№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Гіём Апалінэр

Мы развіталіся з цэлай эпохай...

Вершы

Маленькае аўто

(La petite auto)

31 жніўня 1914 году
Я выехаў з Давіля позна ўвечар
На маленькім аўто Рувэра

Разам з кіроўцам нас было трох

Мы развіталіся з цэлай эпохай
Злосныя волаты ўставалі над Еўропай
Арлы чакаючы сонца пакідалі гнёзды
Ненажэрныя рыбіны выплывалі з віроў
Народы сыходзіліся каб спазнаць адно аднаго дарэшты
Трупы трымцелі ад страху ў змрочных прытулках

Сабакі брахалі ў той бок дзе праходзілі межы
Я ад’язджаў узяўшы з сабой усе войскі якія змагаліся
Я адчуваў у сабе як яны звіваліся заняўшы мясцовасць
З лясамі і шчаслівымі бельгійскімі вёскамі
Франкаршан Лё Руж і Пухон
Край з-за якога заўсёды прыходзіць навала
Ува мне артэрыі чыгункі дзе тыя што ехалі паміраць
Яшчэ раз віталі сакавітае жыццё
Глыбокія акіяны дзе варушыліся пачвары
У старых караблях патанулых
Неймаверная вышыня на якой б’ецца чалавек
Вышэй чым сягае арол
Чалавек там б’ецца з чалавекам
І раптоўна падае долу нібыта знічка

Я адчуваў у сабе, як новыя рухавыя істоты
Будуюць і ўладкоўваць новы сусвет
Нечувана багаты й празмернага росту гандляр
Раскладаў незвычайны тавар на вітрыне
І высачэзныя пастухі вялі
Агромністыя немыя статкі, што паскубвалі словы
І брахалі на іх усе прыдарожныя сабакі

І калі пасля абеду
Праз Фантэнбло
Мы прыехалі ў Парыж
Акурат у той момант калі расклейвалі загад аб мабілізацыі
Мы зразумелі мой сябар і я
Што маленькае аўто прывезла нас у
Новую эпоху
І няхай мы ўдвох ужо дарослыя людзі
Мы аднак толькі што нарадзіліся

пераклад з французскай - Уладзь Лянкевіч

Ёсць

(Il y a)

Ёсць карабель які забраў з сабой маю каханую
Ёсць у небе шэсць аэрастатаў-сардэлек а ўначы яны быццам вусені што
нараджаюць зоркі
Ёсць варожая падлодка якая хоча паквапіцца на маё каханне
Ёсць мноства маленькіх елачак вакол мяне ссечаных аскепкамі снарадаў
Ёсць пехацінец які аслеп ад задушлівых газаў
Ёсць усё тое што мы перамалолі ў траншэях Ніцшэ Гётэ і Кёльна
Ёсць нясцерпнае чаканне ліста які затрымаўся
Ёсць у мяне ў кішэні колькі здымкаў каханай
Ёсць палонныя якія праходзяць з трывогай на тварах
Ёсць батарэя чые службоўцы мітусяцца ля гарматаў
Ёсць паштар які вяртаецца подбегам па дарозе Адзінокага дрэва
Ёсць гавораць адзінокі шпіён што сочыць за ўсім ён нябачны як гарызонт
у які ён апрануўся і з якім нахабна супаў
Ёсць прыўзнятыя бы лілеі грудзі маёй каханай
Ёсць капітан што чакае па рацыі звестак з Атлантыкі
Ёсць салдаты якія апоўначы пілуюць дошкі для трунаў
Ёсць жанчыны ў Мехіка якія лямантам шалёным выпрошваюць маіс перад
скрываўленым Хрыстом
Ёсць Гальфстрым такі цёплы і міласцівы
Ёсць кіламетраў за пяць адсюль могілкі поўныя крыжоў
Ёсць крыжы паўсюль і тут і там
Ёсць ягадкі на гэтых кактусах алжырскіх
Ёсць гнуткія рукі майго кахання
Ёсць чарнільніца якую я зрабіў з 15-сантыметровай ракеты і якую мне
не дазваляюць забраць
Ёсць маё сядло пакінутае пад дажджом
Ёсць рэкі якія не змяняюць кірунку плыні
Ёсць каханне што лагодна зачароўвае мяне
Ёсць хутчэй быў палонны фрыц які цягнуў на спіне кулямёт
Ёсць людзі на свеце якія ніколі не былі на вайне
Ёсць індусы якія здзіўлена паглядаюць на заходнія краявіды
Яны сумна думаюць пра блізкіх пытаюць сябе ці давядзецца ім яшчэ
спаткацца
Бо цягам гэтай вайны цудоўна развілася мастацтва нябачнасці

