№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Дзмітры Вінаходаў

Перакладам я займаўся ў цягніку

24 траўня 2010

Перакладам я займаўся ў цягніку
Днямі ў расійскім выдавецтве “Амфора” выйшаў рускі пераклад класічнага твора беларускай літаратуры “Шляхціц Завальня” ў выкананні Дзмітрыя Вінаходава. З нагоды гэтай падзеі перакладчык пагадзіўся адказаць на пытанні часопіса “ПрайдзіСвет”.


Спадар Дзмітры, раскажыце, калі ласка, пра сваю працу над перакладам. Чаму Вы вырашылі перастварыць па-руску менавіта гэты твор?

Я доўга не наважваўся ўзяцца за гэтую справу,бо праца для непрафесіянала тут немалая. Але "Шляхціц Завальня" для мяне – кніга амаль што асабістая: большасць апавяданняў адбывалася на той зямлі, дзе ляжаць многія мае продкі, таму я не ўтрымаўся і пачаў перакладаць. На працу даводзіцца ездзіць на цягніку, таму кожны дзень я меў дзве гадзіны свабоднага часу, тады і займаўся перакладам. Найбольш цяжка даваліся мне вершы, да таго моманту я іх ніколі не пісаў і не перакладаў, але мне дапамог бацька, растлумачыў, як складаць радкі. Наогул, падчас перакладу па кансультацыі даводзілася звяртацца шмат да якіх спецыялістаў: лінгвістаў, гісторыкаў, бібліёграфаў, тэолагаў, краязнаўцаў, нават астраномаў (кніга Баршчэўскага насамрэч насычаная шматлікімі загадкамі, большасць з якіх дагэтуль не разгаданыя). Усім ім я вельмі ўдзячны за дапамогу.

Таксама пашанцавала з выдаўцом: пераклад я перадаў Вадзіму Барысавічу Назараву, рэдактару выдавецтва "Амфора". Гэта неабыякавы спецыяліст, менавіта ён у 1991 годзе ўпершыню надрукаваў першы поўны пераклад "Валадара пярсцёнкаў" на рускую мову – усім вядомую "цагліну". Тое, што ён пагадзіўся выдаць "Шляхціца", мяне не здзівіла, я не сумняваўся, што каштоўнасць гэтай кнігі ён ацэніць па заслугах. Асаблівую ролю ў падрыхтоўцы тэксту адыграла Таццяна Германаўна Філатава, яна дасканала выверыла ўсю кнігу, знайшла вялікую колькасць памылак, недакладнасцяў, прапанавала шэраг зменаў, перапрацавала ўсю сістэму простай мовы, але яна заўсёды была гатовая да кампрамісу. Лепшага рэдактара і жадаць немагчыма, я нават не думаў, што такія яшчэ існуюць.

На жаль, у кнігу не ўдалося ўключыць каляровыя гістарычныя карты мясцінаў, дзе адбываецца дзеянне апавяданняў, а таксама партрэт аўтара і прыжыццёвыя ілюстрацыі. Але з іншага боку, кніга атрымалася таннай, даступнай нават студэнту ды пенсіянеру. Спадзяюся, яна адшукае ў Расіі свайго чытача.

А якой наагул была дарога гэтай кнігі да расійцаў? Ці былі ранейшыя спробы перакласці кнігу, якой ужо амаль два стагоддзі?

Дарога "Шляхціца" да расійскага чытача вельмі доўгая. Упершыню рускамоўную аўдыторыю пазнаёміў з гэтай кнігай гусар-пустэльнік Леў Аляксандравіч Кавелін, бліскучы афіцэр, які троху пазней прыняў манаства і зрабіўся больш вядомым як архімандрыт Леанід. Яшчэ ў 1846 годзе ён пераклаў на рускую мову "Нарыс Паўночнай Беларусі" і "Успаміны пра наведванне роднага краю" і апублікаваў іх у часопісе "Иллюстрация". Вядома, што ён планаваў перакласці і іншыя апавяданні Яна Баршчэўскага, і рэдактар часопіса "Маяк" Стэфан Анісімавіч Бурачок нават пагадзіўся іх надрукаваць, але з нявысветленых прычынаў гэты праект застаўся нерэалізаваным. Такім чынам, поўны пераклад кнігі з’явіўся ў Расіі толькі праз паўтара стагоддзя.

