— Ідэя праекту “Песні філаматаў і філарэтаў” узнікла ў канцы 2008 году, калі, пазнаёміўшыся з выдатным беларускім музыказнаўцам, супрацоўніцай Беларускай акадэміі музыкі і творчага калектыву “Беларуская капэла” Святленай Немагай, я праспяваў ёй на ўласную мелодыю верш А. Міцкевіча “Хай радасць з вачэй нашых блісне” (у перакладзе з польскай Кастуся Цвіркі). Гэтая песня з’явілася падчас майго навучання ў Маскве дзякуючы падоранай аднойчы кнізе “Філаматы і філарэты”, якую ўклаў і выдаў якраз спадар Цвірка. Мы з сябрамі не раз спявалі яе потым, праходзячы паблізу помніка Адаму Міцкевічу на рагу Нямігі і Гарадскога вала ў Мінску.
“Хай радасць з вачэй нашых блісне…” Музыка А. Сакульскага, словы А. Міцкевіча, пераклад К. Цвіркі. Выконваюць Аляксей Жбанаў, Сяргей Долгушаў, Зміцер Занеўскі.
Свята вулічнай музыкі (Мінск, верасень 2011)
Святлена Немагай, паслухаўшы мяне, нібы няўзнак спытала, ці ведаю я арыгінальную мелодыю да гэтага верша, напісаную за часамі філаматаў кампазітарам Антонам Сакульскім. Я быў ашаломлены. Безумоўна, я ўсведамляў, што верш Міцкевіча мусіў спявацца філаматамі, але быў упэўнены, што тая даўняя мелодыя згубілася і сёння нікому не вядомая. Аднак высветлілася, што колькі гадоў таму спадарыня Святлена, працуючы ў архівах Вільні ў пошуках матэрыялаў па гісторыі беларускай музыкі ХІХ стагоддзя, выпадкова натрапіла на рукапісны нотны сшытак Брыгіды Свентажэцкай — жонкі аднаго з галоўных філаматаў Тамаша Зана, якая ў 1855 годзе (відавочна, незадоўга да яго смерці) запісала мелодыі цэлага шэрагу песняў, як студэнцкіх часоў, так і пазнейшых, створаных самім Занам у выгнанні альбо іншымі аўтарамі ў яго гонар пасля вяртання на радзіму. Яна скапіявала каштоўную знаходку, адшукала арыгінальныя тэксты практычна да ўсіх твораў і апрацавала нотны запіс.
Адсканаваўшы ласкава пазычаны сп. Святленай сшытак Б. Свентажэцкай, я пачаў паціху падбіраць беларускія пераклады да песняў. Асноўнай крыніцай тэкстаў сталася кніга “Філаматы і філарэты”, а таксама асобныя выданні вершаў Я. Чачота. Практычна ўсе знойдзеныя пераклады былі зробленыя К. Цвіркам, і толькі да адной цудоўнай мелодыі не знайшлося перакладу верша Чачота “Precz, precz, nudy troski!”. Давялося ўзяцца за справу самому, хоць і не без ваганняў, бо я зусім не валодаю польскай. Усё выявілася прасцей, чым я думаў, і праз некалькі гадзін роздумаў пераклад быў гатовы.
На жаль, некалькі песняў так і засталіся без тэкстаў, бо не атрымалася знайсці ні пераклады, ні арыгіналы, а былі адно радкі, запісаныя па-польску ад рукі сп. Святленай і да таго ж з пропускамі асобных словаў. Спадзяюся, што і гэтыя творы з цудоўнымі мелодыямі таксама загучаць на нашых выступах.
Паралельна вялася праца па далучэнні да праекту сяброў і знаёмых, якія маюць музычныя здольнасці. Галоўнай памочніцай і натхняльніцай у гэтай справе стала Алена Генадзеўна Прохарава — прафесійны музычны педагог і акампаніятар. Яна ажыўляла ноты песняў, іграючы іх на фартэпіяна. Для мяне гэта было надзвычай важна, бо, не маючы музычнай адукацыі, я развучваю мелодыі толькі на слых. Больш за тое, Алена Генадзеўна зрабіла безліч карысных парадаў і заўваг як адносна тэхнікі выканання, так і стварэння мастацкага вобразу ў кожнай песні. Яна ж захоплена расказвала пры нагодзе пра будучы праект знаёмым і незнаёмым.