пераклад з французскай - Уладзь Лянкевіч

Цень

(Ombre)

Вось вы ізноў побач са мной
Успаміны пра таварышаў памерлых на вайне
Аліва часу
Успаміны якія складаюць адно
– як сотня кавалачкаў скуры складае плашч
як гэтыя тысячы ранаў складаюць газетны артыкул –
Цёмнае і недатыкальнае аблічча што прыняло
Зменлівую форму майго ценю
Індзеец насцярожаны цэлую вечнасць
Цень вы поўзаеце побач са мной
Вы больш мяне не чуеце
Вы больш не разумееце чароўных вершаў што я пяю
Але я вас чую і бачу таксама
Лёсы
Цень шматаблічны барані вас сонца
Вас які любіць мяне досыць моцна каб не пакідаць
І які танчыць на сонцы не падымаючы пылу
Цень атрамант сонца
Почырк майго небасхілу
Збройня поўная жалю
Прыніжаецца Бог

пераклад з французскай - Уладзь Лянкевіч

Апошні раздзел

(Un dernier chapitre)

Увесь народ рушыў на галоўную плошчу
Прыйшлі белыя людзі мурыны жоўтыя і колькі чырвоных
Прыйшлі рабочыя з заводаў высокія коміны якіх больш не дымілі бо была
забастоўка
Прыйшлі муляры ў адзежы перапэцканай тынкам
Прыйшлі памочнікі мяснікоў з залітымі крывёй рукамі
Прыйшлі вучні пекараў бледныя ад мукі што іх абсыпала
І прадаўцы з розных крамаў
Прыйшлі суворыя жанчыны з дзецьмі адных яны трымалі на руках а іншыя
чапляліся за іхныя спадніцы
Прыйшлі няшчасныя жанчыны што дзёрзка нафарбаваліся і мігавалі
па-дзівацку
Прыйшлі скалечаныя сляпыя бязногія аднарукія кульгавыя
Прыйшлі таксама святары і некалькі вытанчана апранутых мужчын
І па-за плошчаю горад падаваўся мёртвым і нават не ўздрыгваў

пераклад з французскай - Уладзь Лянкевіч

Восень

(Automne)

Праходзіць скрозь туман вясковец клышаногі
За ім марудзіць вол праз восеньскі туман
Што хутар агарнуў пахілы ад знямогі

Вясковец ідучы спявае пра падман
Баладу пра мілосць пярсцёнак і сакрэты
Як сэрца хтось разбіў а пад канец закляцце

Эх восень восень ты ізноў забіла лета
Праходзяць скрозь туман дзве шэрыя пастаці

пераклад з французскай - Уладзь Лянкевіч

Самагубца

(Le suicidé)

Тры лілеі лілеі цвітуць угары
Тры лілеі з магілы што крыжа не мае
У іх снах не раса а залева сляпая
Прыгажэй не здабудуць жазла ўладары

З мае раны лілея расце і палае
Бы крывёй з надыходам світальнай пары
Тры лілеі лілеі цвітуць угары
Тры лілеі з магілы што крыжа не мае

Маё сэрца дратуе з чарвямі другая
А апошняя з роту майго вырастае
Іх з магілы на ўзбоччы зрываюць вятры
І пракляцце самоты нясуць усе тры

Тры лілеі лілеі цвітуць угары

пераклад з французскай - Кацярына Маціеўская

Ларэлея

(La Loreley)

У Бахараху смерць мужчынаў напаткала
Прынесла згубу ім красы вядзьмарскай джала

Да біскупа вядуць шукаюць страшных кар
Ды ўбачыўшы яе пра ўсё забыў святар

О Ларэлея як гараць сапфірам вочы
Хто змог зачараваць прыўкрасны стан дзявочы

Стамілася я жыць на мне праклён стары
Хто ў вочы мне зірне той тоне ў іх віры

Бо полымем гараць а не сапфірам вочы
Хай знішчыць вогнішча вядзьмарскі стан дзявочы

