№19: Нарвежскі вецер

№19: Нарвежскі вецер [18+]

Нумар, які мы прадстаўляем, досыць незвычайны. Па-першае, большасць перакладных тэкстаў у ім — празаічныя творы (ці хутчэй урыўкі з твораў) сучасных аўтараў, па-другое, яны былі спецыяльна абраныя для гэтага нумару нарвежскім выдаўцом і рэдактарам Крысціянам К’ельструпам і перакладзеныя Лідыяй Ёхансэн.

Чытаць далей

Лідыя Ёхансэн

Перакладаю тое, што люблю

26 сакавіка 2012

Перакладаю тое, што люблю
У пачатку 2011 году ў выдавецтве Змітра Коласа выйшаў пераклад рамана нарвежскага пісьменніка Інгвара Амб’ёрнсэна “23-я палата”. Беларускамоўныя кнігі ў перакладзе з нарвежскай для нашага чытача — падзея досыць экзатычная. З нагоды выхаду рамана “ПрайдзіСвет” вырашыў пагаварыць з яго перакладчыцай Лідыяй Ёхансэн.

— Ці папулярныя ў Нарвегіі раманы Інгвара Амб’ёрнсэна? Чаму Вы выбралі менавіта гэты твор?

— Раманы Амб’ёрнсэна тут не проста папулярныя — яны культавыя і, без сумневу, складаюць залаты літаратурны фонд Нарвегіі. Яго творы паступова расцягваюць на цытаты, асабліва пасля экранізацыі раманаў пра Эліна і “Апошняга палявання на ліс”. Улічваючы, што ў актыўную лексіку нарвежскай мовы ў наш час імпартуюцца адно амерыканізмы (прычым цэлымі прэдыкатыўнымі кавалкамі), гэта сапраўды неацэнны ўнёсак.

Аўтар і твор былі выбраныя наўмысна: я перакладаю тое, што люблю. А люблю я Амб’ёрнсэна за стыль і глыбокі сэнс, а таксама за тонкі, амаль карункавы псіхалагізм у грубым палатне прозы, то бок мужчынскай прозы. Заўважу, калі ўжо пачала пра “мэ і жо”: гендэрная ватэрлінія тут не ў выбары моўных сродкаў або тэндэнцыі да лапідарнага сінтаксісу і семантычна не вызначаецца ўцёкамі ад канфліктнага суіснавання, маўляў, моўчкі праглыну і пайду. Тут пра мужчыну (ну, таго, які не плача) або a contrario — тое, што не жанчына, або — на фоне прыроды. Яго творы не тое што не пакідаюць абыякавымі, яны нібы блукаюць у падсвядомасці, ажно пакуль не зрастуцца з пачуццямі — гэта калі пры “паўторнай намінацыі” Амб’ёрнсэнам думаецца. Уся яго творчасць — гэта, па вялікім рахунку, сублімацыя мужчынскай адзіноты, якая якраз і пачынаецца з “23-й палаты”.

— Што падалося Вам самым складаным у перакладзе рамана “23-я палата”? Над чым Вы даўжэй за ўсё ламалі галаву?

— Найскладаней было знаходзіць час і беларускія слоўнікі, таму што нават самыя вялікія бібліятэкі Осла не маюць анічога беларускага, акрамя некалькіх дзясяткаў беларускіх кніг. Я, напрыклад, Караткевіча знайшла — але па-руску, а вось Быкаў (таксама ў перакладзе на рускую) стаіць на літару “Б” у аддзеле рускай літаратуры, прычым ва ўсіх буйных бібліятэках…

А што да транспазіцыйных цяжкасцяў перакладу “Палаты”, адзначу хіба інвектывы, якія па-нарвежску маюць высокую абражальную інтэнсіўнасць, але, за адсутнасцю ў нарвежскай мове пласта табуяванай лексікі як такога, ужываюцца ў пісьмовым тэксце. І вось як гэта перакласці на беларускую, па магчымасці не залазячы ў русізмы або паланізмы, і не перасячы планку эстэтычнай дазволенасці, каб не атрымалася “выбуховага” эфекту, калі чытач скаланаецца, прабягаючы вачыма перакладзены афектыў? Ну, неяк слова за словам і развязалася — тэлефанавала ў вёску.

Карысталася таксама перакладнымі і арыгінальнымі беларускімі творамі ў сеціве, каб набрацца прыгожых словаў і выразаў. У асноўным — litaratura.org  і knihi.com. Вялікі дзякуй ім за такую магчымасць.

— Раман Інгвара Амб’ёрнсэна “23-я палата” — гэта Вашая першая спроба ў перакладзе? Чым прыцягвае Вас такі літаратурны жанр, як мастацкі пераклад?

— Не, далёка не першая, калі гаварыць пра пераклад увогуле. Перакладам я займаюся шмат і даўно. Перакладаю з нарвежскай на французскую і наадварот, зрэдчас працую з рускай. Што да беларускай, яшчэ ва ўніверсітэце перакладала вершы і прозу, часцей за ўсё з нямецкай, але ў шуфляду, улічваючы, што маладым далёка не паўсюль была дарога, асабліва тым, хто сам.

