№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Але ўсё гэта так, і было яно так…

Ангельскія народныя казкі



Майстар і Вучань

(The Master and his Pupil)

 

Жыў аднойчы ў паўночным ангельскім графстве вельмі вучоны чалавек, які ведаў усе мовы на зямлі і ўсе загадкі свету. У яго была адна вялікая кніга ў чорнай вокладцы з цялячай скуры, з жалезнымі ражкамі і клямкамі, ланцугом прыкаваная да стала, а той быў намёртва прымацаваны да падлогі. І каб пачытаць гэтую кнігу, Майстар адмыкаў яе жалезным ключом, і ніхто, апрача яго, не мог яе разгарнуць, а ў ёй былі ўсе таямніцы свету духаў. Яна расказвала, колькі анёлаў у небе і хто з іх найважнейшы, як яны спяваюць хорам і што яшчэ робяць, а таксама як завуць кожнага вялікага і магутнага анёла. І яшчэ яна апавядала пра злых духаў: колькі іх, якую сілу яны маюць, чым займаюцца, як іх завуць, як іх выклікаць, які загад яны могуць выканаць і як іх прымусіць служыць.

 

У Майстра быў Вучань. Дурны хлопец, ён служыў вялікаму настаўніку, які ніколі не дазваляў яму не толькі зазірнуць у чорную кнігу, але нават увайсці ў ягоны пакой.

 

Аднойчы, калі Майстра не было дома, дапытлівы хлопец спехам зайшоў у кабінет, дзе Майстар трымаў свой цудоўны апарат, што пераўтвараў медзь у золата, а свінец у срэбра, і дзе стаяла люстэрка, у якім можна было ўбачыць усё, што адбываецца на свеце, і дзе была ракавінка, якую можна было прыкласці да вуха — і пачуць усё, што кажа любы чалавек, пра якога хоча даведацца Майстар. Дарэмна хлопец увіхаўся з тыглямі, каб ператварыць медзь і свінец у золата і срэбра, доўга і безвынікова ўглядаўся ён у люстэрка. Падымаліся клубы дыму, але ён не бачыў нічога, і ракавінка толькі шаргацела, але немагчыма было разабраць ні слова — толькі гук, з якім далёкае мора разбіваецца аб невядомы бераг.

 

— Я нічога не магу зрабіць, — сказаў ён, — бо не ведаю закляццяў, а яны схаваныя ў гэтай кнізе.

 

Ён азірнуўся вакол — і вось яно: кніга была незамкнутая, Майстар забыўся зачыніць яе. Хлопец кінуўся да кнігі і разгарнуў яе. Старонкі былі спісаныя чырвоным і чорным атрамантам, і хлопец амаль нічога не мог зразумець, але ён дакрануўся пальцам да радка і прачытаў яго па літарах.

 

Раптам у пакоі пацямнела, і дом задрыжаў. Удар грому пракаціўся па калідоры і старым пакоі, і перад хлопцам з’явілася жудасная-жудасная постаць, якая дыхала полымем, а вочы ў яе былі як два вогненныя шары. Гэта быў дэман Вельзевул, якога паклікаў юнак.

 

— Чакаю загаду, — сказаў ён голасам, што нагадваў гул жалеза, якое плавіцца ў печы.

 

Хлопец затрымцеў, і яго валасы сталі дыбарам.

 

— Чакаю загаду, або я цябе задушу.

 

Але хлопец не мог вымавіць ні слова. Тады злы дух падышоў да яго і ўзяў рукамі за горла. Ягоныя пальцы апякалі скуру.

 

— Чакаю загаду.

 

— Палі гэтыя кветкі, — закрычаў хлопец у роспачы, паказваючы на герань, што расла ў гаршчку на падлозе.

 

 Дух адразу ж знік з пакоя, але тут жа вярнуўся з бочкай вады за спінай і выліў усю ваду на кветку. Зноў і зноў ён сыходзіў і вяртаўся, паліваў і паліваў, пакуль вады ў пакоі не набралася да шчыкалатак.