Гару ў агні вачэй і не пазбыцца пут
О Ларэлея хай хтось іншы правіць суд

Які жахлівы жарт Малітвы ўзносьце Панне
Наблізьце смерць маю наблізьце ратаванне

Каханы з’ехаў след ягоны растае
Наблізьце смерць хутчэй няма душы мае

А сэрца ліхадзей і лепей мне памерці
Зірнуць бы на сябе і ўбачыць прывід смерці

А сэрца ліхадзей з тых дзён як з’ехаў ён
А сэрца вораг мой пякучы боль здавён

Трох рыцараў тады трох вояў для апекі
Адправіў біскуп з той чые трымцяць павекі

Вяр’ятка ў манастыр цябе хай адвядуць
Свой новы строй надзень пакорнай мнішкай будзь

Ідуць учатырох і плача Ларэлея
І ад яе вачэй наўкола дзень святлее

О дайце мне ўзысці на строму над ракой
На замак паглядзець махнуць яму рукой

Пасля ў раку зірнуць а там без лішніх словаў
Я ў манастыр сыду да дзеваў і да ўдоваў

А ў валасах вятры гуляюць з пекнатой
І рыцары крычаць О Ларэлея стой

Вунь лодку Рэйн нясе сягнуць яе здалею
Каханы ў ёй плыве ён кліча Ларэлею

Каханы зноў са мной мне больш не ўсё адно
І кінуўшыся ў Рэйн яна ідзе на дно

На Ларэлею ёй глядзець у люстры плёсаў
На Рэйн яе вачэй і сонца светлых косаў

пераклад з французскай - Андрэй Стэфановіч

Дом мёртвых

(La maison des morts)

Марысу Рэйналю

На ўзбочыне могілак размясціўшыся
Дом мёртвых пільнаваў уваход туды
нібы кляштарная брама
За шыбамі гэтага дому
Манекены да лялек падобныя
3 магазіна модаў
Замест каб застыгнуць ва ўсмешцы
Строілі міны перад абліччам вечнасці

На пятнаццаты ці на дваццаты свой дзень у Мюнхене
Я выпадкова ўпершыню патрапіў
На гэтыя паўпустыя могілкі
I зубамі заскрыгатаў
Убачыўшы тых мяшчанаў
Што ўбраўшыся як найстаранней і гэтак
на людзі выйшаўшы
Чакалі хаўтураў

Аж раптам
Імгненна нібы маёй памяці ўспышка
Наноў загарэліся вочы
Ад адной зашклёнай клеткі да іншай
зашклёнай клеткі
Неба засяліў апакаліпсіс
Поўны жыцця
I зямлю пляскатую да бясконцасці
Нібы за часоў да Галілея
Запоўнілі тысячы
Казачных постацяў нерухомых
Анёл дыяментавы шыбы паразбіваў
I мяне атачылі мёртвыя
Іх твары былі не з гэтага свету
Ды з іхніх абліччаў адразу
Зніклі жалоба й смутак
Зямля ды неба страцілі
Выгляд фантасмагорыі

Мёртвыя надта цешыліся
Тым як іх целы глядзяцца паміж святлом
ды імі самімі
Яны жартавалі з уласных ценяў
Да іх прыглядаючыся
Нібы тое былі напраўду
Іх жыцці што прамінулі

Тады я іх палічыў
Разам было сорак дзевяць мужчынаў
Жанчын і дзяцей
Яны прыгажэлі ўсе на вачах
I глядзелі цяпер на мяне гэтак міла

I я нават расчуліўшыся
Адчуўшы да іх прыязнь
Запрасіў іх на шпацыр супольны
За выгбамі таго дому

Мы пад рукі ўзяўшыся ўсе
Хай вам Госпад даруе правіны
3 песняй воінскай пакрысе
Пакідалі могілкі чынна

Калі потым праз горад ішлі мы
Сустракаліся нам па дарозе старыя
Знаёмыя ды сваякі й яны далучаліся тут жа
Да нядаўна памерлых
Такія
Ўсе былі яны шчасныя
Іхнія душы
Перапаўнялі пачуцці п'янкія
Наймудрэйшым нават было цяжка ўцяміць
Дзе тут мёртвыя а дзе жывыя

Потым у вёсцы
Грамада распалася
Да нас далучыліся два ўланы
Якіх віталі з энтузіязмам
Пасля нарэзалі галінак з каліны
Ды дзікага бэзу
Парабілі з іх жалейкі
Ды параздавалі дзецям
Потым у полі падчас забавы
Пары абняўшыся танчылі
Ім жаласна цытры йгралі

Мерцвякі й мярцвячкі таксама
Не забываліся танчыць
I шмат было выпіта
Калі адкаркоўвалася новая бочка
Пра гэта абвяшчаў адмысловы звон

