№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Квінт Гарацый Флак

Легкадумны заўсёды я

Выбраныя оды

Пераклад з лацінскай Антон Францішак Брыль

I.6. ‹Да Агрыпы›

 

Здолеў Варый бы, птах песень Меоніі,

Перамогам тваім годную ўздаць хвалу,

Апісаць, як вадзіў конна ды хвалямі

  Войскі лютыя ў бітвы ты.

 

Мне ж, Агрыпа, ні моц вашую слаўную,

Ні Пеліда ў вайне сілу няўступную,

Ні ў дарозе марской хітрасць Улíсаву,

  Ні Пелопаў нялюдскі дом

 

Не спяваць; замалы я для вялікага.

Сорам кажа, ды з ім згодная мірная

Муза: нельга мне твой бляск альбо Цэзараў

  Ганьбіць вершаў нязграбнасцю.

 

Хіба варты мой спеў Марса даспешнага,

Мерыёна ў клубах пылу траянскага,

Ці Тыдыда, што стаў роўны багам самім

  Праз апеку Паладзіну?

 

Я застоллі пяю, грозныя дзеі дзеў,

Што на хлопцаў ідуць, вострачы кіпцікі.

Вольны зноў ці гару новым агнём — адно,

  Легкадумны заўсёды я.

_______________________________________________________________________

 

Форма: другая асклепіядава страфа (тры малыя асклепіядавы вершы + гліканэй).

 

Марк Віпсаній Агрыпа — рымскі вайскавод, паплечнік і сябар імператара Аўгуста.

 

Луцый Варый — паэт, сучаснік і сябар Гарацыя і Вергілія.

 

Птах песень Меоніі — г.зн. эпічны паэт, паэт гамэраўскай традыцыі (ад падання аб меанійскім паходжанні Гамэра).

 

Пелід — Ахіл, сын Пелея, герой Траянскай вайны.

 

Нашчадкі Пелопа мелі між сабою доўгую зваду, праз якую ўчынілі шмат вусцішных злачынстваў.

 

Мерыён — герой Траянскай вайны, удзельнічаў у фінальным узяцці Троі.

 

Тыдыд — Дыямед, сын Тыдэя, герой Траянскай вайны. Карыстаўся асабліваю прыхільнасцю Афіны Палады, праз заступніцтва якой быў у выніку далучаны да несмяротных багоў.

 

 

 

I.11. ‹Да Леўканоі›

 

Ты выпытваць пакінь, грэх тое знаць, колькі табе ці мне,

Леўканоя, багі судзяць жыцця; і вавілонскія

Лічбы ты не трывож: лепей нашмат зносіць усё як ёсць.

І ці многа шчэ нам наканаваў зімаў Юпітэр, ці

Толькі тую, што б'е шумна цяпер хваляй тырэнскаю

Скáлы, — мудраю будзь, віны цадзі, хвіляй кароткаю

Рэж надзей даўжыню; прэч між размоў квапны ўцякае час.

То хапай гэты дзень — веры няма дням, што ідуць за ім.

_______________________________________________________________________

 

Форма: пятая асклепіядава страфа (усе радкі — вялікі асклепіядаў верш).

 

Вавілонскія лічбы — адсылка да варажэнняў, імаверна гараскопаў.

 

Ранейшыя беларускія пераклады:

А. Жлутка ("Тутэйшыя", 1989).

 

 

 

I.23. ‹Да Хлоі›

 

Ты ўнікаеш мяне, Хлоя, бы ланечка,

Што шукае ў гарах дзікіх пужлівую

  Маці, ў жаху дарэмным

    Ад павеваў ды шолахаў.

 

Толькі ветрык задзьме, лісце кранаючы,

Ці зялёнай луской яшчаркі жвавыя

  Мільгануць у ажынах — 

    Сэрца й ногі ў яе трымцяць.

 

Ды не тыграм, павер, я да цябе іду,

Не гетульскім ільвом, не разарву, не з'ем —

  Час табе не за маці,

    За мужчынам хадзіць услед.

_______________________________________________________________________

 

Форма: трэцяя асклепіядава страфа (два малыя асклепіядавы вершы + ферэкратэй + гліканэй).

 

Гетульскі — тут: сінонім афрыканскага.

 

 

 

II.10. ‹Да Ліцынія Мурэны›

 

Каб слушней, Ліцынію, жыць, у далеч

Мора не імкніся, але ж, уцёкшы

Ад вятроў марскіх, унікай таксама

  Скалаў бярэжных.