Пераклад з нарвежскай на беларускую — гэта на сённяшні дзень не больш чым хобі. Ляжыць яшчэ пара зборнікаў апавяданняў (найцудоўнейшая проза!) таго ж Амб’ёрнсэна, але не перагледжаных. Я іх сайту litaratura.org абяцала. Абяцала даўно, таму пішу гэта цяпер і заліваюся чырванню...

Мастацкі пераклад я да літаратурных жанраў не адношу. Як бы шмат мастацкага і літаратурнага там не было, гэта ўсё ж не зыходны мастацкі тэкст, таму ні фармальна, ні змястоўна жанрам быць не можа. Мастацкі пераклад — гэта хутчэй транспазіцыя літаратурнага жанру з культуры А ў культуру В, якая адбываецца ў межах лінгвістычных і экстралінгвістычных нормаў. І перакладчык тут — не творца, а вось якраз “пера”, а крэатыўна ці не — ну, мы ж не ствараем, мы ж пераказваем. Гэта заўжды трэба помніць пры перакладзе — каб самому са сваім эга недзе не засвяціцца. А калі ну аніяк нельга без эга і ідзе яно свядома — сядай і пішы сам ад сябе або паводле, але сам, бо пераклад — гэта дзейнасць у межах.

Прыцягвае мяне і мастацкі, і іншы пераклад тым, што ён дысцыплінуе. А таксама прыватным інтарэсам да кампаратыўных міжмоўных даследаванняў і тэорыі перакладу ўвогуле.

— Раскажыце, калі ласка, гісторыю выдання твора. Як вы атрымалі аўтарскі дазвол? Ці лёгка было дамовіцца з беларускімі выдаўцамі?

— У Нарвегіі пра пераклад дамаўляюцца праз выдавецтвы, таму што менавіта яны валодаюць аўтарскімі правамі. Калі ініцыятыва перакладу зыходзіць ад замежнага выдавецтва, яно само дамаўляецца пра продаж правоў. А калі ініцыятыва належыць прыватнай асобе (як у выпадку з “Палатай”), то спярша гэтай прыватнай асобе трэба атрымаць спецыяльны дазвол на пераклад (гэта не тое самае, што правы на твор), а пасля самастойна шукаць замежнае выдавецтва, якое можа быць зацікаўленае ў перакладзе.

Дамовіцца з нарвежскім выдавецтвам было лёгка, яны вельмі радыя перакладам, так што варта было адно патэлефанаваць. Пошукі беларускага выдавецтва ішлі з пераменным поспехам.

Асобным радком: шчыра дзякую Алесю Квіткевічу за яго неацэнную аператыўную дапамогу! Ён дапамог мне з кантактнай інфармацыяй беларускіх выдаўцоў і выдавецтваў, якія сядзяць у інтэрнэце, нібы ў падполлі, а таксама падбадзёрыў з самага пачатку.

Калі пачаліся пошукі выдаўца ў Беларусі, я сядзела з адчуваннем, што аніякім выдаўцам аніякія пераклады на беларускую не трэба, што перакладаў з нарвежскай — хоць расперажыся. Выдаваць ніхто не хацеў, выдаўцы збольшага на мае электронныя лісты не адказвалі, а калі адказвалі, бывала, выходзіла нейкая камедыя. Адзін замест адказу (бярэцца друкаваць ці не), напісаў нейкі абсурд, маўляў, як цудоўна, што нашыя беларускія дзяўчаты, выходзячы замуж за мяжу, усё ж не забываюць сваёй роднай мовы… Расчараванняў не было, таму што не было асабліва абсыпаных флёрам чаканняў. Апрача таго, я маю ўяўленне, як і каго ў Беларусі друкуюць.

Пра ўсё гэта я расказваю не абагульняючы — гэта мой прыватны выпадак. Твор нарэшце з’явіўся ў выдавецтве Змітра Коласа.

— Якія творы і якія аўтары папулярныя ў Нарвегіі? Якая літаратура іх больш цікавіць — сучасная ці класічная? Свая ці перакладная?

— Усё, што папулярнае, ляжыць на самых бачных месцах у кнігарнях. Купляюць тут тыя кнігі, якія рэкламуюцца. Вось, напрыклад, Біблію на народную мову пераклалі і пусцілі моцную рэкламную кампанію. Прадаецца за мілую душу! Але не думаю, што гэтаксама масава, як купляецца, яна чытаецца. Ну, можа хто й разгорне. Логіка за гэтым чыста нарвежская: “kjekt å ha”, “добра мець”. Перакладаецца шмат, у параўнанні з нарвежскай літаратурай — ашаламляльна шмат. Пераклады робяцца ў асноўным з ангельскай і шведскай. З далёкіх моваў пераклад карыстаецца попытам не так часта. У 2008, напрыклад, выйшаў пераклад на нарвежскую В. Быкава “Сотнікаў” — пра яго ніхто не гаварыў, ніхто не пісаў і яго нельга было ўбачыць на паліцах у кнігарнях. Помню, мне яго заказваць даводзілася.

