№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Мэцью Дзікман

Непрыемнасці

Вершы

Пераклад з ангельскай Юля Цімафеева


Бяда

(Grief)

Калі бяда прыходзіць ліловай гарылай,
лічы, ты шчасліўчык.
Прапануй ёй рэшткі абеду і,
адклаўшы ўбок
недачытаную кнігу,
запрасі яе сесці каля твайго ложка.
Яна пераводзіць пагляд з гадзінніка
на тэлевізар і зноў на гадзіннік.
А мне не страшна. Яна была тут раней,
і ўжо я пазнаю яе поступ
на падыходах да майго дому.
Часам уночы, калі я ведаю, што яна прыйдзе,
я адчыняю дзверы, кладуся на спіну
і лічу яе крокі
ад дарогі да ганку.
Сёння яна прынесла стос паперы
і аловак
і кажа мне напісаць імёны ўсіх,
каго я ведаў,
мы падзелім іх на жывых і мёртвых,
а яна выцягне любое імя наўздагад.
Я стаўлю яе любімы альбом Ўілі Нэльсана,
бо яна сумуе па Тэхасе,
але я не пытаюся чаму,
і напявае сабе пад нос,
як мой брат, працуючы ў садзе.
Мы так сядзім з гадзінку,
пакуль яна тлумачыць, як неразумна я паводзіўся,
калі рваў сямейныя фотаздымкі,
адмаўляўся пісаць і прымаць душ,
заглядваўся на дзяўчат, маладзейшых за маю сястру.
І вось яна абдымае мяне сваёй
цяжкой ліловай лапай, туліць
сваю галаву да маёй.
І мне раптам падаецца, гэта так рамантычна.
І я кажу ёй:
«Гэта так рамантычна».
А яна выцягвае новае імя, гэтым разам
памерлага,
і звяртаецца да мяне так, як робяць бацькі,
каб я адчуў няёмкасць і сорам за нешта.
«Рамантычна?» — кажа яна
і чытае павольна ўголас гэта імя,
а я чую кожны гук:
зычныя, што нагадваюць спарахнелую руку, згнілае вуха,
сухі рот, поўны зубоў, галосныя,
што агортваюць косці новымі цягліцамі,
чую гучанне цела таго чалавека.
Якая ж недарэчная
выпадковасць, што гэта імя аказалася ў адным стосе, а не ў іншым.

Любоў

(Love)

Наша любоў нараджаецца на вяселлях і аўкцыёнах,
за келіхам віна ў італьянскіх рэстарацыях, дзе віецца
пластмасавы вінаград, нашы целы трапечуць
у чэргах, на прыпынках, на баскетбольных пляцоўках.
Мы не можам расчапіць рук,
а як расчэпім,
хапаемся за маскі злодзеяў і кайданкі,
і каханне нараджаецца зноў.
Мы ходзім у кіно і сядзім у кандыцыянаванай цемры
разам з закаханымі незнаёмцамі,
разам з героямі, падобнымі да Пітэра Паркера,
што кахае дзяўчыну, з якой не можа быць разам,
бо ратаваць свет у чырвона-сініх рэйтузах
яму больш даспадобы, чым яе ногі, што абвіваюць
яго цела, ці яе міжножжа ў яго пад языком.
Пакуль мы глядзім фільмы,
у якіх зоркі граюць зорак
і іх пакуты,
хлопец, які прадаў нам папкорн, кахае дзяўчыну,
якая прадала нам квіткі,
і ён штовечар углядаецца ў стрэлкі
на яе панчохах.
А яна тым часам закаханая
ў кастлявага пацана з крамы, які прадаў ёй цыгарэты.
Калі б свет умеў спачуваць,
ён бы дазволіў ім абодвум
перадаваць Marlboro Light з рук у рукі,
пакуль іх пальцы нарэшце не сустрэнуцца,
а вусны не злучацца ў пацалунку.
Калі б свет ведаў, як
лямпачка кахаецца з патронам,
мы б усе зажылі прыпяваючы,
і кідаліся б з галавой у вільготнае лона,
мы б зрабілі пот сваёй рэлігіяй
і маліліся б святасьці паху.

Я спынюся тут
цёмнай ноччу
на палявой дарозе,
дзе палявыя песні
бяруць свой пачатак, і пацалую тую жанчыну пад купалам дрэваў,
што пад купалам зораў,
што пад купалам жарсці.
і вось гучыць музыка, я чую.
Джоні Ротан, Бігі Смолс, Іяган Себасьцьян Бах — усё роўна,
што людзі скажуць —
Я кахаў цябе так, як мой рот кахае зубы,
як знаёмы хлопчык, што аддаў бы ўсё за ліловага дыназаўра,
які, папраўдзе кажучы, хлопчыка таксама кахаў.

