№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Фэрнанду Пэсоа

Партугальскае мора

Вершы



Сваю радзіму, якою ён называў партугальскую мову, Фэрнанду Пэсоа прыдбаў у 17 гадоў, калі пераехаў з Паўднёвай Афрыкі, дзе жыў з пяцігадовага ўзросту, у Партугалію. Да гэтага ён пісаў вершы па-ангельску. У 1918 годзе у Пэсоа выйшаў англамоўны зборнік “35 санэтаў”. Прапануем вашай увазе пераклады твораў Фэрнанду Пэсоа з абедзвюх моваў, на якіх пісаў паэт.

Аўтапсіхаграфія

(Autopsicografia)

Паэт не шчыры ніколі,
Хоць праўда ў кожным сугуччы
Баліць прыдуманым болем,
Калі сапраўды балюча.

А потым яго чытач
Не двум гэтым болям, а трэцяму
Дасць веры й даверыць свой плач,
Хоць не павінна балець яму.

Так круціцца па-вар’яцку
І плача слязой чужой
Катрынка, машынка, цацка,
Што людзі завуць душой.

пераклад з партугальскай — Андрэй Хадановіч

Партугальскае мора

(Mar Português)

О салёнае мора, наш вечны палон!
Соль твая — партугальскія слёзы здавён.
Плачуць маці — скараюць сыны далягляд,
Плачуць дзеці — не вернуцца бацькі назад,
І нявесты — бо спяць у прадоннях марскіх
Заваёўнікі мора — каханыя іх.

Сэнс у гэтых ахвярах тады толькі ёсць,
Калі ў душах — прастораў марскіх прыгажосць.
Толькі той, хто мінае апошні парог,
Боль спазнаўшы найгоршы, яго перамог.
Хай знаходзім у моры мы вечны спакой —
Ды нябёсы люструюцца ў хвалі марской.

пераклад з партугальскай — Ганна Янкута

Малітва

(Prece)

Ўладару, вось і робіцца нічым
Душа... А быў жа шторм — бязмежны, вольны...
Вакол варожай цішы стылы дым,
Сусветны акіян і жаль няўтольны.

Але агонь жыцця, што на вятрах
Палаў, не згас, і наш канец — сумнеўны.
Яго схаваў нябыту мёртвы прах,
Развеяць прах спашлі нам брыз павеўны.

Дай бураў, а пакоры — не пакінь:
Спакой для нас ёсць самай горкай чашай,
І гэтым разам мора далячынь —
Любога мора — вечна будзе нашай.

пераклад з партугальскай — Кацярына Маціеўская

Хто стукае ў цішы...

(Quem bate à minha porta...)

Хто стукае ў цішы
У дзверы майго дому?
Пра смерць мае душы
Хіба яму вядома?

Уведаў ён хіба,
Што ноч мая настала,
Што марнасць — барацьба,
І я завяз трывала,

Што я не чую стук?
Навошта ж грукат гэты —
Абсурдны, скрушны гук
Да заканчэння свету?

пераклад з партугальскай — Ганна Янкута

З кнігі “35 санэтаў”

(35 sonnets)

І

У словах, кнігах, дзеях нас няма.
Бясконцасцю аддзеленыя мы
Ад сутнасці сапраўднай — і дарма
Спрабуем перайсці парог нямы.

Нам не перасяліць у думку дух,
Неіснаванню формы не здабыць,
Для нас таемны ўласных душаў рух
І невядома нам, што значыць — быць.

Самападман, сафізмы, гульні слоў
Да іншага не набліжаюць нас.
Спрабуе кволы розум зноў і зноў
Спазнаць — і адступае кожны раз.

Дух на хвіліну ўспыхвае адну.
Мы — сны пра нас, мы — сон чужога сну.

пераклад з ангельскай — Кацярына Маціеўская


ІІ

Калі ўсё тое, што навокал нас, —
Скажэнне, зроку хібнага падман,
То незямное вока бачыць праз
Відочны свет — заценены экран.

Не адшукае ісціны пагляд,
Бо бачнасць — відавочная мана,
І свет, які на свой спазнаем лад, —
Відзеж, што нас, сляпых, пераканаў.

Як нам жыццё асэнсаваць? Ніяк.
Усё — абсурд, знаёмы да пары,
Ці штось яшчэ, высокіх мэтаў знак,
Даўно забытых намі. Унутры —

Суцэльны боль жыцця: жыве ўваччу
Нянавісць да таго, што я хачу.