 

— Досыць, досыць! — задыхаўся хлопец, але дэман не звяртаў на яго ўвагі. Хлопец не ведаў закляцця, якім можна адправіць яго назад, а той усё цягаў ваду.

 

Вада паднялася да каленяў, і яе набіралася ўсё больш і больш. Вось яна ўжо да пояса, а Вельзевул усё нясе поўныя бочкі. Вада ўжо даставала падпахі, і хлопец залез на стол. Тады вада дайшла да акна, разбілася аб шкло і закруцілася варонкай каля ягоных ног. Яна ўсё прыбывала, даходзячы ўжо да грудзей. Дарэмна ён крычаў і плакаў — злы дух не мог знікнуць сам, і калі б да сённяшняга дня ён усё ліў і ліў, то затапіў бы ўвесь Ёркшыр. Але Майстар успомніў у сваім падарожжы, што не замкнуў кнігу, і таму вярнуўся — акурат у той момант, калі вада булькатала ля падбароддзя Вучня, забег у пакой і прамовіў закляцце, якім вярнуў Вельзевула ў ягоны вогненны дом.

 

 

 

Містэр Воцат

(Mr. Vinegar)

 

Містэр і місіс Воцат жылі ў бутэльцы ад воцату. Дык вось, аднойчы, калі містэра Воцата не было дома і місіс Воцат — дужа клапатлівая гаспадыня — дбайна падмятала падлогу, няўдалы ўзмах мяцёлкі зрабіў дзінь-дзілінь усяму яе дому. У роспачы яна кінулася сустракаць мужа:

 

— О містэр Воцат, містэр Воцат, мы загінулі! Я разбурыла наш дом, увесь дашчэнту!

 

Тады містэр Воцат сказаў:

 

— Даражэнькая, давай паглядзім, што можна зрабіць. Ну вось, дзверы засталіся. Возьмем іх з сабой і пойдзем шукаць сваё шчасце.

 

Яны ішлі ўвесь дзень і на змярканні трапілі ў густы лес. Яны вельмі-вельмі стаміліся, і містэр Воцат сказаў:

 

— Любая мая, я залезу на дрэва, зацягну туды дзверы, а затым лезь ты.

 

Гэтак ён і зрабіў; яны зморана расцягнуліся на дзвярах і хутка заснулі. Апоўначы містэр Воцат прачнуўся, патурбаваны галасамі знізу, і з жахам зразумеў, што гэта банда злодзеяў сустрэлася, каб падзяліць накрадзенае.

 

— Вось, Джэк, — сказаў адзін, — трымай свае пяць фунтаў. Біл, гэта твае дзесяць, а вось тры фунты для цябе, Боб.

 

Містэр Воцат больш не мог слухаць: ён так моцна спужаўся, што трымцеў усё мацней і мацней, і ад гэтага дрыжання дзверы зваліліся на галаву хеўры. Злодзеі кінуліся прэч, але містэр Воцат не наважваўся выйсці са схованкі, пакуль добра не развіднела. Тады ён злез з дрэва і пайшоў па дзверы, каб зноў падняць іх наверх. І тут ён убачыў кучу залатых гіней.

 

— Хутчэй спускайся, місіс Воцат, — закрычаў ён, — злазь, я гавару! Як нам пашанцавала, як нам пашчасціла! Спускайся, кажу табе!

 

Місіс Воцат хуценька злезла і, убачыўшы грошы, радасна заскокала.

 

— Цяпер, мой дарагі, — пачала яна, — я скажу табе, што рабіць. У суседнім мястэчку праходзіць кірмаш, вазьмі гэтыя сорак гіней і купі карову. Я ўмею рабіць масла і сыр, ты зможаш прадаваць іх на рынку, і нам добра зажывецца.

 

Містэр Воцат радасна пагадзіўся, узяў грошы і сабраўся на кірмаш. Там ён хадзіў узад ды ўперад і ўрэшце заўважыў выдатную рудую малочную карову.

