнкі 1860-х гадоў.

Выдавец з радасцю друкуе і дадрукоўвае гэтыя анталогіі, бо яны добра прадаюцца.

Укладанне анталогій – гэта таксама творчасць. І, мабыць, нават больш цяжкая за само пісьменніцтва. Таму гэтай справай рэдка хто займаецца.

 

Вы і самі пішаце гатычную прозу. Якая асаблівасць сучаснай украінскай “літаратуры жахаў”? У чым яе адметнасць у параўнанні з літаратурамі іншых краінаў, а таксама з Вашымі папярэднікамі?

 

Ведаеце, я б сучасную літаратуру жахаў не атаясамліваў з гатычнай. У нас ёсць аўтары, у чыіх творах з’яўляюцца нейкія монстры, вупыры, пачвары і г.д., але гатычнага настрою там няма. Гэта просценькія вострасюжэтныя творы. Таму сярод аўтараў, якія прытрымліваюцца гатычнага канону або магічнага рэалізму, я б назваў ранняга Уладзіміра Дразда, Валерыя Шаўчука, аўтара чароўных гістарычна-філасофскіх аповесцяў, асобныя апавяданні Уладзіміра Назаранкі, Васіля Габора. А яшчэ Галіну Пагуцяк, аўтарку некалькіх класічных гатычных раманаў, якія ў той жа час з’яўляюцца ўзорам высокамастацкай прозы.

Адрознасць гэтых аўтараў ад сучаснай гатычнай літаратуры Захаду ў тым, што яны элітарныя, а не масавыя.

 

Вы чалавек, схільны да містыфікацыў. Раскажыце пра найцікавейшыя выпадкі містыфікацыі ва ўкраінскай літаратуры і пра тое, як вы былі Рыянгабарам, ірландскім паэтам, аўтарам верша “Плач над горадам Кія”.

 

Першыя містыфікацыі – гэта асобныя думы, якія склалі паэты. У ХІХ ст. такіх містыфікацый было мала. Затое ў ХХ ст. багата: Парфірый Горатак, Эдвард Страха, Барыс Карняенка і інш. А я ўбіўся ў містыфікацыю выключна з патрэбы апублікаваць свае ўласныя творы. Пад выглядам перакладаў з ірландскай і валійскай мовы іх друкавалі перадавыя часопісы 80-х гадоў. У 1984 годзе я ўвайшоў у такі экстаз, што надрукаваў цэлую паэму выдуманага мной манаха Рыянгабара, які нібыта быў сведкам абароны Кіева ад навалы Батыя. Паэма выклікала нечуваны розгалас, яна і дагэтуль фігуруе ў энцыклапедыях, яе часта згадваюць у прэсе, хаця я ўжо даўно прызнаўся ў містыфікацыі. Пасля таго я прыдумаў Ганну Любавічыўну, паэтку XVII ст. Паколькі гэта адзіная ўкраінская жанчына-паэтка, апрача легендарнай Марусі Чурай, то пра яе пісалі, і пішуць, і абараняюць дысертацыі.

А ў 1992 годзе ў газеце “Post-Поступ” стаў з нумару ў нумар публікавацца дзённік Раксаланы – гістарычнай асобы, украінкі, якая стала жонкай султана Сулеймана. Занадта адкрытыя апісанні гарэмных уцехаў выклікалі абурэнне грамадскасці, якая з транспарантамі і сцягамі наладзіла мітынг каля вокнаў рэдакцыі і патрабавала прыпыніць публікацыю.

У тамах прозы ХІХ ст. я дазваляў сабе толькі рэдагаваць асобныя творы, часам даволі кардынальна, мог нават змяніць канцоўку. Але так я рабіў толькі з аўтарамі трэцяраднымі, якіх і сучаснікі, і цяперашнія гісторыкі ўважалі за графаманаў і бяздарнасцяў. Я ж ператварыў іх пісаніну ў цалкам прыстойныя рэчы. Думаю, там, на нябёсах, яны мне толькі ўдзячныя.

Я дазволіў сабе містыфікацыі толькі ў публікацыях старажытнаўкраінскай фантастычнай прозы, якая ўвайшла ў анталогіі “Чорт ведае што” і “Кніга бестыяў”. Хаця тых містыфікацыяў там – 5%, астатняе – святая праўда.

 

Дайце, калі ласка, нам, беларусам, рэцэпт паспяховай містыфікацыі.

 

Найпрасцейшы спосаб – прыпісаць нейкі скандальны твор камусьці з класікаў. Гэта абавязкова выкліча скандал і абурэнне. Але гэта трэба зрабіць тонка, каб немагчыма было выкрыць падробку. Скажам, я дзённік Раксаланы пісаў украінскай мовай пачатку XVI ст. і штораз, сядаючы пісаць, з гадзіну чытаў тэксты таго часу, каб увайсці ў рытм і настрой. Рыянгабар пісаўся цалкам у стылі ірландскай лірыкі таго часу, якую, між іншым, я сумленна перакладаў.

Трэба памятаць, што містыфікацыя – гэта таксама творчасць. І трэба не быць сквапным, каб здолець падараваць свой твор камусьці іншаму.

 

Ці перакладалі Вы з беларускай мовы? Якія творы беларускай літаратуры Вам было б цікава перакласці? Чаму?

 

Я вольна чытаю на ўсіх славянскіх мовах, але з беларускай не перакладаў. Хаця пераклаў Яна Баршчэўскага з польскай. Але калі вы збераце тэксты для анталогіі беларускай готыкі, я б выдаў іх у сваёй серыі і, магчыма, нейкія апавяданні пераклаў бы сам. Але наогул я перакладаю мала.