Разам са мной песні філаматаў практычна ад пачатку развучвалі Сяргей Долгушаў (Клачкоў) — на той час студэнт Беларускай акадэміі музыкі па класе вакалу, і Рома Абрамчук — бард, паэт, культуролаг, у мінулым актыўны удзельнік моладзевага таварыства “Этна”. Пазней да сталага кола выканаўцаў далучыліся Зміцер Занеўскі, Цімох Акудовіч. На рэпетыцыі прыходзілі і іншыя выдатныя хлопцы, але з розных прычын не затрымаліся надоўга.
Праца над праектам магла б цягнуцца доўга, але яе паскорыла запрашэнне Музея гісторыі беларускай літаратуры выступіць у межах Ночы музеяў 16 траўня 2009. Менавіта ў гэты дзень і адбылася прэм’ера праекту “Песні філаматаў і філарэтаў”.
Літаральна за некалькі гадзін да выступу я ўпарадкаваў развучаныя песні, кіруючыся найперш храналагічным прынцыпам (паводле прыблізнага часу іх напісання), а паміж музычнымі нумарамі зрабіў невялікія ўстаўкі — звесткі пра таемныя таварыствы філаматаў і філарэтаў, вытрымкі з лістоў А. Міцкевіча, Я. Чачота, Т. Зана, І. Дамейкі, з іх вершаў і ўспамінаў. З таго дня структура праграмы прынцыпова не змянілася, хоць дадаліся і новыя песні, і значна пашырылася факталагічная частка. Атрымалася даволі спецыфічная форма, якую, відаць, правільна будзе назваць “канцэрт-лекцыя”.
Большасць песняў, якія гучаць у межах праекту, напісаная на вершы Я. Чачота, а таксама А. Міцкевіча, Т. Зана, А. Адынца. Гэтыя тэксты спяваліся на мелодыі вядомых беларускіх (“крывіцкіх”, паводле азначэння Я. Чачота) народных песняў, украінскай народнай песні, аўтарскія мелодыі М. Шыманоўскай, Т. Зана, К. Тызенгаўза.
Тры песні (на словы А. Міцкевіча, Я. Чачота і А. Адынца) выконваюцца на маю музыку. Акрамя ўжо згаданай “Хай радасць з вачэй нашых блісне”, гэта песня, напісаная падчас следства ў зняволенні, “Прэч ад нас, прэч смутку хмары” і адзіны твор у нашым праекце, не перакладзены, а напісаны Я. Чачотам адразу па-беларуску — “Едзе ж міленькі Адам”.
“Прэч ад нас, прэч смутку хмары…” Музыка А. Жбанава, словы А. Э. Адынца, пераклад К. Цвіркі. Выконваюць Аляксей Жбанаў, Сяргей Долгушаў, Зміцер Занеўскі.
Свята вулічнай музыкі (Мінск, верасень 2011)
Асобнае месца ў праграме адразу заняла “Песня Марылі” — беларуская народная песня “Да цераз мой двор цяцера ляцела”, якую, згодна з успамінамі відавочцаў, спявала Адаму Міцкевічу яго каханая — Марыля Верашчака. На прэм’еры ў Музеі гісторыі літаратуры яе бліскуча выканала салістка Беларускай дзяржаўнай філармоніі Яўгенія Каральчук. А потым склалася своеасаблівая традыцыя перад кожным выступам знаходзіць мясцовую дзяўчыну і хутка развучваць з ёю “Песню Марылі”. Гэта не заўсёды бывае лёгка, але дае гарантаваны эфект — слухачы вельмі цёпла прымаюць сваю зямлячку ці аднакласніцу ў рамантычным вобразе Марылі Верашчакі.