Нейкая мёртвая жанчына
Усеўшыся на лаўцы
Пад кісляцовым кустом
Не замінала студэнту
Што ўкленчыў каля яе ног
Гаварыць пра заручыны

Буду цябе чакаць
Дзесяць і нават дваццаць гадоў
Калі гэтак будзе трэба
Воля твая будзе й маёю

Я таксама буду цябе чакаць
Усё тваё жыццё

Адказвала яму памерлая

Дзеці
3 гэтага а можа й з таго свету
Спявалі ронда
Што мела недарэчныя й лірычныя словы
Словы гэтыя былі без сумневу
Рэшткамі найстаражытнейшай
Паэзіі чалавецтва

На безыменны палец маладой памерлай
Студэнт надзеў пярсцёнак
Вось зарука майго кахання
Нашых заручын
Ані час ані расстанне
Не дазволяць парушыць нашыя клятвы
Аж пакуль не надыдзе дзень вяселля
Букецікі мірту
На нашых уборах і ў тваіх валасах
Цудоўная казань у храме
Доўгая гамонка пасля бяседы
I музыка
Музыка

Нашыя дзеці

Кажа яму маладзіца
Будуць найпрыгажэйшыя ўсё роўна
На жаль пашкоджаны быў пярсцёнак
Ды за дзяцей хоць бы з золата ім з'явіцца
Са срэбра смарагдаў брыльянтаў шыкоўных
Будуць яснейшыя яны ўсё роўна
За ўсе зоркі на небе цудоўным
За промні ад мілавіцы
А ад тваіх вачэй мой каханы
Будуць пахі яшчэ павяваць чароўней
На жаль пашкоджаны быў пярсцёнак
За чабор за бэз што раскрыў свае шаты
За куст ружы ў садзе ціхманым
За размарын ды лісточкі мяты


Калі музыкі сышлі
Мы зноўку пайшлі на шпацыр

На беразе возера
Усе бавіліся
пусканнем блінцоў
Каменьчыкамі пляскатымі
Па лёгкім зыбу вады

Лодкі былі прывязаныя
Каля прычалу
Калі мы іх адвязалі
Уся грамада адплыла й памерлыя
Веславалі з імпэтам тым што й жывыя

На носе лодкі дзе я быў стырнавым
Нейкі нябожчык размаўляў з маладой жанчынай
У жоўтай сукенцы
3 чорным станікам
3 блакітнымі стужкамі й у шэрым капелюшы
Аздобленым дагледжаным пяром

Люблю цябе
Сказаў ён
Як голуб галубку любіць
Як жамяра начная любіць святло

Занадта позна

Адказвала жывая кабета
Зірні як блішчыць заручальны пярсцёнак
У мяне дрыжаць пальцы
Я плачу й хачу памерці


Лодкі
Прысталі да месца вядомага вершнікам
Дзе з берагу рэха адказвала
Гучалі зусім незвычайныя пытанні
Адказы ж былі такія трапныя
Што можна было памерці ад смеху
І памерлы прамаўляў да жывой

Шчасце наша назаўжды
Знікнем мы ў начным улонні
Плачаш ты
Дрыжаць далоні
Мы не вернемся сюды


Усе выйшлі на бераг пачалі вяртацца
Закаханыя цалаваліся
I пары з прыгожымі тварамі
Ішлі на няроўных адлегласцях
адна ад адной
Мёртвыя выбралі жывых
А жывыя мёртвых
Ядлоўцавыя кусты раз-пораз
Выглядалі нібы ваўкалакі

Дзеці разрывалі паветра
Надзімаючы шчокі й дзьмухаючы
У калінавыя жалейкі
Ці ў свістулькі з дзікага бэзу
Вайскоўцы спявалі тырольскія песні
Яны падзяліліся на галасы
Выводзячы ноты нібы хор горцаў

У горадзе
Грамада паволі меншала
Казалі адно аднаму
Дабранач
Шчасліва
Да пабачэння

Сёй-той заходзіў у піўную
Колькі чалавек развіталася з намі
Каля крамы мясной для сабак
Каб купіць на вячэру чагосьці
Праз хвілю я застаўся адзін з мерцвякамі
Што вярталіся проста на могілкі
Альбо
Пад Выгбы
Там я іх пазнаў
Яны ляжалі
Нерухомыя
Убраныя па-святочнаму
Чакаючы за шыбамі пахавання

