№18: Некаторыя любяць паэзію

№18: Некаторыя любяць паэзію

...І ўсё адно мы трымаемся за паэзію, усё адно яе пішам, перакладаем і чытаем, знаходзім і адкрываем для сябе новых і забытых паэтаў і паэтак. Усё роўна самотна рухаемся разам з вершам, рухаемся за ім, ухапіўшыся за ягоныя “парэнчы”, спрабуем адшукаць яго пачатак, намацаць яго “мерыдыян” і, як казаў паэт Паўль Цэлан, прыйсці на сустрэчу з сабой.

Чытаць далей

Павал Касцюкевіч

Нават калі пішу ўласныя творы, я сам сабе ўнутраны перакладчык

20 траўня 2013

Нават калі пішу ўласныя творы, я сам сабе ўнутраны перакладчык
— Многія ведаюць цябе як першага лаўрэата прэміі імя Ежы Гедройца і не адразу ўспомняць, што апроч кніг уласнай прозы ты выдаў некалькі перакладных. Што ў тваім жыцці здарылася раней: проза ці пераклад?

— Пераклад, пераклад. Нават калі пішу ўласныя творы, я сам сабе ўнутраны перакладчык. Вобразы да галавы прыходзяць збольшага на чатырох маіх мовах: рускай — мове дзяцінства, іўрыце — мове маладосці, ангельскай — мове нашага свету — і, вядома, беларускай, самай важнай маёй. Дык трэба гэтую трасянку ўпарадкаваць, прывесці да адной беларускай роўніцы. Падабраць адпаведныя выразы, інтанацыю, то бок фактычна перакласці.

Пасляслоўе перакладчыка “Мой франтавы таварыш Курт Вонэгут” да рамана “Бойня №5” увайшло як асобнае апавяданне ў кнігу “Зборная РБ па негалоўных відах спорту”. Як гэта адбылося? Пераклад пра Другую сусветную вайну выцягнуў з мяне на свет Божы столькі пачуццяў, што пасля перакладчыцкай працы хацелася працягу. У 1970-я Вонэгут быў у СССР. І я ўявіў, як ён завітвае ў Мінск майго дзяцінства, напоўненага ваеннымі атрыбутамі і сімволікай. Я з ім гуляю па праспекце Леніна, усё яму паказваю і тлумачу: вось тут, спадар Вонэгут, гістарычны цэнтр Мінска, які, усё роўна як Дрэздэн, разбамбілі не толькі ворагі, але і свае. Вось дзіцячая чыгунка, названая ў гонар чалавека, які падрываў цягнікі.

— Чаму ты выбраў для перакладу менавіта гэты раман Вонэгута? Ці ёсць жаданне перакласці яшчэ што-небудзь з яго творчасці?

— Хацеў Вонэгута — не ведаў, які раман. Вонэгут ва ўсіх сваіх праявах прыўкрасны, бяры і перакладай. Урэшце спрацаваў чысты разлік. Усе памятаюць рускамоўнае, яшчэ савецкае выданне: там “Калыска для коткі” і “Сірэны Тытана” ў дыхтоўным перакладзе Райт-Кавалёвай, а вось “Бойню”, выдадзеную ўжо пасля развалу СССР, у Беларусі чыталі менш. Цяпер шкадую, што пераклаў не “Сняданак для чэмпіёнаў, або Чорны панядзелак”. Там пра разбурэнне амерыканскай мары, а гэта цяпер, у нашым амерыканізаваным свеце, модна і запатрабавана.

— Ці не давялося табе прыдумляць якія-небудзь слэнгавыя словы ці выразы? Як увогуле можна ажывіць мову персанажаў?

— На маю думку, у літаратурнай беларускай мовы тры вузкія месцы:

Па-першае, характарыстыка герояў. У нас абмежаваная палітра прыметнікаў, якія апісваюць героя. Словаў шмат, але перакладчыкі кепска іх ведаюць (або думаюць, што чытачы кепска ведаюць, і таму не ўжываюць). Такія словы, як “дабітны”, “хвацкі”, “харашмяны”, “занураны”, “ветрам падшыты”. Вось, а яны ёсць. Бярыце і карыстайцеся. Гэта ж любата і смакоцце.

Па-другое, навуковая тэрміналогія. Калі не перакладчык, дык рэдактар пры перакладзе навуковых тэрмінаў ці працэсаў заўсёды чамусьці спрашчае, маўляў, “у беларускай мове не трэба вырабляцца”.

Па-трэцяе, жывыя дыялогі. Абмежаванасць беларускай у штодзённым жыцці стварае такую штучнасць. Як пазбягаць? Ёсць процьма кампенсацыйных тэхнік: і пазычанні з украінскай, рускай, польскай (галоўнае не перабольшваць), і ажыўленне беларускіх фразеалагізмаў (рэкамендую слоўнікі Санько і прафесара Янкоўскага). Напрыклад, я вельмі часта ўжываю выразы “задаць дыхту”, “грэбсці дурныя грошы”. Перастаноўка месцамі словаў, наданне ім нібыта каструбаватасці, каб фраза гучала не па-кніжнаму, а жыва, дапамагае таксама. Скажам, “Добра, хлопцы, пайду я дадому”, а не “Добра, хлопцы, я пайду дадому”. Выкарыстанне беларускіх словаў, якія ўсё ж пратачыліся ў рускамоўны слэнг нашых суайчыннікаў: “запцацкі”, “хавайся ў бульбу”, “ты што, здурнеў?” ды іншыя.

