№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Наста Лабада

З задавальненнем пераклала б сучасную дзіцячую кнігу

17 верасня 2010

З задавальненнем пераклала б сучасную дзіцячую кнігу
Кніга “Маленькія тролі і вялікая паводка” – гэта Ваш першы пераклад, які выйшаў асобнай кнігай. Падзяліцеся ўражаннямі: як гэта – трымаць у руках сваю першую кнігу?

Цудоўна! Прыемна бачыць рэальны вынік сваіх высілкаў. Праўда, не скажу, што пераклад кнігі даўся цяжка – мінулым летам была магчымасць ад усяго абстрагавацца і заняцца “Маленькімі тролямі”. І вось праз год кніга дайшла да чытача! Прыемна. Як будучая мама, радая таксама зрабіць унёсак у, на жаль, невялікі спіс беларускамоўнай дзіцячай літаратуры, так неабходнай бацькам, якія хочуць чытаць дзеткам па-беларуску.

Раскажыце, калі ласка, як з’явілася ідэя перакласці кнігу Тувэ Янсан. Вы прыйшлі да выдаўца з гатовым перакладам ці, наадварот, Вам прапанавалі ўзяцца за гэтую справу, бо Вы ведаеце шведскую мову?

З выдаўцом Змітром Коласам мяне пазнаёміў амбасадар Швецыі Стэфан Эрыксан. А Зміцер выдае менавіта тую літаратуру, якая цікавіць яго асабіста і, па яго меркаванні, можа быць цікавай беларускаму чытачу. Ідэя перакладу “Маленькіх троляў” на беларускую мову належыць перш за ўсё выдаўцу, які ўлічыў у тым ліку існаванне беларускага фан-клубу мумітроляў і іх папулярнасць у Беларусі ў цэлым, нягледзячы на адсутнасць перакладу на беларускую мову.

Мумітролі для Вас – гэта любоў з дзяцінства? Як Вы ставіцеся да персанажаў муміказкі?

Як і большасць дзяцей, памятаю з дзяцінства мульцікі пра мумітроляў – крыху дзіўнаватыя, нетыповыя, але захапляльныя. Бліжэй пазнаёміцца з героямі давялося непасрэдна падчас перакладу кнігі, і яны ўразілі мяне сваёй шчырасцю, непасрэднасцю, сціпласцю – і ў той жа час адвагай, вынаходлівасцю і дабрынёй. Тувэ Янсан стварыла выдатныя прыклады персанажаў, якія ненавязліва, але паспяхова выхоўваюць адпаведныя якасці ў дзяцей – без лішняга маралізатарства.

У самой кнізе “Маленькія тролі і вялікая паводка” анансуецца выданне яшчэ шэрагу твораў муміяды. Ці пачалі Вы перакладаць які-небудзь наступны твор? На якія творы Вы ўжо паглядаеце прагным перакладчыцкім вокам?

На дадзены момант я заканчваю пераклад другой кнігі муміяды – “Камета над далінай мумітроляў”. Каб кніга хутчэй выйшла ў свет, мы падзялілі яе з перакладчыцай Алесяй Башарымавай. Рэч у тым, што Алеся ўжо даўно, з уласнай ініцыятывы, пераклала трэцюю кнігу – “Чарадзееў Капялюш”. Таму ў хуткім часе, літаральна ўвосень, кнігі павінныя з’явіцца на паліцах кнігарняў. А далей – усё па парадку, кніга за кнігай, у супрацоўніцтве з Алесяй. Трэба сказаць, што яшчэ адно буйное дзяржаўнае выдавецтва зацікавілася выданнем наступных кніг. Я ж асабіста паглядаю з цікавасцю на кнігу “Нябачнае дзіця і іншыя апавяданні” – зборнік кароткіх філасофскіх твораў з удзелам мумігерояў. Гэта кніга роздуму, што мне вельмі пасуе.

Вас цікавіць уласна шведская літаратура? За пераклад якога твора Вы ўзяліся б, калі б мелі шмат вольнага часу?

На маю думку, шведская літаратура, асабліва сучасная, магчыма, не зусім пасуе беларускаму чытачу. Яна можа падацца залішне брутальнай або расказваць пра тое, чаго не існуе ў беларускім грамадстве. Аднак пазнаёміцца з тым, пра што пішуць шведы, варта. А пачаць можна з больш агульназразумелага і нават папсовага – шведскіх дэтэктываў, якія цяпер вельмі папулярныя ў англамоўным свеце. У гэтым кантэксце можна было б перакласці Хенінга Манкеля з яго серыяй кніг пра дэтэктыва Валандэра. Я ж асабіста больш цікаўлюся дзіцячай літаратурай. Шведы дасягнулі ў ёй вышыняў, пачынаючы, безумоўна, з Астрыд Ліндгрэн і заканчваючы сучаснымі дзіцячымі пісьменнікамі і ілюстратарамі (ролю апошніх у стварэнні кнігі шведы лічаць не менш важнай, чым ролю пісьменнікаў). Я б з задавальненнем пераклала якую-небудзь сучасную дзіцячую шведскую кнігу, а яна была б нестандартнай для беларускага чытача, бо паказвала б які-небудзь нязвыклы аспект грамадства ці сям’і, магчыма, нават табуяваны ў беларускай дзіцячай літаратуры. Гэта быў бы эксперымент, праўда, наўрад ці я б знайшла для яго выдаўца!