За два з лішкам гады, што прайшлі ад першай прэзентацыі, “Песні філаматаў і філарэтаў” шматкроць гучалі ў музейных залах, студэнцкіх і школьных аўдыторыях Мінска, Віцебска, Гародні, Берасця, Гомеля, Магілёва, Наваградка, Полацка, Слоніма, Чэрвеня, Наваполацка. Трэба адзначыць, што праект атрымаў сур’ёзную падтрымку ад грамадскай ініцыятывы “Будзьма беларусамі!” і МГА “Гісторыка”. Адбылося некалькі вандровак па мясцінах філаматаў на Наваградчыне з паланэзам, студэнцкім фальклорам ХІХ стагоддзя і сумесным распіццём малака. Праца над праектам працягваецца — развучваюцца новыя творы з нотнага сшытка Б. Свентажэцкай, удасканальваецца выканальніцкае майстэрства, далучаюцца новыя удзельнікі са сваімі ідэямі і прапановамі.
— Як Вы думаеце, ці могуць песні філаматаў і філарэтаў зрабіцца чымсьці накшталт “Gaudeamus” для беларускага студэнцтва? Як прымаюць гэтыя песні Вашыя слухачы?
— Шчыра кажучы, гэта мая найбольшая мара як аўтара праекту — каб песні філаматаў і філарэтаў атрымалі новае жыццё, загучалі (хай сабе і не ўсе) са сцэнаў, у сценах універсітэтаў, увогуле ў моладзевых асяродках. Мне здаецца, яны маюць вялікі патэнцыял, закладзены іх стваральнікамі і першымі выканаўцамі — таленавітымі, разумнымі, сумленнымі, трохі ідэалістычнымі хлопцамі з Наваградчыны, Віленшчыны, Ашмяншчыны, Падляшша, нашымі выдатнымі землякамі. Падчас кожнага выступу мы раздаем гледачам адмысловыя спеўнікі з тэкстамі песняў з праекту, і нам досыць актыўна падпяваюць. Тэксты, ноты, аўдыё- і відэазапісы размешчаныя таксама на старонцы “Песні філаматаў і філарэтаў” у “Кантакце”. Я гатовы дапамагчы ўсім ахвотным у развучванні песняў і іх далейшым выкарыстанні.
Увогуле, магу зазначыць, што творчасць філаматаў і філарэтаў, раней аддаленых ад нас часавай дыстанцыяй і моўным бар’ерам, выклікае прыкметную цікавасць з боку сучаснікаў, як і іх незвычайныя лёсы. Па сутнасці, праект перасягнуў межы простай прэзентацыі беларускага студэнцкага фальклору ХІХ стагодззя, як гэта планавалася спачатку. Праз аповеды пра найбольш славутых філаматаў і філарэтаў — ад іх студэнцкіх гадоў да выгнання і, у некаторых выпадках, шчаслівага вяртання на радзіму — мы спрабуем асвятліць пакручасты гістарычны лёс нашай краіны ў цэлым, які непасрэдна ўплывае на сучаснасць. Адно толькі пытанне пра нацыянальную і культурную самаідэнтыфікацыю філаматаў вартае асобнай навуковай дыскусіі — а такіх пытанняў ХІХ стагоддзе пакінула вельмі шмат. На жаль, пакуль што нам не хапае часу менавіта на дыскусіі, абмен меркаваннямі на тэмы, падказаныя праектам. Спадзяюся, усё гэта яшчэ наперадзе.
— Часткова Вы спяваеце тэксты перакладаў Кастуся Цвіркі, часткова робіце пераклады самі. Ці няма жадання перакладаць філаматаў і філарэтаў далей?