Дарэчы, нядаўна вычытаў аналаг ангельскага выраза “No news — good news”: “Ад ліха — ціха”. Здаецца, файна. Пуката і пераконліва.

— Ты пераклаў на беларускую мову зборнік “Чалавек, які скраў сцяну плачу. 15 ізраільскіх апавяданняў” (2009). Паводле якога прынцыпу ты яго ўкладаў? Ці доўгай была яго дарога да беларускага чытача?

— За ўзор мы ўзялі “20 польскіх апавяданняў”. Адбор быў супольны з тагачасным паслом Зэевам Бэн-Ар’е (таксама, да слова, перакладчыкам з іўрыту і на іўрыт). Галоўны крытэр — каб беларускаму чытачу было цікава. Стараліся не падымаць унутраных, зразумелыя выключна ізраільцам праблем. Ізраіль — фактычна шосты сусед Беларусі, і пра жыццё там беларусы ад сваіх знаёмых ці сваякоў ведаюць больш, чым пра жыццё, скажам, у Латвіі. Думаю, ім хацелася даведацца больш. Таму ў кнізе і пра карані араба-ізраільскага канфлікту, і пра побыт рэпатрыянтаў з СССР, і пра стаўленне сучасных габрэяў да Халакосту, і пра цяперашняе аблічча юдаізму. Закранулі і ўніверсальныя тэмы: няшчаснае каханне, адчужанасць чалавека ў новым цудоўным свеце. Толькі з такім сабе ізраільскім прысмакам.

Чаму апавяданняў такая някруглая лічба — пятнаццаць, а не, скажам, дзесяць ці дваццаць? Гэта ўсё нашыя габрэйскія мансы.

У Беларусі дарога да чытача заўсёды кароткая, калі за справу бярэцца які-небудзь апантаны ўплывовец ці ўладатрыманец. Гэта я пра пасла-перакладчыка Зэева Бэн-Ар’е, шчырага аматара беларускай літаратуры. За які месяц ён пераканаў ізраільскае МЗС і “Сахнут”, што кніга ізраільскіх апавяданняў па-беларуску — гэта вельмі важна для іміджу краіны.

— Ці чытаюць у Ізраілі сваіх сучасных пісьменнікаў?

— Пісьменнікаў чытаюць. Думаю, тры-чатыры-дзесяць тысяч чалавек новую кнігу добрага аўтара прачытвае, не кажучы ўжо пра масавыя літаратурныя істэрыі, якія часам тут здараюцца. Керэта купілі 200 тысяч чалавек і, здаецца, прачыталі ўсёй краінай. Або кнігу “Ці ёсць рай?” Рона Лешэма (паводле яе знялі стужку “Бафор”) пра сучасных маладых людзей на вайне. Тады кнігі можна было ўбачыць нават у руках ерусалімскіх гопнікаў (а гэта, паверце, вельмі суворыя хлопцы).

Рэцэпт поспеху просты. Ізраільская кніга, у адрозненне ад беларускай, ёсць у кожнай кнігарні краіны. Можа, не на самым рэкламным месцы (там ляжаць кулінарныя кнігі і Дэн Браўн), але абавязкова ёсць уся класіка і сучасныя творы. Гэта як 70% беларускай музыкі ў эфіры. І людзі даходзяць да гэтых паліц.

— Ужо даўно ходзяць чуткі, што ты скончыў працу над перакладам рамана Дугласа Адамса “Аўтаспынам па Галактыцы”. Ці адпавядаюць чуткі рэчаіснасці і калі можна чакаць новы пераклад ад Паўла Касцюкевіча?

— У Аляксея Знаткевіча ўжо некалькі гадоў ляжыць гатовае “Зязюльчына гняздо” Кізі, у Сержука Мядзведзева “Байцоўскі клуб” Паланюка — яшчэ даўжэй. У нашай літаратурнай сітуацыі паміж “пераклаў” і “выдаў”, як кажуць ізраільцы, “яшчэ 120 падковаў”. Не забабонны, але загадваць не хачу: як выйдзе, то выйдзе. 

 

Аўтар фота — Алена Казлова.

Чытайце таксама

У дзіцячых кнігах павінныя быць таямніцы

Ульф Старк

У дзіцячых кнігах павінныя быць таямніцы

— Мая першая дзіцячая кніга выйшла ў пачатку 1970-х. Да гэтага я напісаў два зборнікі вершаў і раман. Агульны культурны клімат быў такі, што я вырашыў пачаць пісаць для дзяцей.

Дзяўчына, перапыненая сярод урока музыкі: кім была Сапфо?

Дэніэл Мендэлсан

Дзяўчына, перапыненая сярод урока музыкі: кім была Сапфо?

Мастацкі свет Жана-Мары Леклезіё

Вольга Жылевіч

Мастацкі свет Жана-Мары Леклезіё

Жан-Мары Гюстаў Леклезіё — незвычайны пісьменнік: ён пазбягае самарэкламы і парыжскіх літаратурных кланаў, не любіць даваць інтэрв’ю, рэдка бывае ў Францыі, аддаючы перавагу Лазурнаму берагу, дзе вырас,…

Пакуль нас цікавіць герой, які думае, дэтэктыў будзе існаваць

Даніэль Клугер

Пакуль нас цікавіць герой, які думае, дэтэктыў будзе існаваць

— Дэтэктыў даўно выйшаў за межы жанру і ўвабраў у сябе рысы іншых жанраў літаратуры. Якая мадыфікацыя дэтэктыву Вас найбольш прыцягвае? — Я люблю тое, што называецца “класічным дэтэктывам”: калі разгадка…

246