 

Хто сабе сярэднюю мудра выбраў

Залатую сцежку, пазбегне роўна

І страхі гнілой, і зайздросных іншым

  Пышных пакояў.

 

Першымі найбольшыя ломіць вецер

Сосны, ды найдужыя горай гінуць

Вежы, найкрутую гару шукае

  Ў буру маланка.

 

Ў бедах спадзяецца, ва ўдачы — помніць

Муж, разумны сэрцам: аднойчы доля

Зменіцца; ліхую зіму наслаўшы,

  Той жа Юпітэр

 

І вясну прышле. Калі дрэнна сёння —

Гэта не навек. І струну кранае

Часам Апалон, і збуджае Музу,

  Стрэлы адклаўшы.

 

Смела ды бадзёра глядзі ў нягодзе

Кожнай, а калі спадарожны подых

Цераз меру дзьме — падбірай разважна

  Ветразь напяты.

_______________________________________________________________________

 

Форма: малая сапфічная страфа (тры малыя сапфічныя вершы + адоній).

 

Ліцыній Мурэна — швагер Гарацыева сябра і дабрадзея Гая Мецэната. Пазней быў пакараны смерцю па абвінавачанні ў змове супраць Аўгуста.

 

Ранейшыя беларускія пераклады:

А. Жлутка ("Тутэйшыя", 1989).

 

 

 

III.9. ‹Размова з Лідыяй›

 

— Покуль мілы я быў табе,

  Так, што іншы ніхто шыю зіхоткую

Ўзяць у смелы не мог абдым —

  Шчасцем роўны не быў мне і персідскі цар.

 

— Покуль іншым ты полымем

  Не ўспалаў ды не ўзнёс Хлою над Лідыяй —

Ззяла Лідыя славаю,

  Зацьмявала я ймём Íлію рымлянаў.

 

— Я ў палоне фракíянкі

  Хлоі — пекна пяе, з ліраю ўмелая.

Я і смерць за яе прыму,

  Толькі б лёсы былі з мілай лагоднымі.

 

— Узаемным пячэ агнём

  Калаід мяне, сын Орніта з Турыяў,

Я двукроць за яго памру,

  Толькі б лёсы былі з юным лагодныя.

 

— Што ж, як вернецца даўняе,

  Зноў Венера скуе бронзавым нас ярмом?

Што, як Хлою бялявую

  Зрыну, й Лідыі зноў дзверы адчыняцца?

 

— Хай за неба яснейшы ён,

  Ты ж лягчэйшы за луб ды каламутнейшы

За няўціш Адрыятыкі —

  Жыць з табою хачу, ўмерці хачу з табой.

_______________________________________________________________________

 

Форма: чацвертая асклепіядава страфа (гліканэй + малы асклепіядаў верш + гліканэй + малы асклепіядаў верш).

 

Ілія — адно з імёнаў легендарнай Рэі Сільвіі, маці Ромула і Рэма.

 

Турыі — горад на поўдні Італіі, старажытная грэцкая калонія.

 

 

 

ІІІ.17. ‹Да Элія Ламіі›

 

Высокі родам Элію, даўняга

Нашчадак Лама — Ламіям колішнім

  Імя ён даў, і ўсе калены

    Дому, як запісы цвердзяць згодна,

 

Таго лічылі продкам, хто сценамі

З усіх найпершым, кажуць, фармійскімі

  Валодаў ды зямлёй, дзе льецца

    Лíрыс ва ўдзелы Мары́кі-німфы,

 

Такім абшарам, — заўтра паднімецца

Нямірны Эўр, і лісцем засцелюцца

  Гаі, а бераг — бескарысным

    Зеллем марскім, калі ў тым вароне,

 

Дажджоў вяшчусе, верыш ты. Загадзя

Рыхтуй сухія дровы; бо заўтра ўжо

  Віном і парсючком усцешыш

    Генія ў коле вясёлай дворні.

_______________________________________________________________________

 

Форма: алкеева страфа (два алкеевы адзінаццаціскладовікі + алкееў дзевяціскладовік + алкееў дзесяціскладовік).

 

Луцый Элій Ламія — сябар Гарацыя.

 

Лам — міфічны цар людажэраў-лестрыгонаў. Пачатак верша, гледзячы па ўсім, жартаўлівы — свайго кшталту пародыя на легендарныя генеалогіі.