— Я вельмі ўдзячны Кастусю Цвірку за яго тытанічную працу па перакладзе літаратурнай спадчыны філаматаў і філарэтаў, асабліва за тэксты песняў. Без іх, хутчэй за ўсё, у нас ад пачатку нічога б не атрымалася. Для мяне было і ёсць прынцыповым, каб песні філаматаў гучалі менавіта па-беларуску. Безумоўна, пры гэтым мы заўжды падкрэсліваем, што арыгіналы пісаліся пераважна па-польску, бо такі быў час і рэальная сітуацыя на той момант. І нават першую песню на верш А. Міцкевіча мы развучылі і выконваем якраз у арыгінале, дзеля дасягнення эфекту максімальнай аўтэнтычнасці — “Hej, radością oczy błysną і wieniec czoła okrasi”...
Упэўнены, што калі адукаваны чалавек зацікавіцца творчасцю філаматаў, пачуўшы іх творы ў беларускіх перакладах, ён абавязкова рана ці позна звернецца да арыгінальных тэкстаў, каб самому параўнаць і адчуць асалоду ад першакрыніц. Таму я, у адрозненне ад некаторых нашых знаўцаў польскай мовы і паэзіі Міцкевіча, не маю вялікіх прэтэнзій да перакладаў спадара Цвіркі — яны адпавядаюць сваім задачам у межах праекту.
Мае ўласныя пераклады з’явіліся хутчэй ад безвыходнасці: былі цудоўныя мелодыі і польскія тэксты, а гатовых перакладаў на беларускую не было. Так і паўсталі песенькі “Прэч, прэч, сум-нудоты” на верш Я. Чачота і іранічная пародыя А. Міцкевіча на матыў “Gaudeamus” — “Весяліцьмемся, сябры, покуль мы ў астрозе”. Я вынікам сваёй працы задаволены, але заўсёды гатовы выслухаць слушныя заўвагі і нешта палепшыць.
Перакладаць філаматаў і філарэтаў надалей надзвычай неабходна. І не столькі тыя некалькі песенек, што пакуль чакаюць свайго часу, колькі вялікі масіў іншых тэкстаў: паэзію, эпісталярную спадчыну, мемуары і г.д. Польскае выданне “Архіва філаматаў” налічвае 10 тамоў — усе яны мусяць з’явіцца па-беларуску чым раней, тым лепей. Толькі тады мы зможам сказаць, што нешта ведаем пра філаматаў і іх час, а галоўнае — зможам спакойна і на роўных трымацца з палякамі і літоўцамі што да маральных правоў на філамацкую спадчыну. Гэта найперш пытанне самапавагі і нацыянальнай годнасці, якую нам яшчэ трэба ў сабе выхоўваць.
— Як ставіцца да праекту спадар Цвірка?
— Даведаўшыся пра наш праект, Кастусь Цвірка быў вельмі ўсцешаны і спачатку, здаецца, нават не даваў веры, што такое магчыма. Адна справа бачыць перакладзеныя табой тэксты ў кнігах, а зусім іншая — чуць іх у выглядзе песняў на прыгожыя мелодыі, бачыць вочы слухачоў розных узростаў, якія старанна падпяваюць выступоўцам. Спадар Цвірка неаднаразова ўдзельнічаў у прэзентацыях праекту пачынаючы з самай першай з цудоўнымі прадмовамі. Канечне ж, мы зычым яму моцнага здароўя і натхнення і будзем радыя бачыць на будучых выступах.
— З якімі складанасцямі Вы сутыкнуліся, спяваючы чужыя пераклады і робячы свае? Раскажыце, калі ласка, як трэба перакладаць вершы, каб яны добра спяваліся і клаліся на музыку. Ці мусіць перакладчык песняў сам быць музыкам?
