№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Вацлаў Граб’е

Ален Гінзберг у Празе

3 лютага 2010

Ален Гінзберг у Празе

Паводле ўсяго, кароткая гутарка з Аленам Гінзбергам – гэта апошні тэкст, напісаны, прынамсі часткова, Вацлавам Граб’е. Паэт памёр ад атручання чадным газам 5 сакавіка 1965 году, праз 13 дзён пасля прылёту Гінзберга ў Прагу.

Гутарка з невялічкай прадмовай выйшла ў адным з першых нумароў часопіса “Divoké víno” (“Дзікі вінаград”), які ў 1964 годзе пачалі выдаваць вучні гімназіі з пражскага раёна Лібэнь. Подпіс пад матэрыялам: Міхалэк & Граб'е & Гес. На іншым развароце – фотаздымак Гінзберга, зроблены Мілашам Хоўткам падчас выступу культавага амерыканца ў пражскай “Віёле”, пад здымкам – аўтограф Гінзберга і невялічкі малюначак: сілуэт хмарачоса, над ім сярпок месяца і зорка.

 

 

Вацлаў Граб'е & Со

Ален Гінзберг у Празе

У пятніцу 19 лютага з трапа самалёта Гавана – Прага спусціўся прыкметны мужчына ў падранай замшавай куртцы і кедах. Яго ніхто не пазнаў.
Праз некалькі дзён, шпацыруючы па Празе, ён увайшоў у вінарню “Віёла”. На некалькіх афішах прачытаў сваё імя. Дзяўчына, што праходзіла міма, сказала: “Цяпер кожны бадзяга выглядае як Гінзберг”. Потым падышла да яго і спытала: “А ці вы не спадар Гінзберг?”
Ален Гінзберг доўга не мог паверыць, што ён у нас такі папулярны. Роўна праз тыдзень пасля прылёту ў Прагу я пабачыў яго на імправізаваным джэм-сэйшн у “Віёле”. Ён падняўся на подыюм і папрасіў: “Я быў бы ўдзячны, калі б тут запалілі святло, бо я не актор”. А потым пачаў чытаць адзін свой верш. Я сядзеў у першым радзе, і падчас чытання Ален некалькі разоў глянуў мне ў вочы. Я прывык глядзець яму ў твар. Потым я ўбачыў, што ў яго па шчоках цякуць слёзы. Ён чытаў вельмі доўга, гэта быў ягоны найлепшы верш, і я разумеў кожнае слова. Дачытаўшы, ён выцер рукой твар і лаканічна патлумачыў: “Доўгі час я быў гомасэксуалістам, але потым я зноў уступіў у сваё цела і адчуў, наколькі жанчыны пяшчотныя. Тое, што я вам прачытаў, – гэта толькі запіс рухаў майго плачу ў цягніку недзе між Токіё і Кіёта”. І працягваў: “У маіх вершах доўгія радкі, і на кожным я мушу зрабіць глыбокі ўдых – да самага нізу страўніка. Таму ў мяне такі жывот. Я вельмі доўга быў у Індыі і Японіі, там я навучыўся вельмі прымітыўнай ёзе, ёзе плачу і спеву. І зараз я вам заспяваю. Словы будуць паўтарацца, яны няўцямныя, бо гэта канкрэтная паэзія, гэтай паэзіі тысяча гадоў”.
Ален узяў у рукі дзве маленькія круглыя бляшкі, падобныя да талерачак, і потым доўга-доўга спяваў, задаючы сабе рытм ударамі: “Гар’ём на мошы ва, гар’ём на мошы ва...”
Словы паўтараліся ў дзесятках варыяцый.

 

Інтэрв’ю з Аленам Гінзбергам

Спадар Гінзберг, як Вы ставіцеся да таго, што вас залічаюць да бітнікаў?

Калі я пачаў жыць такім жыццём і калі нас пачалі так называць, я зусім не думаў пра тое, каб стаць членам нейкай выразна акрэсленай групы. У цяперашні час рэпутацыя бітніка зрабілася ходкім таварам. Абсалютная большасць тых маладых людзей у Грынвіч Вілідж, якія носяць падраныя апранахі, каб выглядаць аўтэнтычна, – толькі манекены, якія карыстаюцца нашым суровым, бязлітасным жыццёвым досведам, спрабуюць імітаваць нашую мараль і філасофію. На ўсім гэтым яны імкнуцца збудаваць уласную папулярнасць або прынамсі за прыстойны ганарар набіць кішэні ўладальнікам бараў у Грынвіч Вілідж. Гэтыя маладзёны, што спрабуюць паразітаваць на папулярнасці, за якую мы заплацілі ладнай часткай свайго жыцця, – не бітнікі.

Што Вы думаеце пра цывілізацыю?

Проста дзіка, куды яна завяла чалавека, якім жорсткім яна зрабіла чалавека. У сваіх візіях я імкнуся ісці наперад, імкнуся чалавека наноў ачалавечыць. Я не магу ад гэтага пазбавіцца. Мае візіі абумоўленыя менавіта тым, што жыццё – жорсткая рэч. Калі ў маіх візіях з’яўляецца нейкі анёл чалавечнасці, гэта не таму, што я з візіі выходжу, гэта ад той няшчаднай рэчаіснасці, якая абумоўлівае ўзнікненне кожнай такой візіі.

Што для Вас праблема нумар адзін?

Нехта мог бы сказаць, што праблема нумар адзін – атамная вайна. Але яна была б толькі адным з магчымых наступстваў знечалавечання чалавека, дэмагогіі палітыкі.

Што для Вас палітыка?

Аднойчы я напісаў: паэтам не варта ўмешвацца ў палітыку. Мяне турбуе чалавек, а палітыка толькі ўзмацняе яго знечалавечанне. Я хачу быць абсалютна вольным, і таму не магу ангажавацца ў палітыку. Я нікому не хачу прышчапляць сваю волю. Мая свабода абумоўленая свабодай іншых.

 

© Václav Hrabě, Divoké víno, 1965

пераклад з чэшскай – Сяргей Сматрычэнка

Чытайце таксама

Беларуская жаночая паэзія міжваеннага перыяду і фармаванне

Аксана Данільчык

Беларуская жаночая паэзія міжваеннага перыяду і фармаванне "новай" жанчыны

Літаратуразнаўцаў цікавіць у першую чаргу літаратурны працэс, хоць для яго разумення, безумоўна, неабходна трымаць пад увагай умовы, у якіх ён праходзіў. Ці правамоцны ўвогуле падзел літаратуры, у прыватнасці…

Справа Роджэра Кейсмента

Ганна Янкута

Справа Роджэра Кейсмента

Як каталіцкай Ірландыі ставіцца да свайго героя, калі ён гомасэксуал і аўтар эратычнага дзённіка, вядома пад назвай "Чорныя сшыткі"? І самая вялікая інтрыга, пра якую напярэдадні выдання кнігі Марыё Варгаса…

Прэмія Акутагава. Прэмія Наокі

Прэмія Акутагава. Прэмія Наокі

15 студзеня 2009 года былі абвешчаны пераможцы двух вышэйшых літаратурных узнагародаў Японіі. Прэмію Акутагава, якая ў гэтым годзе ўручалася ў 140 раз, атрымала маладая пісьменніца Кікуко Цумура за свой…

Згадкі пра 2009 год

Згадкі пра 2009 год

Набліжаецца заканчэнне году, і самы час цяпер скласці, нібы пазл, усе значныя падзеі, што адбыліся сёлета, каб паглядзець, якая атрымаецца карцінка. Вось і мы прапануем вам пагуляцца з намі ў складанку,…

800