№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Прайграўшы, выйграў

Індыйскія народныя казкі

Пераклад з хіндзі Алеся Макоўская

Сапраўдны сябар

(सच्चामित्र)

 

У адным лесе пад шатамі баньянавага дрэва жылі крумкач і алень. Былі яны вернымі сябрамі: удзень вандравалі лесам, здабываючы пражытак, а ўвечары, вярнуўшыся пад ахову баньянавага дрэва, доўга-доўга вялі прыязныя размовы.

 

А непадалёк жыў шакал. Быў ён вельмі злы і хітры, таму сяброў зусім не меў. І, відаць, таму яму вельмі не падабалася сяброўства крумкача і аленя.

 

І пачаў шакал думаць: “Як бы мне паласавацца гэтымі сябрамі?”

 

Думаў ён, думаў і прыдумаў. Перш-наперш ён пачаў патроху заводзіць сяброўства з аленем. І вось ужо алень стаў лічыць яго добрым сябрам. Дарэмна папярэджваў крумкач, што шакал хітры, і сябраваць з ім вельмі небяспечна, — не слухаў яго алень і працягваў сябраваць з шакалам.

 

Аднойчы шакал сказаў аленю:

 

— Мой дарагі дружа, я ведаю адно поле тут непадалёк, хадзем са мной, і ты зможаш удосталь наесціся салодкага рысу!

 

Паверыў алень ілжывай гаворцы шакала і пайшоў з ім на рысавае поле. Не ведаў ён, што селянін расклаў там вялікую сетку.

 

— Ідзі, сябра, скачы проста ў поле і еш колькі пажадаеш!

 

Скокнуў алень у поле і трапіў акурат у сетку. Злосна засмяяўся шакал:

 

— Ах, як шкада, што ў мяне сёння посны дзень! Сёння я не магу есці мяса.

 

І шакал уцёк. Ён разважыў: “Заўтра раніцай на поле прыйдзе селянін, убачыць у сетцы аленя і, вядома ж, заб'е яго, каб паласавацца мясам. Ну а мне застануцца костачкі!”

 

Увечары да баньянавага дрэва вярнуўся крумкач. Не ўбачыўшы там аленя, ён адразу зразумеў: “Ой-ой, шакал, напэўна, усё ж падмануў майго сябра!”

 

Падаўся крумкач на пошукі аленя і неўзабаве знайшоў бедака на рысавым полі. Убачыўшы сябра, алень пачаў плакаць і расказаў, як хітры шакал яго падмануў. Крумкач супакоіў яго:

 

— Не хвалюйся, я цябе вызвалю. Калі заўтра раніцай убачыш селяніна, замры і не варушыся. А калі я пачну крычаць, хуценька падымайся і ўцякай.

 

Назаўтра на поле прыйшоў селянін. Ох і ўзрадаваўся ён, калі ўбачыў, хто трапіў у яго сетку! Падышоўшы бліжэй, ён падумаў, што алень, напэўна, памёр, бо ляжыць зусім нерухома. Селянін развязаў сетку, каб аднесці аленя дадому. Тут і шакал апынуўся паблізу, чакаючы свайго часу, каб паласавацца косткамі.

 

Раптам пачуліся гучныя крыкі крумкача. Алень ускочыў і колькі было змогі кінуўся наўцёкі. Селянін падняў камень і хацеў кінуць у аленя, але патрапіў якраз у шакала. Алень уцёк, а шакал тут і аддаў канцы.

 

Вось так: сапраўдны сябар заўсёды з бяды выбаўляе, а махляра дрэнны канец чакае.

 

 

 

Прайграўшы, выйграў

(हारकीजित)

 

За ваколіцай адной маленькай вёсачкі жыў чалавек, якога звалі Святы Бхарці. І быў у яго выдатны конь на імя Султан. Вельмі любіў Святы Бхарці свайго каня.