У прэрыях палі кукурузы
закаханыя ў пудзіла, яго мехаватую галаву
і саламянае цела, што ўзвышаецца над сцяблінамі,
нібы фермер Хрыстос, поўны любові.

Уключаю радыё і чую,
як АМ кахае FM, гэтак жа мая маці кахала Элвіса,
чые сцёгны кахалі ўсе дзяўчаты, седзячы перад тэлевізарам
у шырокіх спадніцах і белых гольфах.
Ён Love мяне tender так моцна,
што я нарадзіўся пасля доўгай ночы кахання
«Чорнага рускага» і канасты пад грукат Jailhouse Rock.

Маркі кахаюць капэрты, адно лізанне чаго вартае,
гляньце на майго сабаку:
ён так шчыруе, кахаючы сябе,
як ніводзін чалавек не змог бы, хаця,
бясспрэчна, спробы былі.

У старэйшых класах я неяк гуляў
каля Макдрайву з голым задам,
пабіўшыся аб заклад з прыгожай каляжанкай,
а потым паміраў ад пакутаў, народжаных дылемай:
вялікі ці не.

Шмат гадоў пазней я сустрэў жанчыну
па імені Каралева Хэві Мэталу,
якая прывяла свайго мужа на вечарынку
і да танцполу цягнула яго на ланцугу,
а ў Тэхасе прусачыхі кахаюць з такой адданасцю,
што носяць шкілеты сваіх мужоў на сабе.

Адна маленькая яшчарка пакахала мяне так шчыра,
што перабралася ў маю кватэру і памерла з голаду.

Ніхто не любіць вайну.
Але я ведаю аднаго
чалавека, які любіць танк настолькі, што хоча на ім
ездзіць у краму, падвозіць жонку на працу,
высаджваць каля школы дачку са сняданкам
у скрынцы з дыснэеўскімі малюнкамі і цыдулкай,
схаванай за яблыкам і пакладзенай з любоўю,
што на ўсе мовы сьвету перакладаецца:
СПАДЗЯЮСЯ, У ЦЯБЕ ЎСЁ ДОБРА.

Непрыемнасці

(Trouble)

Мэрылін Манро выпіла ўсе пігулкі ад бяссоння
і легла спаць, калі ёй было трыццаць шэсць, дачка Марлона
Брандо павесілася у доме сваёй маці
на Таіці,
а Стэнлі Адамс стрэліў сабе ў галаву. Бывае,
глядзіш на аблокі ці дрэвы,
а яны зусім не падобныя да аблокаў ці дрэваў, ці неба, ці зямлі.
Перформерка Кэйці Чэйндж
сябе падпаліла, а сыны Бінга Кросбі куляй вылецелі
з музычнай індустрыі назаўжды.
Я часам задумваюся пра ўнутраны свет белых мядзведзяў. Французскі
філосаф Жыль Дэлёз рынуўся
з акна кватэры ў сусвет,
а потым са свету. Акторка Пэг Энтвістл, якой не давалі галоўных
роляў, cкокнула з літары H надпісу HOLLYWOOD,
калі жыццё падалося чорна-белым,
А прадусар Дэвід О. Сэльзнік валадарыў у Галівудзе якраз каля 1932.
Эрнэст Хэмінгуэй выбіў сабе мазгі ў горадзе Кетчум,
штат Айдаха. Яго ўнучка, мадэль і актрыса, палезла па фамільным дрэве
і перабрала фенабарбіталу. Мой брат раскрыў
трынаццаць фентанілавых налепак і прымацоўваў іх да свайго цела,
пакуль яно не перастала яго слухацца. А я люблю,
як гусі крычаць над ракою. Я люблю прыгожыя мыльцы
ў ванных пакоях гатэляў.