 

“О, — падумаў містэр Воцат, — калі б у мяне была гэтая цудоўная карова, я быў бы самым шчаслівым чалавекам на зямлі”.

 

Ён прапанаваў за яе сорак гіней, і гаспадар сказаў, што так і быць, пойдзе яму насустрач як сябру. І вось новы гаспадар каровы пачаў вадзіць яе туды-сюды, каб усе бачылі, якая яна ладная. Неўзабаве ён заўважыў мужчыну, які граў на валынцы — гу-та-та і гу-ля-ля. Вакол яго бегалі дзеці, і здавалася, грошы сыплюцца да яго з усіх бакоў.

 

“Ах, — падумаў містэр Воцат, — калі б у мяне быў гэты цудоўны інструмент, я быў бы самым шчаслівым чалавекам на зямлі”.

 

Падышоў ён да гэтага чалавека.

 

— Дружа, — кажа ён, — які ў цябе цудоўны інструмент! Ты, відаць, зарабляеш з ім шмат грошай.

 

— Чаму не, — адказаў мужчына, — я добра зарабляю, павер мне, і гэта цудоўны інструмент.

 

— О! — выгукнуў містэр Воцат. — Як бы я хацеў яго сабе!

 

— Ну, — сказаў чалавек, — я гатовы развітацца з валынкай. Аддам яе табе як сябру за гэтую рудую карову.

 

— Згода! — сказаў задаволены містэр Воцат.

 

І вось памяняў ён цудоўную рудую карову на валынку. Ён зноў хадзіў туды-сюды са сваёй пакупкай, але яму ніяк не ўдавалася зграць хоць якую мелодыю, і замест таго каб даваць яму грошы, хлопчыкі бегалі вакол і са смехам і кпінамі кідаліся ў яго граззю.

 

Бедны містэр Воцат — яго пальцы зусім змерзлі, і калі ён акурат выходзіў з мястэчка, то сустрэў чалавека ў выдатных цёплых пальчатках.

 

“Мае пальцы так змерзлі, — падумаў містэр Воцат. — Калі б у мяне былі такія цудоўныя пальчаткі, я быў бы самым шчаслівым чалавекам на зямлі”.

 

Ён падышоў да мужчыны і сказаў яму:

 

— Дружа, у цябе, гляджу, выдатныя пальчаткі.

 

— Ага, сапраўды, — азваўся чалавек, — і маім рукам надзвычай цёпла ў гэты халодны лістападаўскі дзень.

 

— Я хацеў бы купіць іх.

 

— А што ў цябе ёсць? — спытаў мужчына. — Як сябру магу аддаць табе іх за гэтую валынку.

 

— Згода! — выгукнуў містэр Воцат.

 

Ён надзеў пальчаткі і адчуў сябе зусім шчаслівым, хоць і стаміўся за дзень. Ужо зусім змораны, ён сустрэў чалавека з добрым тоўстым кіем у руцэ.

 

“О, — падумаў містэр Воцат, — калі б у мяне быў такі цудоўны кій, я быў бы самым шчаслівым чалавекам на зямлі”.

 

Ён сказаў чалавеку:

 

— Дружа, які ў цябе добры кій!

 

— Сапраўды, — адказаў мужчына, — я прайшоў з ім шмат міляў, і ён быў маім верным таварышам, але калі ён табе так спадабаўся, то я не супраць аддаць табе яго як сябру ўсяго за пару тваіх пальчатак.

 

Рукам містэра Воцата было так цёпла, а ягоныя ногі так стаміліся, што ён з радасцю згадзіўся на абмен. Калі ён падышоў да лесу, дзе яго чакала жонка, то пачуў папугая, які сядзеў на дрэве і звяртаўся да яго па імені:

 

— Містэр Воцат, ты ёлуп, боўдзіла і дурань. Ты пайшоў на кірмаш і патраціў усе грошы на карову. Незадаволены, ты памяняў яе на валынку, на якой не ўмееш граць і якая не каштавала і дзясятай часткі тых грошай. Ты ідыёт, ты… толькі ты атрымаў валынку, як памяняў яе на пальчаткі, а іх — на няшчасную дурацкую палку. І вось цяпер замест сарака гіней, каровы, валынкі і пальчатак у цябе не засталося нічога, апрача гэтай няшчаснай палкі, якую можна было выцягнуць з любой агароджы.

