№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Ульф Старк

У дзіцячых кнігах павінныя быць таямніцы

4 жніўня 2012

У дзіцячых кнігах павінныя быць таямніцы
— Як Вы вырашылі пісаць творы для дзяцей? Якое месца займае дзіцячая літаратура ў Вашай творчасці? Ці працуеце Вы паралельна ў іншай літаратурнай сферы?

— Мая першая дзіцячая кніга выйшла ў пачатку 1970-х. Да гэтага я напісаў два зборнікі вершаў і раман. Агульны культурны клімат быў такі, што я вырашыў пачаць пісаць для дзяцей. Тады была цікавасць да ўсяго грамадскага, да сацыяльных зменаў. А ў будаванні новага грамадства немалую ролю граюць нашыя дзеці. Потым я сканцэнтраваўся на экзістэнцыйных пытаннях, а яны ў асноўным для дзяцей і дарослых агульныя. У сваёй творчасці найважнейшай часткай я лічу тое, што пішу для дзяцей. Акрамя гэтага я пішу кінасцэнары і сцэнары для тэатра.

— Як да Вас прыходзяць ідэі дзіцячых твораў? Калі можна, з прыкладамі.

— Аснова маіх дзіцячых твораў — гэта тое, што я помню са свайго дзяцінства. Але ёсць і нешта прыдуманае. Напэўна, можна сказаць, што з дапамогай такіх прыдумак я апісваю сваё дзяцінства такім, якім яно магло б быць. Сярод аўтабіяграфічных кніг магу назваць, напрыклад, “Чарадзейныя кеды майго сябра Персі”, “Ці свішчаш ты, Юхана?” і “Цуда-хлопчык”. Але мяне натхняюць і некаторыя міфалагічныя і тэалагічныя рэчы, як, напрыклад, у кнізе “Анёл і сіні конь” ці ў кнізе “Асмадэй”, дзе расказваецца пра крыху няўдачлівага д’яблавага сына, які хоча быць добрым, хоча проста сядзець і сузіраць агонь. Ёсць і больш звязаныя з сучаснасцю кнігі — пра маленькіх людзей, якія жывуць цяпер, пра іх развагі. Гэта такія кнігі як “Гэй там, унутры, або Што мусіць ведаць ненароджаны” і “Дыктатар”. Акрамя таго я напісаў некалькі просценькіх вершаваных кніжак пра двух сяброў, якіх завуць Канэль і Канін (Цынамон і Трусік), а таксама невялікую маляваную кніжку для самых маленькіх пра ўсё, што патрэбна, каб нарадзілася дзіця, — ад Вялікага выбуху, дыназаўраў і далей. Кніга называецца “Усё гэта”.

— Ці трымаецеся Вы пэўных прынцыпаў у дзіцячай літаратуры? З іншага боку, ці лічыце Вы, што ў ёй ёсць стэрэатыпы, з якімі трэба змагацца?

— Я перакананы, што дзеці разумнейшыя, чым здаюцца. Перакананы, што яны маюць права на якасныя (ва ўсім — і ў тэксце, і ў ілюстрацыях) мастацкія кнігі ў такой самай ступені, што і дарослыя. Перакананы, што смешным можа быць многае, але ніколі нельга смяяцца з таго, што нам, дарослым, здаецца дзіцячай наіўнасцю. Лічу, што ў дзіцячых кнігах абавязкова павінныя быць таямніцы — і што іх нельга тлумачыць да канца.

Ёсць многа стэрэатыпаў і ў кнігах для дзяцей, і ў кнігах для падлеткаў і моладзі. Дарослыя часта падаюцца карыкатурнымі вобразамі. Выдавецтвы і іншыя думаюць, што ў кнізе нельга ўжываць словы, не вельмі зразумелыя дзецям. Як так? Як жа яны тады навучацца новым словам? Ёсць стэрэатып, што дзецям цікавая толькі іх сучаснасць. Але важна, каб у іх было ўяўленне і пра мінулае. Бо як тады яны змогуць зразумець нас, дарослых, якія пражылі ў гэтым мінулым большую частку жыцця?

— Якім чынам Вы прэзентуеце свае дзіцячыя творы (у межах і за межамі краіны)? Раскажыце пра цікавы досвед.