 

У адным з інтэрв'ю Вы сказалі, што перакладаеце Джозэфа Конрада. Чым абумоўлены выбар аўтара?

 

Гэта адзін з маіх улюбёных аўтараў. Між іншым, вялікая колькасць сучасных ангельскамоўных аўтараў яго таксама вельмі высока цэніць. У нас пераклалі некалькі раманаў Конрада ў 1920-х гадах. Я гэтыя пераклады цяпер рэдагую і неўзабаве выдам. А сам узяўся перакладаць ягоныя апавяданні.

 

Таксама Вы казалі, што калісьці перакладалі на ўкраінскую мову ірландскую і валійскую старадаўнюю паэзію, карыстаючыся падрадкоўнікамі. Раскажыце, калі ласка, у чым адметнасць такой паэзіі. Ці складана яе перакладаць на ўкраінскую? Ці трэба было Вам распрацоўваць новы стыль, адмысловую лексіку?

 

У маладосці я захапіўся кельтамі, сабраў вялікую бібліятэку пра іх. Мова кельтаў даволі складаная, я намагаўся яе вывучыць, але калі зразумеў, што гэтаму трэба прысвяціць усё жыццё, то здабыў навуковыя выданні іх тэкстаў з вельмі дэталёвым падрадковым перакладам на ангельскую мову. Маючы перад вачыма арыгінал, я пераклаў гэтую паэзію. Кельцкая паэзія песцілася ў асанансах, гульні гукаў, туманных метафарах. Гэта ні да чаго не падобна. Але мне такая практыка спадабалася. Наогул, кожнаму пісьменніку я б раіў нейкую частку свайго часу прысвяціць перакладу. І не столькі для таго, каб узбагаціць беларускую культуру, колькі для сябе самога – каб лепш спазнаць родную мову. Але ж давядзецца абкласціся слоўнікамі сінонімаў, фразеалагізмаў і г.д.

Перакладаючы кельтаў, мне даводзілася займацца не абы-якой слоўнай эквілібрыстыкай, уціскаючы тыя ці іншыя ўкраінскія словы ў кароткія і ёмістыя кельцкія фразы.

 

Найбольш вядомы Ваш пераклад Грабала. Раскажыце, калі ласка, пра сваю працу над мовай у гэтым перакладзе.

 

Я ўжо казаў, што перакладаю мала. А перакладаю я толькі тое, што мне самому хочацца перакласці, і ніколі на замову. Я перакладаў апавяданні палякаў Марэка Гласка і Наташы Герке, сербаў Філіпа Давіда і Савы Дамянова, харвата Зарана Ферыча, балгараў Алека Папова і Георгія Гаспадзінава, раман чэха Ладзіслава Клімы, а яшчэ чэшскія казкі Ёзэфа Лады, Карэла Чапэка, Карэла Полачка. Гэта ўсё дужа блізкія мне аўтары.

А Багуміл Грабал – гэта аўтар, якога я адкрыў для сябе ў 70-х гадах. Я пераклаў яго кнігу апавяданняў, якая выйшла некалькі гадоў таму і будзе сёлета перавыдадзеная, і раман “Я абслугоўваў ангельскага караля”. Гэта няпросты пераклад. Грабал намагаўся перадаць размоўны стыль неадукаванага чалавека. У яго безліч словаў, якіх няма ў даступных мне слоўніках. Але на дапамогу прыйшла перакладніца маіх твораў у Чэхіі. Акрамя таго, трэба было перадаць асаблівасці пражскае гаворкі. Адзінымі асяродкамі гарадскога жаргону ў нас з’яўляюцца гарады Заходняй Украіны. Таму я выкарыстоўваў львоўскія слоўцы і фразы. На радасць выдаўца, які баяўся, што чытачы з Цэнтральнай і Усходняй Украіны могуць гэта не ўспрыняць, усё пайшло як на мазаных колах. Чытаюць усе. Вядома, я маю на ўвазе не даярак і міліцыянтаў.

Чытайце таксама

Пра паэтычныя пераклады

Мікалай Гумілёў

Пра паэтычныя пераклады

Існуе тры спосабы перакладаць вершы: пры першым перакладчык карыстаецца выпадковым памерам і спалучэннем рыфмаў, што прыйдуць яму да галавы, часцяком чужымі для аўтара, на сваё меркаванне падаўжае або…

Нямецкая літаратурная прэмія (Deutscher Buchpreis)

Нямецкая літаратурная прэмія (Deutscher Buchpreis)

Галоўную літаратурную прэмію Германіі (Deutschen Buchpreis) за найлепшы твор на нямецкай мове атрымаў аўтар раману «Вежа» (Der Turm) Увэ Тэлькамп (Uwe Tellkamp)...

Алексіевіч, Сэкстан, Рэнд і іншыя: хто паўплываў на сучасных беларускіх аўтарак

Алексіевіч, Сэкстан, Рэнд і іншыя: хто паўплываў на сучасных беларускіх аўтарак

Не так часта ў беларускіх СМІ мы можам пачуць галасы беларускіх пісьменніц, якія б расказвалі не пра сваю творчасць ці грамадзянскую пазіцыю, а пра нешта асабістае, пра тое, што сфармавала іх асобу або…

Добрая брытанская кніжка

Антон Францішак Брыль

Добрая брытанская кніжка

26 красавіка адбылася прэзентацыя казкі Джона Рональда Руэла Толкіна “Каваль з Вялікага Вутану”, перакладзенай на беларускую мову Антонам Францішкам Брылём. Перакладчык ласкава пагадзіўся адказаць на…

878