Сара Кейн павесілася, Гаральд Пінтэр
дарыў ёй ружы, пакуль тая жыла,
а Луі Лінг, нямецкі анархіст, запаліў кнот дынаміту
ў сваім роце, ды памёр не адразу,
а толькі праз шэсць гадзінаў у далёкім 1887. Людвіг Другі,
кароль Баварыі, утапіўся,
тое самае зрабілі Гарт Крэйн, Джон Бэрыман, Вірджынія Вулф.
Калі едзеш у вандроўку, абавязкова вазьмі з сабой кнігу, асабліва
ў цягнік. Эндру Мартынэс, голы актывіст, памёр у вязніцы,
без адзення, адно з пластыкавым пакетам на галаве, а ў 1815
польскі арыстакрат і пісьменнік Ян Патоцкі
застрэліўся срэбнаю куляй.
Сара Тыздэйл асушыла келіх тугі
і апусцілася ў гарачую ванну,
дзе дзесяткі рымскіх сенатараў ускрывалі сабе вены.
Лары Ўолтэрс стаў знакамітым, узняўшыся ў паветра
на звычайным садовым крэсле і сарака пяці
метэаралагічных зондах. Ён дабраўся да адзнакі ў 16 000 футаў
і вярнуўся на зямлю. Ён быў чалавекам, які лётаў.
І ён стрэліў сабе ў сэрца. Раніцаю я прачынаюся, чышчу
зубы, умываюся, апранаю самае любімае адзенне.
Я хачу быць спагадлівым да сябе.

Павольны танец

(Slow Dance)

Больш, чым чарговы палёт на месяц,
больш, чым навагоднія абяцанкі пра ёгу і ёгурт,
нам патрэбна нагода патанчыць
з вытанчанай незнаёмкай. Павольны танец
між канапай і святочным сталом у канцы
вечарыны, пакуль тая, каго мы кахаем, сышла
падагнаць аўто,
бо пачаўся дождж і, ён разаб’е яе сэрца,
калі нехта з нас намокне. Павольны танец,
каб паклікаць вечар дахаты з прысадаў парку. Двое
калышуцца ўперад і ўзад марскімі буйкамі. Усё звычайна.
Ціхая музыка. Пустая бутэлька віскі.
Нечым гэта падобна да здрады. Твая галава
на яго плячы, дыханне тваё на ягонай шыі.
І рукі трымаюць яе за спіну. Ды папяровай сурвэткай
разгортваюцца яе сцёгны.
Ты пачынаеш думаць, што ўсе зоркі на небе
памерлі. Цела маё
з тваім целам гаворыць павольным танцам. The Unchained Melody,
Stairway to Heaven, павольны танец электрашнуру.
Я ўсё жыццё рабіў памылкі. Малыя
й вялікія. Складаў планы.
Іх не здзяйсняў. Еў ежу і піў віно.
Толькі павольнаму танцу ўсё роўна. Ён добры, як дзеткі
да чатырох гадоў. Як абдымкі
майго брата. У братнім павольным танцы.
Двое мужчын сярод залі. Калі я танчу з ім,
маёй вялікай любоўю, ён робіцца такім чалавечным,
і калі ён разварочвае мяне,
ці я наступаю яму на нагу, бо мы абодва вядзем,
я ведаю, што адзін з нас памрэ першым, і будзе тужыць другі.
Павольны танец немінучага
і павольны танец бяссоння
разліваецца па падлозе мыльнай вадой.
Калі жанчына, з якой я сплю,
стаіць голая ў ваннай
і чысціць зубы, павольны танец рытуалу пляўком ляціць у ракавіну. Няма каму ратаваць нас,
бо й паратунку не трэба.
Я крыўдзіў цябе. Я кахаў цябе. Я касіў
наш газон. Калі незнаёмка ў кароткай белай сукенцы
з мільёнам блёстак
наблізіцца да мяне, нібы знянацку ажыўшая прагная жырандоля,
я вазьму яе руку ў сваю. Я закружу яе.
Я развярну яе. Міндаль распусціўся
ў цёмным павольным танцы.
Вось што павінны мы зараз рабіць. Біцца
за шчасце. У павольным танцы хайку й халва. Аранжык і арангутанг.

 

© Matthew Dickman, 2009.
 

 

Пераклад з ангельскай – Юля Цімафеева © 2009

Чытайце таксама

Амбраз Бірс

Амбраз Бірс

Амерыканскі пісьменнік і журналіст, выбітны публіцыст-сатырык свайго часу.

Сэсіл Фрэнсіс Александэр

Сэсіл Фрэнсіс Александэр

Хорхе Луіс Борхес

Хорхе Луіс Борхес

Аргентынскі празаік, паэт і публіцыст. У 1920-я гады зрабіўся адным з заснавальнікаў авангардызму ў гішпанамоўнай лацінаамерыканскай паэзіі.

Гай Валерый Катул

Гай Валерый Катул

Старажытнарымскі паэт перыяду позняй рэспублікі, найбольш значны з кола неатэрыкаў, “новых паэтаў”

1708