№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Трансільванская элегія

Вершы нямецкамоўных румынаў

Ад перакладчыц

 

Кожны з трох вершаў у невялікай падборцы, якую мы б хацелі прапанаваць увазе чытача, — у пэўным сэнсе знакавы. Усе тры паэты належаць да нямецкамоўнай культуры Букавіны — унікальнага месца, дзе скрыжавалася як найменш сем культураў.

 

“Трансільванская элегія” Адольфа Мешэндзёрфэра  — самы вядомы верш пра Румынію, напісаны на нямецкай мове. На астатніх двух спынімся больш падрабязна.

 

“Фугу смерці” Паўля Цэлана прадстаўляць не трэба — яна вядомая ва ўсім свеце, перакладзеная на дзясяткі моваў і складае немалую долю сусветнай папулярнасці аўтара. Пераклад Ганны Янкута — чацверты пераклад “Фугі” на беларускую мову (раней яе перакладалі Сяргей Законнікаў, Уладзімір Папковіч і Ігар Бабкоў). Прычына, з якой нам падаецца неабходным яшчэ адзін пераклад, — тое, што пераклады папярэднія рабіліся без увагі на верш “Ён” Імануэля Вайсгласа, з якога “Фуга”, уласна, і вырасла.

 

З Імануэлем Вайсгласам Паўль Цэлан вучыўся разам і разам сядзеў у вайну ў малдаўскім канцлагеры Табарэшты. Пасля вайны Цэлан кіруецца ў Германію, потым у Францыю. Вайсглас застаецца ў Румыніі, працуе рэдактарам, выдае свой пераклад “Фаўста” на румынскую мову…

 

Верш “Ён” быў напісаны Вайсгласам у 1944 годзе і ўвайшоў у цыкл “Боскія млыны ў Берліне”. У траўні 1945 году ў часопісе Contemporanul з’яўляецца першая публікацыя Цэлана — верш “Танга смерці” (Tangoul morţii) у перакладзе на румынскую, зробленым з рукапісу сябрам Цэлана Петрэ Саламонам. У пазнейшых публікацыях па-нямецку танга робіцца фугай, а смерць мяняе род з жаночага на мужчынскі — як у нямецкай мове, як у вершы Вайсгласа.

 

У лютым 1970-га бухарэсцкі часопіс Neue Literatur, прысвечаны нямецкамоўнай літаратуры Румыніі, друкуе верш “Ён”. Праз месяц Цэлан кідаецца ў Сену з моста Мірабо. Ёсць паміж гэтымі падзеямі сувязь ці не, дакладна сказаць нельга; існуюць сведчанні, што гэты часопіс Цэлану ў рукі трапіў. Згадайма таксама, што на той час на Цэлана абрынуліся абвінавачанні ў плагіяце ад удавы паэта Івана Голя.

 

Пры супастаўленні тэкстаў двух вершаў бачна, што практычна ўсе вобразы “Фугі смерці” пазычаныя з верша “Ён”. У апрацоўцы вобразаў паэты ідуць абсалютна рознымі шляхамі і ствараюць абсалютна розныя творы. Але вобразы Цэлана, якія так па-рознаму інтэрпрэтуюць і крыніцы якіх шукаюць і часам знаходзяць дзе толькі можна, — адтуль, з верша ягонага аднакласніка.

 

Асобна спынімся на вобразе “чорнага малака”, які на сённяшні дзень мае безліч інтэрпрэтацыяў — ад самых банальных да самых вычварных. Не беручыся тлумачыць яго адназначна, мы можам сцвярджаць толькі тое, што вобраз гэты таксама не належыць Цэлану: яшчэ ў 1939 годзе “чорнае малако” з’яўляецца ў вершы чарнавіцкай паэткі і добрай знаёмай Цэлана Розы Аўслендэр: “Nur aus der Trauer Mutterinnigkeit // strömt mir das Vollmaß des Erlebens ein. // Sie speist mich eine lange, trübe Zeit // mit schwarzer Milch und schwerem Wermutwein”. Ёсць сведчанні, што чорным малаком называлі баланду ў лагеры, дзе сядзелі Цэлан і Вайсглас. Спецыялісты па творчасці Цэлана нават звязваюць гэты вобраз з вобразам “цёмнага малака” ў румынскім фальклоры.

 

Такім чынам, перад намі фуга ў чыстым выглядзе — арыгінальны твор паводле чужых матываў. І гэтыя матывы, карані знакамітага верша, мы паспрабавалі паказаць.

 

Кацярына Маціеўская, Ганна Янкута

 

 

 

 

Адольф Мешэндзёрфер

Трансільванская элегія

(Siebenbürgische elegie)

Іначай шумяць тут студні, іначай ідзе тут час,

Дзіця дазнаецца тут рана пра смерці страшны наказ.

Бацькоўскіх костак у трунах даўно кранулася тленне,

І б’е нерашуча гадзіннік, і крышыцца ў друз каменне.

Вось герб, прыбіты да брамы нейкай сатлелай рукой.

Народы прыйшлі і зніклі, сплылі іх назвы ракой.

Пасля селянін пабожны ў іх труны сее вясною,

І свой ураджай збірае, і цісне віно хмяльное.