— У працэсе працы над нотным сшыткам Брыгіды Свентажэцкай даволі хутка стала зразумела, што знайсці гатовы пераклад на беларускую патрэбнага тэксту — яшчэ палова справы. У некаторых выпадках беларускі тэкст зусім не хацеў класціся на адпаведную мелодыю. Даводзілася альбо нешта карэктаваць у мелодыі (у песні “Зноў вярнуць вякі б нам тыя” першы радок па-польску гучыць “Bodaj to złote wieki”, і ўвогуле ў перакладзе відавочна больш словаў, так што па-беларуску даводзіцца прапяваць усё, так бы мовіць, паскорана), альбо папраўляць шаноўнага перакладчыка (у песні “Сон свой скінуў пан вясёлы” памянялі першыя словы амаль у кожнай страфе, бо інакш пры наяўнай мелодыі месцамі проста скажаўся сэнс). Здаецца, галоўная праблема палягае ў тым, што памер польскамоўных вершаў не заўсёды дакладна вытрымліваецца па-беларуску. І калі, напрыклад, у вершы гэта не так прыкметна, то выкананне яго пад музыку адразу выяўляе ўсе схаваныя неадпаведнасці.
Іншая праблема, таксама важная для выканаўцы: некаторыя перакладзеныя тэксты песняў фізічна досыць складана спяваць, найперш праз збег зычных. Нават у цудоўнай песні “Хай радасць з вачэй нашых блісне” ёсць такі радок: “прэч сквапнасці, пыхі насенне!”. З цягам часу мы, здаецца, налаўчыліся прапяваць гэта лёгка, але, безумоўна, у песенных тэкстах такіх момантаў трэба пазбягаць.
Калі перакладчык песняў сам не музыка і не спявак (а такія шчаслівыя супадзенні, бадай, бываюць нячаста), яму варта раіцца з людзьмі, якія самі маюць дачыненне да музыкі — найлепш з будучымі выканаўцамі перакладаных твораў. Ад гэтага выйграюць усе. Наш мэтр перакладу Васіль Сёмуха неяк казаў, што, працуючы на песеннымі тэкстамі, абавязкова мусіць мець запіс адпаведнага твора альбо яго ноты.
— Апроч філаматаў і філарэтаў Вы перакладаеце і спяваеце песні на ідышы. Ці плануеце Вы сабраць гэтыя песні ў такі ж цэльны цыкл, як песні філаматаў і філарэтаў?
— Песні на ідышы мяне цікавяць даўно, і некаторыя я спяваю ўжо гадоў дзесяць у арыгінале. Трэба зазначыць, што сам я не габрэй і мову ідыш фактычна не ведаю, а разумею яе дзякуючы моцнаму падабенству да нямецкай. Мяне заўжды бянтэжыла, што слухачы цудоўных песняў на ідыш абсалютна не цямяць, пра што ідзе гаворка. Але штуршком да канкрэтных дзеянняў сталася песенька “Oyfn veg shteyt a boym”, на якую зроблены вельмі мілы анімацыйны ролік у інтэрнэт-праекце “Калыханкі народаў свету”. Спачатку я вывучыў тэкст у арыгінале. А адным вечарам, седзячы ў кавярні “Стары Менск” і маючы досыць вольнага часу, паспрабаваў перакласці першую страфу. Там вядзецца пра тое, што ля дарогі стаіць нахілёнае дрэва, з якога разляцеліся ўсе птушкі. Галоўнай складанасцю стала само гэтае дрэва — на ідыш, як і у нямецкай мове, яно мужчынскага роду. Я доўга ламаў галаву, пакуль не вырашыў замяніць абстрактнае “дрэва” на канкрэтны і ўсім вядомы “клён”. Так паўстаў першы радок: “Ля дарогі стаіць клён, долу нахілёны”. Ну а далей неяк працэс пайшоў, і праз некалькі гадзін, пакідаючы кавярню, я меў ужо гатовы пераклад. Трэба сказаць, што перакладаць з ідыша не вельмі складана, бо структура мовы, яе сінтаксіс, як ні дзіўна, досыць падобныя да беларускай, адно што лексіка зусім адрозная, праўда, ізноў жа, з вялікім дамешкам беларускіх словаў.