На дадзены момант на расійскую мову ў асноўным перакладаюць творы сучасных беларускіх пісьменнікаў: Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, Адам Глобус, Андрэй Хадановіч і прадстаўнікі маладзейшай генерацыі беларускіх пісьменнікаў. А наколькі запатрабаваная ў Расіі класічная беларуская літаратура?

Класічная літаратура, на маю сціплую думку, таму і класічная, што яна актуальная заўсёды, хоць бы і не для вялікай часткі грамадства. Рынкавыя абставіны, безумоўна, не спрыяюць з'яўленню перакладной класікі значнымі накладамі, але ёсць выдавецтвы, якія зацікаўленыя ў гэтым, прашу прабачэння, "сектары рынку", ёсць выдаўцы, якія жывуць у літаратуры, а не за кошт яе.

А чым, на Вашую думку, гэтая кніга можа быць цікавая для расійцаў?

Мяркую, гэтую кнігу могуць заўважыць чытачы, якія цікавяцца славянскім светам наагул і Беларуссю ў прыватнасці – такіх шмат як сярод навукоўцаў, так і сярод шараговых расійскіх чытачоў. Таксама цікавай яна можа стаць для аматараў рамантычнай, казачнай ды містычнай літаратуры XIX стагоддзя, таму што Баршчэўскі займае значнае месца ў шэрагу такіх пісьменнікаў, як Гофман, Гогаль, Адоеўскі ды інш. Але найперш, на маю думку, у Расіі гэтая кніга павінная зацікавіць выхадцаў з Беларусі – з Віцебшчыны, Полаччыны, Расоншчыны і іх нашчадкаў: лёс Янкі, які атрымаў адукацыю на Радзіме, а пасля з’ехаў у Санкт-Пецярбург, вельмі нагадвае жыццё шмат каго з іх. Упэўнены, што яны ўспамінаюць зямлю сваіх продкаў; няхай жа гэтая кніга будзе ім прывітаннем адтуль, а запавет, які Завальня даў Янку, вядзе іх шляхамі зямнымі.

Пра тое, які чынам набыць кнігу, Дзмітры Вінаходаў піша ў сваім ЖЖ.

Фота перакладчыка – з сайта barszczewski.spb.ru

Чытайце таксама

Прэмія імя Т. С. Эліята

Прэмія імя Т. С. Эліята

12 студзеня 2009 года стала вядомае імя ўладальніцы галоўнай брытанскай паэтычнай прэміі – прэміі імя Т. С. Эліята (Тhe TS Eliot prize for poetry). Ёй стала малавядомая 30-гадовая паэтка Джэн Хэдфілд (Jen…

Ці будзем мы ездзіць па левым баку?

Кандрат Крапіва

Ці будзем мы ездзіць па левым баку?

Еду я часамі па вуліцы ці па дарозе і думаю: “Як добра, што наша ДАІ (Дзяржаўная аўтаінспекцыя) так клапоціцца аб жыцці і здароўі людзей, перасцерагае ад паломкі машын...

Помнік кнізе

Помнік кнізе

У эпоху, калі папяровая кніга паступова саступае месца электроннай, пара б падумаць і пра тое, як увекавечыць кнігу ў бронзе.

Перакладаю тое, што люблю

Лідыя Ёхансэн

Перакладаю тое, што люблю

У пачатку 2011 году ў выдавецтве Змітра Коласа выйшаў пераклад рамана нарвежскага пісьменніка Інгвара Амб’ёрнсэна “23-я палата”. Беларускамоўныя кнігі ў перакладзе з нарвежскай для нашага чытача — падзея…

1173