 

А ў джунглях, якраз за вёскай, хаваўся ад людзей злы і хітры разбойнік Кхараг Сінх. Пачуў ён пра дзівоснага каня, і захацелася яму самому ўбачыць гэты цуд. І прыйшоў ён аднаго дня да Святога Бхарці. Павітаў яго старац і гаворыць:

 

— Кажы, навошта ты прыйшоў да мяне.

 

— Пачуў я пра твайго дзівоснага каня, — адказаў Кхараг Сінх, — і вельмі захацелася мне хаця б адным вокам яго ўбачыць.

 

— Добра, я пакажу яго табе, — сказаў стары.

 

Пайшлі яны ў стайню. Як убачыў Кхараг Сінгх каня, так і не змог адарваць ад яго позірку. Ён падумаў: “Такім добрым канём павінен валодаць я, а не гэты стары!”

 

І пачаў ён прыдумляць, як адабраць каня ў Святога Бхарці.

 

Праз колькі дзён Святы Бхарці сеў на свайго Султана і выправіўся на прагулку. Раптам ён пачуў чыйсьці голас:

 

— О, добры святы чалавек! Прашу, не абыдзі мяне сваёй увагай!

 

Святы Бхарці спыніў каня і ўбачыў, што пад дрэвам сядзіць хворы.

 

— Што з табой здарылася, добры чалавек? — запытаў ён.

 

— О, святы старац, я вельмі хворы і не магу ісці сам. Ці не давязеш ты мяне да маёй вёскі тут непадалёк?

 

Злез старац з каня, пасадзіў на яго хворага, узяў каня за аброць і ціха-ціха павёў да суседняй вёскі. Раптам ён адчуў, што хтосьці стукнуў яго па спіне, і аброць выпала з рук. Тут хворы сеў на каня як след, узяў аброць і паскакаў прэч. Цяпер Святы Бхарці пазнаў яго. Гэта быў той самы чалавек, які так хацеў убачыць Султана. Так, гэта быў Кхараг Сінх.

 

— Спыніся, Кхараг Сінх! — закрычаў Святы Бхарці.

 

Кхараг Сінх спыніўся і сказаў:

 

— Стары, я не аддам табе каня.

 

Ён думаў, што старац будзе патрабаваць вярнуць каня, але Святы Бхарці сказаў:

 

— Добра, можаш не аддаваць, але прашу: ніколі нікому не кажы пра гэты выпадак.

 

Здзівіўся Кхараг Сінх:

 

— Чаму ж? — спытаў ён, — чаго ты баішся?

 

— Бо калі людзі даведаюцца, што ты ашукаў мяне, яны ніколі не дапамогуць ніводнаму няшчаснаму.

 

Сказаўшы гэта, Святы Бхарці пайшоў прэч.

 

Задумаўся Кхараг Сінх: “Які вялікі чалавек гэты старац! Хвалюецца толькі пра тое, каб людзі не перасталі верыць хворым і няшчасным!”

 

Уночы Кхараг Сінх прабраўся ў стайню Святога Бхарці, прывязаў каня да слупа і пайшоў прэч.

Раніцай Святы Бхарці, убачыўшы каня, які спакойна стаяў на прывязі, вельмі ўзрадаваўся:

 

Пераклад з хіндзі – Алеся Макоўская © 2012

Чытайце таксама

Баляслаў Лесьмян

Баляслаў Лесьмян

Польскі культавы паэт, сябра Польскай акадэміі літаратуры

Тэадор Нарбут

Тэадор Нарбут

Гісторык, археолаг, інжынер, бібліяфіл, апантаны даследчык гісторыі роднага краю

Гедрэ Казлаўскайтэ

Гедрэ Казлаўскайтэ

Рэй Бэроа

Рэй Бэроа

Дамінікана-амерыканскі паэт і крытык, лаўрэат прэміі Парыжскай акадэміі мастацтваў і навук

675