 

Форміі — горад у Італіі на поўдзень ад Рыму.

 

Лірыс — рака ў тых жа краях.

 

Марыка — лакальная багіня, шанаваная блізу горада Мінтурны.

 

Эўр — грэцкае боства шчодрага на непагоду ўсходняга ветру і сам гэты вецер.

 

Геній — боства, звязанае з канкрэтным чалавекам, месцам, родам ці рэччу. Тут размова мусіць ісці пра нейкае свята, адзначэннем якога адрасат верша і ўсцешыць пэўнага генія.

 

 

 

III.30. ‹Да Мельпамэны›

 

Помнік я збудаваў: стойкі над бронзу ён,

А вяршыня ўзрасла над пірамідаў высь;

І ні сівер ліхі, ні ўсепажэрны дождж

Не разбураць яго, ні чарада гадоў

Незлічоных ды бег часу няўпыннага.

Не, памру я не ўвесь: частку найлепшую

Не здабудзе труна. Буду расці хвалой

Век, пакуль на стары схіл Капітолія

Ходзіць першасвятар з дзевай маўкліваю.

Скажуць там, дзе шуміць Áўфід раз'юшаны,

Там, дзе колісь царом бедны вадою Даўн

Люду грубаму быў: з нізкіх узнесены,

Першым я пакарыў слову Італіі

Эалійскі напеў. Годнасцю гэтаю

Ганарыся ды мне голаў з ухвалаю,

Мельпамэна, вянчай дэльфскімі лаўрамі!

____________________________________________

 

Форма: першая асклепіядава страфа (усе радкі — малы асклепіядаў верш).

 

Мельпамэна — адна з дзевяці музаў.

 

Пакуль... з дзевай маўкліваю… — г.зн. пакуль вярхоўны жрэц і старэйшая весталка разам узыходзяць на Капітолій для сумеснага ўдзелу ў ахвярапрынашэннях; а значыць, у разуменні Гарацыя, пакуль стаіць Рым.

 

Аўфід(цяпер Афанта) — рака ў Апуліі.

 

Даўн — легендарны ўладар Апуліі. Абедзве прасторавыя адсылкі, такім чынам, адносяцца да родных краёў Гарацыя, ствараючы (з улікам адсутнасці ў першасных рукапісах пунктуацыі) неадназначнасць разумення, якая захоўваецца ў перакладзе: магчыма, належыць чытаць "Скажуць: там, дзе шуміць Áўфід раз'юшаны..." і, адпаведна, адносіць прасторавыя адсылкі да самога Гарацыя, а не да ягоных будучых чытачоў.

 

Першым я... — памеры грэцкай лірыкі ў лацінскай паэзіі ўжываў яшчэ Катул, аднак менавіта Гарацый дэталёва распрацаваў і завяршыў гэтае пазычанне стылю. Цікава заўважыць, што, у адрозненне ад пазнейшых пераймальнікаў (напрыклад, Міцкевіча, адпаведны верш якога пранізаны яўным палітычным пафасам), Гарацый бачыць сваю заслугу і падмурак сваёй несмяротнасці не ў чым іншым, як у працы над паэтычнаю формаю.

 

Ранейшыя беларускія пераклады:

М. Багдановіч,

А. Хадановіч (ARCHE 3/2001).

 

пераклад з лацінскай — Антон Францішак Брыль

 

© Антон Францішак Брыль, пераклад, каментар, 2012

Пераклад з лацінскай – Антон Францішак Брыль © 2013

Чытайце таксама

Рэй Бэроа

Рэй Бэроа

Дамінікана-амерыканскі паэт і крытык, лаўрэат прэміі Парыжскай акадэміі мастацтваў і навук

Пэтра Дваржакава

Пэтра Дваржакава

Чэшская пісьменніца, публіцыст, медык

Кэралін Фаршэ

Кэралін Фаршэ

Паэт, аўтар аднаго з рэдкіх паэтычных бэстсэлераў “Краіна паміж намі”, напісанага па слядах вандроўкі ў Эль-Сальвадор падчас грамадзянскай вайны.

Корнэль Фёльдвары

Корнэль Фёльдвары

Народжаны ў няправільны час (13 лютага 1932) у няправільнай сям’і, з самага пачатку сваёй творчасці выпрацаваў разумную сістэму псеўданімаў

958