— Мае кнігі перакладзеныя прыблізна на 30 моваў. Вядома, у розных культурах тэксты ўспрымаюцца па-рознаму. Але і ў межах кожнай культуры дзеці ўспрымаюць кнігу па-свойму, у залежнасці ад уласнага досведу, успамінаў і г.д. Калі прэзентуеш кнігі для дзяцей, важна падштурхнуць дзяцей паказаць свой унутраны свет, паказаць, як тэксты імі ўспрымаюцца. Я звычайна зачытваю невялікія кавалкі і расказваю пра тое, як з’явіўся гэты тэкст, пра што я думаў, калі пісаў яго, і г.д. Я часта сустракаюся з дарослымі — бібліятэкарамі, бацькамі, выхавацелямі і расказваю ім прыблізна тое самае.

— Раскажыце пра сітуацыю з дзіцячай літаратурай у сваёй краіне, у тым ліку з перакладной. Назавіце, калі ласка, творы, вартыя перакладу на беларускую мову.

— Штогод у Швецыі выходзіць каля 1700 найменняў кніг для дзяцей і падлеткаў. У параўнанні з мінулагоднім паказнікам назіраецца невялікі спад. Але калі параўноўваць з тым, што было дзесяць гадоў таму, то гэтая колькасць павялічылася амаль удвая. Думаю, можна сказаць, што гэта завялікая прапанова для рынку. Чытачоў не стала больш, і гэта вядзе да таго, што наклады знізіліся амаль напалову ў параўнанні з тым, што было 10-15 гадоў таму. Адпаведна знізіліся і памеры аўтарскіх для большасці пісьменнікаў. Таму, каб пражыць на гэтыя грошы, пісьменнікі пішуць больш. Атрымліваецца такое заганнае кола. Доля кніг, якія выдаюцца ў аўтарскай рэдакцыі, а значыць, не маюць карэктуры, рэдактуры і г.д., таксама вельмі павялічылася. Суадносіны паміж перакладнымі і шведскімі дзіцячымі кнігамі прыблізна 50 на 50. Ясна, што ў такой вялікай прапанове ёсць і добрыя, і кепскія кнігі. Адна з маіх улюбёных пісьменніц — Барбру Ліндгрэн, якая напісала шэраг найцудоўнейшых кніг для розных узростаў: “Маленькая Спарвэль”, напрыклад, або “Чыя шапачка ляціць?” ці “Маленькі дзядзечка”. Самыя розныя сумныя і вясёлыя кнігі — такія, якімі і мусяць быць. А ўвогуле мне не зусім зручна гаварыць, хто з маіх калегаў добры, а хто кепскі, таму я лепей не буду гэтага закранаць.

 

Фота АУ.

Чытайце таксама

Клаўс Элсбергс

Васіль Сёмуха

Клаўс Элсбергс

Паэт, якога любіла моладзь, паэт, які ўзляцеў імкліва, знянацку заспеўшы равеснікаў і старэйшых сталым разуменнем нашага часу, яркасцю, як Курзэмэ ў сонечны дзень, простай, нявыдуманай праўдай свайго жыцця…

Гэта нам не задавалі

Марыя Мартысевіч

Гэта нам не задавалі

Revіew чытэльнай прозы на беларускай мове. Досыць адвольны, суб’ектыўны і няпоўны тузін хітоў белліту ХХ ст. Кнігі, пра якія не ў кожнай школе скажуць альбо так скажуць, што лепей бы маўчалі...

Прэмія Акутагава. Прэмія Наокі

Прэмія Акутагава. Прэмія Наокі

15 студзеня 2009 года былі абвешчаны пераможцы двух вышэйшых літаратурных узнагародаў Японіі. Прэмію Акутагава, якая ў гэтым годзе ўручалася ў 140 раз, атрымала маладая пісьменніца Кікуко Цумура за свой…

“Гары Потэр” і “Махабхарата”

В. Чэламал

“Гары Потэр” і “Махабхарата”

Два самыя значныя і самыя любімыя эпасы ў Індыі — “Махабхарата” і “Рамаяна”, творы, якія прайшлі выпрабаванне часам і паўплывалі на жыццё кожнага індуса. Гэтыя гісторыі ўкараніліся ў яго душы, і што б…

1136