№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Вальжына Морт

У ЗША замежных паэтаў вельмі любяць

17 верасня 2010

У ЗША замежных паэтаў вельмі любяць
Раскажыце, як адбываўся пераклад і ўкладанне Вашай кнігі The Factory of Tears? Якім чынам праходзіла супрацоўніцтва з амерыканскімі перакладчыкамі? Ці даводзілася Вам цалкам перакладаць свае вершы на ангельскую для гэтай кнігі?

Пераклад маёй кнігі ўяўляў сабой супрацоўніцтва з амерыканскім паэтам Францам Райтам і перакладчыцай – яго жонкай Элізабэт Райт. Абодва перакладаюць з нямецкай, сярод іншых – Рыльке, беларускай мовай не валодаюць. Я ангельскай валодаю, але на той час англамоўная паэтычная традыцыя была мне вядомая толькі ў рускіх перакладах, а без яе разумення перакладаць паэзію на ангельскую несур’ёзна. Больш за тое, працэс перакладу сам па сабе ідэнтычны працэсу рэдагавання. Кніжка склалася з вершаў, якія для мяне былі скончанымі, вяртацца да іх самой і зноў ставіць пад пытанне кожнае слова не хацелася. Я рабіла падрадкоўнікі, і потым пачыналася сапраўдная праца. Цяпер я амаль скочыла новую кніжку, якая цалкам напісалася па-ангельску, бо некалькі гадоў запар я чытала і вывучала англамоўную паэзію і ў выніку сама пачала пісаць па-ангельску.

Зборнік паэзіі The Factory of Tears – першая беларуска-ангельская білінгва. А чым абумоўлены выбар менавіта такога фармату?

Нехта сказаў: а чаму б не зрабіць дзвюхмоўную? І ўсе пагадзіліся.

Раскажыце пра спецыфіку працы літаратурных перакладчыкаў у ЗША. Ці моцна яна адрозніваецца ад беларускай? З якімі цяжкасцямі сустракаюцца людзі гэтай прафесіі за акіянам?

У перакладчыкаў за акіянам адна вялікая цяжкасць – адсутнасць грошай, на якія можна было б перакласці ўсё тое, што вартае перакладу.

Вальжына, у Амерыцы Вы даволі часта ўдзельнічаеце ў літаратурных чытаннях. А на якой мове Вы прэзентуеце свае творы? Наколькі добра Вас разумее публіка? І ці магчыма, на Вашую думку, сучаснаму замежнаму паэту стаць вядомым у ЗША праз пераклады яго паэзіі?

Безумоўна, нягледзячы на дастаткова ўніверсальнае падазронае стаўленне да паэзіі ў перакладзе, замежных паэтаў друкуюць шмат, чытаюць шмат і вельмі любяць. Ёсць некалькі часопісаў, якія друкуюць выключна замежную паэзію. Некалькі выдавецтваў (у тым ліку маё выдавецтва Copper Canyon Press) вядомыя сваёй схільнасцю да замежных аўтараў. Ugly Duckling Press, напрыклад, мае цэлую славянскую серыю, а Archipelago Books друкуе прозу выключна ў перакладзе. Вясною Knopf выдаў зборнік рускай паэткі Веры Паўлавай. Copper Canyon нядаўна ўзяў новую кніжку македонскай паэткі Лідзіі Дымкоўскай, з якой я шмат разам выступала ў Еўропе. Рэгулярна выходзяць перакладныя паэтычныя анталогіі.

На выступах я чытаю па-ангельску. Праблемы ў гэтым не бачу, бо люблю пераклады сваіх вершаў.

Цяпер Вы пастаянна жывяце ў Амерыцы і, мабыць, падтрымліваеце стасункі з пісьменнікамі гэтай краіны. Ці бачыце Вы ў сучаснай амерыканскай паэзіі творы (ці творцаў), блізкія Вам па духу і светаадчуванні? Каго з сучаснікаў Вы парэкамендавалі б для чытання і перакладу беларусам? Ці перакладалі Вы самі кагосьці з сучасных амерыканскіх пісьменнікаў?

Я не буду абмяжоўвацца толькі амерыканцамі, а парэкамендую з сучаснай англамоўнай паэзіі. Дэрэк Ўолкат (Derek Walcott), Шэймас Хіні (Seamus Heaney), Джэфры Хіл (Geoffrey Hill, мая летняя чытанка, неверагодна прыгожая і моцная рэлігійная паэзія ў традыцыях Одэна), Yusef Komunyаkaa (Юзаф Кам’юнякаа), Эн Карсан (Anne Carson), Карл Філіпс (Carl Phillips), Кэралайн Форшэ (Carolyn Forche), Джэк Гілберт (Jack Gilbert – ужо ледзь жывы). З больш маладых – Ілля Камінскі (Ilya Kaminsky) i Бэн Лэрнер (Ben Lerner).

Англамоўная паэзія для мяне пачалася з Т. С. Эліята i Тэда Х’юза – вялікі дзякуй майму польскаму ментару, пану Адаму Паморскаму). Я б парэкамендавала пачаць з цудоўнага верша Эліята “Любоўная песня Алфрэда Дж. Пруфрока” (The Love Song of J. Alfred Prufrock), потым Хіні i Ўолката.

Самы знакаміты Ваш пераклад – кніга вершаў Рафала Ваячка “Мёртвы сезон”. Чаму Вы выбралі для перакладу менавіта гэтага аўтара?

Ён мне падаўся блізкім па духу, і я, здаецца, не памылілася.

З моманту выхаду кнігі “Мёртвы сезон” прайшло ўжо некалькі гадоў. Як Вы цяпер гледзіце на сваю працу? Бачыце нейкія недахопы, хочаце за асобныя вершы ўзяцца яшчэ раз ці, можа, успрымаеце яе як даўно пройдзены этап?

Я вельмі люблю “Мёртвы сезон”. Я чытаю яе ўжо не як перакладчык, а як чытач, таму недахопаў не шукаю.

Наколькі нам вядома, перакладная літаратура ў ЗША карыстаецца не вельмі шырокім попытам. А ці магла б амерыканцаў зацікавіць беларуская літаратура, і, калі так, то чые творы?

Перакладная літаратура карыстаецца попытам. Новыя пераклады класікі з'яўляюцца рэгулярна. Буйныя сучасныя аўтары перакладаюцца адразу. Маладым аўтарам проста звычайна цяжэй, замежныя яны ці не. Каб кніжка паэзіі прадавалася, маладому аўтару трэба шмат выступаць, а калі вы ў Беларусі, а вашая кніжка ў Амерыцы, выступаць не атрымаецца. Тым не менш, добрая літаратура рана ці позна заўжды знаходзіць сабе месца (асабліва пры ўмове, што яна знайшла сабе добрага перакладчыка).

1545