Вось жа, натхніўшыся першай удачай, я пачаў круціць у галаве іншыя вядомыя песенькі на ідышы, напрыклад, “Тумбалалайку” ці “Lomir zich iberbetn”, і паціху перакладаць іх на беларускую. Праца ідзе не так хутка, але тым не менш сёння ў маім багажы і актыўным рэпертуары ўжо 7 песняў, перакладзеных з ідыша. Гэта даволі вядомыя творы, якія паходзяць з канца ХІХ — першай паловы ХХ стагоддзя і ахопліваюць розныя тэмы і жанры — ад любоўнай лірыкі да Халакосту і партызанскага змагання. Як цэльную праграму я выконваю іх пакуль толькі падчас тэматычных вандровак “У пошуках ідыша”. Думаю, што пакрысе, калі дададуцца новыя пераклады, сапраўды складзецца пэўны цыкл з унутранай логікай, інфармацыяй пра аўтараў песняў, кожны з якіх вельмі цікавы як асоба, з расказамі пра гістарычны лёс беларускіх габрэяў, цесна пераплецены з лёсам беларусаў і нашай краіны ў цэлым.
“Vu nemt men a bisele mazl" на ідышы і па-беларуску. Выконвае Аляксей Жбанаў.
Вандроўка “У пошуках ідыша”, ліпень 2011.
— Ці спявае хто-небудзь, апроч Вас, у Беларусі песні на ідышы? Як Вы думаеце, ці зможа гэтая мова набыць у нас большую папулярнасць і загучаць хаця б у вузкіх асяродках? Ці пішуцца цяпер на гэтай мове вершы і песні?
— Наколькі я ведаю, песні на ідышы спяваюцца, хоць і не вельмі шырока. Адзін з найбольш вядомых выканаўцаў такіх твораў — Аляксандр Памідораў. Напэўна, шмат хто чуў у яго выкананні песеньку “Lomir zich iberbetn” у “Народным альбоме”. Бардаўскі дуэт Барыса і Галіны Вайханскіх мае ў сваім рэпертуары цудоўныя песні М. Гебіртыга, якія гучаць у перакладзе з ідыша на рускую, а некалькі радкоў — і ў арыгінале. Алесь Камоцкі, здаецца, спявае на канцэртах песеньку “Vy iz dos gezele, vy iz di stib”, якую мы ведаем як класічны “дваровы” шлягер “Крутится, вертится шар голубой”. А адзін з апошніх у Беларусі носьбітаў ідыша як матчынай мовы Міхаіл Акерман час ад часу не толькі выконвае рэдкія песні на ідышы, але і перакладае на гэтую мову песенныя хіты савецкіх часоў! Натуральна, песні на ідышы гучаць і ў габрэйскіх абшчынах, якія яшчэ, дзякуй Богу, існуюць у многіх гарадах Беларусі. Больш за тое, гэтыя песні жывуць і ў нечаканых колах, напрыклад, у закрытым асяродку мінскіх мастакоў-рэстаўратараў (між іншым, не габрэяў), пра існаванне якога я даведаўся зусім нядаўна. Але наколькі я магу меркаваць, да мяне ніхто мэтаскіравана не займаўся перакладам і выкананнем габрэйскіх песняў менавіта па-беларуску. Спадзяюся, мой прыклад натхніць іншых.
“Lomir zich iberbetn" на ідышы і па-беларуску. Выконвае Аляксей Жбанаў.
Вандроўка “У пошуках ідыша”, ліпень 2011.