 

Тут птушка так зарагатала, што містэр Воцат ашалела шпурлянуў палку ў галаву папугаю, ды тая захрасла паміж галінамі дрэва. І ён вярнуўся да жонкі без грошай, без каровы, без валынкі, без пальчатак і нават без палкі. А жонка так яго адлупцавала, што ён потым ледзьве косткі пазбіраў.

 

 

Містэр Фокс

(Mr. Fox)

 

Лэдзі Мэры была маладая і прыгожая. У яе было два браты і безліч кавалераў. Але самым мужным і галантным сярод іх быў містэр Фокс, з якім яна пазнаёмілася, калі жыла ў бацькоўскім маёнтку. Ніхто нічога не ведаў пра містэра Фокса, аднак ён быў смелы і багаты, і сярод усіх сваіх прыхільнікаў лэдзі Мэры вылучала яго аднаго. Урэшце яны заручыліся і мусілі пажаніцца. Лэдзі Мэры спытала ў містэра Фокса, дзе яны будуць жыць, і той апісаў ёй свой замак, расказаў, дзе ён знаходзіцца, але, як ні дзіўна, не запрасіў да сябе ў госці ні яе, ні ейных братоў.

 

І вось аднойчы, напярэдадні вяселля, калі братоў не было дома, а містэр Фокс ад’ехаў на пару дзён па важных справах, лэдзі Мэры надумала наведаць замак містэра Фокса. Пасля доўгіх пошукаў яна ўрэшце трапіла туды: гэта быў прыгожы магутны замак, абнесены высокімі мурамі і глыбокім ровам. А калі яна падышла да брамы, то ўбачыла надпіс:

 

Ідзі смялей.

 

Брама была расчыненая, і яна ўвайшла ў двор, але там нікога не было. Тады яна падышла да дзвярэй і ўбачыла там наступны надпіс:

 

Ідзі смялей, глядзі пільней.

 

Яна ўвайшла ў дом, паднялася па шырокай лесвіцы і апынулася перад дзвярыма ў галерэю, дзе ўбачыла новы надпіс:

 

Ідзі смялей, глядзі пільней,

Але ад страху не шалей.

 

Лэдзі Мэры была адважнай дзяўчынай і адчыніла дзверы. І як вы думаеце, што яна ўбачыла? Там былі целы і шкілеты прыгожых маладых дзяўчат, перапэцканыя кроўю. Тады лэдзі Мэры падумала, што акурат час пакінуць гэтае жудаснае месца, зачыніла дзверы, прайшла праз галерэю і толькі паспела спусціцца па лесвіцы і апынуцца ў холе, як убачыла праз акно містэра Фокса, які цягнуў прыгожую маладую дзяўчыну ад брамы да дзвярэй. Лэдзі Мэры кінулася ўверх па лесвіцы і схавалася за бочкай — якраз у той момант, калі містэр Фокс увайшоў з няшчаснай дзяўчынай, якая, здавалася, была ўжо вельмі слабая. Ён быў зусім побач з лэдзі Мэры, але раптам заўважыў пярсцёнак з дыяментам, які ззяў на пальцы маладой ахвяры, і паспрабаваў зняць яго. Але той сядзеў моцна і ніяк не хацеў злазіць. Тады містэр Фокс вылаяўся, дастаў меч, замахнуўся і адсек дзяўчыне руку. Рука ўзляцела ўверх і ўпала на калені лэдзі Мэры, нібыта ў пакоі не было іншага месца куды падаць. Містэр Фокс пашукаў, куды падзелася рука, але не падумаў зазірнуць за бочку і пацягнуў маладую паненку далей, у Крывавы Пакой.