Яны нават не спасцігалі
Таго што адбылося
Ды жывыя пра іх захавалі ўспамін
На гэткае шчасце й не было спадзеву
З тае пары
Яны пачалі жыць гэтак шляхетна
Што тыя якія яшчэ напярэдадні
Лічылі іх за роўных сабе
Ці за крышачку горшых
Цяпер пачалі шанаваць
Сілу й багацце іх характару й духу
ды здольнасці надзвычайныя
Бо нішто не ўзвысіць вас лепей
Як любоў да памерлай альбо памерлага
Душа робіцца гэткаю чыстаю
Што нават цераз лядовыя пліты памяці
Можна злучыцца са сваімі ўспамінамі
Тады чалавек праз усё жыццё
такую моц адчувае
Што яму не патрэбны болей ніхто.

пераклад з французскай - Лявон Баршчэўскі

Змярканне

(Crépuscule)

Прысвячаецца
мадэмуазэль Мары Ларансэн


Змярканнем жывяцца хімеры
Сукенка падае ў траву
Цыркачка хіліць галаву
Па-над стаўком блакітна-шэрым

Змяркання сонны шарлатан
Вандроўны ладзіць балаган
I зоркі ў небе да адной
Малочнай тушыць сівізной

З падмосткаў стомлены цыркач
Паклонам растлумачыў феям
I ўсім багемскім чарадзеям
Што ён як і яны глядач

А зоркай цешыцца паяц
Не чуючы ў цымбальным гаме
Што звоніць вісельнік нагамі
Да струнаў здолеўшы дастаць

Сляпы суцешвае дзіця
За ланню йдуць аленяняты
А карлік сумны і гарбаты
Зайздросціць росту цыркача

пераклад з французскай - Леанід Дранько-Майсюк

Мост Мірабо

(Le Pont Mirabeau)


Пад мостам Мірабо сплывае Сена
Й каханне наша
Памятай на змену
Тузе прыходзіць радасць несумненна

Прабіў гадзіннік ноч імкне
Дні прамінаюць паўз мяне

Рука ў руцэ стаім мы ў хваляванні
Пакуль пад мостам
Нашых рук дазвання
Мінулага знікае люстраванне

Прабіў гадзіннік ноч імкне
Дні прамінаюць паўз мяне

Мілосць мінае хуткаю вадою
Жыццё ідзе
Маруднаю хадою
Адно надзеям дужацца з бядою

Прабіў гадзіннік ноч імкне
Дні прамінаюць паўз мяне

Гады і дні сыходзяць вокамгненна
Мілосці не вярнуць
Адно нязменна
Пад мостам Мірабо сплывае Сена

Прабіў гадзіннік ноч імкне
Дні прамінаюць паўз мяне

пераклад з французскай - Андрэй Хадановіч

Познацветы

(Les Colchiques)

Луг увосень атручаны хоць сакавіты
Труціць статкі патроху
Мурог ядавіты
Там цвіце нібы цені ля вашых вачэй
Познацвет толькі вочы красуюць ярчэй
Іх да красак лілёвых падобныя промні
Гэтай восенню труцяць патроху жыццё мне
Выбягаюць са школы хлапцы-крыкуны
Паспяшаюць на луг пад гармонік губны
Каб ірваць познацветы з дзіцячым шаленствам
Што павек будуць вашых павек падабенствам
Трапяткіх як пялёсткі на золкім вятры

Пастуховая песня лунае ўгары
I брыдуць па красоўнай атруце чароды
Пакідаючы восеньскі луг назаўсёды

пераклад з французскай - Андрэй Хадановіч

Хворая восень

(Automne malade)

Мая любая хворая восень памрэ
Калі віхар задзьме на дварэ
Калі снег упадзе на сады
Назаўжды

Бедная восень
Памры ў беліні і раскошы
Спелых пладоў і заснежаных ружаў
Высока ў нябёсах
Ястрабы кружаць
Зялёнавалосых русалак чакаюць з'яўлення
Наіўных малютак ніколі нікім не каханых

Трубяць алені
Удалечыні на палянах

Як мне даспадобы о восень усе твае спевы
Плады несабраныя вецер зрывае цішком
I плачуць няўцешныя дрэвы
Губляючы слёзы лісток за лістком

Лісцё
Пад нагамі канае
Цягнік
Разгон пачынае
Жыццё
Прамінае

пераклад з французскай - Андрэй Хадановіч

Бывай

(Adieu)