Чытаюць дэтэктывы, але выбітных нарвежскіх аўтараў няшмат, і патрэбаў рынку яны не задавальняюць, да таго ж, многа дрэннага. А шведы перакладаюцца імгненна і чытаюцца хораша. Цяпер са шведаў Лейф Г. В. Пэшон і Каміла Лэкберг добра ідуць, Стыг Ларсан з моды неяк ужо і выйшаў.

Сярод лідараў продажаў таксама кнігі пра харчаванне: зноў жа пераклады са шведскай — Эенфельт, Далквіст, Скалдэман. Цяпер у Нарвегіі праз гэтую харчовую “новую хвалю” крызіс з маслам, дарэчы.

Папулярная літаратура — сезонная: пад Каляды добра прадаваліся два дзівакі, якія склалі кнігу пра тое, як напрывязваць розных упрыгожанняў на елачку, а таксама кніга з гісторыяй пра дровы. Хутка Вялікдзень, думаю, зноў гэтыя дзівакі першымі ў кнігарнях будуць, але ўжо з вывязанымі зайцамі, курамі і яйкамі.

Нарвежцаў, тых, хто “ў-прынцыпе-чытае”, цікавіць усё, што рэкламуецца. Але, калі старое запакаваць у бліскучую абгортку — таксама добра пойдзе. Вось летась: варта было ў газетах надрукаваць нядаўна знойдзеныя фотаздымкі Нансэна ў касцюме Адама — адразу ўсё, што пра яго пісалася, добра пайшло. Гэта спрацоўвае таксама ў дачыненні да класічных прыгожа перавыдадзеных твораў.

— Як Вы думаеце, што з нарвежскай літаратуры магло б зацікавіць беларускага чытача? Чаму?

— Шмат чаго: той жа Інгвар Амб’ёрнсэн, Енс Б’ёрнэбу, Карстэн Алнэс, Арыльд Нюквіст, Лаш Собі-Крыстэнсэн, Аннэ Рагдэ, Ю Нэсбё, Ханс Улаў Лалюм, Арнэ Нэс. Глыбока, псіхалагічна, цікава. А куды без Кнута Гамсуна з Ібсэнам? Усе яны ў нейкай ступені сугучныя беларускай літаратуры, прасякнутыя любоўю да чалавека. Беларускую літаратуру такія пераклады ўзбагацілі б і ўпрыгожылі неймаверна.

— Ці плануеце перакладаць з нарвежскай (ці нейкай іншай) мовы далей? Ці ёсць на прыкмеце наступны твор для перакладу?

— Буду аптымістам. Мне хацелася б працягваць перакладаць на беларускую, няхай сабе й як хобі, каб толькі гэта некаму было патрэбна. Перакладаць з нарвежскай, шведскай і дацкай. Са шведскай у першую чаргу пераклала б найцудоўнейшы раман Мустафы Кана, а з дацкай — Іб Мікаэля і Юнаса Бэнгсана.

Цяпер перакладаю “Свет Сафіі” Юстэйна Гордэра, думаю скончыць да канца году.

Спампаваць тэкст у фарматах .pdf, .mobi і .fb2.

Lidyia Iokhansen_ Pierakladaiu toie, sht - Interv   <img class="text" alt="Lidyia Iokhansen_ Pierakladaiu toie, sht - Interv" iu.fb2'="" data-cke-saved-src="/img/icons/fb2.gif" src="/img/icons/fb2.gif">

Чытайце таксама

Нямецкія кнігарні: досвед Прайдзісвета

Нямецкія кнігарні: досвед Прайдзісвета

Шпацыруючы па гістарычным цэнтры места Ольдэнбург (Ніжняя Саксонія, Нямеччына), я ўвесь час натыкаўся на кнігарні, і гэта дзейнічала на мяне дваіста: радавала, бо як можа не цешыць выгляд добрай кніжкі,…

Філасофія для чайнікаў ад Юстэйна Гордэра

Ганна Янкута

Філасофія для чайнікаў ад Юстэйна Гордэра

Найлепшыя кніжныя вокладкі 2013 года па версіі The New York Times

Найлепшыя кніжныя вокладкі 2013 года па версіі The New York Times

Дадатак да The New York Times — Sunday Book Review — склаў спіс 12 найлепшых вокладак 2013 года.

Ісландская літаратурная прэмія-2008

Ісландская літаратурная прэмія-2008

53-гадовы ісландскі пісьменнік Эйнар Карасан (Einar Karason) атрымаў гэтую прэстыжную нацыянальную ўзнагароду за раман Ofsi. Аўтар каля 10 раманаў, некаторыя з якіх перакладзеныя на скандынаўскія мовы,…

255