 

Пачуўшы, што ён ідзе праз галерэю, лэдзі Мэры выпаўзла за дзверы, выбегла з брамы і на злом галавы панеслася дадому.

 

А на наступны дзень мусіла быць вяселле лэдзі Мэры з містэрам Фоксам, і таму перад гэтым быў накрыты святочны стол. Містэр Фокс сеў насупраць лэдзі Мэры і паглядзеў на яе:

 

— Каханая, чаму вы такая бледная сёння?

 

— Я кепска спала ўначы, — адказала яна. — Мне сніўся кашмар.

 

— Кепскі сон — на добрае, — сказаў містэр Фокс. — Але раскажыце нам яго, я хачу, каб ваш чароўны голас запоўніў хвіліны, якія засталіся да шчаслівага моманту нашага шлюбу.

 

— Мне снілася, — пачала лэдзі Мэры, — што ўчора зранку я прыехала ў ваш палац, ён быў сярод лесу, акружаны высокімі мурамі і глыбокім ровам, а над брамай быў надпіс:

 

Ідзі смялей.

 

— Але гэта не так, не было яно так, — сказаў містэр Фокс.

 

— І калі я падышла да дзвярэй, там было напісана:

 

Ідзі смялей, глядзі пільней.

 

— Але гэта не так, не было яно так, — сказаў містэр Фокс.

 

— Тады я паднялася па лесвіцы, прайшла праз галерэю і ў канцы яе пабачыла дзверы, на якіх быў надпіс:

 

Ідзі смялей, глядзі пільней,

Але ад страху не шалей.

 

— Але гэта не так, не было яно так, — сказаў містэр Фокс.

 

— А тады… тады я адчыніла дзверы, і ў пакоі было шмат целаў і шкілетаў няшчасных мёртвых жанчын, перапэцканых кроўю.

 

— Але гэта не так, не было яно так. І дай Божа, каб тое не сталася так, — сказаў містэр Фокс.

 

— Потым мне снілася, што я кінулася ў галерэю, а калі спускалася па лесвіцы, то ўбачыла вас, містэр Фокс, як вы заходзіце ў дом і цягнеце за сабой няшчасную маладую паненку, багатую і прыгожую.

 

— Але гэта не так, не было яно так. І дай Божа, каб тое не сталася так, — сказаў містэр Фокс.

 

— Я пабегла долу, хуценька схавалася за бочкай, бо вы, містэр Фокс, увайшлі, цягнучы гэтую дзяўчыну за руку. І калі вы праходзілі міма мяне, містэр Фокс, я заўважыла, як вы спрабуеце зняць з пальца яе дыяментавы пярсцёнак, і калі ў вас не выйшла, містэр Фокс, мне прыснілася, што вы дасталі меч і адсеклі дзяўчыне руку, каб зняць яго.

 

— Але гэта не так, не было яно так. І дай Божа, каб тое не сталася так, — сказаў містэр Фокс і падняўся з месца, каб нешта яшчэ дадаць, але тут лэдзі Мэры закрычала:

 

 

— Але ўсё гэта так, і было яно так. Вось рука і пярсцёнак — злачынства знак, — узяла яна руку дзяўчыны з каленяў і працягнула містэру Фоксу.

Пераклад – Алена Пятровіч © 2012

Чытайце таксама

Сабіна Брыло

Сабіна Брыло

Беларуская паэтка, журналістка.

Аркадзь Аверчанка

Аркадзь Аверчанка

Рускі пісьменнік-сатырык, тэатральны крытык. Пасля рэвалюцыі жыў на эміграцыі

Вацлаў Гавал

Вацлаў Гавал

Чэшскі драматург, эсэіст, дысідэнт, першы прэзідэнт Чэшскай Рэспублікі

Джэйн Остэн

Джэйн Остэн

“Першая лэдзі” ангельскай літаратуры, якая запачаткавала сямейны раман

1182