Ваш пераклад апавядання Петэра Кільгорда “Дыярама” быў надрукаваны ў зборніку “Сучаснае шведскае апавяданне”. Як Вы трапілі ў гэты праект? Апавяданне Вам прапанавалі ці Вы самі яго выбралі?

Дадзены праект быў ініцыяваны Цэнтрам шведскіх даследаванняў, у якім я працую выкладчыцай шведскай мовы. Паўдзельнічаць у праекце мне прапанавала дырэктар Цэнтра Вольга Рызмакова, якая разам з лектарам Шведскага інстытута Мортэнам Франкбю адбірала цікавыя, паказальныя для сучаснай шведскай літаратуры апавяданні. Немалую ролю ў выбары твораў і аўтараў адыграла і пытанне аўтарскіх правоў, бо многія шведскія пісьменнікі называлі неверагодныя для такога праекту кошты, іншыя ж згаджаліся на тое, каб пераклад надрукавалі бясплатна. Я ж атрымала тры апавяданні Петэра Кільгорда на выбар і ўзялася за самае, як мне падалося, агульначалавечае і таму зразумелае ў Беларусі. Іншыя ж два – пра мастурбацыю ў гатэлі і нянавісць да жонкі – я адкінула, каб не шакаваць і не выклікаць у чытачоў зашмат негатыўных эмоцый.

Ці адрозніваецца шведская мова ў шведскіх і фінскіх пісьменнікаў?

З майго досведу – не. Гэта літаратурная шведская мова ў абодвух выпадках.

Ці чулі Вы нейкія водгукі на Вашыя пераклады, у прыватнасці, на аповесць Тувэ Янсан? Як Вам здаецца, ці знайшла гэтая кніга ў Беларусі чытача і ці карыстаецца папулярнасцю?

Шмат якія перыядычныя выданні анансавалі выхад кнігі, было некалькі інтэрв’ю па радыё. Водгукаў, аднак, пакуль няшмат – патрэбны час, каб прачытаць і ацаніць кнігу. Часопіс “ПрайдзіСвет” ужо змясціў свой водгук, за што вялікі дзякуй. У цэлым цікавасць вялікая, што было бачна і па колькасці людзей, што прыйшлі на прэзентацыю кнігі (дарэчы, дзякуй за падтрымку найперш фінскай амбасадзе ў Літве, а таксама шведскай амбасадзе ў Мінску), і па тым, як кнігі разышліся па кнігарнях. Людзі тэлефануюць, жадаюць набыць, і гэта прыемна. Я ўпэўненая, што не толькі “Маленькія тролі”, але і наступныя, таўсцейшыя і сур’ёзнейшыя кнігі Тувэ Янсан, дзе больш герояў і прыгодаў, будуць карыстацца папулярнасцю ў беларускіх чытачоў.

Чытайце таксама

Кніжны фэн-шуй

Кніжны фэн-шуй

У наш час, калі кватэры пазбаўляюцца савецкіх грувасткіх секцый з антрэсолямі, у бібліяфілаў узнікае праблема: куды падзець кнігі? Як іх кампактна расставіць, ды каб зручна, ды каб прыгожа?

У цемры чалавечага сэрца, альбо Непрыкаяныя вандроўнікі Дж.М. Кутзэе

Марына Рагачэўская

У цемры чалавечага сэрца, альбо Непрыкаяныя вандроўнікі Дж.М. Кутзэе

У 2003 годзе адбылася падзея, якая скаланула інтэлектуальнае літаратурнае асяроддзе, выклікала не толькі здзіўленне сваёй нечаканасцю, але і павярнула еўрацэнтрычны погляд на поўдзень, адкуль павеяў вецер…

“Дэльфіны жывуць лепей за нас” — у “Паміжы” №10 ідэальная прамова для Рыгора Кастусёва

Анка Упала

“Дэльфіны жывуць лепей за нас” — у “Паміжы” №10 ідэальная прамова для Рыгора Кастусёва

Для перфомансу на беларускім тэлебачанні прыдасца ўсялякая літаратура: класіка і сучасная, беларуская і перакладная, добрая і кепская. Найлепш — правакацыйная. Выбаршчык як мінімум прачнецца, калі Анатоль…

Вершаруб Ўітмэн, альбо Як амерыканскага паэта прачытвае беларуская літаратура

Ганна Янкута

Вершаруб Ўітмэн, альбо Як амерыканскага паэта прачытвае беларуская літаратура

Уолт Ўітмэн (1819—1892) — адзін з самых перакладаных на беларускую мову амерыканскіх пісьменнікаў.

1360