Я зламіў гэты верас у полі
Наша восень памерла ў журбе
Нам ужо не сустрэцца ніколі
Водар часу верас у полі
Толькі знай я чакаю цябе

пераклад з французскай - Андрэй Хадановіч

Верш прачытаны на шлюбе Андрэ Сальмона

(Poème lu au mariage d’André Salmon)

13 ліпеня 1909

Сёння зранку пабачыўшы мора сцягоў я сабе не сказаў
Што маўляў вось багатыя строі для бедных
Што ханжа-дэмакратыя хоча пакуты схаваць
Што шануючы вольнасць цяпер пераймацьмем лістоту
О свабода раслінаў апошняя ў свеце свабода
Што палаюць дамы бо не вернуцца тыя што іх пакідаюць
Што махаюць нам рукі якім заўтра зноўку на нас працаваць
Hi аб тым што павесілі тых небаракаў якія не ўмелі з жыцця
карыстацца
Hi аб тым што нанова штурмуюць Бастылію прагнучы свет абнавіць
Бо адно на падмурку паэзіі будзе абноўлены ён
І Парыж апранае сцягі бо мой жэніцца сябар Андрэ Сальмон

Мы сустрэліся ў брыдкай піўніцы
Абодва былі маладзёны
Абодва палілі насілі старызну чакалі світанку
Любілі любілі адны й тыя самыя словы чый сэнс было трэба змяніць
I трапілі трапілі ў зман ашуканыя дзеці што болей не ўмелі смяяцца
Дзве шклянкі на століку нам падаваліся перадсмяротным паглядам Арфея
Упалі й разбіліся шклянкі
I мы навучыліся смеху
I мы рушылі ўдалеч шукальнікі страт пілігрымы ягомасці
Згубы па вулках па местах чужыны й сцяжынах свядомасці
Я сустрэў яго зноў над ракой дзе між белых лілей
Белай кветкай сплывае Афелія ў шатах юнацтва
Ён на флейце іграў тагасветную песню вар’яцтва
I з гурмою засмучаных Гамлетаў крочыў далей
Потым вечнай раскошаю ён суцяшаў паміраючага мужыка
Зачарованы снегам які нагадаў яму голае цела жанчыны
I я бачыў як робіць ён тое і гэтае ў гонар тых колішніх слоў
Што змяняюць дзіцячыя твары і я наўздагон
Успамінам пяю наша Заўтра бо сёння мой жэніцца сябар Андрэ Сальмон

Дык усцешымся але зусім не таму што сяброўства было нам
ракой жыццядайнай
Урадлівай вільготнай зямлёй што дае нам надзею на хлеб
Hi таму што ізноў нашы шклянкі вітаюць нас перадсмяротным
паглядам Арфея
Hi таму што мы выраслі так што цяпер шмат хто блытае нашыя вочы і зоры
Hi таму што лунаюць сцягі ля вакон абываталяў нашых якія гатовыя
абараняць болей чым стогадовае
права на кожную дробязь жыцця
Hі таму што паэзія ўладу дала нам над словамі што разбураюць
і зноў утвараюць наш свет
Hi таму што мы плакаць умеем і смешнымі не падавацца
Hi таму што мы можам смяяцца што палім і п’ем як калісьці
Будзьма радавацца бо ўладарка агню і паэтаў
Каралева Мілосць што сусвету дыктуе закон
I святлом прасякае прастору між зор і планетаў
Загадала і сёння мой жэніцца сябар Андрэ Сальмон


пераклад з французскай - Андрэй Хадановіч



Пераклады Л. Баршчэўскага, Л. Дранько-Майсюка, А. Хадановіча
ўпершыню – у часопісе “Крыніца”. – 2001. – № 11–12.
 

Чытайце таксама

Багуслаў Радзівіл

Багуслаў Радзівіл

Арыстакрат, адзін з самых багатых магнатаў Вялікага Княства Літоўскага, вядомы грамадска-палітычны дзеяч

Албрэхт Радэнбах

Албрэхт Радэнбах

Адзін з самых значных фламандскіх паэтаў і лідар руху за адраджэнне фламандскай літаратуры

Мэцью Грэгары Льюіс

Мэцью Грэгары Льюіс

Ангельскі раманіст і драматург, стаў знакамітым дзякуючы раману “Манах”, напісанаму ў 19 гадоў

Аўром Рэйзен

Аўром Рэйзен

Габрэйскі навэліст, паэт і журналіст.

5504