На сённяшні дзень мова ідыш у Беларусі фактычна не ўжываецца, бо носьбітаў засталося хіба што некалькі сотняў, пераважна вельмі старых людзей. Ёсць, канечне, такія энтузіясты, як аўтар ідыш-беларускага слоўніка Алесь Астравух, які ведае ідыш як мала хто ў Беларусі, але для жыцця і развіцця мовы патрэбныя тысячы людзей, якія будуць на ёй гаварыць, пісаць, чытаць і г.д. Гэтага ў Беларусі няма і ўжо наўрад ці будзе. Халакост і шырокая эміграцыя апошніх дваццаці гадоў зрабілі сваю справу. Тым не менш, я бачу перспектыву для мовы ідыш менавіта ў выглядзе прыгожых і незвычайных песняў, якія вартыя таго, каб іх спяваць, незалежна ад нацыянальнасці. А ўвогуле, на маю думку, захаванне памяці пра культуру ідыш як над’емную частку шматэтнічнай культуры Беларусі — гэта задача ўсіх адукаваных, інтэлігентных людзей, асабліва тых, хто мае дачыненне да музыкі, літаратуры альбо музейнай справы. Гэтая культура — адзін са складнікаў нашай адметнасці ў свеце, нашая трывалая сувязь з былымі суайчыннікамі за мяжой. Яе багаты творчы патэнцыял яшчэ далёка не вычарпаны і чакае сваіх рупліўцаў.
— Ці падабаецца Вам перакладаць? Ці ёсць у Вас якія літаратурна-перакладчыцкія, а не музычна-перакладчыцкія задумы?
— Перакладаць мне падабаецца, як кожная іншая справа, калі ў яе добры вынік. Пры гэтым, безумоўна, сам працэс пошуку трапных выразаў, найлепшых сродкаў перадачы думак і вобразаў таксама захапляе. У выпадку з песеннымі тэкстамі даволі лёгка спраўдзіць, ці паспяховы атрымаўся пераклад, прынамсі, плён працы адразу выкарыстоўваецца на практыцы. Калі размова пра вершы ці прозу, не заўсёды відавочная якасць зробленага. Тут я пачуваюся, хутчэй, няўпэўнена і пабойваюся, што які-небудзь сапраўдны перакладчык, пачытаўшы мой тэкст, зняважліва падумае (і напіша): а гэта, маўляў, што за самавук такі аб’явіўся? Ну гэта я, зразумела, паўжартам. Насамрэч я гатовы шмат перакладаць з даступных мне моваў — найперш нямецкай і сербскай, — калі буду ўпэўнены, што справа напраўду вартая і патрэбная патэнцыйным чытачам. У гэтым плане вельмі карысны дарадца і матыватар — часопіс “ПрайдзіCвет”: дзякуючы яго конкурсам я ўжо пераклаў адзін паэтычны і часткова адзін празаічны твор з нямецкай мовы, атрымаўшы задавальненне і ад працы, і ад выніку. Спадзяюся на далейшае плённае супрацоўніцтва. З уласных задумаў даўно хочацца перастварыць па-беларуску бліскучыя і дасціпныя афарызмы і сентэнцыі Генрыха Гайнэ, якія не страцілі актуальнасці і вастрыні праз паўтара стагоддзя.
— Ці можна паслухаць песні філаматаў і філарэтаў у сеціве? Ці рыхтуецца да запісу які дыск? Дзе можна дазнавацца пра канцэрты?
— Патрэба ў запісе дыска з песнямі філаматаў сапраўды ўжо наспела. Думаю, гэтае пытанне павіннае вырашыцца ў найбліжэйшыя месяцы. Праўда, я пакуль не надта ім займаўся, робячы акцэнт на жывыя выступы ў розных аўдыторыях. Акрамя таго, нямала ўвагі я надаю нашай старонцы ў “Кантакце”, дзе ёсць ноты, тэксты, фотаздымкі, аўдыё- і відэазапісы, абвесткі пра наступныя імпрэзы. Але, натуральна, каб сур’ёзна пасунуцца наперад у справе папулярызацыі філамацкай песеннай спадчыны, трэба звяртацца і да іншых формаў, з якіх якасна запісаны дыск — самая, бадай што, эфектыўная. Дарэчы, карыстаюся нагодай, каб звярнуцца да ўсіх, каму неабыякавы наш праект: буду вельмі ўдзячны за любыя парады, ідэі, запрашэнні з выступамі і, канечне ж, за гатоўнасць асабіста далучыцца да нас у якасці выканаўцы. Звяртайцеся праз “Кантакт” — і будзьма разам!
Фота Кастуся Шыталя, westki.info