№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Ўільям Карлас Ўільямс

Час-вешальнік

Вершы

Пераклад з ангельскай Юля Цімафеева

Поўнае знішчэнне

(Complete Destruction)


Дзень быў марозны.
Пахавалі котку,
а яе скрынку
ўзялі і спалілі
на заднім двары.
Блох, што ўніклі
зямлі і агню,
забіў холад.


Пейзаж з падзеннем Ікара

(Landscape with the Fall of Icarus )


Па версіі Брэйгеля
Ікар упаў
вясною

араў селянін свой
надзел
абуджанае хараство

трымцела й
іскрылася
ля

марскіх берагоў
усхваляваных
сабой

атуленых сонцам
што растапіла
воск крылаў

непрыкметны
ля берага
ўсплёск

быў незаўважаны
гэтак
тануў Ікар


Песня кахання

(A Love Song)


Што ж мне сказаць табе,
Калі спаткаемся?
Але
Ляжу і разважаю пра цябе.

Кахання фарбаю
Запэцканы сусвет.
Жоўты, жоўты, жоўты,
Уядаецца ў лістоту,
Шафранам
Размывае ўзнятае голле,
Упіваецца
Ў барвовую гладкасць неба.

Святла няма —
Адно густая мядовая кропля.
Яна перацякае з ліста на ліст,
З галіны на галіну,
Умешваецца ў колеры
Ўсяго сусвету.

Я адзін.
Цяжар кахання
Узняў мяне
Так высока,
Што ілбом я грукаю ў неба.

Глянь на мяне!
З маіх валасоў струменіць нектар —
Шпакі нясуць яго
На чорных крылах.
Глянь, нарэшце
Рукі мае і далоні
Ляжаць спакойна.

Адкуль мне ведаць,
Што некалі зноў я буду кахаць цябе,
Як кахаю цяпер?


Проста так

(This Is Just To Say)


я з’еў
тыя слівы
што былі
ў лядоўні

ты іх
я думаю
берагла
на сняданак

прабач мне
яны чароўныя
такія салодкія
і такія халодныя


Час-вешальнік

(Time the Hangman)


Бедны старэча Абнэр, стары сівы негр!
Памятаю, ты быў такі дужы,
што з вяроўкай на шыі вешаўся
на Холістэравым гумне, каб выкрыць
цыркавое махлярства — і не забіўся.
Цяпер ты твар абхапіў рукамі, і локці
паклаў на калені, і змоўк, зломлены.


Удовін лямант па вясне

(The Widow's Lament in Springtime)


Гора — мой сад,
дзе новыя травы
палаюць, як палалі
раней, але не
тым халодным агнём,
што паланіў мяне сёлета.
Трыццаць пяць гадоў
пражыла я з мужам.
Сёння сліва збялела
тысячай кветак.
Тысячы кветак
абсыпалі голле вішняў,
жоўтым ці чырвоным
пафарбавалі кусты,
але гора ў маім сэрцы
за іх мацней, бо хоць
уцехай былі яны мне
некалі, цяпер я іх бачу,
забываю і сыходжу.
Сёння мой сын расказаў,
што на лузе, ля краю
густых лясоў, наводдаль
ён бачыў
у белай квецені дрэвы.
І думаю я, што хацела б
прыйсці туды,
і ўпасці ў тую квецень,
і патануць у багне побач з ёй.

пераклад з ангельскайЮля Цімафеева

Пераклад з ангельскай – Юля Цімафеева © 2013

Чытайце таксама

Лена Элтанг

Лена Элтанг

Нарадзілася ў Ленінградзе, скончыла факультэт журналістыкі Ленінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта

Рышард Капусціньскі

Рышард Капусціньскі

Польскі рэпарцёр, журналіст, празаік, паэт, фатограф, “імператар рэпартажу”

Войцех Кучак

Войцех Кучак

Польскі празаік, паэт, сцэнарыст, кінакрытык, спелеолаг

Станіслаў Бараньчак

Станіслаў Бараньчак

Польскі паэт, літаратуразнаўца, крытык, эсэіст, перакладчык, актыўны дзеяч Салідарнасці

2197