Інакшы тут смак у ветру, і пахне інакш сенажаць,

Іначай клятвы любові і вернасці вечнай гучаць.

Тут доўгія ночы месяц промнем чырвоным і млявым

Юначы твар асвятляе, а сонца — робіць смуглявым,

І робіць хлопца дарослым, як смерці водар п’янкі,

Як мудрая казань дуброваў, зялёны змрок гаманкі.

Як зоры, гады імчацца ў свой шлях, нязменна далёкі.

І восень на падыходзе. І час прыпыняе крокі.

 

пераклад з нямецкайГанна Янкута

 

 

 

Імануэль Вайсглас

Ён

(Er)

 

Паветра мы капаем на магілы,

Каб назаўсёды пасяліцца там,

А іншыя пілікаюць штосілы

На скрыпках — і належыць танчыць нам.

 

Смыку накручваць кішкі, граць пяшчотна

Нямецкі майстра аддае загад.

Ён — смерць, што незаўважна й незваротна

Паўзе праз межы, як туман, наўгад.

 

Крывавым вечарам сціхаюць струны.

Нам вуснаў не расціснуць, і для ўсіх

Гатовы дом, прасторнейшы за труны,

Цяснейшы за перадсмяротны ўздых.

 

Ён заклінае змей, лунае ў марах.

Змярканне, Грэтхен, — бляск тваіх валос.

Не будзе цеснай нам магіла ў хмарах —

Нямецкі майстра ў гэтым віртуоз.

 

пераклад з нямецкайКацярына Маціеўская

 

 

 

Паўль Цэлан

Фуга смерці

(Todesfuge)

 

Чорнае пойла світання мы п’ем яго ўвечар

мы п’ем яго ўранку і ўдзень і мы п’ем яго ўночы

мы п’ем яго п’ем яго

капаем магілу ў паветры дзе будзе не цесна

у доме жыве чалавек ён змей заклінае і піша

ён піша ў Берлін на змярканні золата пасмаў тваіх Маргарыта

ён піша і з дому выходзіць успыхваюць зоры кліча сваіх ён сабак

кліча сваіх ён габрэяў змушае магілу капаць іх у доле

і загадвае танец нам граць

 

Чорнае пойла світання мы п’ем яго ўночы

мы п’ем яго ўдзень і пад вечар і п’ем яго ўранку

мы п’ем яго п’ем яго

у доме жыве чалавек ён змей заклінае і піша

ён піша ў Берлін на змярканні золата пасмаў тваіх Маргарыта

попел тваіх валасоў Суламіф капаем магілу ў паветры дзе будзе не цесна

 

крычыць ён глыбей угрызайцеся ў глебу спявайце і грайце

з-за пояса цягне жалеззе глядзяць блакітныя вочы

глыбей угрызайцеся шуфлем і грайце танец далей

 

Чорнае пойла світання мы п’ем яго ўночы

мы п’ем яго ўранку і ўдзень і мы п’ем яго ўвечар

мы п’ем яго п’ем яго

у доме жыве чалавек золата пасмаў тваіх Маргарыта

попел тваіх валасоў Суламіф ён змей заклінае

крычыць ён пяшчотней грайце пра смерць гэта майстра нямецкі

крычыць ён журботней скрыпач каб дымам узняцца ў паветра

у хмарах магілу здабыць дзе будзе не цесна

 

Чорнае пойла світання мы п’ем яго ўночы

мы п’ем яго ўранку смерць гэта майстра нямецкі

мы п’ем яго ўвечар і ўдзень мы п’ем яго п’ем яго

смерць гэта майстра нямецкі глядзіць блакітнае вока

ён куляй нагоніць цябе нагоніць ён трапна

у доме жыве чалавек золата пасмаў тваіх Маргарыта

цкуе нас сабакамі дорыць магілу ў паветры

ён змей заклінае і марыць смерць гэта майстра нямецкі

 

золата пасмаў тваіх Маргарыта

попел тваіх валасоў Суламіф

 

пераклад з нямецкайГанна Янкута

“Фуга смерці” ў выкананні аўтара:

Упершыню надрукавана ў часопісе “ARCHE” “Уяўляючы Балканы”, №4 (103), 2011.

 

© Кацярына Маціеўская, пераклад, 2011

© Ганна Янкута, пераклад, 2011

© Кацярына Маціеўская, Ганна Янкута, каментар, 2011

Пераклад з нямецкай – Ганна Янкута, Кацярына Маціеўская © 2011

Чытайце таксама

Ганна Марголін

Ганна Марголін

Беларуска-амерыканская ідышамоўная паэтка.

Эльзэ Ласкер-Шулер

Эльзэ Ласкер-Шулер

Нямецкая паэтка і празаік габрэйскага паходжання, адна з прадстаўніцаў нямецкага экспрэсіянізму.

Вацлаў Панкаўчын

Вацлаў Панкаўчын

Славацкі празаік, аўтар кніг для дзяцей

Юльян Тувім

Юльян Тувім

Польскі паэт і перакладчык Юльян Тувім нарадзіўся ў горадзе Лодзь у польскай габрэйскай сям’і

1391