пераклад з ангельскай — Ганна Янкута


III

Падумаўшы, што мой найгоршы верш,
Дух перажыўшы, Забыцця міне,
Што існасці шукацьме хтось найперш
У спісаных старонках, не ўва мне,

Прытрызніўшы, што прышлы пілігрым
Маім быццём захоплены, хаця
Душа памерлая гаворыць з ім
Несупадзеннем сутнасці й быцця,

Я лютасцю палаю да ўсяго,
Што робіць свет такім, якім ён ёсць;
У гэтым — вусцішнасць жыцця майго,
Начных хімераў роспачная млосць.

І словы, што ратуюць да пары,
Бязмежнасць гневу спальвае ўнутры.

пераклад з ангельскай — Кацярына Маціеўская


IV

Я не магу ўявіць, што тло, распад
І смерць табой валодаюць, аднак
Ты — толькі ў думках; шмат гадоў назад
Так сталася, так ёсць і будзе так.

Я ў сэрцы вобраз твой ствараў наноў —
І тым тваю захоўваў прыгажосць;
Вучыла памяць: за мяжою сноў
Тваё бяссмерце — толькі ў ім ты ёсць.

Прыходзячы ж туды, дзе твой спачын,
Не ўбачыўшы нічога, акрамя
Таго, як пад суплётамі раслін
Знікае камень — і тваё імя,

Як з гэтым быць, не разумею я:
Тут смерць увасабляецца твая.

пераклад з ангельскай — Кацярына Маціеўская


V

Як думаць я магу — бо ад пачатку
Штодзённага жыцця скупы наказ
Змушае жыць у цесным беспарадку
Мой дух у свеце, што марнуе час?

Як засяродзіцца на ўласнай мэце,
Якую мне абраў, здаецца, лёс,
Калі чакаюць зноў у гэтым свеце,
Каб штосьці я зрабіў альбо прынёс?

І грошы для вяселля з Музай, тыя,
Што пазычаў “на заўтра” напавер,
Растраціў я на клопаты пустыя —
Я спусташальнік вечнасці цяпер,

Як шчыры грэшнік, што свае заганы
Штодня за рай выменьвае жаданы.

пераклад з ангельскай — Андрэй Стэфановіч


IX

О, быць лянотным, любячы ляноту!..
А я ляноту не цярплю сваю;
Хачу, падлеглы штучнаму прыгнёту,
Ісці наперад — і заўжды стаю.

Нібыта звер, загнаў сябе за краты,
Збыткоўным падаецца кожны рух.
Бяздзеянне адчай абудзіць кляты —
Злуюся на адчай: заганны круг.

Як той няшчасны, што захрас у твані
І ўсё яшчэ трымаецца ледзь-ледзь,
У бессэнсоўным б’юся я змаганні,
А думцы нават гэта не здалець.

І дзень пры дні ўсё тое ж пачуццё.
Так пражываю мёртвае жыццё.

пераклад з ангельскай — Ганна Янкута


ХХІІ

Мая душа ёсць шэсцем егіпцян,
Што твораць невядомыя абрады
Ў магільні, дзе цяпер — адно туман;
Не дасць ніхто іх расшыфроўцы рады.

На іх вачах у даўнія гады
Бог да святых сыходзіў у пустэчах.
Магутнасць веды сталася тады
Грахом для душ, занадта чалавечых.

Што значыць гэты дзіўны рытуал?
Спрабую ўразумець, пакуль раптоўна
У думках не з’яўляецца правал,
І памяць спусташаецца гвалтоўна.

Напружваю я памяць, каб затым
Глядзець на шэсце поглядам пустым.

пераклад з ангельскай — Ганна Янкута

© Ганна Янкута, пераклад, 2009

Чытайце таксама

Малгажата Шэйнэрт

Малгажата Шэйнэрт

Польская журналістка

Мантэгю Родс Джэймс

Мантэгю Родс Джэймс

Ангельскі пісьменнік, тэкстолаг і бібліёграф-медыявіст, майстар ghost story

Вільгельм Гаўф

Вільгельм Гаўф

Нямецкі пісьменнік-рамантык, знакаміты сваімі казкамі

Святаслаў Альшэнка-Вільха

Святаслаў Альшэнка-Вільха

Літаратурны псеўданім украінскага паэта і празаіка, лёс якога пасля 1944 году невядомы

4086